Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы
в. Крывошын
  • Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы
Унікальнасць будынка царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Крывошын надае не толькі разнастайнасць архітэктурных стыляў, але і шматвекавая, часта трагічная гісторыя храма.
Будаўніцтва першых хрысціянскіх святынь ў вёсцы Крывошын звязана з ордэнам езуітаў. У 1584 годзе М. К. Радзівіл падараваў адзін з сваіх маёнткаў, сяло Репіхава, каталіцкаму ордэну езуітаў. Менавіта ордэнам ў 1670 годзе ўзводзіцца першы каталіцкі храм у Крывошыне, непадалёк ад Рэпіхава. Новы каменны будынак касцёла ў стылі барока быў узведзены ў 1740 годзе і дзейнічаў да 1864 года. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў касцёл у Крывошыне быў зачынены, а будынак перададзены праваслаўнай царкве. На працягу 1864–1866 гадоў будынак перабудоўваецца пад царкву. Рэканструкцыя храма праводзілася пад кіраўніцтвам інжынера А. Нектар’еўскага, які імкнуўся надаць будынку выгляд класічнага праваслаўнага храма. У сувязі з гэтым архітэктура царквы ў вёсцы Крывошын нясе ў сабе рысы барока, уласцівыя першапачаткова пабудаванаму касцёлу, і рэтраспектыўна-рускага стылю, які быў нададзены будынку падчас рэканструкцыі.
На змену езуітам ў 1866 годзе ў Крывошын прыехаў малады праваслаўны святар – айцец Аляксандр Бараноўскі. Ён з’яўляўся не толькі выпускніком Мінскай духоўнай семінарыі, якая была ў тыя гады прыкладам вышыні багаслоўскай адукацыі, але і меў званне народнага настаўніка. Разам з ім прыехаў брат, Антоній Міхайлавіч Бараноўскі.
Пратаіерэй Аляксандр, стаўшы настаяцелем Крывошынскага храма, меў не толькі высокую пашану і любоў сярод простага мясцовага насельніцтва, але і ўяўляў для ўсіх прыклад цалкавітай аддачы сябе людзям.
Намаганнямі святара на тэрыторыі Крывошынскага прыходу з’явілася адразу некалькі народных вучыліш, адно з якіх размяшчалася прама ў яго хаце. Знаходзілася вучылішча ў валасным упраўленні. На ўтрыманне вучылішча ў год адпускалася 125 рублёў з дзяржаўнага казначэйства і 94 рублі 12 капеек ад мясцовага сялянскага грамадства. Навучэнцаў было 30 хлопчыкаў i 18 дзяўчынак.
Менавіта святар са сваім братам сталі тымі першымі настаўнікамі, якія праяўлялі апеку, даючы адукацыю мясцовым сялянскім дзецям і насельніцтву ў цэлым. Адзін выкладаў закон Божы, а другі займаўся свецкімі навукамі. На 6 лістапада 1909 года у Крывошынскім народным вучылішчы вучыўся 61 вучань.

Цікава!
Цяперашняя Крывошынская сярэдняя школа налічвае роўна 155-гадовую гісторыю існавання, і можна з упэўненасцю сцвярджаць, што яна і ёсць працяг заснаванага святаром народнага вучылішча. 14 мая 1915 года адбыўся апошні выпуск вучылішча. У верасні 1915 года немцы захапілі мясцовасць, і вучылішча было зачынена. З устанаўленнем савецкай улады школа аднавіла сваю работу і працавала на роднай мове. Падчас польскай акупацыі школа была пераведзена на польскую мову. У верасні 1939 года Чырвоная Армія вызваліла мясцовасць, і ў вёсцы пачала працаваць сямігадовая школа. У 1950 годзе школа ператворана ў сярэднюю. У новым будынку школа пачала працаваць з 1967 года.

Магіла айца Аляксандра і яго жонкі Марыі знаходзіцца адразу за алтаром Пакроўскага храма, як знак пашаны і павагі да гэтых людзей не толькі з боку мясцовага насельніцтва, але і Царквы ў цэлым.
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы – помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўна-рускага стылю. Гэта буйная трохнефавая васьміслуповая двухвежавая базіліка з масіўнай паўкруглай апсідай. Над галоўным фасадам узведзены васьмігранная шатровая званіца і два бакавыя гранёныя барабаны са сферычнымі купаламі і макаўкай у завяршэнні.
Па цэнтру даху цэнтральнага нефа на ўсю яго шырыню створаны чацверыковы п’едыстал, над якім узведены магутны гранёны барабан, накрыты гранёвым паўсферычным купалам з макаўкай у завяршэнні. У дэкоры экстэр’ера выкарыстаны характэрныя для старажытна рускага культавага дойлідства кілепадобныя аркі, надваконныя броўкі, макаўкі, аркатурныя і зубчатыя фрызы, крыжы-нішы. У асноўным перароблены галоўны і бакавыя фасады: з’явіліся кілепадобныя ліштвы арачных аконных праёмаў, зубчастыя фрызы, нішы-крыжы, круглыя разеткі.
Інтэр’ер храма не быў істотна зменены і захаваў сваю былую барочную пластычнасць і манументальнасць. Васьмю слупамі і перакінутымі паміж імі аркамі ўнутраная прастора расчлянёна на тры нефы, перакрытыя ажурнымі скляпеннямі, крыжовымі над галоўным і стральчатымі над бакавымі нефамі, сцены дэкарыраваны пілястрамі, прафіляванымі цягамі, падпружнымі аркамі, ляпнымі дэталямі. Захаваўся алтарны абраз другой паловы XVIII стагоддзя “Маці Божая з дзіцём” ці “Маці Божая Замілаванне”.
У пасляваенныя гады, калі царква падвяргалася ганенням, а храмы зачыняліся, прадпрымаліся спробы падарваць храм, у выніку чаго будынку былі нанесены значныя пашкоджанні. Толькі ў 1990-х гадах будынак царквы быў адноўлены.
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца пад аховай дзяржавы і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.


Крыніца пошука:

1.
Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Давед. / А. М.  Кулагін. Маст. З. Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 90 : іл.
2. Жыгамонт, Юрый. Кірмашы і сядзібы Берасцейшчыны.- Літаратура і мастацтва.- 2017.- 21 ліпеня.- С. 4. 


Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder