Friday, March 26, 2021
НОВЫЯ БУДЫ – вёска ў Куршынавіцкім с/с, за 30 км на ПдУ ад Ляхавіч, чыг. прыпынак Буды на лініі Баранавічы—Лунінец, на аўтадарозе Ганцавічы—Тальмінавічы. 25 двароў, 38 жыхароў (2005).
Узніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як чыг. раз’езд Палескіх чыгунак і пасёлак лесапільнага завода (пабудаваны ў 1905 г. на землях маёнтка Савейкі, які належаў Навіцкім). У 1908 г. завод меў лакамабіль ў 20 конскіх сіл, а з 1910 г. — 2 лакаматыўныя рухавікі магутнасцю 35 конскіх сіл. Асн. прадукцыяй завода (40 рабочых) былі дошкі з хвойных і мяккіх лісцевых парод. У 1909 г. чыг. раз’езд і пасёлак у Мядзведзіцкай вол., 13 двароў, 55 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921 г. Буды — фальварак, вёска і чыг. станцыя, 22 двары, 206 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Куршынавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. вёска Новыя Буды, 69 двароў, 390 жыхароў, фельч.-акушэрскі пункт. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 178 жыхароў, у 1970 — 217 жыхароў. У 2002 г. — 26 двароў, 41 жыхар, у складзе аграфірмы «Іскра» (цэнтр — в. Тальмінавічы).
Новыя Буды // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 298.
Friday, March 26, 2021
Буды. Першапачатковы сэнс слова, ад якога, магчыма, паходзіць назва вёскі, - асобны невялікі будынак, будка. У такіх стаяўшых у лесе будынках жылі буднікі, якія займаліся выпальваннем паташу. Гэта магла быць і вартавая будка каля гасцінца, чыгункі, кар'ера. Адным словам назва Буды сведчыць аб тым, што вёска вырасла вакол часовага збудавання.
Буды // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.