Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>
Мазуркі
Mazurki
Мазурки
Старадаўняя сядзіба. Вядома паводле малюнка мастака Ю.Смалінскага, які пабываў у Мазурках у пачатку XX ст.
Аднапавярховы сядзібны дом уяўляў сабой арыгінальнае ўвасабленне ў дрэве элементаў класіцызму. Будынак у плане меў прамавугольную форму, быў накрыты гонтавым вальмавым дахам. Дах высокі, чатырохсхільны, з двума сіметрычна размешчанымі комінамі.
Галоўны фасад дома меў на крылах па пары вялікіх квадратных вакон з аканіцамі, сцены былі ашаляваны вертыкальнай шалёўкай.
Цэнтр галоўнага фасада вылучаны невялікім адкрытым ганкам з высокім трохвугольным шчытком, які меў па цэнтры прамавугольнае акенца і абапіраўся на 2 пары сіметрычна размешчаных невялікіх калон.
Сядзіба, на жаль, не захавалася. Малюнак мае навуковы інтарэс, таму што адлюстраваў развіццё планіроўкі дамоў і паступовы пераход да будаўніцтва складаных будынкаў. У такіх дамах і палацах пад адным дахам аб’ядноўвалася даволі значная колькасць розных па прызначэнні памяшканняў, ішло ўскладненне вальмавых, паўвальмавых, двухсхільных дахаў. Як бачна на малюнку, дах мазуркаўскага сядзібнага дома набыў значную ламанасць .
Вёска Мазуркі ў гістарычнай літаратуры ўпамінаецца з 1592 г. і мела назву Мазуркаўшчына .
Мазуркі // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў. – Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 223.