Friday, March 26, 2021
РАМАШКІ — вёска ў Падлескім с/с, каля р. Шавялёўка (прыток р. Ведзьма), за 12 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Шавялі—Ляхавічы. 17 двароў, 24 жыхары (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. Да 1551 г. Рамашкі (у пісьмовых крыніцах Ромашковичи) — сяло Ляхавіцкай вол., Барбара Радзівіл падаравала яго ляхавіцкаму зямяніну-васалу В.Чаркоўскаму. У 1553 г. сяло маёнтка Ведзьма-Гафтароўшчызна той жа воласці, уласнасць В.Чаркоўскага. У 1567 г. сяло Ляхавіцкай вол., асабістая ўласнасць вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, які пацвердзіў наданне Б.Радзівіл гаспадарскаму земяніну-васалу В.Чаркоўскаму пад харугву, земскі і гродскі прысуд Навагрудскага пав. У 1789 г. вёска, шляхецкае ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1876 г. маёнтакі вёска ў Дараўскай вол., 59 дзес. зямлі, спадчыннае ўладанне І.А.Ральцэвіча. У 1870 г. вёска аднайменнага маёнтка, 19 рэвізскіх душ. У 1897 г. вёска, 10 двароў, 64 жыхары. Побач з вёскай знаходзіліся сядзіба маёнтка Рамашкі (уласнасць Ральцэвіча), 16 жыхароў, і фальварак Рамашкі, 12 жыхароў. У 1909 г. у вёсцы 14 двароў, 79 жыхароў; у сядзібе маёнтка — 6 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., вёска, 17 двароў, 93 жыхары, і 2 фальваркі, 3 будынкі, 14 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Сваятыцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Навасёлкаўскім с/с. У 1959 г. у Падлескім с/с, які 3.7.1972 г. быў перайменаваны ў Жарабковіцкі с/с, 1.5.1981 г. Падлескі с/с адноўлены. У 1940 г. вёска, 24 двары, 117 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас «Сталінскі шлях», які ў сак. 1951 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Леніна. У 1959 г. у вёсцы 101 жыхар, у 1970 г. — 89 жыхароў. У 2002 г. — 18 двароў, 27 жыхароў, у складзе калгаса імя Леніна (цэнтр — в. Падлессе). Кароткая шыротная вуліца забудавана драўлянымі сял. сядзібамі.
Рамашкі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 304.
Friday, March 26, 2021
Па рамонкавым адрасе. Вёска Рамашкі
Калі б стваралі кнігу вёсак з адмысловымі назвамі, пэўна, туды б трапілі і Рамашкі. Гэты населены пункт схаваўся на прасторах Ляхавіччыны ў кіламетрах трынаццаці ад райцэнтра. Схаваўся ў прамым сэнсе, бо ў пачатку вёскі сустракае толькі крыж, шыльда ж з назвай, мабыць, канула ў вечнасць. Невялікая і вельмі зялёная вёсачка, сапраўдны востраў спакою і ўтульнасці. Дамы, здаецца, застылі ў жаданні павітацца адзін з адным – дарога, якая іх аддзяляе, вузкая, нагадвае хутчэй сцежку – дзвюм машынам тут не размінуцца. Але ў гэтым прывабнасць і “дамашнасць” Рамашак. Сёння тут пастаянна жывуць усяго 4 чалавекі – вельмі шчырыя, добразычлівыя і светлыя бабулі Марыя Блахіна, Груня Саўко, Марыя Шапель, Ніна Масцілоўская.
Яны трох навадныя, выйшлі сюды замуж, з гумарам гаворыць пра сваіх суседак-сябровак карэнная мясцовая жыхарка Марыя Блахіна.
Больш за два дзесяцігоддзі Марыя Мікалаеўна адпрацавала паштальёнам – прыносіла навіны землякам (гаворыць, сённяшнія паштавікі не забываюць яе і заўсёды віншуюць са святамі). Пяшком даводзілася пераадольваць за дзень не адзін дзясятак кіламетраў, сумка з газетамі і часопісамі адцягвала рукі. Сілы надавала думка, што людзі яе чакаюць: раёнку тады выпісвалі ў кожным доме. І не на месяц ці тры, а адразу на год, – прыгадвае Марыя Блахіна, якая і сёння застаецца вернай “Ляхавіцкаму весніку” і без яго не ўяўляе жыцця. А яно не песціла Марыю Мікалаеўну. Рана давялося спазнаць самастойную працу на чужыне: паехала на заробкі ва Украіну. Зарабіла там 15 пудоў зерня і мужа сустрэла. Але не давялося доўга цешыцца сямейным шчасцем – трагічны выпадак… І ўдава вымушана была вярнуцца з двума дзецьмі на радзіму. Змяняліся зімы вёснамі, імчала жыццё. Дзеці выраслі дастойнымі людзьмі – падтрымка маці. Падарылі ёй унукаў і праўнукаў. Са слязамі на вачах успамінае, як малілася за сына Аляксандра, калі той служыў у Афганістане, як з дачкой Людмілай сустракалі дарагога салдаціка.
А яшчэ Марыя Мікалаеўна з гумарам успрымае цяжкасці і праблемы, умее і любіць жартаваць.
– Так жыць лягчэй, – адзначае. А на пытанне пра ўзрост смяецца: – Да ста гадоў не хапае 23.
Груня Саўко дадае:
– Галоўнае, каб было здароўе. Усё ў нас ёсць для добрага жыцця. Дзеля нас, некалькіх чалавек, двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, паштальён прывозіць разнастайныя тавары, СВК выдзяляе штогод па 500 кілаграмаў зерня для падсобнай гаспадаркі. Што яшчэ трэба? Усе пра нас клапоцяцца і не забываюць.
Груня Іванаўна хоць і нарадзілася ва Улазавічах, прыкіпела душой да Рамашак:
– Вёска наша некалі людная была, шумела-гудзела. Збіраліся разам, песні пелі, пралі кудзелю. Жылі дружна і адкрыта, падтрымлівалі адзін аднаго.
Гляджу на яе і ўяўляю ранейшую – тоненькую, спрытную дзяўчыну. Актыўная і энергічная, яна ўсюды паспявала. І ў доме завіхалася, і на рабоце не адставала. Працавала паляводам, на кароўніку, потым на свінаферме, адкуль і на пенсію пайшла. Лёс бязлітасна адабраў двух сыноў і мужа. Яе ўцеха і гонар дачка Валянціна, чатыры ўнукі і столькі ж праўнукаў. Груня Іванаўна раз-пораз перабірае фотаздымкі, радуецца і хвалюецца за родных, моліцца і заўсёды чакае ў госці. У бабулі на гэты выпадак прыпасена штосьці смачненькае – ёсць чым сустрэць. Трымае курэй, садзіць агарод.
– Майская пара такая – адно сячы, другое садзі. У клопатах час праходзіць. Гэта зімой ён цягнецца ледзьве-ледзьве. А як сонейка прыгрэе, так і на душы цяплей, – гаворыць Груня Іванаўна.
Цішыню населенага пункта парушае сігнал – прыехаў магазін на колах. Падцягваюцца да яго і дачнікі, якіх у Рамашках некалькі. Вадзіцеля і прадаўца ў адной асобе Андрэя Савву мясцовыя жыхары сустракаюць як роднага. Адзначаюць, што вельмі задаволены яго работай: дапаможа выбраць прадукты, пацікавіцца справамі, ветлівы, далікатны.
Сярод тых, хто прыйшоў да аўталаўкі, і Іван Панфіла. Недалёка ад вёскі, праз поле, яго хутар, дзе ён з жонкай гаспадарыць. Мае невялікі трактарчык для апрацоўкі глебы.
Дачны статус Расціслава Шапеля падмацаваны роднасцю з гэтымі мясцінамі: тут жылі бацькі, тут зрабіў свае першыя крокі. На веласіпедзе, асабліва калі ветрык у спіну, адлегласць ад Баранавічаў пераадольваецца хутка.
Рамашкі выклікаюць сімпатыю і замілаванне ва ўсіх, хто хоць аднойчы пабыў у іх. Так было і з мінчанкай Валянцінай Каткоўскай, якая з вёскай параднілася гадоў шэсць назад, калі стала наследніцай цётчынага дома:
– Спачатку вагалася, не хацела ехаць з вялікага горада. Сёстры-ляхавічанкі ўгаварылі. Ды і настальгія па мінулым перамагла няўпэўненасць. З тых часоў кожную вясну адкрываю дачны сезон, вязу са сталіцы расаду.
Нельга паверыць, што Валянціне Іванаўне 81 год. Энергічная і бадзёрая, гасцінна паказвае свае ўладанні. У яе растуць клубніцы, цыбуля і часнок. Патанае ў квецені сад. Усюды парадак, кожная рэч на сваім месцы. Дом дарагі ёй дзіцячымі ўспамінамі. Дзяўчынкай прыбягала сюды з Падлесся да бабулі і дзядулі. Хоць і дапамагалі яны дачцэ, але ў той васьмёра па лаўках было. Вось Валянціна, старэйшая сярод усіх, і збягала ў Рамашкі, дзе ўвага была ёй адной.
А потым дзяўчына трапіла ў Мінск, уладкавалася на завод шасцярон, дзе працавала да самай пенсіі. Дзеці і ўнукі бабулі Валянціны з мітуслівай сталіцы з радасцю едуць у вёску.
– Паветра тут чыстае, нават сонца па-іншаму свеціць, – заўважае Валянціна Іванаўна.
Экскурсія па Рамашках працягваецца знаёмствам з Нінай Масцілоўскай. Яна родам з Клецкага раёна, у Рамашкі выйшла замуж. Працавалі-нажывалі з мужам дабра, гадавалі дзяцей. Усяго хапіла ў яе жыцці. Але Ніна Уладзіміраўна, як і раней, у заўсёдным руху. У яе гаспадарцы чатыры казы, куры. Усіх трэба дагледзець, накарміць. Па-майстэрску косіць, завіхаецца па гаспадарцы. І філасофствуе:
– Каб сям’я была моцнай, галоўнае – узаемаразуменне. Але на ўсё лёс. Сустрэнеш свой – шчаслівай будзеш, напаткаецца ліхі – гора сербанеш.
У красавіку ёй споўнілася 79. Расказвае, колькі навязлі падарункаў на дзень нараджэння.
Стала сваёй у вёсцы з рамонкавай назвай і Марыя Шапель. Расказвае, што зараз жыве адна. Раней трымалі з мужам, як усе, вялікую гаспадарку, працавалі ў калгасе, гадавалі дачок. Сёння яны клапоцяцца пра маці. Адна працуе настаўніцай у Падлессі, другая ў райцэнтры медыкам.
Вельмі любіць частаваць Марыя Азідараўна родных стравамі з рускай печы. Усё, што ні прыгатуеш у ёй, атрымліваецца з асаблівым смакам і водарам. Больш за восем дзесяцігоддзяў пражыла вяскоўка, многае на сваім веку пабачыла. Узгадвае, як пачалася вайна, як сустрэла першых нашых салдат, сярод якіх былі і дзяўчаты. Адна з іх несла ручны кулямёт на плячы…
Вялікая Айчынная пакінула на Рамашках свой адбітак – не вярнуліся дадому землякі Фёдар Таўпека, Мікалай Таўпека, Павел Таўпека. Міхаіл Шапель вытрымаў засценкі канцлагера, зараз 93-гадовы вясковец жыве ў дачкі. Землякі не забываюць пра яго. Напамінам і сасна, якую некалі ён пасадзіў у сваім двары. Высокая, раскідзістая, яна нібыта паглядае навокал, успамінаючы тыя часы, калі ў кожным доме гарэла святло, з трубаў ішоў дым, у кожным хлеўчуку мыкала-хрукала жывёла, каля сядзіб не было паваленых дрэваў, а дзеці беглі ў школу. Сваю. Рамашкаўскую пачатковую, няхай і малакамплектную. А вакол вёскі прыволле, рэчка паўнюткая, глыбокая, не такая як зараз. Рыбу вудзілі, купаліся. І, канешне, на лузе красаваліся рамонкі. Многа-многа, белыя з жоўтай сярэдзінкай парасоны на тоненькіх сцяблінках. Хлопцы дарылі кветкі сваім каханым, рамонкамі ды валошкамі ўпрыгожвалі хаты, плялі вянкі. Ад іх, пэўна, і пайшла назва вёскі. Кветкавая, прыгожая, асаблівая. І людзі тут нараджаліся надзвычай працавітыя і сумленныя, атрымлівалі званні заслужаных калгаснікаў, ударнікаў камуністычнай працы, узнагароджваліся граматамі.
…Салаўіная песня гучыць моцна і чутны бусліны пошчак. Дарэчы, іх тут, як нідзе – на маленькай вуліцы аж тры буслянкі…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. Па рамонкавым адрасе / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 25 мая. – С. 4.
Friday, March 26, 2021
Рамашкі. Паселішчы заснавалі Рамашкі - некалькі родзічаў па імені (ці прозвішчы) агульнага продка Рамашка. Асновай для тапоніма магло паслужыць таксама агульнае прозвішча першапасяленцаў. УАІ Рамашка з’яўляецца гутарковай формай каляндарнага імя Роман. У старабеларускіх пісьмовых крыніцах адзначаецца з першай паловы XVI ст. у форме Ромашко: Ромашко Нарушевіч, Ромашко Петьковіч.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.