Friday, March 26, 2021
РАЧКАНЫ — вёска ў Начаўскім с/с, каля р. Свідроўка (прыток р. Шчара), за 10 км на ПдУ ад Ляхавіч, 3 км ад чыг. прыпынку Райтанаў на лініі Баранавічы—Лунінец. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ляхавічы—Гайнін. 97 двароў, 201 жыхар (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім ваяв. ВКЛ. У 1586 г. Рачканы (Рочкины) — сяло, уласнасць шляхціца Я.Магільніцкага. У 1798 г. вёска, шляхецкае ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1870 г. вёска маёнтка Грушаўка (належаў Рэйтанам), 152 рэвізскія душы, 23 дваровыя селяніны. У 1897 г. 72 двары, 498 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. вёска ў Ляхавіцкай вол., 90 двароў, 578 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 126 двароў, 675 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Перахрэсцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 17.11.1959 г. вёска — цэнтр Рачканскага с/с. З 4.6.1979 г. у Начаўскім с/с. У 1940 г. 189 двароў, 957 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас «Чырвоная зара», які ў лют. 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса «Новы шлях». У 1959 г. было 686 жыхароў, у 1970 г. — 539 жыхароў. У 2002 г. — 102 двары, 197 жыхароў, у складзе калгаса «Ляхавіцкі» (цэнтр — в. Русінавічы). Працуюць магазін, сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельч.-акушэрскі пункт. Планіровачна складаецца з прамалінейнай, амаль мерыдыянальнай вуліцы, перакрыжаванай на Пн кароткай шыротнай вуліцай. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. Радзіма бел. паэта і ўдзельніка камуністычнага падполля ў Зах. Беларусі Я.Чабора.
Рачканы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 304–305.
Friday, March 26, 2021
Чабаровымі сцежкамі. Кропка на карце: Рачканы
Вёскі-вёсачкі, дарагія сэрцу краявіды, малая радзіма. Тут асаблівая ступень роднасці – аднавяскоўцы, тут прахожыя шчыра вітаюцца адзін з адным, кожная сцяжынка – з гісторыяй, па-асабліваму перашэптваецца вецер і грэе сонейка, рана ўвесну распускае косы вярба.
У кожнага населенага пункта, вялікага ці ў некалькі дамоў, – свая адметнасць. Тая, якая выдзяляе, прыцягвае, надае каларыт і застаецца ў памяці незабыўным імгненнем. Рачканы – вёска нешматлюдная, хаця і населеная: па звестках Начаўскага сельвыканкама, тут жыве больш за дзевяць дзясяткаў чалавек, амаль палова – працаздольнага ўзросту. Нейкі час вёска нават была цэнтрам гаспадаркі.
Прыцяжэнне роднасці
Рачканы – вёска адметная. Прасціраецца над ёю, ахоўвае і сустракае яшчэ здалёк касцёл. Гэта не проста культавае збудаванне, а гісторыка-культурная каштоўнасць, пра што засведчвае адпаведны надпіс, на якім пазначаны 1908 год.
– 110 гадоў назад сям’я Міклашэвічаў узвяла гэты дом з чырвонай цэглы. А праз 85 гадоў браты Міклашэвічы – Казімір і Пётр – падарылі сваю радавую сядзібу вёсцы, дзе і размясціўся касцёл. Служыць тут ляхавіцкі ксёндз Станіслаў Маленькі ,– уводзіць у курс Ірына Фірусь, для якой Рачканы – малая радзіма, аддушына жыцця. Бацькоўскаму дому-дачы яна не дае прыйсці ў заняпад, стараецца расквеціць і ўпрыгожыць.
Пра гісторыю роднай вёскі расказвае цікава і нераўнадушна. Вычытала ў адной з энцыклапедый, што пачалася рачканская біяграфія ў ХVII стагоддзі.
Мясцовы люд не быў багатым. Нават у 60-ыя гады мінулага стагоддзя некаторыя хаты былі крытымі ў каго саломай, у каго гонтам, фіранкі на вокнах – з марлі, а ўзоры на іх рабілі расчоскай. Гэта пазней, калі пачала мацнець тутэйшая гаспадарка, вяскоўцы зажылі заможна. І сёння ў складзе СВК «Ляхавіцкі» яны адчуваюць сябе ўпэўнена.
З павагай і ўдзячнасцю гавораць рачканцы пра старшынь «Ляхавіцкага» Аляксандра Вітко і Івана Вітко. Асабліва пра Аляксандра Іванавіча, які шмат гадоў іх падтрымліваў, заўсёды адгукаўся на просьбы, упэўнена вёў наперад гаспадарку і чуў запыты землякоў. Уладкоўвалі касцёл – дапамагаў матэрыяламі, для адпачынку выкапаў саджалку…
Сонечныя скрыжаванні
На вуліцы Інтэрнацыянальнай у Рачканах сонечна-прывабна глядзіцца сядзіба Таццяны Болтуць. Гаспадыня тут нарадзілася, тут пай-шла замуж, адсюль выправіла ў дарослае жыццё дзяцей. Ні кропелькі не шкадуе, што не шукала іншага лёсу.
– Жыццё ў нас было дружнае, вясёлае. На поле працуем – песню пяём, сядзем паабедаць – зноў спевы. Праца заўсёды была ў радасць. Кожны з дзяцей меў свае абавязкі. На старэйшай дачцы Галі былі малодшыя Таня і Віця, – расказвае жанчына. І з мацярынскім гонарам удакладняе: выраслі дастойнымі людзьмі, прыязджаюць, наведваюць. А яна для іх стараецца, вось сёлета пасадзіла ўжо больш за дзве сотні каліваў раса-ды – будуць свае памідорчыкі.
З 1970 года да самай сваёй пенсіі загадвала ў Рачканах клубам Алена Страмавус. Сама спявачка знатная, аднавяскоўкі зацягнуць песню – заслухаешся. Святы ладзілі – уся вёска радавалася.
– Жыццё ўдалося. У майго бацькі было сем дачок, а ў мяне шэсць унучкоў-хлапчукоў. Суседка праз тры хаты – сястра Ірына, – расказвае Алена Страмавус.
З мужам яна раней трымала вялікую гаспадарку, падымалі сына і дзвюх дочак. Дзеці жывуць у Баранавічах, але ў Рачканах, у мамы, – частыя госці.
Размеркаванні лёсу
Збочвае з дарогі, крыху хаваецца ўбаку малочнатаварная ферма «Рачканы». Больш за два дзесяцігоддзі тут, дзень у дзень, адшчыравала Аліна Брэчка. Спачатку вазіла на перапрацоўку малако ў Мазуркі. Калі кіраўнік мясцовага саўгаса назначыў яе загадчыцай МТФ, давялося падвучыцца ў Ляхавіцкім тэхнікуме.
– Сям’я – муж і дзве дочкі, гаспадарка, а я на вучобу. Без выхадных працавалі, не лічыліся з асабістым часам. Палепшыліся кармы для каровак, і з 4,5 літра малака пачалі надойваць удвая больш. Справы пайшлі ўгору, – успамінае Аліна Аляксандраўна.
Яе муж быў адмысловым бондарам – рабіў вёдры, кадушкі для сала і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Зараз дочкі і ўнучкі тэлефануюць па некалькі разоў на дзень, хвалююцца, як там іх бабуля. А яе дом прыгожы і зімой, і ўлетку – на колішніх святах вёскі заўсёды прызнаваўся ўзорным.
Анатолій Слаута ў Рачканы трапіў па размеркаванні. Ажаніўся на мясцовай дзяўчыне Таццяне, і больш за чвэрць стагоддзя яны разам і дома, і на рабоце – жонка працуе тут жа, на ферме.
Узроўневае прывітанне
Сапраўдны «інфармацыйны цэнтр» у вёсцы – магазін. Прадавец Галіна Вярбіла – тутэйшая, стараецца выканаць пажаданні-заказы кожнага земляка. Дарэчы, акрамя стацыянарнага гандлю, прыязджае сюды і аўталаўка.
На ўзроўні і медабслугоўванне – за гэта ў адказе фельчар Наталля Бубенчык.
Недалёка ад магазіна жыве Марыя Калбаса, у Рачканах чалавек паважаны. Ёй гады ў радасць – пайшоў 95-ы, а яна энергічная і жвавая, не скардзіцца на памяць. Расказвае пра мінулыя дні ў дэталях, быццам было ўсё ўчора. Яшчэ дзяўчом у пана Масальскага няньчыла ягонага сынка, пасля там кухарыла.
– Тата бандарыў і прадаваў свае вырабы ў Сіняўцы. Сеялі жыта, ячмень, грэчку. Жніво спрадвеку было часам адказным і святочным: у поле выходзілі ў светлых сукенках і хустках, у руках сярпы, – успамінае Марыя Міхайлаўна.
Сёння яна любімая бабуля, самы дарагі чалавек для сваіх родных.
Дзе скарб наш
Каларыт Рачкан і ў цесным суседстве гісторыі з сучаснасцю. У нібы пасівелым ад часу доме некалі жыў Іван Патаповіч – паэт Янка Чабор, адказны рэдактар першага і апошняга нумара часопіса «Літаратурная старонка». З паэтычнай спадчыны Чабора засталося некалькі вершаў і добрая памяць яго родных, землякоў. Старэйшыя вяскоўцы і сёння раскажуць пра шчырую дапамогу заможнай сям’і Патаповічаў – Цімохаў (так іх называлі па-вясковаму) бяднейшым. Нейкі час нават частка дома была адведзена пад школу. Сядзіба вызначалася адмысловымі элементамі – балкончыкам, калонамі, што тлумачылася прыхільнасцю гаспадароў да пратэстанцкай плыні – штундыстаў, прадстаўнікі якіх часта тут збіраліся.
Захавальніца сямейнай гісторыі – унучатая пляменніца Янкі Чабора Наталля Запольская – у Рачканах не падарожнік, а актыўны ўдзельнік жыцця-быцця.
– У вёсцы прайшло дзяцінства, тут жылі мае продкі. Хачу, каб і мае дзеці ведалі сваю радаслоўную, паважаную і прыкметную, – адзначае Наталля.
… Вялікае бачыцца на адлегласці, але пачынаецца ўсё з малой радзімы. З бацькоўскіх урокаў, з сонечнай кроплі, са слоў адметных і мілагучных. Дарэчы, назва Рачканы, па сведчанні вяскоўцаў, пайшла ад слова рака.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. Чабаровымі сцежкамі / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 21 красавіка (№ 30). – С. 8.
Friday, March 26, 2021
Рачканы
Вёска Рачканы размешчана на паўднёвым усходзе Ляхавіцкага раёна ў баку ад вялікіх дарог.
З даўніх часоў ходзяць розныя паданні аб тым. Чаму такая назва ў вёскі. Адно з іх звязана з тым, што паблізу вёскі ёсць топкае месца, адкуль бярэ свой пачатак маленькая рачушка Свідроўка. Чым далей яна цячэ, тым больш у ёй вады. Свідроўка – прыток ракі Шчара. І вось ад слова рачулка, рэчка, мабыць, пайшла назва вёскі Рачканы.
Калісьці вёска Рачканы была ўласнасцю шляхціча Яна Магільніцкага і ўпершыню успамінаецца ў 1586 годзе.
Пад націскам польскай мовы вёску называлі Рачкань, а цяпер – Рачканы.
Раней вёску акружалі лясы, якія належылі багатаму памешчыку Рэйтану. Сяляне мелі малыя надзелы зямлі і жылі ў бедных хатках. Асноўнымі даходамі іх існавання было бандарства і зямляробства. Бондарамі былі амаль усе мужыкі вёскі. Яны прадавалі свае вырабы на рынках Ляхавіч, у Сіняўцы, у Клецку.
Дваццатае стагоддзе застала ў Рачканах непісьменнасць. Да 1905 года ў вёсцы не было школы. Дзеці займаліся ў сялянскіх хатках. Яны сядзелі на лаўках, зробленых з доўгіх досак за адным доўгім сталом. Сродкаў для навучання дзяцей дзяржава не выдзеляла. Бацькі самі збіралі грошы, плацілі настаўніку за навучанне. Настаўнікам у той час быў Казакевіч Пётр. Ён меў пачатковую адукацыю. Гэтых настаўнікаў называлі “дырэктарамі”, як гаворыцца ў паэме “Новая зямля” Я. Коласа.
У 1904 годзе па ініцыятыве Яцкевіча Казіміра і другіх сялян вёскі Рачканы пачалі будаваць новую школу, якую закончылі ў 1905 годзе і з кастрычніка таго ж года прыступілі да заняткаў.
Школа складалася з дзвюх класных пакояў, настаўніцкай і кватэры для настаўніка. Першым настаўнікам гэтай школы быў Кандратовіч Фёдар Пятровіч. Школа ў гады царызма была трохкласнай, дзяцей застаўлялі вучыць рускую мову, арыфметыку і рэлігійныя малітвы. Вучняў наказвалі за малейшае непаслушанне настаўніку.
У перыяд імперыялістычнай вайны 1914-1918 гадоў школа не працавала, а была прыстасавана рускім начальствам часова ў якасці шпіталя.
З 1920 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі была ўстаноўлена ўлада польскіх памешчыкаў. За перыяд з 1920 па 1939 год польская ўлада пры падтрымцы настаўнікаў Юзэфа Кандратовіча, Станіслава Мартырэліса, Паўла Жыткевіча, Яна Кіндзерскага, Зосі Кіндзерскай стараліся апалячыць дзяцей беларускіх сялян. Яны застаўлялі іх вывучаць польскую мову.
У перыяд нямецкай акупацыі дзеці ў школе не вучыліся. Нямецкае камандаванне прыстасавала школу для самаабароны, дзе размясціліся паліцэйскія і выконвалі загады нямецкіх афіцэраў.
У гады вайны нашы людзі працавалі на палях, на чыгунцы, у лясах, а немцы распараджаліся ўсім, вывозілі зярно, скот і людзей у Германію. Збор быў у Ляхавічах. Рачкан былі вывезены Сіцько Казімір Антонавіч, Міклашэвіч Сцяпан Сцяпанавіч.
Вядомы беларускі паэт Янка Чабор нарадзіўся ў вёсцы Рачканы ў 1911 годзе 23 чэрвеня. Сапраўднае імя – Іван Сцяпанавіч Патаповіч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Пасля вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, затым паступіў у Віленскі універсітэт. Першыя яго вершы датуюцца 1928 годам. Гэта – “Васілёк” і “Мы – арлы”. Янка Чабор прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Вярнуўшыся на радзіму нейкі час займаўся арганізацыяй кааператываў у вёсках ваколіцы.
Дата, месца і абставіны смерці Янкі Чабора не высветлены. За ім прыйшлі позна ўвечары 1941 года, і дамоў ён больш не вярнуўся.
У 1952 годзе ў вёсцы была арганізавана хата-чытальня. Першым бібліятэкарам была Лабун (Жаўнярэвіч) Марыя Іванаўна. Яна праводзіла мерапрыемствы, ставіла спектаклі, арганізоўвала канцэрты. У 1967 годзе бібліятэка пераехала ў новае памяшканне. У гэты час бібліятэкарам працавала Міклашэвіч Тамара Максімаўна, а загадчыкам клуба – Вінель Іван Іосіфавіч. Яны сумесна праводзілі мерапрыемствы, у клубе дэманстраваліся кінафільмы.
Зараз у Рачканах ёсць базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, малочна-таварная ферма.
Friday, March 26, 2021
Рачканы. Можа, гэта ўсё і праўда, а можа, і выдумана ад пачатку да канца, ніхто праўды так і не скажа. Даўно ўсё сышло, нібы леташняе сена з вясноваю вадою. Але ж і дарма казаць абы-што не будуць. Нешта, мабыць. было, раз так пераканаўча старыя сведчылі. Праўда, яны надта верылі ў розныя цудадзейныя магчымасці ці то святых, ці то чараўнікоў, а што ўжо пра нячыстую сілу, то і сумнявацца не даводзіцца. Як пачнуць казаць пра розныя здарэнні, дык можа яны і па віне самога чалавека адбываліся,- мала чаго з пераляку не бывае,- толькі і гэта выдавалася за рэальнасць. Нават апісвалі, як выглядала тое, што палохала ці забівала. Яго абмалёўваў кожны, як мог, наколькі хапала ўяўлення і майстэрства апавядаць.
Таму, калі верыць успамінам тых людзей, то некалі ў нашых навакольных лясах жыла страшная жанчына-чараўніца, якая валодала чорнымі чарамі, накіраванымі супраць сумленных працаўнікоў. Болей таго, яна не палохала іх, як звычайна здаралася, да паўсмерці, не казала праклёнаў, не насылала ўсялякіх напасцяў, а проста забівала любога сустрэчнага, не звяртаючы ўвагі на тое, кім ён быў. Казалі, што гэта была своеасаблівая помста за адрынутае некалі адным багатым хлопцам каханне. 3 тае пары пайшла чараўніца ў лес жыць і там, на глухіх сцяжынках ды дарогах, тварыла свае чорныя справы. Мовілі, што з усіх сустрэтых ёю жанчына не пазбавіла жыцця толькі аднаго маленькага хлопчыка, якога матуля несла на руках. Калі маці ўпала непрытомная, то хлопчык не закрычаў немым голасам, як гэта рабілі ўсе да яго, а засмяяўся і працягнуў да чараўніцы свае ручаняты. Гэта расчуліла нават яе чэрствае сэрца, і на той раз ахвяры засталіся жывымі і бесперашкодна дабраліся да роднай вёскі.
Звычайна так чараўніца на людзей палявала. Сядзіць дзе-небудзь у гушчары, не зварухнецца, чакае свайго часу, а як пачуе стук колаў, цокат капытоў або людскія галасы, то незаўважна падкрадваецца да самай дарогі і адтуль ужо нечакана выбягае перад самым возам, экіпажам ці падарожным. У большасці выпадкаў атакавала заўсёды адзіночак, але не баялася выскачыць і супраць дваіх ці траіх чалавек. Усё роўна тым паратунку не было - гэтак па-майстэрску авалодала ліхадзейка сакрэтамі смертазабойства.
Некаторыя, якія быццам бы бачылі, як яна распраўлялася з ахвярамі, адзначалі, што чараўніца забівала поглядам. Утаропіць вочы, глядзіць не міргаючы - і чалавек канае, нават не крычыць, адно толькі зяхне пару разоў, і ўсё на гэтым. Другія казалі, што ў яе руках была кароткая, таўставатая даўбешка, якую цяжка было заўважыць, гэтак хутка і малан-кападобна яна мільгацела перад сустрэчным. Паасобныя сведкі гаварылі, што ніякай зброі лясная жыхарка ўвогуле не мела, а біла кастлявымі рукамі. Як трэсне, то конь з капытоў бездыханна падае, не тое што чалавек. Такую яна сілу мела, што які б асілак ні трапіўся - усё роўна паміраў.
Баяліся мясцовыя жыхары па лесе хадзіць, бо пачвара не толькі ноччу палявала, але і днём праходу не давала. Убачыла лясная гаспадын,. што вяскоўцы не ідуць у яе ўладанні і не можа яна іх там сустракаць і забіваць, дык сама стала па вёсках цёмначы гойсаць і чыніць крывавыя расправы над ні ў чым не павіннымі людзьмі.
Яшчэ сонца за лес не закоціцца, а мясцовыя жыхары ўжо па хатах сядзяць, баяцца на вуліцу паказвацца, з заміраючымі сэрцамі ўслухоўваюцца ў тое, што адбываецца навокал. Не жытка - самае сапраўднае пекла стала!
Аднаго дня (было гэта ў святую нядзельку, калі амаль увесь народ ля царквы сабраўся) глядзяць вяскоўцы, ажно па дарозе з лесу нехта паказаўся.
Найбольш палахлівыя адразу ж лупянулі па хатах, толькі пяткі закарэлыя заблішчалі. Астатнія стаяць моўчкі. узіраюцца.
- Можа, гэта чараўніца падбіраецца? - прагучаў запытаннем нізкі голас і заціх без адказу. Потым, хвілін праз колькі, хтосьці дадаў:
- Ды не, здаецца, мужчына...
Сапраўды мужчына. I шапку відаць, і боты бліскучыя. Хто б гэта мот быць, што ліхадзенкі не збаяўся і напрамкі праз лес да нашай вёскі дабраўся?
-Зараз усё высветлім,- адказалі самыя памяркоўныя.
Тым часам незнаёмец падышоў зусім блізка і ўсе аблегчана ўздыхнулі:
- Дык гэта ж жаўнер, мабыць, са службы дамоў вяртаецца.
Абкружылі падарожнага цесным колам і давай распытваць, ці не напалохаў яго хто па дарозе, ці не напаткаў каго?
Не, адказвае той, як ішоў дык і прайшоў сабе прама. А што ў вас такое здарылася?
Расказалі вяскоўцы, што да чаго. Прысвіснуў жаўнер:
- Та-а-к, сапраўды, не надта вясёлыя справы ў вас адбываюцда. Трэба нешта рабіць, інакш гэтая крыважэрная істота вас усіх да аднаго вынішчыць.
-Дапамажы нам, чалавеча. Ты многае бачыў, многае ўмееш, разлічыся з ёю за нас, а мы ўжо табе аддзячым. Не бойся, нічога не пашкадуем...
- Ды я б і не супраць, але ж дамоў вяртаюся. Нязручна неяк, самі разумееце, затрымлівацца.
- Яно-то так,- пагадзіліся сяляне, - бацькі дома, жонка, дзеці... Каму з-за нас галавою рызыкаваць хочацца?
- Ды не. - кажа падарожны, - ніхто мяне дома не чакае: жонкі да службы не займеў, а бацькі яшчэ тады сканалі, пры мне. Так што адзін я ў белым свеце, як дубок, што ў полі хістаецца.
- Тым болей, - не адставалі вяскоўцы. - Мы табе за паслугу зямлі выдзелім, хату збудуем, маладзіцу спрытную знойдзем. У нас жыць застанешся. Чаго некуды плесціся шчасця-долі шукаць, калі тут усё на месцы ёсць.
Пагадзіўся жаўнер са слушнымі разважаннямі. Застаўся. Сядзіць ды разважае, як бы гэта жанчыну-чараўніцу знішчыць, каб людзей у далейшым не забівала. Нарэшце дадумаўся. Папрасіў некалькіх сялян яму дапамагчы, тыя з задавальненнем пагадзіліся. Хацелася і ім услужыць смеламу чалавеку.
Зрабілі з саломы пудзіла, падобнае на чалавека, пасадзілі яго на кульгавага каня і моцна прывязалі, каб у адказны момант не звалілася і не выкрылася іхняя хітрасць. Жаўнер набіў сваю стрэльбу порахам, а зверху запхнуў срэбную кулю, якою, па народных перакананнях, можна напавал зваліць самую моцную нячыстую сілу. Але нешта яшчэ падалося недастатковым.
Ссек ён тады маладую асінку і з яе ствала зрабіў вострыя ражны, як сам жаўнер сказаў мужыкам - рачканы. Гэтая штука таксама супраць чараўнікоў безадказна дзейнічае. Праткнеш навылёт - і ўсё злыдню.
Накіравалі каня лясною сцяжынкаю, а падарожны збоку ідзе ды пільна ўглядаецца, уважліва ўслухоўваецца. Ажно раптам выскачыла лясная гаспадыня і да каня кінулася. Жаўнер часу дарма не губляў, злаўчыўся ды і бабахнуў. Упала чараўніца, але не памірае, дрыгаецца, сунецца ў гушчар. Тады смелы чалавек прабіў сваімі рачканамі ёй грудзі. Вось тут ужо і канец надышоў. Заверашчала толькі, развітваючыся з жыццём. Выцягнуў яе жаўнер з лесу, яму выкапаў. Паглядзелі людзі на забітую ліхадзейку і засыпалі пяском ды каменнямі закідалі, а па цэнтры магілы рачканы ўбілі, каб не пераварочвалася і ў снах вяскоўцам не паказвалася.
Жаўнер, падкрэсліваючы, што ніякай нячыстай сілы не баіцца, папрасіў даць яму, як і абяцалі, надзел зямлі ды збудаваў на ім хаціну. Пазней тут ужо вёска з'явілася з назвай Рачканы, ад назвы той традыцыйнай зброі.
Рачканы. За лесам, які раней належаў пану Магільніцкаму знаходзілася вёска.
Тут, дзе цяпер вёска Рачканы, раней толькі былі топкія балоты. Адсюль бралі пачатак маленькія рачулкі. Потым яны зліваліся ў адну невялічкую раку. I вось ад слова рака, рачушка, рэчка і пайшла назва вёскі Рачканы.
Іншыя сцвярджаюць, што ў гэтай маленькай рачушцы вялося шмат ракаў
Рачканы. Название от фамилий Рачок, Рачкан, Рачкун, Рачков.
Брэстчына: назвы населеных пунктау паводле легендау і паданняу/ складанне, запіс, апрацоука А. М. Ненадауца. – Мн.: Беларусь. 1995. – 431 с.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Friday, March 26, 2021
Чабор Янка – пісьменнік, паэт, публіцыст, рэвалюціянер, удзельнік нацыянальна – вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі. Нарадзіўся у в. Рачканы.
Глядзець тут...