На працягу больш чым шасці стагоддзяў на гістарычных землях былога Вялікага Княства Літоўскага пражывала этнічная група ўсходняга паходжання, якая традыцыйна называлася «татарамі». Высветліць дакладны час калі мусульмане пасяліліся ў княстве не ўяўляецца магчымым, хоць з’яўленне іх на Літве можна звязаць з памежнымі сутыкненнямі з Залатой Ардой у першай палове XIII ст.
Дадзеная этнічная група, сфармаваная ў межах XIV-XV ст. атрымала назву «літвінскія (беларускія) татары». Цюркі-мусульмане, якія аселі на землях ВКЛ, паступілі на службу, атрымалі зямлю, і на гэтай падставе, на роўных з мясцовай шляхтай правах мелі абавязак хадзіць на вайну па загадзе вялікага князя. Варта адзначыць, што татарскія ваяры заўсёды шанаваліся і лічыліся добрымі. Прычыны перасялення татар у Вялікае княства былі выключна палітычнымі – развал Залатой Арды, а таксама ўнутраная барацьба за ўладу, якая цягнулася і пасля ўтварэння незалежных ханств. Міграцыі спрыялі памежныя сутыкненні з татарамі і набегі крымчакоў.
Стала асеўшы на тэрыторыі ВКЛ яшчэ ў XIV–XV ст. татары на працягу двух стагоддзяў змешваліся з мясцовым насельніцтвам у моўных зносінах, пераносячы разам з ім усе гістарычныя змены, уліваючыся ў літвінскую (беларускую) культуру, але пры гэтым захоўваючы збольшага сваю самабытнасць, а самае галоўнае – рэлігію (іслам), якая дазваляе казаць пра літвінскіх татар як пра асобнае этнаканфесіанальнае спалучэнне. Але жывучы працяглы час побач з беларусамі, татары не здолелі захаваць сваю этнічную і моўную самастойнасць. У XIX ст. яны ўбольшасці перасталі лічыць сябе татарамі: «Мы не татары, але шляхта мусульмане, – казалі яны, – і татарамі нас называюць толькі сяляне». Відавочна, што інтэграцыі перасяленцаў у адзіную этнаканфесіанальную групу спрыяла агульная рэлігія – іслам, агульная мова – старабеларуская, а таксама агульныя правы і абавязкі.
З’яўленне беларускіх тэкстаў, напісаных арабскімі літарамі ў сярэдзіне XVI ст. звязана з лінгвістычнай асіміляцыяй літвінскіх (беларускіх) татар. Яна абумовіла неабходнасць пераклада на беларускую мову рэлігійнай літаратуры: сур Карана, незразумелых літвінскім татарам арабскіх тэкстаў малітв, легенд пра прарока Мухамеда. Акрамя таго, з’яўленне беларускамоўных багаслужэбных кніг, напісаных арабскім пісьмом, супала па часе з Рэфармацыяй, калі ў народаў, што ўваходзілі ў склад насельніцтва ВКЛ, вырасла цікавасць да сваёй гісторыі, культуры, рэлігіі.
Асаблівасці культурнай спадчыны літвінскіх (беларускіх) татар адлюстраваны ў беларускамоўнай арабска-алфавітнай пісьменнасці, арыгінальнай культавай архітэктуры, самабытных традыцыях і звычаях.
Іх культуру цяжка ўявіць без выканання такіх мусульманскіх абрадаў, як чытанне Карана, малітв, раздача міласці. Гэтыя абрады з'яўляліся асноўным стрыжнем імянарачэння, пабрацімства, вясельных урачыстасцяў, хаўтур, дня памяці памерлых і г. д. Яны праводзіліся, як правіла, у хатняй абстаноўцы падчас званага абеду. Усе вышэйназваныя абрады насілі характар устойлівай традыцыі. Іх апісанне мы знаходзім у мастацкай, гісторыка-этнаграфічнай літаратуры, прысвечанай жыццю татараў.
Савецкі час моцна ўдарыў па нацыянальнай групе татараў. Варта сказаць, што ў беларускіх татараў не было многіх прыкмет фарміравання нацыі. Татары не мелі агульнасці тэрыторыі, іх паселішчы былі раскіданыя па многіх кутках краіны. Адзіным фактарам аб’яднання была рэлігія. Іслам татары пранеслі праз стагоддзі і захавалі. Больш за тое, у свядомасці старэйшага пакалення да гэтага часу захавалася тоесная роўнасць паміж паняццямі татарын і мусульманін. Падчас савецкага атэізму была па сутнасці разбурана рэлігійная база, якая аб'ядноўвала татараў. Пасля другой паловы 80-х гадоў пачалося нацыянальнае і культурнае адраджэнне. У 1994 годзе зарэгістравана Мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння дзейнічае некалькі мусульманскіх суполак. На прыкладзе адной з іх – Ляхавіцкай (г. Ляхавічы, Брэская вобласць), мы адлюструем сучаснае жыццё беларускіх татар.
Дакладная дата з’яўлення татар у горадзе Ляхавічы, які ў гістарычных хроніках упершыню ўзгадваецца ў 1492 годзе, невядомая. Верагодней за ўсё, першыя татры на сталае жыхарства прыйшлі ў горад, пасля таго, як 5 жніўня 1506 года войскі князя Міхала Глінскага пад Клецкам разбілі арду крымчакаў. Пасля гэтай падзеі ў ваколіцах Клецка ў гарадах і мястэчках пачалі з’яўляцца татарскія сем’і. На працягу стагоддзяў татары кампактна пражывалі ў Ляхавічах плячо ў плячо з беларусамі, палякамі і яўрэямі. Жылі яны на сваёй асобнай вуліцы, якая называлася Татарская. Як сведчаць гістарычныя хронікі, татары пераважна займаліся рамёствамі.
Мелі ляхавіцкія татары і сваю мячэць. У працы «Мячэці і могілкі польска-літоўскіх татараў» знаходзім апісанне 70 парафій і мячэцяў, якія існавалі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку і апісанне ляхавіцкай. Яе будаўніцтва звязваюць з вяртаннем польска-літоўскага войска з Францыі ў 1815 годзе, у складзе якіх быў і татарскі полк, які сфармаваў ў 1813-1814 гг. паручнік Самуіл Улан. У палку меўся і свой імам. Па вяртанні палка ў паселішчах татараў будуюцца новыя мячэці. Ляхавіцкая мячэць была драўляная з чатырохсхільным дахам і з грэбнем. Акрамя дрэва, як асноўнага будаўнічага матэрыялу, назавем яшчэ некалькі характэрных рыс, уласцівых мусульманскім храмам на тэрыторыі Беларусі, якія мелі сваё адлюстраванне і ў ляхавіцкай святыні. Па-першае, гэта дзяленне малельнага памяшкання на дзве часткі: жаночую і мужчынскую паловы. Па-другое, два ўваходы ў мячэць – на жаночую і мужчынскую паловы. Па-трэцяе, наяўнасць драўляных лавак уздоўж сцен для людзей сталага ўзросту і хворых, якія не маглі здзяйсняць намаз (малітоўны абрад) на падлозе. Грунтуючыся на гістарычных дакументах, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, можна меркаваць, што ў 1884 годзе ў Ляхавічах планавалася ўзвядзенне новай мячэці: «Документ №2. Выписка из протокола строительного отделения Минского губернского правления от 30 июня 1884 г.
Слушали: доклад хатыпа Ляховической мечети Слуцкого уезда Самуила Бекировича Вороновича, который представил 12 мая 1884 г. проект с копией на постройку в Ляховичах здания мечети. Упомянутый проект с копией 25 мая за №482 был препровождён в Слуцкое уездное полицейское управление для вручения просителю и объяснения, что на технических документах необходимо указать генеральный план местности и пляца, на котором находится мечеть. В целом строительное отделение одобрило проект на постройку мечети в Ляховичах и после утверждения проекта генерал-губернатором его необходимо препроводить в Слуцкое уездное полицейское управление».
У 1918 годзе, калі ў горадзе на кароткі перыяд ўсталявалася савецкая ўлада, мячэць была разабрана, а ў 1924-1928 гг. зноў адбудавана на ахвяраванні татараў, якія эмігравалі ў Амерыку, Віленскага муфтыя і Егіпецкага караля. Разбурана мячэць была ў 1960-я гады.
Падчас Другой сусветнай вайны ў горадзе дзейнічаў «Татарскі камітэт».
Мусульманская суполка ў Ляхавічах з’явілася напачатку 90-х гадоў і сёння налічвае каля 50 чалавек. Узначальвае яе Алі-Рашыд Іванавіч Байрашэўскі. Сярод ляхавіцкіх татар двое нават умеюць чытаць і пісаць па-арабску, а адзін справіў хадж у Мекку. Сучасныя мусальмане прытрымліваюцца шмат якіх канонаў і выконваюць шэраг традыцыйных абрадаў: святкуюць Рамазан-Байрам (перад якім трымаюць пост); не п’юць гарэлкі; шануюць святую пятніцу, у якую здзейсняюць намаз, а часам збіраюцца на супольную малітву (сёння мячэці ў Ляхавічах няма і татары збіраюцца на малітву дома ў старшыні суполкі). Адно з галоўных свят у татар – Курбан-Байрам. Святкаваць яго пачынаюць з самай раніцы. Да світання здзейсняюць поўнае амавенне, апранаюць лепшую вопратку, чытаюць ранішнюю малітву. Праз некаторы час збіраюцца ў малітоўным доме на святочную малітву, пасля якой здзейсняецца абрад ахвяравання. На працягу ўсіх святочных дзён прынята чытаць Каран, весці сумленныя размовы, рабіць падарункі, наведваць мізар (могілкі).
На жаль сярод ляхавіцкіх татар незахавалася шмат пабытовых абрадаў – іменадання, вяселля і іншых, бо іх носьбіты ўжо памерлі і не перадалі нашчадкам свае веды. Са старадаўніх абрадаў ляхавіцкія татары захавалі і праводзяць па канонах пахаванне: нябошчыка завёртваюць у саван, кладуць у яму галавой на захад і тварам да Меккі, робяць над ім драўляны скатны дах. Напрыканцы мая на старажытным (XVIII стагоддзя) ляхавіцкім мізары, каб узгадаць памерлых продкаў, збіраецца шмат народу – мясцовыя татары і ўсе тыя, хто калісьці выехаў адсюль.
У асяроддзі ляхавіцкіх татар захаваліся рэшткі традыцыйнай і вядомай сваімі прысмакамі кухні. Па святах, а часам і штодзённа жанчыны гатуюць смачныя калдуны – мяса, завернутае ў цеста; перакачэннікі – на раскатанае цеста кладзецца бараніна, накрываецца цестам потым зноў бараніна і цеста, скручваецца ў рог і пячэцца ў каструлі; цыбульнікі – падобная страва на перакачэннік, толькі мяса змешваецца з вялікай колькасцю цыбулі.
На сеняшні час ляхавіцкія татары мараць аб новай мячэці, нават ужо распрацаваны яе план і выбрана месца для пабудовы.
Крыніца пошука:
1. Булатый, П.Ю. Беларускія татары: гісторыя і сучаснасць / П.Ю. Булатый // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе : сб. науч. ст. / Гроднгос. ун-т им. Янки Купалы; под ред. М. А. Можейко (гл.ред.). [и др.] – Гродно: ГрГУ, 2014. – С. 265 – 270.
2. Чаропко, В. Великий князь Витовт / В. Чаропко. – Минск : ФАУинформ, 2010. – 80 с.
3. Размова са старшынёй мусульманскай суполкі Алі-Рашыдам Байрашэўскім, запісаная пад час экспедыцыі, 2022.