Friday, March 26, 2021
СМАЛЕНІКІ — вёска ў Ганчароўскім с/с, за 14 км на Пд ад Ляхавіч, 6 км ад чыг. ст. Куляні на лініі Баранавічы—Ганцавічы. 47 двароў, 78 жыхароў (2005).
У 1588 г. Смаленікі — сяло ў Навагрудскім ваяв. ВКЛ, уладанне віленскага каталіцкага біскупа. У 1789 г. вёска, уласнасць каталіцкай царквы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. вёска фальварка Рудня (у складзе маёнтка Савейкі), уладанне Валерыі Рдултоўскай, 13 двароў, 102 жыхары. У 1897 г. у Мядзведзіцкай вол., 29 двароў, 26 жыхароў. У 1909 г. 53 двары, 309 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 60 двароў, 296 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Мядзведзіцкім, з 16.7.1954 г. у Мініцкім, з 4.6.1979 г. у Ганчароўскім сельсаветах. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. 80 двароў, 435 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы стварылі калгас імя Я.Купалы. У 1959 г. было 337 жыхароў, у 1970 г. — 315 жыхароў. З 1960 г. Смаленікі знаходзіліся ў складзе саўгаса «Ганчароўскі». У 2002 г. — 52 двары, 83 жыхары, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі» (цэнтр — в. Ганчары). Ёсць магазін.
Смаленікі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 310.
Friday, March 26, 2021
СМАЛЕНІКІ
У гады вайны над вёскай Смаленікі фашыстамі быў збіты савецкі самалёт, які ўпаў у балота каля ракі Шчара. Жыхары вёскі пахавалі экіпаж самалёта на краі вёскі, каля скрыжавання дарог. Пасля вайны астанкі загінуўшых былі перапахаваны ў брацкую магілу ў райцэнтры. Каля вёскі працякае рэчка Свідроўка. За гэтай рэчкай фашысты расстралялі некалькі савецкіх актывістаў.
Аднойчы гітлераўцы сагналі ў былую школу моладзь усіх навакольных вёсак для адпраўкі на работы ў Германію. Многія тады назаўсёды развіталіся са сваёй радзімай і не вярнуліся дадому.
Вайна адышла ад гэтых мясцін, але яшчэ давала аб сабе знаць. Адна з санчасцей, якія ішлі за арміяй, на некалькі дзён спынілася ў лесе за рэчкай Свідроўкай. Праз нейкі час шпіталь зняўся, а пра яго існаванне тут напаміналі дзве магілы пад бярозамі, у якіх былі пахаваны памерлыя ад ран савецкія ваіны. У 1950-х гадах іх астанкі былі перапахаваны ў брацкую магілу ў г. Ляхавічы.
Пасля вызвалення ў вёсцы адкрылася пачатковая школа. Яна месцілася ў прыватным доме і была перапоўнена пераросткамі. Нялёгка давалася вучоба, настаўнікаў не хапала, вучыліся не па падручніках, часам сшыткамі былі абрыўкі газет.
У 1949 годзе радыёфікавалі Мядзведзічы, а ў 1952 годзе – Смаленікі. Электрычнае святло з’явілася значна пазней. Вяскоўцы сталі сведкамі калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1949 годзе быў створаны калгас “Першае Мая”. Тады ж былі створаны калгасы ў Смаленіках, Мазурках. Першыя калгаснікі вёскі Смаленікі назвалі свой калгас імем беларускага песняра Янкі Купалы. Праз некалькі гадоў усе калгасы навакольных вёсак аб’ядналіся ва ўзбуйнены калгас “Першае Мая” з праўленнем у вёсцы Мядзведзічы.
Friday, March 26, 2021
Смаленікі. Смалянік - той, хто працуе ў смалярні, смалакур; той, хто смоліць, пакрывае смалою рэчы. Паселішча магло быць так названа за тое, што ў ім жылі смаленікі-хаўруснікі або група родзічаў з аднолькавым прозвішчам Смалянік ці Смаленік. Параўн. Смаляры.
Название может происходить от названия растения смолка, смолёвка (Viscaria Bernh. и Silene L.)
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Friday, March 26, 2021
Рэвяка Казімір Адамавіч - доктар гістарычных навук, прафесар. Нарадзіўся 9 жніўня 1937 года ў вёсцы Смаленікі.
Глядзець тут...