Friday, March 26, 2021
НЕТЧЫН — вёска ў Крывошынскім с/с, за 24 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Крывошын–Ляхавічы. 15 двароў, 32 жыхары (2005).
У 1897 г. Нетчын (Нечын) – фальварак, 1 жыхар, уладанне графоў Патоцкіх, і вёска, 60 жыхароў; у Крывошынскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1909 г. у фальварку 5 жыхароў, у вёсцы – 8 двароў, 71 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак і вёска, 9 двароў, 3 жыхары (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Крывошынскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. вёска, 24 двары, 166 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас “Новае жыццё”, які ў 1952 г. быў уключаны ў склад узбуйненнага калгаса “Шлях Ільіча” (цэнтр – в. Ліпск). У 1959 г. было 125 жыхароў, у 1970 г. – 135 жыхароў. У 2002 г. – 18 двароў, 35 жыхароў, у складзе калгаса “Шлях Ільіча”.
Нетчын // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 297.