Царква ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла
в. Востраў
  • Царква ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла
Вядома, што ў сярэдзіне ХVIІІ стагоддзя ў вёсцы Востраў існаваў храм. У 1773 годзе ён згадваўся ў трухлявым стане, што і стала прычынай пабудовы новага. Драўляная царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла пабудавана ў вёсцы Востраў ў 1910 годзе на месцы старога храма, фундаванага ўладальнікамі маёнтка Бараноўскімі.
Новы Свята-Петрапаўлаўскі храм пабудаваны ў чыста рускім Маскоўскім духу. Будаваўся храм тры гады пад кіраўніцтвам святара Іаана Рудкоўскага. Будаўніцтвам займалася брыгада будаўнікоў з Расіі. Там жа былі замоўлены і напісаны некаторыя іконы для царквы. Храм быў асвечаны ў тым жа годзе 11 ліпеня старога стылю пры настаяцеле айцы Іаане Рудкоўскім, які служыў да 1918 года. Храм драўляны і пабудаваны ў форме крыжа.
У чыне асвячэння ўдзельнічала восем святароў і тры дыякана на чале з членам Дзяржаўнай думы свяшчэннікам Стэфанам Салаўевічам.
На ўрачыстым асвяшчэнні прысутнічала не менш 7000 чалавек, з якіх амаль палова былі з суседніх парафій.
На пабудову храма Свяцейшы Сінод вылучыў 6000 рублёў ахвяраванняў. Таксама кожны гаспадар унёс 18 рублёў ахвяраванняў на будаўніцтва храма. Спяваў хор мясцовых пеўчых пад кіраўніцтвам выхаванца Мінскай Духоўнай семінарыі Леаніда Рудкоўскага.
Помнік архітэктуры неарускага стылю. Вырашаны прасторава-развітай і сілуэтна-стракатай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якую фарміруюць вертыкальна вытанчаная двухярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, працяглая трапезная, кубападобная малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі і прамавугольная ў плане апсіда з бакавымі рызніцамі. Шацёр званіцы, самкнуты купал васьміграннага светлавога барабана малітоўнай залы, вальмавы дах апсіды, паўвальнавыя дахі з уваходных рундукоў завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі і макаўкамі. На фоне чырвоных фасадаў вылучаюцца пабеленыя разныя ліштвы прамавугольных аконных праёмаў, вуглавыя лапаткі.
Некалькі вобразаў мастацкай каштоўнасці знаходзяцца ў Петра-паўлаўскай царкве вёскі Востраў. Адзін з іх – абраз XVIII стагоддзя “Чэнстахоўскай Божай Маці”. Гэтая ікона яшчэ ўніяцкага часу на тэрыторыі Беларусі знаходзілася ў старым храме. Цяпер яна знаходзіцца ў алтары. Абраз з’яўляецца адным з самых шанаваных у праваслаўных і рыма-каталікоў. Перад ім моліцца як праваслаўны, так і каталіцкі свет.
Другая каштоўнасць – абраз у памяць 300-годдзя царавання Дома Раманавых “Фёдараўская”. Стварэнне іконы ажыццяўлялася са згоды і пры асабістым удзеле цара Мікалая II. Абраз з’явіўся ў храме да рэвалюцыі, у пачатку ХХ стагоддзя.
Казанская ікона Божай Маці – шанаваны цудатворны абраз Багародзіцы. Адзін з самых шанаваных абразоў Рускай Праваслаўнай Царквы. Востраўскаму храму ікона была падаравана у пачатку ХХ стагоддзя удзячнымі жыхарамі, якія вярнуліся з руска-японскай вайны 1904–1905 гадоў.
Абразы Аляксандра Неўскага і Хвядоса Угліцкага таксама з’яўляюцца старадаўнімі абразамі Петрапаўлаўскай царквы, як і палатно ХІХ стагоддзя “Аплакванне Хрыста”.
Храналогія Востраўскага прыхода:
У 1862 годзе ў вёсцы Востраў адкрыта царкоўна-прыхадская школа, якая знаходзілася ў прыватным доме.
З 1868 года настаяцельствуе святар Стэфан Арэфа.
З 1876 года псаломшчыкам упамінаецца дыякан Іаан Кулакоўскі, а прасфорніцай Еўдакія Гамаліцкая.
На 1879 год прыхаджан налічвалася 1576 мужчын і 1646 жанчын.
У 1887 годзе настаяцелем служыў Іаан Ражановіч.
У 1890 годзе псаломшчыкам упамінаецца Пётр Яхімовіч, які памёр 9 лістапада 1892 года.
У 1894 годзе ў якасці святара Востраўскай царквы згадваецца святар Канстанцін Стракоўскі, а далей святар Іаан Ражановіч.
У 1910 годзе адбудавалі новы храм у імя святых апосталаў Пятра і Паўла. 11 ліпеня таго ж года пры новым пробашчы-святары Іаане Рудакоўскім адбылося яго асвячэнне.
З 1918 года на Востраўскім прыходзе служыць настаяцель па прозвішчы Мацкевіч.
З 1930 года настаяцелем з’яўляўся Канстанцін Крыкуноў.
У 1933 годзе псаломшчыкам Востраўскай царквы ўспамінаецца Аляксандр Кавалюк, а святаром Антоній Папудняк.
З 1936 года служыў айцец Антоній Катароўскі.
З 1940 года прыход узначальваў святар па прозвішчы Сядлюк.
З 1942 года настаяцельстваваў святар Іаан Якубчык.
З 1969 года настаяцелем стаў Васіль Якубчык.
У 1979 годзе ў Востраўскі прыход у якасці настаяцеля быў прызначаны айцец Уладзімір Кіхалевіч.
У 1984 годзе на месца айца Уладзіміра прызначаны іерэй Раман Белавус, які служыць па цяперашні час.
20 студзеня 1989 года ва ўладкаваным прыдзеле Вялікапакутніцы Параскевы пры Востраўскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы быў асвечаны прыстол.
12 ліпеня 2010 года прыход адзначыў стагоддзе храма. Літургію здзейсніў Высокапраасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі.



Крыніца пошука:

1. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Давед. / А. М.  Кулагін. Маст. З. Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 89-90 : іл.
2. Житко, Г. Дорога к храму //  Ляхавіцкі веснік. -  2013. -  13 крас. (№ 28). -  С. 9.
3. Канько, Г. Пакуль мы верым - мы жывём //  Ляхавіцкі веснік. -  2012. -  18 ліпеня. -  С. 2.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder