Friday, March 26, 2021
НІЗКІЯ — вёска ў Куршынавіцкім с/с, за 14 км на ПдУ ад Ляхавіч, 4 км ад чыг. прыпынку Куляні на лініі Баранавічы—Лунінец. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Тальмінавічы—Ляхавічы. 5 двароў, 5 жыхароў (2005).
У 1774 г. Нізкія — засценак Мядзведзіцкага ключа, у Навагрудскім ваяв. Рэчы Паспалітай, уласнасць каталіцкай царквы. З 1791 г. у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. засценак фальварка і маёнтка Савейкі, уладанне Валерыі Рдултоўскай, 5 двароў вольнанаёмнай шляхты. У 1897 г. засценак, уласнасць памешчыка Навіцкага, 5 двароў, 50 жыхароў. У 1909 г. — 20 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, фальварак у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 2 двары, 16 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Тальмінавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Куршынавіцкім с/с. У 1940 г. вёска, 51 двор, 263 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас «Іскра». У 1959 г. хутар, 88 жыхароў, у 1970 г. — 84 жыхары. У 2002 г. — 6 двароў, 6 жыхароў у складзе аграфірмы «Іскра» (цэнтр — в. Тальмінавічы).
Нізкія // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 298.