Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга
г. Ляхавічы
  • Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга
Хрысціянства мае больш чым тысячагадовую гісторыю. Паводле падання, святы апостал Андрэй Первазванны з пропаведдзю Евангелля спыніўся на кіеўскіх гарах і блаславіў будучы горад Кіеў. Распаўсюджванню хрысціянства на беларускіх землях спрыяла суседства з магутнай хрысціянскай дзяржавай – Візантыйскай імперыяй. Сваёй дзейнасцю асветнікі славян Кірыл і Мяфодзій асвяцілі поўдзень Расіі. Вялікая кіеўская княгіня Вольга ў 954 годзе прыняла хрышчэнне. Усё гэта падштурхнула найвялікшыя падзеі ў гісторыі славянскіх народаў – хрышчэнне князя Уладзіміра і хрышчэнне Русі ў 988 годзе.
Першыя звесткі аб дзейнасці праваслаўнай царквы ў горадзе Ляхавічы датуюцца ХVI стагоддзем. Першы храм узгадваецца 5 верасня 1564 года. Аб яго існаванні паведамляе “Прывілей Жыгімонта Аўгуста свяшчэнніку Ляхавіцкай царквы святога Юрыя Міхаілу Лявонавічу на карчму ў яго маёнтку Еўлашэвічы”. У гэты час святаром быў Міхаіл Лявонавіч, бацька вядомага мемуарыста Ф. М. Еўлашэўскага. Храм пабудаваны ў форме трохнефавай базілікі, завершанай паўкруглай апсідай. Двухсхільны дах цэнтральнага высокага нефа на фасадзе быў завершаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам, тарцы бакавых нефаў – макаўкамі. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з чырвонай цэглы. Гэта першае апісанне драўлянай царквы святога Юрыя ў мястэчку Ляхавічы. Пабудавана царква па фундацыі паноў Хадкевічаў і паноў Сапегаў (дакументы Візітаў уніяцкіх царкваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гадоў). Святаром царквы на той час быў Юрый Далмацкі. Прыхаджан пры царкве было 1200 душ.

Цікава!
Зыходзячы з існуючых звестак можна зрабіць выснову, што старажытная Георгіеўская царква існавала да другой паловы ХVIII стагоддзя. Пасля прыблізна стагоддзе праваслаўнай царквы ў мястэчку Ляхавічы не было. Няма ніякай версіі знікнення старажытнай Георгіеўскай цэрквы, але памяць пра яе жыве і сёння сярод людзей. З пакалення ў пакаленне мясцовыя жыхары паказваюць і пераказваюць гісторыю таго месца, дзе калісьці была царква. Яно і па сённяшні час застаецца неабжытым…

Падзея, якая адбылася 14 верасня 1886 года, змяніла становішча праваслаўя ў Ляхавічах. Тады 2500 прыхаджан Ляхавіцкага касцёла разам з настаяцелем іераманахам бенедыкцінскага ордэна (святаром Антоніем) Анзельман Гірдвойнам далучылася да Праваслаўнай Царквы. 21 чэрвеня 1867 года з касцёла была ўладкавана праваслаўная царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга. Жаданне далучыцца да праваслаўя выказала яшчэ 350 чалавек з суседняга Мядзведзіцкага прыходу.
3 жніўня 1874 года падчас пажару храм у Ляхавічах часткова пацярпеў, а ўратаваная ад агню маёмасць часова перанесена ў Голдвіцкую цэркву.
Першым настаяцелем зноў створанай царквы стаў святар Антоній, які праслужыў яшчэ адзін год.
Пасля яго настаяцелем Ляхавіцкага храма стаў айцец Васіль Зубковіч, далей быў прызначаны Мікалай Сушчынскі. Акрамя настаяцеля ў штат царквы ўваходзілі два псаломшчыка.
У 1905 годзе, у час рэвалюцыі, каталіцкая царква арганізавала мяцеж з мэтай вяртання пераасвечанага касцёла. Але з гэтага нічога не атрымалася, прысутнасць расійскіх салдат з афіцэрамі не дазволіла бунтарам здейсніць задуманае.
З 1944 па 1945 год настаяцелем Ляхавіцкай царквы ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга быў пратаіерэй Міхаіл Скрыпко. Царква была часткова зруйнавана ў гады вайны, і службу сталі праводзіць у прыхадской хаце.
У 1945 годзе настаяцелем Ляхавіцкай царквы прызначаецца айцец Яўген Петрашкевіч.
У 1947 годзе ў былой прыхадской хаце намаганнямі настаяцеля
ўладкавана часовая царква-капліца ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга. Богаслужэнні ў ёй вяліся прыблізна да 1965 года.

Цікава!
“Шаснаццацігадовага юнака Мікалая з вёскі Мінічы маці паслала ў мястэчка Ляхавічы на кірмаш. Да гораду хлопец дабіраўся на ровары. На пад’ездзе да горада ён пачуў моцны гул і грукат. Спачатку хлопец не зразумеў, што гэта, пакуль не пад’ехаў бліжэй. Тое, што ён убачыў, вельмі ўразіла юнака. Вялікая “шар-баба” разбурала мясцовую царкву, якая стагоддзі стаяла на гэтым месцы. Людзі па-рознаму ставіліся да гэтай падзеі, хтосьці плакаў, а хтосьці хутчэй хацеў завершыць сваю справу. Прайшоў час, але гэта здарэнне засталося ў памяці сталага чалавека. І сёння ў яго галаве роіцца такая думка “А навошта гэта было?..”
(Па словах сведкаў тых падзей)


У 1962 годзе кіраўнікамі Ляхавіцкага райвыканкама было прынята рашэнне рэканструяваць храм, але праз некаторы час каменны храм быў узарваны, а яго рэшткі былі сапхнуты бліжэй да ракі. І сёння, калі ведаць, дзе тое месца, можна ўбачыць тыя валуны ад разбуранага храма.
У 1967 годзе мясцовыя жыхары прыстасавалі пад новы храм прыхадскую хату святара. Гэты храм меў выгляд капліцы, у якой і праводзіліся ўсе службы.
Але і капліца нядоўга прастаяла на гэтым месцы. Было прынята рашэнне перанесці яе на мясцовыя могілкі. Па словах мясцовых жыхароў, каб перавезці капліцу на другі бераг ракі Ведзьмы, трэба было зняць парэнчы з моста. Капліцу цягнулі невялікім трактарам “Фардзон-Пуцілавец”.
6 красавіка 1978 года настаяцельства Ляхавіцкага храма прымае іерэй Міхаіл Міхайлавіч Калоша.
У 1989 годзе пад націскам прыхаджан было прынята рашэнне расшырыць старую царкву, абклаўшы яе цэглай. Але фактычна да 1992 года агульнымі намаганнямі будаваўся новы храм.
У 1996 годзе ўказам Правялебнага Стэфана, епіскапа Пінскага і Лунінецкага, на пасаду настаяцеля Ляхавіцкай царквы ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга быў прызначаны іерэй Георгій Жытко, які займае гэту пасаду і сёння. У тым жа годзе ўказам Правялебнага Стэфана, біскупа Пінскага і Лунінецкага, здзейснена Вялікае асвятленне храма.
12 сакавіка 1997 года з навакольных парафій было ўтворана Ляхавіцкае дабрачынне.
6 верасня 2008 годза пасля капітальнага рамонта і частковай рэканструкцыі храма быў усталяваны новы Святы Прастол, і Высокапраасвяшчэннейшым Стэфанам, архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім, здзейснена Вялікае асвятленне храма.
6 верасня 2009 года на месцы ўзарванага храма быў асветлен “Памятны знак – Капліца”.
20 мая 2010 года здейснілась вялікая гістарычная падзея ў духоўным жыцці Ляхавіцкага благачыння. Праездам па дабраславенню Высокапраасвяшчэннейшага Стэфана ў Ляхавічах спыніўся спецыяльны картэж, які суправаджаў Вялікую Святыню беларускага народа – Крыж Ефрасінні Полацкай і ікону прападобнай. Уладыка абышоў з Крыжам Часоўню і ахінуў на чатыры бакі Святым Крыжам горад і Ляхавіцкі раён.
6 верасня 2010 года ў Дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, па дабраславенню Высокапраасвяшчэн¬нейшага Стэфана, епіскапа Пінскага і Лунінецкага, у Ляхавіцкі храм з вёскі Падлессе ўпершыню дзеля пакланення веруючым была дастаўлена ікона Божай Маці Падлескай, якая прайшла Хрэсным ходам да памятнай капліцы на рынкавай плошчы.
Гісторыя праваслаўя Ляхавіцкай царквы балючая, але жывая. Яна лечыць і ўзбагачае душы сваіх прыхаджан. А людзі вераць. І вера ў іх моцная, непахісная.

Крыніца пошука:

1. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Давед. / А. М.  Кулагін. Маст. З. Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 489: іл.
2. Татаринов Ю.А. Города Беларуси. Брестчина / Минск: Смэлток, 2010.-  с. 28-41.
3. З Богам у сэрцы, з клопатам пра людзей : [Протаіерэй Георгій Жытко ] // Ляхавіцкі веснік. - 2016.
- №10. - 10 лютага. - С.4.
4. Барадзіна, В. Жыццё, як работа над сабою : Георгій Жытко / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. - 2015. - 7 лютага (№ 10). - С. 2.
5. Дулеба, Г. Праваслаўная даўніна //  Ляхавіцкі веснік. -  2007. -  21 лістапада. -  С. 4.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder