Friday, March 26, 2021
ЗАБЕР’Е — вёска ў Востраўскім с/с, за 39 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае вёску з шашой Брэст—Слуцк. 23 гаспадаркі, 40 жыхароў (2005).
У 1789 г. Забер’е — дзярж. вёска Навагрудскага пав. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Тухавічы (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 12 двароў, 107 жыхароў, уласнасць графіні І.Патоцкай. У 1897 г. вёска ў Крывошынскай вол., 21 двор, 154 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 18 двароў, 99 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Быценскім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Тухавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім p-не, з 6.4.1981 г. у Востраўскім с/с. У 1940 г. у вёсцы 61 двор, 312 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 і 1970 гг. было 195 жыхароў. У 2002 г. 30 двароў, 49 жыхароў, у складзе калгаса «Востраў» (цэнтр — в. Востраў).
Забер’е // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 274.
Friday, March 26, 2021
Гісторыя вёскі Забер’е
Вёска знаходзіцца за 600 м ад вёскі Тухавічы на паўночным усходзе. Назву атрымала ад чалавека-пасяленца, або ад таго, што знаходзілася ў мінулым за бярэзнікам. Вёска Востраўскага с/с і пражывае ў ёй 30 жыхароў.
З гістарычных звестак вядома, што вёска ў 1789 годзе лічылася ў Наванрудскім павеце Рэчы Паспалітай, а з 1793 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1844 годзе вёска фальварка Тухавічы. Налічвала 12 двароў, дзе пражывала 107 жыхароў і была ўласнасцю графіні Патоцкай.
З чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года была акупіравана немцамі. Паводле ўспамінаў жыхароў, немцы наведваліся толькі некалькі разоў, таму што побач у вёсцы Тухавічы стаяў атрад самаабароны, а пазней партызанскі атрад “За Радзіму”. Мясцовыя жыхары расказалі, што недалёка ад вёскі быў збіты нямецкі самалёт, і жыхар Мішкевіч Сцяпан адвёў лётчыкаў у Востраў, дзе быў нямецкі гарнізон. Таму Забер’е не спалілі, а Тухавічы бамбілі некалькі разоў.
Адразу пасля вайны ў 1945 годзе быў створаны калгас “Першае Мая”. Узначаліў яго Варвашэвіч Максім Ф. Ужо ў 1951 годзе ўсе навакольныя калгас былі аб’яднаны ў “Сталінскі шлях”, які ўзначаліў Шуба А.Ф. Пасля 1969 года гэта быў ужо “Ленінскі шлях”. Зараз вёска Ўваходзіць у склад СПК “Востраў-Агра”.
У вёсцы Забер’е ў 1956 годзе нарадзілася Палуян Кацярына, якая пасля заканчэння БДУ пражывае ў г. Чаркасы на Украіне і выдае зборнікі вершаў.
Яшчэ адзін ураджэнец вёскі Дыдышка Юрый Уладзіміравіч працуе начальнікам РАУС горада Ляхавічы.
Ласоўскі Віктар Браніслававіч працаваў намеснікам міністра сувязі.
Матэрыял дапамаглі сабраць мясцовыя старажылы: Шукала Таццяна Іосіфаўна і Мацкевіч Аліна Мікалаеўна.