Friday, March 26, 2021
ПАДЛЕССЕ (Вялікае Падлессе) — вёска, цэнтр Падлескага с/с, за 8 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, 0,5 км ад чыг. прыпынку Падлессе на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Падлессе—Ляхавічы. 347 двароў, 708 жыхароў (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. У пісьмовых крыніцах сустракаецца пад назвамі Подлешаны, Подлесье, Полесье, Вялікае Падлессе. У 1553 г. Подлешаны — сяло Ляхавіцкай вол., асабістая ўласнасць вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста. У 1553 і 1561 гг. сяло згадваецца ў сувязі з валочнай памерай, якую праводзіў рэвізор А.А.Ільгоўскі. У 1637 г. па фундацыі мсціслаўскага ваяводы Г.Сапегі ў Падлессі пабудавана драўляная Свята-Духаўская царква (у 2-й пал. 18 ст. пабудаваны новы драўляны храм, які захаваўся да нашага часу). У 2-й палове 18 ст. Падлессе – сяло маёнтка Ляхавічы, з 1760 і 1790 гг. належала Масальскім, у 1775–90 гг. уваходзіла разам з іншымі населенымі пунктамі маёнтка ў дзярж. староства (у 1789–90 гг. у часовым валоданні Навагрудскага ваяводы Ю. Несялоўскага). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. Падлессе ў складзе Ляхавіцкага маёнтка перададзена графам Касакоўскім. У 1847 г. на месцы сучаснай вёскі і вакол яе на тэр. маёнтка Ляхавічы існавалі: сяло Падлессе Зубелевіцкае фальварка Зубелевічы, 21 двор, 412 жыхароў, Свята-Духаўская царква, каля 50 валок зямлі; вёска Падлессе Жарабковіцкае фальварка Жарабковічы, 15 двароў, 122 жыхары, 12 ¾ валокі зямлі; вёска Падлессе Свіскаўскае фальварка Свіскаўшчызна (Свіцкаўшчызна), 38 двароў 317 жыхароў, больш як 26 валок зямлі. У 1886 г. Падлессе (Свіскоўскае, Зубелевіцкае, Жарабковіцкае) — сяло Ляхавіцкай вол., 70 двароў, 793 жыхары, 2 праваслаўныя царквы, капліца, ветраны млын. У 1897 г. у сяле 149 двароў, 1025 жыхароў царква, капліца, хлебазапасны магазін, піцейная ўстанова. Побач з сялом знаходзілася аднайменнае аднаселле, 2 будынкі, 13 жыхароў. У 1909 г. у сяле 196 двароў, 1161 жыхар, школа; у аднаселлі — 15 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 252 двары, 1251 жыхар (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска — цэнтр Падлескага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. 3.7.1972 г. сельсавет перайменаваны ў Жарабковіцкі, з 1.5.1981 г. вёска — цэнтр адноўленага Падлескага с/с. У 1940 г. у вёсцы 300 двароў, 878 жыхароў маторны і ветраны млыны, маслазавод, будынак для апрацоўкі льновалакна, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, гандл. кропка, царква. У 1941 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Леніна. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У раёне вёскі ў баях з ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 і 1944 гг. загінулі 139 воінаў Чырвонай Арміі (пахаваны каля будынка Дома культуры, у 1957 г. на брацкай магіле ўстаноўлены помнік). У 1949 г. у вёсцы адноўлены даваенны калгас. У 1959 г. было 1251, у 1970 г. — 1274 жыхары. У 2002 г. — 362 двары, 773 жыхары, цэнтр калгаса імя Леніна (аб’ядноўваў 4 вёскі).
Працуюць дзіцячы сад, 4 магазіны, аддз. сувязі, медпункт, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт. У вёсцы нарадзіўся бел. спявак і музычны дзеяч М.М.Пігулеўскі.
Падлессе // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 299–301.
Friday, March 26, 2021
Падлеская рапсодыя
- Паглядзіце, якім прыгожым і ўтульным становіцца наш аграгарадок Падлессе, - гаворыць старшыня мясцовага сельвыканкама Анатолій Ксёнжык.
Нешта прыцягальнае сапраўды ёсць у гэтых мясцінах. Шыкоўна выглядае цэнрт аграгарадка: сельскі Дом культуры абноўлены свежымі фарбамі і відаць, што “жывы”, што сюды ў вольны час наведваюцца вяскоўцы. Насупраць – адміністрацыйны будынак, дзе і сельвыканкам размясціўся, і кантора вытворчага падраздзялення СВК “Жарабковічы”. Прыгожымі дамамі вяскоўцау, жалезабетоннымі агароджамі падкрэслены лініі вуліц, якія разбягаюцца ад цэнтра. Гэтымі жнівеньскімі днямі асаблівы каларыт надаюць кветкі: гараць насычанымі фарбамі клумбы ў цэнтры аграгарадка, прыцягваюць позірк мальвы, вяргіні, ружы і мноства іншых – самых неверагодных колераў – раслін у агародчыках падляшан. Гэта спрадвечная добрая традыцыя тутэйшых жыхароў – упрагожваць двор кветкамі.
Яркае, адметнае месца ў вёсцы – школа. Будынак якой у засені дрэў выглядае дагледжаным, акуратным, а напярэдадні верасня яшчэ і ўрачыстым.
Прыцягальныя гэтыя мясціны яшчэ і тым, што тут па сённяшні дзень застаецца песеннасць, якая асабліва загучала ў свой час пры ўдзеле знакамітага Цітовіча, які праславіў Падлессе створаным тут хорам. З шэрагу іншых выдзяляецца сядзіба яго вучня і пераемніка Міхаіла Жука. Тут яшчэ жывуць славутыя хлебаробы і льнаводы, якія некалі пакарылі ВДНГ у Маскве сваімі працоўнымі дасягненнямі.
У рэшце рэшт, прыпыняю свой крок ля хаткі са светлымі аканіцамі, дзе жыў калега – журналіст Аляксей Пятуух, нарысы і замалёўкі якога пра сваіх землякоў краналі, захаплялі, вучылі адданасці і любві.
У прыгожым населеным пункце зусім недарэчнымі выглядаюць “мёртвыя” будынкі, якія не эксплуатуюцца, разбураюцца. Як, напрыклад, былыя гандлёвыя кропкі, хлебапякарня і іншыя, што належаць райпо. Адразу відаць, што няма гаспадара ў пабудовы, непадалёку ад Дома культуры: хоць агароджа крыху прыкрывае беспарадак, але ён бачны і псуе выгляд цэнтральнай часткі аграгарадка.
Аднак, як тут гавораць, не ўсё адразу, дойдуць рукі і да гэтай справы.
Пасля далучэння мясцовай гаспадаркі да СВК “Жарабковічы” туды ж перамясціўся і “цэнтр кіравання” справамі сельгаскааператыва. У аграгарадку застаўся паўнапраўным гаспадаром старшыня Падлескага сельвыканкамі Анатолій Ксёнжык. Да яго непасрэдных абавязкаў дабавіліся яшчэ і пэўныя гаспадарчыя клопаты пра жыхароў аграгарадка. Ідуць да старшыні вяскоўцы, калі трэба прывезці паліва, каб абмеркаваць работу гандлёвых кропак, вырашыць пытаніі па здачы малака, выдзеліць участак пад пасадку бульбы, забяспечыць дамашнюю жывёлу кормам на зіму, калі раптам патухла лямпачка вулічнага асвятлення ці пасварыўся сусед з суседам...
А сітуацыі здараюцца розныя. Пражылі разам жыццё дзядуля і бабуля, ходзяць па вёсцы “пад ручку”, да гэтай пары з замілаваннем глядзяць адзін на другога. Аднойчы прыйшла на прыём бабуля і ў роспачы просіць даць ёй асобную кватэру, бо больш яна жыць не хоча з чалавекам, які ёй “усё жыццё сапсаваў!. Прыязджае надвячоркам старшыня да дзядулі з намерам сур’ёзна пагаварыць, а старыя сядзяць сабе на лавачцы, як галубкі...
Зіхацяць фарбы, якімі размалявалі дом Смаршчкі. Мікалай Смаршчок – мясцовы стараста. Дыхтоўная агароджа, вымашчаная дарожка – адразу відаць, што тут жыве добры гаспадар. А вось і гаспадыня на парозе – дачакалася мужа з работы, з начной змены. Замітусілася Ніна Мікалаеўна ля газавай пліты, хутчэй яечню на стол, бліноў напякла, каб толькі дагадзіць Мікалаю Мікалаевічу.
Ім па 75 гадоў ужо абодвум, а настае час уборкі ўраджаю, Мікалай Мікалаевіч ідзе працаваць на зернеток і толькі на начныя змены: падмяняе маладых, дае ім магчымасць адпачыць. Для людзей гэтага пакалення хлеб – святое, як, дарэчы, і яшчэ адна справа, якой верна служыць Мікалай Мікалаевіч. Ён псаломшчык у Падлескай царкве. Сочыць за парадкам, дапамагае настаяцелю храма ў час службы. Ніна Мікалаеўна яму і тут верная памочніца: збірае ахвяраванні, запісвае кожны рубель, які паступае ў храм, - цяпер ідзе рэстаўрацыя гісторыка-культурнага помніка 18 стагоддзя, якім з’яўляецца мясцовая царква. Гэтыя пажылыя людзі не толькі шчыра веруюць у Бога, жывуць па запаведзях, яны свята берагуць легенды і паданні, звязаныя з мясцовым храмам. Адну легенду і расказаў Мікалай Смаршчок...
- Было гэта гадоў 300 таму назад, а можа і больш, - пачаў свой расказ Мікалай Мікалаевіч. – У князя Сапегі расла прыгажуня-дачка, ды вось толькі не давала спакою бацькам адна бяда: нарадзілася дзяўчына сляпой. Нічога не зробіш, так даў Бог, гаварыў князь пра сваё гора. Аднойчы зімой, якраз у мяцеліцу, ехаў ён з дачкой у санях. Ці то ваўкоў коні пачулі, ці то яшчэ што іх спалохала, але панеслі яны сані няведама куды. А наўкол мяце, свету белага не відаць. Спалохаўся князь за дзіця сваё, за сябе і стаў прасіць Божую Маці, каб утаймавалася стыхія і спыніліся коні. Зарок даў пабудаваць храм на тым месцы. Коні спыніліся ля каменя. Калі прыгледзяўся князь Сапега, то ўбачыў на ім выяву свежага следу, запоўненнага вадой. Ён прамыў дачушцы твар і вочы, залепленыя снегам ад хуткай язды. І цуд! Яго дачушка стала відушчай! Раптам убачыў князь непадалёку заснежанае дрэўца грушы, на якім нібы ззяла сонца. Гэта была ікона Божай Маці.
Сваё слова Сапега стрымаў. Спачатку пабудаваў на свяшчэнным месцы часоўню, а пасля пашырыў яе, так і ўзнікла Падлеская Святадухаўская царква...
Гісторыя, па словах Мікалая Мікалаевіча, аказалася з працягам. Нібы той камень з выявай следу Божай Маці знайшоўся. Аказваецца, доўгі час ён праляжаў закапаным у зямлі пад падлогай у царкоўнай хрысцільні.
- Мы перанеслі гэты камень у храм і палажылі яго пад іконай Божай Маці Падлескай. У час царкоўнай службы многія бачаць на тым камені выявы крыжа, святых. А некаторыя, гавораць, людзі вылечыліся, датыкаючыся да гэтага каменя і просячы міласці Божай...
Так гэта ці не, але да свяшчэннага каменя хочуць дакрануцца многія. Падзеі гэтыя актывізавалі прыхаджан, якія сталі збіраць ахвяраванні і аднаўляць храм, каб не сорамна было перад людзьмі, што не збераглі святыню. Абнавілі дах, вось-вось узнімуцца новыя купалы, наколькі хапіла сродкаў – рэстаўравалі званіцу. Стараецца ўвесь прыход, дапамагаюць спонсары, у тым ліку і СВК “Жарабковічы”.
Якраз перад намі завіталі ў Святадухаўскую царкву людзі з суседняй вёскі. Прыйшлі пакланіцца і папрасіць у Бога міласці...
Асабліва ў святочныя дні тут многа бывае моладзі – прыезджай і мясцовай, дзяцей. Ля царквы нас сустрэў сямікласнік Дзіма Мінкевіч, які, бы сапраўдны экскурсавод, з захапленнем расказваў пра некаторыя царкоўныя іконы. Дарэчы, у час рэканструкцыі даху будаўнікі знайшлі мноства старадаўніх цпркоўных прылад, якія нам паказаў хлопец. Дзіма яшчэ дакладна не вырашыў, кім будзе – святаром ці гісторыкам. Аднак яго зацікаўленасць дарагога вартая. Ён і легенду пра свяшчэнны камень ведае з падрабязнасцямі...
Наводшыбе ад вёскі і непадалёку ад храма стаіць хатка – службовае жыллё для настаяцеля царквы. Сёння ў Падлескім прыходзе служыць айцец Максім. Ён, матушка і двое іх дзетак тут і пасяліліся. Як расказалі прыхаджане, прыгожа і вельмі задушэўна вядзе службу ў храме малады святар, а як клапоціцца пра рэстаўрацыю царквы!
- Людзі да нас пацягнуліся, бо вельмі ж урачыста праходзяць царкоўныя службы. – расказвае Ніна Смаршчок. – Пашанцавала нам на бацюшку. Таму мы і просім усім прыходам за яго: дом крыху падладзілі, а вось вады няма ні ў царкве, ні ў студні, што выкапана ля хаты на глыбіню 22 кольцаў...
Пра гэтую праблему ведаюць і ў сельвыканкаме, і ў СВК “Жарабковічы”. Сапраўды, яе неабходна вырашаць, бо існуе нават пажарная небяспека для гісторыка-культурнай каштоўнасці – царквы. Падлічылі, што вадаправод трэба пракладваць на адлегласць 600 метраў. СВК “Жарабковічы” не адмаўляецца выдзеліць сродкі на водаправодныя трубы.
А пакуль айцец Максім ездзіць у вёску за вадой; каб забяспчыць царкоўныя патрэбы і сямейныя.
... Нельга было прайсці міма яшчэ аднаго адметнага месца ў аграгарадку Падлессе. У цэнтры, заценены вялікімі елкамі, стаіць помнік Леніну – дагледжаны, ля падножжа растуць кветкі. Некалі мясцовая гаспадарка насіла яго імя.
Такая вось Падлеская рапсодыя.
Аліна Лапіч.
Лапіч, А. Падлеская рапсодыя / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 29 жніўня. – С. 4.
Friday, March 26, 2021
Падлессе. Мясцовыя жыхары звязваюць ўзнікненне назвы вёскі з наступным паданнем.
Землі, дзе цяпер знаходзіцца Падлессе, належалі некалі пану Ельскаму. Аднойчы адзін з парабкаў пана працаваў у двары маёнтка. I трэба ж было такому здарыцца, каб сарваўся з цэпу гаспадароў сабака і кінуўся прама на парабка. Той стаў бараніцца рыдлёўкаю, што была ў руках. Ад удару сабака сканаў. Раз'юшаны пан выгнаў парабка прэч з вачэй. Куды дзецца бяздомнаму. Кінуўся ён да пана ў ногі літасці прасіць. Пан спачатку ніяк не згаджаўся пашкадаваць прыгоннага, ды потым дазволіў яму застацца ў вёсцы, але загадаў пасяліцца не ў ёй самой, а на ўскрайку лесу.
Пазней каля хаты выгнанніка пачалі сяліцца людзі. Карчавалі лес, будаваліся. Так і вырасла вёска, якой далі назву Падлессе.
Першапачаткова веска стаяла каля чыгуначнага перагону Баранавічы - Слуцк. Але пасля вялікага пажару, які адбыўся ў 1700 годзе, жыхары не сталі сяліцца на старым месцы, а перабраліся на тое, дзе і па сёняшні дзень знаходзіцца Падлессе. Назва ў вёскі засталася ранейшаю.
Падлессе. Назва некалькіх вёсак у розных частках БССР: Вялікае Падлессе вёска Ляхавіцкага раёна. Назва паходзіць ад ландшафтнага тэрміна, які азначае - ускраіна лесу, мясцовасць каля лесу.
Падлессе. // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., «Нар. асвета», 1969. – 119 с.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.
Friday, March 26, 2021
Бярозка Анатоль (Мацей Смаршчок) – беларускі паэт, доктар медыцыны. Жыў у ЗША. Нарадзіўся ў в. Падлессе.
Глядзець тут...
Таранда Мікалай - мастак, нарадзіўся ў в. Вялікае Падлессе. Правёў мноства персанальных выстаў. Творы Таранды сёня ўпрыгожваюць многія асабістыя калекціі, раз`ехаліся па ўсяму свету.
Глядзець тут...
Серфім Жыровіцкі (у міры Раман Раманавіч Шахмуць) – святы навамучанік зямлі беларускай нарадзіўся ў 1901 г. ў в. Вялікае Падлессе. У 40 – я гады ажыццяўляў месіянерскую дзейнасць. 6 верасня – дзень памяці святога Серфіма Жыровіцкага.
Пігулеўскі Мікалай – беларускі артыст оперы (лірыка – драм. барытон). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё.
Глядзець тут...
Ракуць Віталь Сцяпанавіч - беларускі навуковец у галіне акушэрства і гінекалогіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
Глядзець тут...