Прападобнамучанік Серафім архімандрыт Жыровіцкі
в. Падлессе
  • Прападобны мучаік Серафім Жыровіцкі
Прападобнамучанік  Серафім (свецкае імя Раман) нарадзіўся 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе Ляхавіцкага раёна ў шматдзетнай сям’і Рамана і Алены Шахмуцёў. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся.
Нягледзячы на вялікую беднасць і дачасную смерць бацькі, Раману ўдалося скончыць двухгадовую школу ў Ляхавічах. У 1916 годзе ён паступае паслушнікам ў Мінскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр, але праз год у 1917 годзе, вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 годзе Раман Шахмуць здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска.
Праз два гады  ў Жыровіцкім Свята – Успенскім манастыры адбыўся чын пастрыжэння яго ў манаства з імем Серафім. Ён вызначаўся цудоўным голасам, некалькі гадоў  нёс паслушанне рэгента і ўстаўшчыка ў манастыры. У 1926 годзе Серафіма (Шахмуця) рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане ён пэўны час кіраваў манастырскім  хорам, выконваў абавязкі эканома. У 1935 годзе ўзведзены ў сан іераманаха і накіраваны ў вёску Курашава, што каля Гайнаўкі (цяпер Польшча), дзе праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. За два гады падзвіжніцкай і малітоўнай працы іераманах Серафім дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыхода, умацаваў дух праваслаўных вернікаў. У 1930 – я гады айцец Серафім знаёміцца з архіепіскапам Панцеляіманам (Ражноўскім), які ў той час пражываў на спакоі ў Жыровіцкім манастыры.  Менавіта пад уплывам уладыкі Панцеляімана  айцец Серафім паступова сфармаваўся, як манах высокага духоўнага жыцця. Разам з Рыгорам Кударэнкам, будучы архімандрытам Жыровіцкім, ён удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных ходах з Жыровіцкай іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках, дзе асабліва адчуваўся ўплыў рымакаталіцызму. У канцы 1939 года ўладыка  Панцеляіман узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, крыху пазней – у сан архімандрыта. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор Кударэнка з благаславення архіепіскапа Панцеляімана ў жніўні 1941года пакінулі Жыровіцкі Свята – Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку  Мінска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна – прыхадскога жыцця  Усходняй Беларусі, дзе ў даваенны час яно было цалкам разбурана. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляімана з просьбай аб адкрыцці прыхадскіх цэркваў; уюды адпраўлялі  богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі. Прыбыўшы ў Мінск , архімандрыт Серафім і айцец Грыгорый нядоўгі час служылі ў Спаса – Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Ужо ў студзені 1942 года адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель.У мясцовасці Чонкі аднавілі жаночы манастыр, у якім пасялілася 30 сясцёр. Аб’ехаўшыУсходнюю Беларусь, архімандрыт Серафім (Шахмуць) стаў першым летапісцам тых пакутаў, якія вытрымалі вернікі Праваслаўнай  Царквы ў перыяд бальшавіцкага тэрору. Вярнуўшыся ў Мінск місіянеры некаторы час служылі ў царкве Святога Духа. З набліжэннем лініі фронту ў чэрвені 1944 года яны выехалі ў Гродна, дзе знайшлі прытулак ў манастыры Нараджэння Багародзіцы. У тым жа годзе, 6 верасня,  прапаведнікаў і місіянераў арыштавалі. Іх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і іншых злачынствах. Арыштаваных пратрымалі пад следствам роўна 10 месяцаў. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў. 7 ліпеня 1945 года ім вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў з адбыванням пакарання ў канцлагеры. Адбывалі пакаранне ў розных месцах Горкаўскай вобласці  на адлегласці 12 км. Архімандрыт Серафім пры невядомых абставінах загінуў у лагеры. Святар Рыгор Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення вярнуўся ў Жыровіцкі Свята – Успенскі манастыр, праз нейкі час прыняў пострыг з імем Ігнацій. Ва ўзросце 89 гадоў у сане архімандрыта ён мірна адышоў да Госпада. Незадоўга да смерці ён сведчыў, што ў час місіянерскага падарожжа 1941 – 1944 гадоў па Усходняй Беларусі ім разам з айцом Серафімам было адчынена 74 храмы. Архімандрыт Серафім быў кананізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой у 1999 годзе, як адзін з навамучанікаў Мінскай епархіі. Яму вызначаны і асобны дзень памяці – 6 верасня. Гэта дзень яго арышту, які стаў пачаткам яго мучаніцкага подзвігу. У гонар прападобнамучаніка Серафіма дзейнічае прыхадскі храм у Слоніме, іконы святога радуюць сэрца ў многіх храмах Беларусі.


Крыніца пошука:

1. Жытко,С. Заступнік зямлі Ляхавіцкай : [Серафім Жыровіцкі] / С.Жытко //  Ляхавіцкі веснік. - 2007. - 5 верасня. - С. 3.
2. Зарэчная,Г. Званы веры, надзеі, любові : [6 верасня - малебен да Дня   свяшчэннамучаніка Серафіма Жыровіцкага] / ГалінаЗарэчная // Ляхавіцкі веснік. - 2007. - 12 верасня. - С. 2.
3. Канько,Г. Серафім -  значыць палымяны : [Серафім Жыровіцкі] /  Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. - 2006. - 9 верасня. - С. 1.
4. Каско, Д. Пакутнікі нашага часу. Хто такія навамучанікі? : [Серафім Жыровіцкі] / Дар`я Каско // Звязда. – 2017. - 28 лютага (№ 40). – С. 8.
5. Літургія ў гонар святога Серафіма // Ляхавіцкі веснік. - 2002. - 11 верасня. - С. 2.
6. Наш Серафім // Ляхавіцкі веснік. - 2008. - 6 верасня. - С. 4.
7. Пакутнікі нашага часу. Хто такія навамучанікі? // Звязда. – 2017. – 28 лютага (№ 40). – С. 8.
8. Святая памяць : [6 верасня  - малебен да Дня свяшчэннамучаніка Серафіма
Жыровіцкага] // Народная трыбуна. - 2008. - 6 верасня. - С. 3.
9. Состоялось заседание Святого Синода Белорусской православной церкви // Царкоўнае слова. – 2010. - № 47. – С. 7.
10. 6 верасня. Дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма архімандрыта Жыровіцкага // Царкоўнае слова. -  2009. - № 36. – С.4.


Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder