Першыя звесткі аб Дараўскай Свята-Троіцкай царкве сустракаюцца ў кліравых ведамасцях старажытнай Дараўскай царквы, захаваных архімандрытам Мікалаем у гісторыка-статыстычнай працы пад 1864 годам. Дараўскі прыход перш за ўсё вядомы сваім старажытным праваслаўным манастыром, які згадваецца ў ХVI стагоддзі. З названай крыніцы відаць, што царква пабудавана ў 1550 годзе, ў часы Жыгімонта II Аўгуста, памешчык Багдан Юрага заснаваў у Дараве праваслаўны мужчынскі манастыр у імя Святой Жываначальнай Троіцы. У даравальнай грамаце таго часу мы чытаем гістарычныя пісьмёны: “Сим листом моим вечным часы подаю и записую часть моего имения меновита весь грунт лежащий За землёю церковною и людей церковных где заросли, сеножати и лес будовельский аж по самую речку Будовелку над рекою Щарою… 4 января 1551 года”.
Ансамбль манастыра складаўся з Троіцкага храма 1550 года пабудовы, Свята-Мікольскай могілкавай царквы 1551 года пабудовы і Багародзіцкай царквы XV стагоддзя, а таксама з брацкага корпуса П-вобразнай формы і пяці гаспадарчых збудаванняў. Манастыру было ахвяравана больш за 80 гектараў зямлі, на якіх было размешчана два манастырскія млыны. Дараўскі манастыр у час існавання Рэчы Паспалітай быў скасаваны польскім кіраўніцтвам. Здарылася гэта сумная падзея ў 1713 годзе. Да гэтага часу Багародзіцкая манастырская царква прыйшла ў нягоднасць, Троіцкі храм сілаю забралі базіліяне (каталіцкі манастырскі ордэн), а Мікольская могілкавая царква засталася ў вядзенні праваслаўных. Праўда, ў 1828 годзе Троіцкую царкву вярнулі назад. У 1865 годзе царкву па прычыне драхласці разабралі, а праз два гады ў 1867 годзе за кошт міністэрства дзяржаўных маёмасцяў была пабудавана новая царква. Настаяцелем прыхода з’яўляўся святар Іаан Міткевіч.
Троіцкая царква зведала шмат выпрабаванняў ў наступныя паўтара стагоддзя. Асвечаная 13 лістапада 1867 года новазбудаваная ў беларускім традыцыйным стылі, драўляная з шатровым дахам і званіцай у выглядзе свечкі, не праіснавала і 50 гадоў.
У 1915 годзе храмы апынуліся ў зоне франтавых дзеянняў падчас Першай сусветнай вайны. Да вялікага гора вернікаў Свята-Троіцкая царква згарэла восенню 1916 года ад нямецкага артабстрэлу. Некранутай засталася Мікольская капліца, перабудаваная ў 1922 годзе святаром Лапацінскім у могілкавую царкву.
З надыходам 1930-х гадоў настаяцелем Дараўскага прыходу святаром Міхаілам Вішнеўскім было прынята рашэнне аб аднаўленні Свята-Троіцкага храма. З 1934 года царкву пачалі будаваць зноўку. Матэрыял для сцен быў падрыхтаваны на месцы са старых нямецкіх дот. Будаўніцтва храма прайшло паспяхова. Да пачатку 1939 года дах быў скончаны і будаўніцтва ішло даволі паспяхова, але пачалася Вялікая Айчынная вайна і спыніла добрую справу.
19 лістапада 1945 года настаяцелем Дараўскай царквы прызначыўся Аляксандр Гагалушка. Пасляваенны мірны час распарадзіўся так, што Троіцкі храм у 1950 годзе быў разабраны на будаўніцтва кансервавага завода ў горадзе Ляхавічы. На доўгія гады цэнтрам праваслаўя ў вёсцы Дарава стала могілкавая Мікольская царква, якая была перабудавана ў 1989 годзе.
У красавіку 2007 года настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца прызначаецца іерэй Андрэй Абрамовіч.
Другую сусветную вайну мураваны будынак Дараўскай Свята-Троіцкай царквы перажыў, а ў першыя пасляваенныя гады ад яго застаўся толькі падмурак, на які 21 чэрвеня 2008 года і лёг першы камень, што павінен даць пачатак будаўніцтва новага “старога” храма. Будаўніцтва храма ажыццяўлялася за кошт ахвяраванняў.
14 лістапада 2011 года настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца прызначаецца іерэй Іаан Ніканчук.
14 ліпеня 2012 года архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам новы Свята-Троіцкі храм быў асвечаны.
Са з’яўленнем новай Троіцкай царквы, будаўніцтва і добраўпарадкаванне на прыходзе не змянілася. На 2021 год у Дараўскім прыходзе маецца: Свята-Троіцкі храм (2012 год), Свята-Мікольскі могілкавы храм (1840 год), будынак нядзельнай школы (2013 год), дзве надвратныя могілкавые аркі (2013 і 2014 год), альтанка над калодзежам (2014 год), паклонная арка (2015 год), летняя трапезная (2016 год), царкоўны дом (2019 год).
У прыходзе працуюць тры нядзельныя школы ў вёсках Дарава, Чыжы і Ураджайная, таксама ў гэтых вёсках праводзяцца гутаркі з дарослымі. Пры Свята-Троіцкім храме вядзецца работа з дзецьмі і моладдзю. Праводзяцца розныя мерапрыемствы духоўнага напрамку. Рэлігійнасць сярод прыхаджан высокая.
Дараўскі прыход вядомы цудатворнай іконай Божай Маці, названай Дараўскай. Першыя звесткі аб абразе маюцца да 1839 года. Некаторыя мяркуюць, што Дараўскі абраз з’яўляецца спісам з цудатворнай Бялыніцкай іконы Божай Маці, якая ў сілу абставінаў ў сярэдзіне XVII стагоддзя знаходзілася ў Ляхавіцкай фартэцыі. Але як бы там ні было, абраз дараўскімі прыхаджанамі да 1864 года быў убраны ў сярэбраную рызу, пры тым што вобраз меў вышыню больш аднаго метра. Прыхаджане асабліва пачыталі гэты вобраз і ў знак павагі заснавалі царкоўнае брацтва, якое, да прыкладу, у 1893 годзе налічвала 156 членаў і сярод сельскіх прыходаў з’яўлялася адным з самых буйных у Мінскай губерні.
На пачатку ХХ стагоддзя цудатворны абраз быў згублены, але памяць аб святыні захавалася. Пасля многіх гадоў пошукаў цудатворнага абраза, якія, на жаль, не ўвянчаліся поспехам, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан блаславіў для мясцовага шанавання вобраз Божай Маці “Неспадзяваная Радасць”, які цяпер таксама праславіўся ў вернікаў благадатнай дапамогай.
Гісторыю Дараўскага прыходу ў ХХІ стагоддзі можна назваць часам збірання камянёў.
Цікава!
У Троіцкім храме знаходзіцца бібліятэка, у фондзе маецца каля 400 кніг.
Старонкi жыцця святароў Дараўскага прыхода ХХ стагоддзя
Міхаіл Вішнеўскі.
Протаіерэй Міхаіл Вішнеўскі ў 1932 годзе быў на дыяканскай вакансіі пры Карэліцкай царкве, але 28 снежня 1932 года быў накіраваны ў Нягневіцкую парафію Навагрудскага павета ў дапамогу настаяцелю Нягневіцкай царквы. Праз паўтара месяца Міхаіл Вішнеўскі піша прашэнне на імя архіепіскапа Аляксея Гродзенскага і Навагрудскага камандзіраваць яго для выканання абавязкаў настаяцеля Лаўрышаўскай парафіі. Аднак 15 жніўня 1933 года айцец Міхаіл быў пераведзены настаяцелем Даручанскай царквы Баранавіцкага павета.
У 1939 годзе Міхаіл Вішнеўскі быў пераведзены ў Дараўскі прыход і па 1942 год праводзіў службы ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца. З успамінаў Іосіфа Пражогі: “Бацюшка служыў у Дарава, але прыязджаў і ў Навасёлкі, служыў у Ведзьманскай царкве. Па заканчэнні службы антымінс і чашу заўсёды забіраў з сабой. Калі настаяцелем Дараўскага прыходу стаў айцец Вячаслаў Тарановіч, то святар Міхаіл Вішнеўскі стаў служыць толькі ў Ведзьманскай царкве ў вёсцы Навасёлкі, а калі немцы спалілі яе ў 1944 годзе, айцец Міхаіл пачаў служыць у маёй хаце на Куліку (мясцовая назва часткі сяла), у якой і жыў. Ён там і вянчаў, і хрысціў, і паніхіды здзяйсняў. Увосень 1946 года айцец Міхаіл Вішнеўскі памёр, сын забраў яго на кані і павёз у Баранавічы, праводзілі святара Міхаіла з жалобнымі спевамі аж за сяло”.
Пасля смерці айца Міхаіла Вішнеўскага, у Навасёлкі раз у месяц праводзіць служэнні прыязджаў святар Аляксандр Гагалушка.
Аляксандр Гагалушка.
19 лістапада 1945 года настаяцелем Дараўскага храма прызначаецца святар Аляксандр Аляксеевіч Гагалушка і ў гісторыі Свята-Мікалаеўскай царквы пачынаецца новая старонка. Айцец Аляксандр пражыў цяжкае, але шчаслівае, поўнае падзеямі жыццё. Нарадзіўся ён 1 студзеня 1918 года ў даволі складаны час, калі ішла грамадзянская вайна, а Беларусь была на шляху да самавызначэння.
У 16-гадовым узросце Аляксандр Гагалушка паступіў вучыцца ў псаломшчыцка-свяшчэнніцкую школу пры Яблачынскім манастыры ў Польшчы. У 1941 годзе быў накіраваны ў адзін з храмаў Лідскага раёна, а пасля настаяцелем Дараўскага храма.
Прыехаў у Дарава Аляксандр Гагалушка разам са сваёй сям’ёй – жонкай Нінай Карнільеўнай і дачкой Ірынай. Яго брат Раман Гагалушка служыў непадалёк, у вёсцы Сталовічы Баранавіцкага раёна. Працаваў айцец Аляксандр да 2007 года. Памёр Аляксандр Аляксеевіч 21 мая 2012 года і пахаваны на могілках у вёсцы Дарава, непадалёку ад Свята-Мікалаеўскай царквы.
Дзякуючы дзейнасці святара Аляксандра Гагалушка духоўнае жыццё дараўскіх вернікаў (і не толькі дараўскіх) ажывілася, праваслаўныя традыцыі ўжо ў каторы раз былі адноўлены.
Крыніца пошука:
1. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Давед. / А. М. Кулагін. Маст. З. Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 489: іл.