Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
г. Ляхавічы
Першапачатковы драўляны касцёл, заснаваны ў 1535 г. А.М.Гаштольдам (ці Я.К.Хадкевічам), згарэў у канцы 16 ст. У 1-й палавіне 18 ст. (да 1745) збудаваны новы храм, які пацярпеў ад пажару 1750 г. i быў адноўлены князем Міхаілам Масальскім. У касцёле быў пахаваны навагрудскі пасол на сейм Тадэвуш Рэйтан — вядомы праціўнік падзелаў Польшчы. Пасля 1863 г. храм аддадзены пад праваслаўную царкву; пашкоджаны пажарам 1874 г. (згарэў іканастас).
Касцёл з'яўляўся творам архітэктуры барока, які пасля перабудовы пад царкву набыў элементы рэтраспектыўна-рускага стылю. Над яго фасадам была ўзведзена драўляная вежа-званіца ў выглядзе 2-яруснага чацверыка з шатровым пакрыццём i макаўкай у завяршэнні; пад алтарнай часткай надбудаваны 2-ярусны 12-гранны барабан з цыбулепадобным купалам; аконныя праёмы цэнтральнага нефa набылі характэрную для старажытнарускага дойлідства форму аркі з вісячай гіркай. Грані барабана раскрапаваны аркатурай з пілястрамі. Нягледзячы на гэтыя пераўтварэнні, будынак захоўваў свае першапачатковыя барочныя рысы — узбуйненую пластыку аб'ёмаў галоўнага i больш нізкіх бакавых нефаў, манументальную паўкруглую апсіду. У рытмічнай арганізацыі фасада захаваліся лучковыя і парныя арачныя праёмы ў пластычных ліштвах. У інвентары 1831 г. ўпамінаюцца арганіст Міхал Сліва і званары Ян Байчык i Юзэф Юркевіч. Інвентар 1745 г. новазбудаванага касцёла апавядае пра «сныцарскую» работу ў касцёле: «малярскі пазалочаныя» рамы на абразах, разныя ківорый i табернакль «чорналакіраваны, часткова залочаны, адарнацыямі сныцарскімі ўпрыгожаны», хрысцільня ў выглядзе букетніка з цудоўнымі сныцарскімі аздобамі i амбон з вольхі, нічым апроч «адарнацый сныцарскіх» не ўпрыгожаны. Інвентар 1782 г. апісвае алтарны абраз: «у галоўным алтары шата малая срэбная, часткова пазалочаная; пры тым жа абразе промыкі (ззянне) падвойныя, срэбныя, пазалочаныя, штук 2, кароны белых срэбных 2, церне пана Езуса, срэбнае 1; вотаў (прадметы-ахвяраванні) у выглядзе розных фігур — штук 37». Уяўляла цікавасць васьміпудовая (144 кг) залачоная жырандоля з бронзы i медзі. Інвентар 1782 г. нагадвае шэраг высокамастацкіх арнатаў, пакрывал, дываноў.


Крыніца пошука:

1.
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі  / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. - Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. — С. 451 : іл.


Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder