На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
МЯДЗВЕДЗІЧЫ – вёска ў Ганчароўскім с/с каля р. Свідраўка (прыток р. Шчара), за 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў на лініі Баранавічы–Ганцавічы, на аўтадарозе Ляхавічы–Ганцавічы. 101 двор, 197 жыхароў (2005).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з канца 15 ст. у ВКЛ. Да 1483 г. вядома як с. Нядзведзічы, уласнасць Віленскага біскупства. Тут быў пабудаваны старажытнейшы на Ляхаўшчыне касцёл. У 1552 г. сяло – цэнтр воласці (дзяржавы). У 1588 г. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., уладанне віленскага біскупа. У 1595 г. 31 дом. У 1774 г. цэнтр аднайменнага ключа, 53 дамы; меліся вуліцы Ляхавіцкая і Пінская, рынак, вакол якога стаялі 16 дамоў. З 1791 г. у складзе Случарэцкага пав., цэнтр Мядзведзіцкай парафіі, якая ў 1792 г. налічвала 400 дымоў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі; мястэчка Нясвіжскага, з 1796 г. Слуцкага павета Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1847 г. Мядзведзічы (Нядзведзічы) — мястэчка і казённы падухоўны маёнтак. Маёнтак складаўся з 4 дач ці адрубаў; сюды ўваходзілі: частка мястэчка (14 двароў, 92 жыхары, у тым ліку 16 жылых і 51 гаспадарчы будынкі), вёскі Гарадзішча і Куляні, фальварак Мядзведзічы (тут размяшчаліся гасп. і жылыя будынкі, адным з якіх жыў каталіцкі святар Мядзведзіцкага касцёла), засценкі Халхуны і Міланоўшчына. У 1854 г. у маёнтку (у дакументах называуся таксама Гарадзішча-Нядзведзічы) — мястэчка Мядзведзічы, 2 вёскі, 3 засценкі (Задвор’е, Міланоўшчына, Халхуны), 34 гаспадаркі, 247 жыхароў. У мястэчку дзейнічаў сельскі хлебазапасны магазін. У 1867 г. у мястэчку 904 жыхары. Непадалёк ад яго знаходзілася аднайменнае сяло, уладан­не В.Рдултоўскай (у 1870 г. уласнасць Навіцкага), у якім у 1845 г. было 34 двары, 225 жыхароў. Сяло ўваходзіла ў склад фальварка Заполле маёнтка Савейкі (сядзіба знаходзілася за 6 вёрст ад мяс­тэчка). У 1870 г. у казённым маёнтку Мядзведзічы таксама вядома вёска з та­кой жа назвай, 38 рэвізскіх душ, 4 душы вольных сялян. Вёска ўваходзіла ў Гарадзішчанскае сельскае таварыства і адносілася да прыходу Падлескай праваслаўнай царквы. У 1886 г. у мястэчку Мядзведзічы было 350 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, помнік у гонар адмены прыгоннага права, вадзяны млын, крама. Паводле перапісу 1897 г., Мядзведзічы — мястэчка каля Маскоўска-Варшаўскай шашы, за 2 вярсты ад Палескай чыгункі, 120 двароў, 918 жыхароў, праваслаўная капліца, яўр. малітоўная школа, нар. вучылішча (адчынена ў 1869 г.), сельскі хлебазапасны магазін, шынок, фабрыка па вырабе ляснога матэрыялу для гнутай мэблі. У 1908 г. з цэглы пабудаваны Петрапаўлаўскі касцёл (захаваўся, архітэктар С.Шылер). У 1909 г. у мястэчку 134 двары, 841 жыхар. З 1921 г. мястэчка ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 165 двароў, 949 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёс­ка — цэнтр Мядзведзіцкага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Мініцкім с/с.
У 1940 г. у вёсцы 245 двароў, 1280 жыхароў, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, урачэбны ўчастак, сельпо, аптэка, аддз. сувязі, касцёл, сінагога, паравы млын, 2 брукаваныя вуліцы, 2 тэлефоны. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. у вёсцы створаны калгас «1 Мая». У 1959 г. у Мядзведзічах налічвалася 720, у 1970 г. — 702 жыхары. З 5.3.1960 г. вёска знаходзілася ў складзе саўгаса «Ганчароўскі». З 4.6.1979 г. у Ганчароўскім с/с. У 2002 г. — 121 двор, 236 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі» (цэнтр — в. Ганчары). Працуюць сярэдняя школа, б-ка, магазін. Планіровачна складаецца з крыху выгнутай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой на Пд далучаецца кароткая выг­нутая вуліца. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.

Мядзведзічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 292–294.

Friday, March 26, 2021
                                                “Сталічныя” замалёўкі
Спыніцца… Азірнуцца… 1774 год. У Мядзведзіцкі ключ уваходзілі вёскі Савейкі, Лапацічы, Гайнін, Гайнінец, Цыгань, Малышы і яшчэ каля дзясятка іншых населеных пунктаў. Непасрэдна ў Мядзведзічах былі 53 дамы, вуліцы Ляхавіцкая і Пінская, рынак, вакол якога 16 дамоў, у тым ліку “кватэра рынковая”, дамы войта, арандатара, бортніка (гэта інфармацыя размешчана ў кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”). Потым у розныя гады Мядзведзічы былі цэнтрам павета, воласці, сельсавета – такая вось ”сталіца”.
Сёння гэта вёска Ганчароўскага сельсавета налічвае 82 двары, у якіх жывуць 129 чалавек, пераважная большасць – шаноўнага ўзросту.
Некалькі дзясяткаў хвілін, і нашы “Жыгулі” спыніліся каля дома №1 па вуліцы Інтэрнацыянальнай (самай працяглай у Мядзведзічах). На лаўцы каля дагледжанай сядзібы — немаладая жанчына. Прыветна ўсміхнулася (наогул, ветлівасць, гасцінасць, добразычлівасць і сціпласць – візітоўка тутэйшых жыхароў), прадставілася: Тамара Лаўрэнцьеўна Дойніч, стараста вёскі. Менавіта яна і стала нашым экскурсаводам па Мядзведзічах, пачала расказваць як жыве вёска сёння.
— Магазін у нас свой, працуе зручна, па аўторках і пятніцах завозяць свежыя малочныя прадукты. Асартымент неблагі. Калі трэба, і наш Пятровіч (так паважліва называюць вяскоўцы вадзіцеля раённага вузла паштовай сувязі Генадзія Лойку) разам з пенсіямі, газетамі і пісьмамі па заказе прывязе муку, крупы, цукар і іншае. Нагадае і падпіску на “Ляхавіцкі веснік” прадоўжыць, – пачынае знаёмства з мядзведзіцкімі рэаліямі стараста.
Тут жа звяртае ўвагу на добраўпарадкаваную сядзібу: газоны ў двары і вакол двара акуратна падкошаны, агарод выпалаты, яблыні ўсыпаны яблыкамі. Гаспадараць тут дачніца Надзея Ганчарык з мужам. Дарэчы, дачнікаў у Мядзведзічах нямала: і былыя мясцовыя жыхары, якія сталі гараджанамі, абсталявалі бацькоўскія дамы пад фазэнды, і прыезжых нямала – даспадобы прыйшліся тутэйшыя прыгожыя мясціны. На жаль, добрасумленна даглядаюць прыдамавыя тэрыторыі не ўсе.
Хаця новаму чалавеку абавязкова кінецца ў вочы добраўпарадкаванасць не толькі большасці прысядзібных участкаў, але і вуліц. Тамара Лаўрэнцьеўна расказвае, што ў Ганчароўскім сельсавеце і пры ранейшым старшыні, і цяпер у дапамозе ў падкошванні не адмаўляюць. Здараецца, стараста і сама бярэ ў рукі касу. Нядаўна ад імя вяскоўцаў звярнулася з просьбай спіліць аварыйнае дрэва. Паабяцалі зрабіць. Хутка, па заяўках, вырашаецца і пытанне назапашвання дроў і брыкету да чарговага ацяпляльнага сезона.
Хоць большасць мясцовых жыхароў – даўно пенсіянеры, але кожны мае невялікі агарод. Апрацоўваць дапамагаюць прыватнікі.
— Не ведаю, што б мы рабілі без нашага майстра на ўсе рукі Паўла Свірэпы. Нікому ў дапамозе не адмовіў, — гаворыць пра земляка Тамара Дойніч.
Самая кветкавая гаспадыня Ядвіга Гладкая.
Як не пазнаёміцца з такім важным на вёсцы чалавекам. Павел збіраўся па чарговай заяўцы ад вяскоўцаў. Ён аказвае самыя розныя віды сельгаспаслуг. Пакуль жыве з бацькамі, але і ўласны дом пабудаваў сваімі рукамі. А яшчэ як прыхільнік здаровага ладу жыцця разбіў недалёка ад ўласнага ўчастка міні-пляцоўку для заняткаў спортам і адпачынку на свежым паветры. Тут футбольнае і валейбольнае поле, лавачкі. Збіраецца моладзь не толькі з Мядзведзічаў, але і навакольных вёсак. Асабліва шматлюдна летам, калі прыязджаюць пагасціць да бабуль і дзядуль гарадскія ўнукі.
— Нехта павінен і ў вёсцы працаваць, не ўсім жа ў горадзе жыць, — разважае Павел.
У роднай вёсцы застаўся і яго старэйшы брат. Ён разам з жонкай Ірынай – шчаслівыя бацькі шасцярых дзяцей: старэйшы — ваенны, ужо стварыў сваю сям’ю, малодшыя – дашкольнікі. Сям’я Свірэпаў выкупіла будынак былой Мядзведзіцкай школы, навялі там парадак. Цяпер тут вяскоўцы і свята вёскі ладзяць(апошняе, праўда, было некалькі гадоў назад) і жалобныя вячэры.
Пабываць у Мядзведзічах і не зайсці ў касцёл Пятра і Паўла — недаравальна. І праз стагоддзе (будынак узведзены ў 1908 годзе) адна з галоўных культурна-гістарычных адметнасцяў Мядзведзічаў уражвае сваёй прыгажосцю і велічнасцю. Сюды з усіх навакольных вёсак спяшаюцца вернікі каталіцкай канфесіі на богаслужэнні. Яшчэ нашы продкі гаварылі, калі ў вёсцы ёсць храм, школа і магазін — значыць, вёска жыве.
Помняць Мядзведзічы іншымі – шматнаселенымі — Сабіна Іванаўна і Вацлаў Іосіфавіч Шчукі, якія разам вось ужо 62 гады.
— Цяпер жыць добра: пенсію дамоў прынясуць, дзеці прызджаюць пастаянна, парадак у хаце і на двары падтрымліваюць. Паштальён часта наведваецца. Вось каб скінуць дзясятак гадкоў і здароўе падмацаваць — зусім добра было б, — амаль у адзін голас гавораць муж і жонка.
Такое кветкавае багацце, як ў двары дома №10 па вуліцы Маладзёжнай, не ўсюды ўбачыш. Вырошчваннем кветак захапляецца 76-гадовая Ядвіга Аляксандраўна Гладкая — адна з актыўнейшых памочніц старасты.
Да выхаду на пенсію працавала малаказборшчыцай. Успамінае, як з усіх двароў забірала малако. Цяпер трымаюць кароў толькі ў 7 уласных гаспадарках.
Аляксандра Скрыцкая – адна са старэйшых жыхароў вёскі.
Зусім супрацьлеглы, надзвычай неахайны пейзаж адразу ля дзвюх сядзібаў усё па той жа вуліцы Маладзёжнай: з-за пустазелля і травы нават хат не відаць. Вядома, што гаспадар адной з іх жыве ў Гомелі, пра бацькоўскі дом не клапоціцца, нават і магілы памершых продкаў не даглядае. Другі жыве ў Падлессі, а сюды дарогу даўно забыў.
—Разам з сельвыканкамам склалі спіс дамоў, якія неабходна зносіць. Такіх пакінутых сядзіб па ўсім сельсавеце шмат, — гаворыць стараста.
На вуліцу выйшла і 86-гадовая Аляксандра Ягораўна Скрыцкая. У наш раён яна разам з маці трапіла пасля вызвалення з канцэнтрацыйнага лагера ў Бабруйску.
— Дамоў у Расію вырашылі не вяртацца, бо даведаліся, што хату нашу фашысты спалілі дашчэнту. Таму Беларусь — мая радзіма. Працавала ў магазіне, выгадавала 4 дзяцей. Цяпер вось дапамагае сацыяльны работнік — вельмі спагадлівая і добрая Святлана Граблюк, — распавядала Аляксандра Ягораўна. Убачыла старасту і адразу звярнулася з прапановай. — Лаўрэнцьеўна, трэба гэту яму пасярод дарогі засыпаць.
Пачуўшы адказ, усміхнулася:
— Абяцае, значыць, выканае. Надзейны чалавек.
Вось такое яно, сённяшняе жыццё Мядзведзічаў. Адна акалічнасць, а калі ўлічыць сярэдні ўзрост вяскоўцаў, то надзвычай важная: першасную медыцынскую дапамогу яны атрымліваюць у Савейкаўскай амбулаторыі ў Ганчарах, куды па вызначаных днях прыязджае ўрач з райбальніцы. Вяскоўцы з надзеяй чакаюць, калі ў амбулаторыі з’явіцца хаця б свой фельчар.
Галіна КАНЬКО.

Канько, Г.
“Сталічныя” замалёўкі / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 30 жніўня. – С. 4.

Friday, March 26, 2021
                                              МЯДЗВЕДЗІЧЫ
Упершыню Мядзведзічы згадваюцца ў пісьмовых крыніцах XV стагоддзя. Да 1483 года было вядома як сяло Недзведзічы, што належало віленскаму біскупу. У 16 стагоддзя паступова ператварылася ў мястэчка Мядзведзічы, цэнтр воласці Навагрудскага павета.
У кнізе Сямёнава том 3 частка 2 напісана, што першыя каталіцкія школы на Беларусі былі адкрыты ў Гайне Барысаўскага павета пры мясцовым касцёле (1522 г.) і ў Мядзведзічах Слуцкага павета (1545 г.).
Гісторыкі паведамляюць, што ў інвентар Мядзведзіцкага ключа з цэнтрам  у вёсцы Мядзведзічы ўваходзілі вёскі Савейкі, Лапацічы, Гайнінец, Гайнін, Куршынавічы, Цыгань, Смаленікі, Малышы, Тальмінавічы, засценкі Старынчыцы, Мелехаўшчызна, Берасневічы, Казлоўшчына, Церпічы, Нізкія, Старая Руда, Бараноўшчына, Матлакаўшчызна, Сянява, Пашкаўшчызна, Маразаўшчызна.
У 1774 годзе ў Мядзведзічах былі 53 дамы, вуліцы Ляхавіцкая і Пінская, рынак, вакол якога 16 дамоў, у тым ліку “кватэра рынкавая”, дамы войта, арандатара, бортніка.
У 1836-1864 гады з Мядзведзіцкай воласці дзейнічаў паўстанцкі атрад Вітольда Міладоўскага. У памяць аб падзеях, што прывялі да адмены прыгоннага права ў мястэчку была ўзведзена капліца.
У 1870 годзе Мядзведзічы мелі статус мястэчка. Тут пражывала 904 чалавекі на 50 двароў.
У 1888 годзе ў вёсцы была пашырана вытворчасць кошыкаў, вырабаў з лыка, кары і саломы. Гэтай справай займаліся каля 50 чалавек, якія прадалі вырабаў больш як на 1000 рублей. Спецыялістамі па апрацоўцы каменю былі 4 жыхары мястэчка, а зімой краўцы з Мядзведзіч хадзілі па вёсках воласці і нават за яе межамі.
Уладальнікі Марцынкевічы здалі паравы млын у арэнду Энштэйну. Млын меў паравую машыну магутнасцю 15 конскіх сіл. На ёй працавала шэсць чалавек, а гадавая вытворчасць склала 30 тыс. пудоў мукі. У 1903 годзе быў пабудаваны вадзяны млын.
Наяўнасць значных лясных масіваў абумовіла прамысловую распрацоўку леса і яго прадуктаў на лесапільні, якая была абсталявана адной паравой машынай і паравым катлом. Тут працавала 6-10 рабочых. За 1903 год лесапільня дала прадукцыі на 7000 рублей.
У 1905 годзе Мядзведзіцкае народнае вучылішча наведвалі 117 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Настаўнікам у гэты час быў Адам Іванавіч Абадоўскі, які скончыў Нясвіжскую семінарыю і ў кастрычніку 1902 годзе быў накіраваны на работу ў Мядзведзічы.
Былы вучань Коршун Антон Ігнатавіч успамінаў: “Памяшканне, дзе знаходзілася школа, было невялікай сялянскай хатай з маленькімі вокнамі. Класаў не было, а была адна зала, дзе адначасова вучыліся першае, другое і трэцяе аддзяленні. У зале стаялі доўгія лаўкі на пяць месц. Пасярэдзіне стаялі тры дошкі, на якіх пісалі вучні. На сценах віселі партрэты цара і яго сям’і, карціны аб войнах, партрэты палкаводцаў, карта Еўропы”.
Навучанне ў школе вялося на рускай мове. Школ з роднай беларускай мовай навучання не было. Асноўным было навучанне закону Божаму. Больш палавіны вучэбнага часу адводзілася на такія прадметы, як закон Божы і царкоўнаславянскія чытанні. Акрамя чытання, пісьма і арыфметыкі вучням паведамляліся некаторыя звесткі па геаграфіі, гісторыі і прыродазнаўстве. А яшчэ ў 1905 годзе ў вучылішчы пачалі выкладаць бандарнае рамяство.
У 1908 годзе ў Мядзведзічах быў пабудаваны новы касцёл.
З 1921 года вёска ў складзе Польшчы, і народнае вучылішча стала сямігадовым. Вучыцца ў наёмных памяшканнях стала не магчыма. Таму ў 1926 годзе пачалося будаўніцтва новай школы, якое было закончана ў 1928 годзе. Будынак двухпавярховы. Першы паверх займалі пяць класных пакояў і настаўніцкі. На другім паверсе размяшчаліся кватэры настаўнікаў і вартаўніка-прыбіральшчыка. У кожным класе вісеў партрэт Пілсудскага. За будынкам школы былі градкі з кветкамі і агароднінай, якія абраблялі дзеці на ўроках працы пад кіраўніцтвам настаўніцы Скібянка Браніславы. У 1928 годзе быў першы выпуск сямігадовай школы. Яе скончылі 8 вучняў.
17 верасня 1939 года на досвітку часці Беларускага і Укараінскага франтоў перайшлі савецка-польскую граніцу. Чырвоная Армія пачала свой вызваленчы паход. У першы ж дзень вызвалення, 17 верасня 1939 года ў вёсцы Мядзведзічы загінуў, вызваляючы тэрыторыю ад польскіх акупантаў, савецкі лётчык Міхаіл Маргуноў. Яго магіла знаходзіцца на Мядзведзіцкіх могілках і рупліва даглядаецца вучнямі школы.

Friday, March 26, 2021
Мядзведзічы. 3 пакалення ў пакаленне перадаецца сярод вяскоўцаў наступнае паданне.
У далёкім мінулым, аб якім нават ужо і дзяды нашы не памятаюць, жыў у гэтых мясцінах багаты пан. I была ў пана прыгажуня дачка. Вакол маёнтка стаяў векавы бор, напоўнены водарам кветак і галасамі птушак. Часцяком да пана прыязджалі госці, якія мелі звычку адпачываць і забаўляцца, гуляючы па залітых промнямі сонца лясных палянах.
Аднойчы выдаўся дзень ясны, харошы, як у пачатку лета бывае. Выехаў пан з гасцямі ў лес на прагулку. Дачка пана разам з сяброўкамі пачала ласавацца ягадамі паспеўшай маліны ды і адбілася ад сваіх таварак. Заблудзіла дзяўчына ў лесе. Доўга блукала яна па яго сцяжынках, пакуль не спаткалася з мядзведзем, якіх шмат было ў тыя часы ў наваколлі. Кінулася дзяўчына наўцёкі, ды дзе там, дагнаў яе люты звер і жыцця пазбавіў.
Пахаваў пан дачку і пабудаваў на тым месцы каплічку.
Вось з той пары і пачала вёска называцца Мядзведзічы.

Мядзведзічы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.

Friday, March 26, 2021
Мядзведзічы -  маёнтак Віленскага каталіцкага біскупа кардынала Я.М.Радзівіла, які дбайна аберагаў каталіцызм. Мядзведзіцкі маёнтак на працягу чатырох з палавінай стагоддзяў належаў каталіцкім біскупам.
Глядзець тут...


Касцёл святых апосталаў Пятра i Паўла - у цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1908 г. з цэглы паводле праекта архітэктара С. Шылера за кошт парафіян i намаганнямі ксяндзоў Герасімовіча i К.Ваньковіча. У 1910 г. асвячоны біскупам Янам Цеплякам.
Першы мураваны касцёл тут заснаваны да 1483 г. Новы храм (1545) разбураны i абрабаваны ў час аднаго з татарскіх набегаў. У 1645 г. пабудаваны драўляны храм віленскім біскупам Ю.Радзівілам. Уяўляў сабой звычайны касцёл пад барочным ламаным дахам, перад якім стаяла 3-ярусная званіца. У1866 г. касцёл закрыты. Набажэнствы адноўлены ў 1905 г. Помнік архітэктуры неабарока.

Friday, March 26, 2021
Грыгор’еў Аляксандр Аляксандравіч - мастак ў вобласці жывапісу, графікі, сцэнаграфіі. Нарадзіўся 19 мая 1955 г. у вёсцы Мазуркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Глядзець тут...

Мядзёлка Паўліна -
у
1918 г. настаўнічала ў в. Мядзведзічы. Зрабіла значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва. Лёс звёў яе з вядомым паэтам Я. Купалам. Лічаць, менавіта з Паўліны Мядзёлкі  і для яе быў напісаны аднайменны вобраз неўміручай купалавай “Паўлінкі”.
Глядзець тут...

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"