Friday, March 26, 2021
ГАЙНІН — вёска ў Куршынавіцкім с/с, за 16 км на ПдУ ад Ляхавіч, 2 км ад чыг. прыпынку Куляні на лініі Баранавічы—Лунінец. 51 гаспадарка, 84 жыхары (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім ваяв. ВКЛ. У 1552 г. «Хойнино» — сяло Мядзведзіцкай вол., уласнасць віленскага каталіцкага біскупства. У 1588 г. «Гуйнино» — сяло той жа воласці. У 1774 г. Гайнін — вёска Мядзведзіцкага ключа, уладанне каталіцкай царквы. З 1791 г. у новаўтвораным Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. вёска фальварка і маёнтка Савейкі, 12 двароў, 81 жыхар, уладанне Валерыі Рдултоўскай. У 1897 г. вёска Мядзведзіцкай вол., 28 двароў, 184 жыхары. У 1909 г. — 39 двароў, 232 жыхары. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 44 двары, 243 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Тальмінавіцкім с/с. З 16.7.1954 г. у Куршынавіцкім с/с. У 1940 г. у вёсцы 90 двароў, 499 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас «Чырвоны партызан», які ў лютым 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса «Іскра». У 1959 г. было 345, у 1970 г. 316 жыхароў. У 2002 г. 56 двароў, 96 жыхароў, у складзе аграфірмы «Іскра» (цэнтр — в. Тальмінавічы). Ёсць магазін.
Гайнін // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 262.