На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
МАЗУРКІ – вёска ў Ганчароўскім с/с, за 11 км на Пд ад Ляхавіч, 4 км ад чыг. ст. Рэйтанаў на лініі Баранавічы–Лунінец. Транспартныя сувязі па прасёлачнай дарозе Івацэвічы–Слуцк. 47 гаспадарак, 83 жыхары (2005).
У пісьмовых крыніцах згадваецца пад 1592 г. як Мазуркаўшчына – сяло Ляхавіцкай вол. Навагрудскага пав. ВКЛ, шляхецкае ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. У Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1836 г. Мазуркі – маёнтак, уласнасць І.Візгерда. У 1844 г. маёнтак меў 840 дзес. зямлі, 96 сялян (у т. л. 11 дваравых), складаўся з аднайменных фальварка і вёскі, 10 двароў, 88 жыхароў. У 1870 г. вёска, 46 сялян-уласнікаў, і фальварак, уладанне Крагельскіх, у складзе Мядзведзіцкай вол. У 1897 г. у фальварку было 11 будынкаў, 40 жыхароў, вінакурня; у вёсцы – 14 двароў, 160 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. вёска, 27 двароў, 212 жыхароў, і маёнтак (выгляд мазуркаўскага сядзібнага дома пач. 20 ст. вядомы паводле малюнка мастака Ю. Смалінскага; сядзіба не захавалася), 11 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы ў Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., вёска, 36 двароў, 206 жыхароў, і фальварак, 20 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Мядзведзіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Мініцкім с/с (4.6.1979 г. перайменаваны ў Ганчароўскі с/с). У 1940 г. вёска, 70 двароў, 418 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. створаны калгас імя Дзяржынскага. У 1959 г. было 316, у 1970 г. 337 жыхароў. У 2002 г. 55 двароў, 92 жыхары, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Ганчароўскі” (цэнтр – в. Ганчары). Працуе магазін.

Мазуркі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 288–289.

Friday, March 26, 2021
                                           У засені садоў. Мазуркі
У баку  ад дарогі Брэст-Масква, акружаная зялёным колам лесу, раскінулася вёска Мазуркі. Тут дамы не “сядзяць” адзін  на адным. Яны  вольна месцяцца  на вуліцы  з назвай, сугучнай нашай вобласці, ­ – Брэсцкай, на гістарычнай Партызанскай, а некаторыя наогул нібы ”вырашылі” жыць паасобку – на хутары. Людзі тут гасцінныя, шчырыя, працавітыя. Засталіся  з цягам часу ў вёсцы ў  асноўным пенсіянеры, ды яшчэ дачнікі аблюбавалі мясціны з непаўторнай прыродай.
Але так было не заўсёды. Памятаюць мясцовыя жыхары сваю вёску маладой, вясёлай і мнагалюднай. У 60-я гады тут у дзве змены  працаваў маслазавод, на які  малако звозілі з усёй акругі. Завод вырабляў, акрамя малочнай прадукцыі, смачныя сыры, якія адпраўляліся ў далёкія і блізкія гарады СССР, у тым ліку ў Маскву і Ленінград.
– Нават на ВДНГ з імі ездзілі і заўсёды вярталіся з  дыпломамі. Уся прадукцыя была смачная і , галоўнае, натуральная, – апавядае  мясцовая жыхарка Алена Пішч, якая ведае пра поспехі не па чутках – сама працавала на заводзе. І дадае: – А як цікава мы жылі! Хоць і працавалі ад цямна да цямна, але пасадзілі заводскі сад, пабудавалі клуб, у якім  ладзіліся танцы. Дарэчы, тут жыццёвая сцяжынка і звяла мяне з мужам Сцяпанам, з якім разам ужо  53 гады.
Алена Іванаўна і Сцяпан Іванавіч, нягледзячы на тое, што ім на дваіх 148 гадоў, трымаюць карову, ёсць у іх і  надзейны памочнік ­– конь.
– Дапамогі ні ад каго не чакаем, саджаем агарод, трымаем гаспадарку, самі кармы нарыхтоўваем. СВК “Ляхавіцкі” заўсёды дае  выбраць месца сенакосу. Пакуль ёсць сілы — робім, прыязджаюць  сыны. А іх у нас трое, а яшчэ шасцёра унукаў і тры праўнукі. Яны наша радасць і гонар.
Алена Іванаўна паказвае кветку, якую ёй падарыла на 72-гі дзень нараджэння адна з нявестак:
– Ведаюць, што я захапляюся раслінамі (сапраўды, у доме цэлая аранжарэя, упрыгожваюць яны і двор). Вось так і жывём. Удзячны лёсу за дзяцей, за жыццё ў пары, за  шчасліва пражытыя гады.
Марыю і Івана Плескацэвічаў сустрэлі за нарыхтоўкай запасаў на зіму.
– Ураджай яблыкаў выдатны. Запасаемся вітамінамі, будзем частаваць унукаў, – расказвае гаспадыня.
Іх домік прытуліўся каля лесу. У двары чысціня і парадак, яркімі   фарбамі  вабяць кветкі ля хаты.  Усё зроблена з густам і з веданнем справы: “капітальная” цяпліца, летняя кухня. Дагледжана вінаградная лаза…
Марыя Плескацэвіч вышывае з дзяцінства.
Марыя Іванаўна з мужам Іванам Канстанцінавічам пражылі нялёгкае, але дастойнае жыццё. Шчыра працавалі, трымалі гаспадарку, гадавалі  дзяцей. А якая майстрыха гэта прывабная жанчына! Яе вышыванкамі ўвесь дом упрыгожаны. Расказвае, што вышыўкай захапілася з дзяцінства. Доўгімі зімовымі вечарамі  з-пад яе рукі выходзіла сапраўдная прыгажосць: карціны, іконы, рушнікі з мудрагелістымі ўзорамі.
Нягледзячы на тое, што Марыі Іванаўне 72, а Івану Канстанцінавічу 80, завіхаюцца па гаспадарцы: трымаюць коз, курэй, садзяць агарод. Па магчымасці робяць усю работу самі, а калі не спраўляюцца – сын з дачкой, унукі  заўсёды дапамагаюць. Праўда, кажуць, пару гадоў  соткі ў калгасе не бяруць.
5 мая сям’я  адзначыла залатое вяселле. Сакрэтам  паўвекавога жыцця лічаць уменне ўступаць і выслухаць адзін аднаго.
Воляю лёсу год назад  аказаўся ў Мазурках Мікалай Бародзіч. Сталярнічае, калі просяць, дапамагае суседзям.
– Уладкоўваюся паступова. Зрабіў агароджу, завёў пчолы. Работы хапае. Сумаваць няма калі.
Недалёка ад былога будынка пачатковай школы, у якую некалі беглі хлопчыкі і дзяўчынкі, жыве разам з сынам Сяргеем 71-гадовая  Ірына Плескацэвіч. Яна з настальгіяй успамінае мінулыя гады, калі працавала на маслазаводзе аператарам, а племзавод “Ганчароўскі” быў у перадавіках…
– Зараз, канешне, цяжкавата. І здароўе падводзіць, і каб заараць агарод, трэба наймаць прыватніка, – дзеліцца Ірына Іванаўна. – Але, галоўнае, каб не было вайны. Запасаў на зіму поўны склеп. Гэтым летам многа грыбоў было. Перазімуем! Будзем мачанку варыць  з блінамі. Я кожную нядзелю пяку бліны.
Дарэчы, сваім «фірменным» рэцэптам жанчына з задавальненнем падзялілася: – У сыроватку дадаю  соль, сыплю муку. Перамешваю  і кладу соду, тады  зноў даліваю сыроватку. Бліны атрымліваюцца пышнымі і смачнымі.
Калі маслазавод далучыўся да ляхавіцкага, Ірына Іванаўна  пайшла працаваць у гаспадарку. Даводзілася паспяваць шчыраваць і на рабоце, і ўпраўляцца дома. А раней, успамінае, бульбы саджалі па 40-50 сотак.
Яна з гонарам расказвае пра трох сыноў і дачку, пра тое, якая яна багатая бабуля: лёс падарыў ёй дзвюх ўнучак і чатырох унукаў,  дзвюх праўнучак. Дом, які Ірына Іванаўна  будавала разам з мужам,  напаўняецца галасамі родных  не толькі падчас вялікіх святаў.
Карэнная жыхарка Мазурак ­ 85-гадовая Сабіна Паўлоўская. Калі карэспандэнты завіталі, займалася швейнымі справамі. Прычым, без акуляраў. ­
Заўважае жанчына: 26 гадоў як на пенсіі, а кіраўніцтва малочнага завода не забывае пра іх, сваіх пенсіянераў. Штогод да
1 кастрычніка запрашаюць на завод, перадаюць грошы. За ўвагу вельмі ўдзячная “малочцы”. А яшчэ паштальёну Ядвізе Каральчук, якая і газету прынясе, і навіны раскажа, і квітанцыі аплаціць. 85-гадовая вяскоўка не скардзіцца на гады, сама і агарод пасадзіць, і ўраджай збярэ, і курэй трымае.
Што яшчэ трэба людзям, у якіх іх гады – іх багацце? Увага і клопат блізкіх, каб спраўна аўталаўка прыязджала, каб фельчар цікавіўся пра здароўе, каб у час быў пасеяны і ўбраны ўраджай.
І хоць вёска ўжо не тая, і большасць дамоў пустыя, і пасаджаны  некалі сад зліўся з лесам, усё ж  жывуць Мазуркі,  і  не забываюць пра іх тыя, для каго яны сталі бацькаўшчынай. А  дзівосная прырода ўражвае і прыцягвае турыстаў. Вясной цікавіўся ў мясцовых жыхароў  гісторыяй іх краю нават амерыканец. Перадаюць мазурчане ўнукам і праўнукам расказы пра тутэйшага пана Крыгельскага, што пабудаваў “млячарню”, на месцы якой пазней стаў працаваць маслазавод. Пахаваны пан на мясцовых могілках. Летам сюды прыязджала з Польшчы  яго ўнучка.
Цячэ жыццё ў Мазурках. Няхай як мага даўжэй не мяльчэе гэта рака жыцця.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н. У засені садоў / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 1 кастрычніка. – С. 3.

Friday, March 26, 2021
                                                  МАЗУРКІ
Мазуркі – вёска Ганчароўскага сельскага Савета.
У 1592 годзе Мазуркаўшчына – сяло ў Ляхавіцкай воласці, шляхецкая ўласнасць. Паводле ўспамінаў у той далёкі час у вёсцы жыў пан Мазуркоўскі. Ад яго прозвішча і пайшла назва вёскі. Таксама ў Мазурках жыў пан Крагельскі, які меў сваю млячарню (малочны завод). Рэшткі гэтай млячарні яшчэ сёння можна знайсці каля вёскі. У 1930-ыя гады сур’ёзна цікавілася, збірала і вывучала народную творчасць у родных Мазурках і навакольных вёсках дачка пана Крагельскага – Крысціна Крагельская. З 1932 года падчас навучання на кафедры этнаграфіі Варшаўскага універсітэта юнацкае замілаванне песнямі ператварылася у сапраўдную навуковую зацікаўленасць.
Крысціна Крагельская загінула ў час Варшаўскага паўстання 1944 года, лёс яе запісаў невядомы.

Friday, March 26, 2021
Мазуркі. Такія назвы, як Мазуркі, Мазуры, Мазуршчына паходзяць ад імя этнічнай групы палякаў, выхадцаў з Мазурыі на паўночным усходзе Польшчы. Так называлі таксама племянную групу балтыйскіх народаў. Понятие мазур широко представлено в лексике белорусского и польского языков, например. у Якуба Коласа: "Яны ж і не простыя палякі, а з мазураў, а мазуры па-іхняму і ёсць самыя сапраўдныя палякі” (Якуб Колас. Творы. т. 5. Мінск. 1962, стр. 261).

Мазуркі // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.

Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.

Friday, March 26, 2021
Мазуркі - старадаўняя сядзіба. Вядома паводле малюнка мастака Ю.Смалінскага, які пабываў у Мазурках у пачатку XX ст. Аднапавярховы сядзібны дом уяўляў сабой арыгінальнае ўвасабленне ў дрэве элементаў класіцызму. Сядзіба, на жаль, не захавалася.
Глядзець тут...

Friday, March 26, 2021
Крагельская Крысціна – польскі этнограф, паэтэса. Аўтар жаўнерскіх песень. Загінула ў час Варшаўскага паўстання 1944 года. Нарадзілася ў в. Мазуркі.
Глядзець тут...

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"