Friday, March 26, 2021
СВАЯТЫЧЫ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, каля р. Ведзьма, за 13 км на ПнУ ад Ляхавіч, 8 км ад чыг. ст. Пагарэльцы на лініі Баранавічы—Мінск. 132 двары, 313 жыхароў (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. Да 1506 г. Сваятычы — мястэчка, цэнтр маёнтка, шляхецкая ўласнасць. Кароль польскі і вял. кн. літ. Аляксандр дазволіў С.М.Петкавічу Дукурне праводзіць тут кірмаш. У 1507 г. кароль польскі і вял. кн. літ. Жыгімонт I Стары пацвердзіў гэты прывілей нашчадкам Петкавіча. На працягу 16 ст. Сваятычы належалі Петкавічам, Я.М.Казноўскаму, Г.А.Давойнаўне, Я.Карыцкаму, Б.Кміцянцы Радзівонаўне, С.А.Давойну, Ш.Фурсу, Я.Пясецкаму, Я.Е.Хадкевічу, Я.Б.Пузыні. У 1557 г. у мястэчку вядомы корчмы. У 1728 г. маёнткам Сваятычы (Сваятычы Венцкаўшчызна) валодалі малалетнія Бенядзікт, Антоній і Іаанна з Вольскіх-Дашкевічаў. Апекунамі малалетніх уладальнікаў з’яўляліся Міхаіл Плацыдаў і яго жонка. У склад маёнтка ў гэты час уваходзілі палова мястэчка Сваятычы (25 двароў, карчма з броварам), 9 вёсак, 2 карчмы з броварамі. У 1772 г. новымі ўладальнікамі маёнтка і мястэчка сталі Абуховічы, якія пабудавалі на беразе р. Ведзьма 2-павярховы мураваны палац ў стылі класіцызму (не захаваўся). Будынак палаца вядомы па акварэлі мастака Н.Орды 1876 г., фатаграфіях А. Віслоцкага і інш. Вакол палаца быў парк у пейзажным стылі (збярогся часткова). У парку знаходзілася капліца-пахавальня Абуховічаў, у яго паўн.-усх. частцы на р. Ведзьма была невялікая сажалка. У 1776 г. да маёнтка належалі 53 «дымы» і карчма ў мястэчку; двор Сваятычы (размяшчаліся жылыя і гасп. пабудовы), вёскі Валасачы, Грыцы, Дамашы, Кміты, Мацутаўшчына, Новікі, Руда Баярская, Станчыкі, Трабавічы. У мястэчку дзейнічаў касцёл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1846 г. Сваятычамі валодала графіня Сафія Чапская (народжаная Абуховіч, памерла ў 1866 г. у Дрэздэне). Маёнтак у гэты перыяд налічваў 1373 жыхары (з іх дваровых было 31 чалавек, вольнаадпушчаных — 17) і складаўся з мястэчка (84 двары, 478 жыхароў, пастаялы двор, касцёл, плябанія, дом фельчара, 2 ветраныя млыны), 2 фальваркаў (Сваятычы і Вяржбы; 2 вінакурні, цагельня для патрэб маёнтка), 6 вёсак (у вёсках меліся шынкі). У 1867 г. у маёнтку размяшчаўся палац (мураваны), 2 флігелі (з іх 1 драўляны), гасп. пабудовы, у т. л. кузня, вадзяны млын пры англійскім агародзе на канале, 2 аранжарэі, ветраны млын. У 1873 г. адкрыта нар. вучылішча. У 1876 г. Сваятычы – маёнтак у Дараўскай вол., 1100 дзес. зямлі, 5 корчмаў, 3 млыны; уласнасць малалетніх Фларыяна, Эдуарда, Марыі і Веранікі Чапскіх, кіраваўся апекуном. У 1886 г. у мястэчку было 75 двароў, 705 жыхароў, тут стаялі царква, капліца. У 1889 г. у маёнтку (уладанне Э.С.Чапскага) 660 дзес. зямлі. У 1897 г. Сваятычы – сяло, якое таксама называлі мястэчкам, 103 двары, 603 жыхары, царква, капліца, хлебазапасны магазін, крама, ветраны млын, 4 кузні, піцейная ўстанова; сядзіба прычта Сваятыцкай царквы, 5 жыхароў; сядзіба маёнтка пры р. Ведзьма, 6 пабудоў, 71 жыхар. У канцы 19 – пач. 20 ст. маёнтак Сваятычы належау Зіберг-Плятэрам.
У 1909 г. сяло Сваятычы налічвала 112 двароў, 834 жыхары, дзейнічала школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., мястэчка, 130 двароў, 715 жыхароў; фальварак, 8 будынкаў, 142 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска – цэнтр Сваятыцкага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Навасёлкаускім с/с, цяпер у Жарабковіцкім с/с. У 1940 г. – 154 двары, 707 жыхароў, выканком сельскага Савета, с.-г. тэхнікум, пач. школа, клуб, кантора сувязі, 2 тэлефоны, касцёл, гандл. кропка. На тэр. былога маёнтка (за 2,1 км ад вёскі) знаходзіліся 49 двароў, 245 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. За гады вайны ў баях з ворагамі загінулі 25 вяскоўцаў. На ўшанаванне іх памяці ў 1967 г. у цэнтры вёскі ўстаноўлены абеліск. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас імя К. Маркса, які ў 1952 г. увайшоў у склад узбуйненнага калгаса “Савецкая Беларусь”. У 1959 г. 566 жыхароў, у 1970 г. – 542 жыхары. У 2002 г. – 150 двароў, 341 жыхар, у складзе калгаса “Беларусь” (цэнтр – в. Жарабковічы). Працуюць аддз. сувязі, фельч.-акушэрскі пункт, сярэдняя школа, б-ка, клуб, 2 магазіны.
Сваятычы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 307–309.
Friday, March 26, 2021
І кірмашы тут ладзіліся
Сёння «ЛВ» прапануе чытачам завочную экскурсію ў адну з вёсак Ляхавіччыны, якая знаходзіцца на мяжы з Нясвіжскім і Баранавіцкім раёнамі
Пачнём з ХVІ стагоддзя. Да чаго ж заможныя тут ладзіліся калісьці кірмашы! З усёй акругі і больш далёкіх маёнткаў з’язджаліся ў гэта мястэчка прадаўцы і пакупнікі. А колькі гасцей збіралася да шляхціцаў Петкавічаў, потым Казноўскіх, Пясецкіх, Фурсаў, Хацкевічаў, Абуховічаў…
Людзі, якія сяліліся тут, называлі адзін аднаго «свае». Адсюль, кажуць, і пайшла такая назва. Дарэчы, гэта вёска з больш чым 500-гадовай гісторыяй хавае нямала тайнаў. Калі праводзілі меліярацыю, тут знайшлі касцяны стрыжань гарпуна, які вучоныя аднеслі да эпохі мезаліту.
Прыгожы палац з малюнка Напалеона Орды
Вызначальнымі для гэтага мястэчка сталі 70-90-я гады ХVІІІ стагоддзя. Юзаф Абуховіч пачаў будаваць палац, справу бацькі прадоўжыў сын Міхаіл, які нават ператварыў Сваятычы ў сваю рэзідэнцыю. Комплекс называлі самым прыгожым палацам у Навагрудскім ваяводстве. Каля 5000 кніг і вялікая калекцыя карцін захоўваліся ў тутэйшай бібліятэцы. На балі да Абуховічаў з’язджаліся з ўсяго ваяводства.
З ХІХ стагоддзя бярэ адлік свайго існавання мясцовы касцёл: 23 красавіка 1841 года на беразе Ведзьмы заклалі падмурак храма ў гонар прападобнамучаніка Юрыя. Будынку быў наканаваны няпросты лёс: выкарыстоўваўся ён і ў якасці касцёла, і праваслаўнай царквы, а ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут увогуле размясціўся склад. Аднак, мясцовыя вернікі за сабраныя грошы ў 1992 годзе аднавілі храм, у касцёле Святога Юрыя і сёння вядуцца богаслужэнні. Пабудова з’яўляецца помнікам культавай архітэктуры.
Гэтыя мясціны заўсёды вабілі непаўторнасцю, хараством, спакойным, размераным жыццём і маляўнічымі краявідамі, якія так прасіліся на палатно мастака. Знайшоўся той, хто захаваў для нашчадкаў каларыт Сваятычаў і яго галоўную знакамітасць – палац. У 1876 годзе Напалеон Орда з мясцовай натуры зрабіў два малюнкі.
ХХ стагоддзе прынесла Сваятычам не толькі разбуральныя падзеі: разрабаванне бібліятэкі ў гады Першай сусветнай вайны і зруйнаванне замка падчас Вялікай Айчыннай вайны, але і шмат стваральнага. У 1911 годзе пабудаваны цагельны завод, дзейнічалі два паветраныя і вадзяныя млыны. У памяшканнях старога маёнтка, што ўцалелі, пасля вызвалення вёскі ад фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 дзейнічаў дзіцячы дом № 2. Аднымі з яго першых дырэктараў былі Ніна Пазнякова і Уладзімір Шыловіч. А яшчэ тут была спачатку сярэдняя, потым базавая школа.
Добрым словам успамінаюць настаўнікаў Міхаіла Турко, Марыю Ліс, Яўгенію Смычкоўскую, Філімену Камінскую, Веру Карповіч. Важатая важатых – так называлі Аляксандру Рудкоўскую, якая працавала на гэтай пасадзе больш за трыццаць гадоў. Яна надзвычай прыгожа малявала. Цяпер маміны карціны беражліва захоўвае дачка Лілія, якая жыве ў Мінску.
Сёння ў колішнім будынку школы адкрыта вытворчасць вокнаў.
Сваятыцкія будні і святы
– Канешне, шкада, што закрыўся клуб, у нас людзі любяць адпачываць разам. Летась на свята вёскі сабралася больш за сто чалавек, – расказвае Алена Масцілоўская.
Алена Міхайлаўна разам з аднавяскоўкай Таісіяй Карповіч чакалі прыезду пошты на колах – перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.
– Я ў Сваятычах амаль паўвека. Да пенсіі працавала даяркай у «Жарабковічах». Некалі наша вёска была вялікая, гаманлівая, цяпер усё спакайней. Праўда, летам, калі прыязджаюць дзеці-ўнукі, куды весялей, – далучаецца да размовы Таісія Дзмітрыеўна.
А тым часам пад’ехала і пошта, дарэчы, яна тут па графіку пяць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі і панядзелка. Каму заказы прывозіць, іншыя здымаюць грошы па банкаўскай картцы ці атрымліваюць пенсію. Марыя Зенчанка з дачушкамі Дашай і Міланай прыйшла аплаціць паслугі.
– Сумаваць не даводзіцца, клопатаў хапае ў любую пару года, трымаем вялікую гаспадарку. Даша – вучаніца. Праблем з падвозам дзяцей у Навасёлкаўскую школу няма, аўтобус аддзела па адукацыі прыязджае ў Сваятычы двойчы – спачатку за школьнікамі, потым за малышамі, якіх адвозіць у Навасёлкаўскі дзіцячы садок, – гаворыць маладая мама.
А гаспадары тут – дбайныя
У Сваятычаў бясспрэчна ёсць заўтра – тут шмат дзяцей і моладзі. Вёска, у якой сёння жыве 190 чалавек, славіцца гаспадарамі – дбайнымі і руплівымі.
Блашэнкі – адны з іх. Іна і Дзмітрый – тутэйшыя.Сялянскую справу ведаюць з дзяцінства. Толькі кароў у іх прыватнай гаспадарцы – 16, ёсць свінні, куры, іншая жыўнасць. А падворак нібы карціна: мноства кветак, газоны і стылізацыя пад даўніну. Бацькам дапамагаюць тры дачкі. Старэйшая выкладчыца па класе баяна Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Малодшыя двайняты – студэнткі. Дар’я вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, да Ксеніі якраз збіраліся на выпускны: дзяўчына атрымала дыплом эканаміста.
– Каб мець дастатак, трэба працаваць, – упэўнена сцвярджае стараста вёскі Іна Блашэнка. І з ёй згодны многія аднавяскоўцы.
А мнагадзетных сем’яў тут колькі!
На падворку, дзе жыве сям’я Капуста, чыста і ўтульна.
– Дом атрымалі ад ААТ «Жарабковічы», дзе працую жывёлаводам на МТФ «Дамашы». У гаспадарку механізатарам уладкаваўся старэйшы сын Яўгеній. Сюды ж хутка прыйдзе і малодшы Арцём. 13-гадовая Паліна – мая галоўная памочніца, – гаворыць Алена Капуста, якая вярнулася дамоў пасля ранішняй дойкі і паспела забегчы ў мясцовы магазін.
Зазірнём сюды і мы. Вяскоўцы збіраюцца, каб пагаварыць, даведацца пра апошнія навіны. Асартымент у гандлёвай кропцы райпо разнастайны. Найбольшая выручка летам, калі да бабуль-дзядуль прыязджаюць пагасцяваць унукі, праўнукі. Загадчыца магазіна Марына Канецпольская таксама мнагадзетная мама. Разам з мужам (працуе слесарам у «Жарабковічах») выхоўваюць трое дзяцей.
Бадай самае папулярнае і запатрабаванае месца не толькі ў сваятычан, але і жыхароў бліжэйшых вёсак – фельчарска-акушэрскі пункт. Да яго загадчыка Дзмітрыя Гібежа штодзень спяшаюцца за парадай і дапамогай. Наталля Балашова прывяла да вясковага фельчара сваіх унукаў Сафійку і Ілью.
– Люблю Сваятычы. Цяпер гэта другая радзіма для маёй сям’і. Даўно стаў тутэйшым і не збіраюся нікуды пераязджаць, – гаворыць Дзмітрый Гібеж.
Сваятычы самабытная вёсачка з багатай гісторыяй і цікавымі жыхарамі. І, напэўна, яна дастойна, каб арганізаваць праз яе шыкоўны турыстычны маршрут. Тут ёсць што паказаць і суайчыннікам, і замежным гасцям, і не толькі паказаць, але магчыма паспрабаваць адкрыць тайны, якімі ахутана наваколле.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. І кірмашы тут ладзіліся / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 17 ліпеня (№ 54). – С. 4-5.
Friday, March 26, 2021
Сваятычы. У даўнія часы тэрыторыя нашай Беларусі была мала заселенай. Групы людзей у пошуках прыдатных для пражывання месцаў накіроўваліся на новыя землі. Славянскія плямёны, што рухаліся ад Дуная, міжрэчча Дняпра і Заходняга Буга, аблюбавалі нашы мясціны. Але тут там-сям пражывалі ўжо іншыя плямёны - балты, мова, звычкі, гаспадаранне якіх значна адрозніваліся ад славянскіх. Паміж імі адбываліся крывавыя сутычкі, але іншы раз разыходзіліся з мірам і сяліліся побач.
З'явіліся перасяленцы і ў нашых краях. Вось ужо каторы час іх рух амаль не прыпыняўся. Чым далей яны ішлі на поўнач уздоўж рачулкі, тым больш упэўніваліся, што дзесьці непадалёку павінны быць людзі. Гэта прыкметна было па слядах: рэшткі вогнішчаў, пратаптаныя сцежкі і іншыя знакі.
Хто яны? Свае ці чужыя? А вось і першыя прыкметы таго, аб чым здагадваліся. Лёгкі ветрык данёс гаркаваты пах дыму ад вогнішча. Паслалі надзейных мужчын аб усім даведацца. Праз які момант яны ўжо былі паблізу прыстанішча раней прыйшоўшых. Тыя сядзелі вакол вогнішча, штосьці нетаропка елі, мірна вялі паміж сабой гутарку. Высланыя ў разведку, што паблізу заселі ў зарасніку хмызняку і дрэў, пачалі ўлоўліваць адзінкавыя словы гамонкі: “жыта”, “араць”... "Такія ж словы знаёмыя і нам", - узрадаваліся яны. Значыць, гэта свае людзі. Падалі для ўпэўненасці ўмоўны гук, падобны клічу ваўка. Тыя ўстрывожыліся, схапіліся, узяліся за зброю. Але, аб чымсьці пашаптаўшы, адзін з іх падаў падобны гук на той, які толькі што прагучаў. Ён азначаў “свае“. Разведчыкі рашылі падысці да вогнішча і былі прыняты мірна. Пасля чаго яны вярнуліся па астатніх спадарожнікаў. Сустрэліся ўсе і сталі жыць тут. Як-ніяк, а разам зручней і надзейней. А пасяленне сваё з цягам часу так і назвалі - Сваятычы.
Сваятычы. Мясцовае паданне сведчыць пра тое, што назва вёскі пайшла ад слова "свойтык". Гэта значыць, што юнакі вёскі жаніліся на дзяўчынах аднавяскоўках – “свайтыкаваліся”. Название запечатлело родственные отношения свояки.
Сваятычы // Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка/ У. М. Лаурэнау і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.
Сваятычы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Friday, March 26, 2021
Сваятычы - палацава-паркавы ансамбль. Дом у Сваятычах (не захаваўся), які размяшчаўся ў парку на беразе р. Ведзьма і належаў панам Абуховічам, а потым Чапскім і Зібер Плятэрам. Дом пабудаваны ў 1772 г. ў стылі класіцызму.
Глядзець тут...