Friday, March 26, 2021
ДАРАВА-ЧЫЖ — вёска ў Конькаўскім с/с, за 9,5 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Русіно на лініі Баранавічы—Лунінец. 142 гаспадаркі, 397 жыхароў (2005).
У 1876 г. на месцы сучаснай вёскі знаходзіўся маёнтак Дарава Дараўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., 600 дзес. зямлі, спадчынная ўласнасць Ю.К.Чыжа. У 1889 г. маёнткам (272 дзес. зямлі) валодаў Л.С.Чыж. У 1897 г. у сядзібе маёнтка былі 3 пабудовы, 31 жыхар. Сядзіба знаходзілася побач з сядзібай маёнтка Стары Дараў (уласнасць Катарбінскага). У 1909 г. у маёнтку 37 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Дараўскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Федзюкоўскім, з 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 42 жыхары, у 1970 г. — 39 жыхароў. У 2002 г. 102 двары, 371 жыхар, у складзе калгаса «Прагрэс» (цэнтр — в. Дарава). Ёсць фельч.-акушэрскі пункт, магазін.
Дарава-Чыж // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 272.