Царква ў гонар Святога Духа
в. Падлессе
  • Царква ў гонар Святога Духа
Здаўна было цэнтрам праваслаўнага прыходу сяло Падлессе. Тутэйшая царква, пабудаваная ў другой палове ХVIII стагоддзя называлася Свята-Духаўскай. Пабудова царквы злучана з дзвюмя падзеямі: з’явай цудадзейнага абраза Найсвятой Багародзіцы і вылучэннем надзелу зямлі ў 1637 годзе для ўтрымання пачатку новазаснаванай у Падлессі зямлі. Храм праіснаваў не доўга і па невядомых прычынах у ХVIII стагоддзі ён знік. Але ўжо ў другой палове таго ж стагоддзя была пабудавана царква, якая існуе і сёння.
Спачатку Падлеская царква дзейнічала, як прыпісаная да Ляхавіцкай Георгіеўскай царквы (да 1793 года). Са знікненнем Ляхавіцкага храма яе пераназвалі ў Ляхавіцка-Падляскую, але пасля адраджэння ў Ляхавічах царквы яна стала называцца Падлескай Свята-Духаўскай царквой. Настаяцелем у ёй быў святар Іпаліт Гаворскі. З 1 лютага 1881 года настаяцельствуе святар Амфілохій Рубероўскі. 2 ліпеня 1881 года, згодна ўказа Яго Праасвяшчэнства, на месца святара прызначаны былы настаяцель Бярэзінскай царквы Васіль Шамяціла. У 1956 годзе настаяцелем Свята-Духаўскай царквы прызначаны айцец Георгій Платонавіч Люльковіч, які служыў да 1982 года. Пасля яго прыход царквы Падлессе ўзначальваўся шэрагам святароў. 22 снежня 1996 года прыход узначальваў айцец Уладзімір Плакса, якога ў 2009 годзе змяніў іерэй Максім Доўгі.
У 2014 годзе іерэй Канстанцін Шалудзько становіцца настаяцелем Царквы ў гонар Святога Духа. Сёння настаяцелем храма з’яўляецца іерэй Уладзіслаў Прымшыц, які пачаў сваю службу ў верасні 2022 года.

Цікава!
Самым галоўным набыткам царквы з’яўляецца цудадзейная выява Найсвятой Багародзіцы (у народзе названа Падлеская). У 2009 годзе прыхаджане вёскі Падлессе выявілі камень (валун). Вернікі лічаць, што гэта той самы камень, на якім з’явіўся абраз Боскай Маткі. І другі храм ставілі на месцы, на якім застаўся яе след. Быццам бы застаўся там каменчык, які потым паклалі ў падставу алтара. Паводле падання, абраз Боскай Маткі вылечыў сляпую дзяўчыну: яна наблізілася да месца, дзе з’явілася выява, і пачала бачыць. Жыхары Падлесся спехам пабудавалі на месцы з’явы абраза дашчаны шацёр, а потым і драўляную капліцу. Пасля Мсціслаўскі ваявода Георгій Сапега падчас цяжкай хваробы даў зарок пабудаваць тут храм. Як ачуняў, ён хадзіў пешкі да цудадзейнай выявы, а потым пабудаваў драўляную царкву (у першай палове ХVІІІ стагоддзя).

Царква ў гонар Святога Духа знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пабудавана ў другой палове ХVIII стагоддзя з дрэва на месцы драўлянага храма 1637 года, узведзена па фундацыі мсціслаўскага ваяводы Георгія Сапегі.
Архітэктура вызначаецца прастатой і лаканічнасцю, рысамі драўлянага дойлідства, мае традыцыйную для праваслаўных храмаў аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: прамавугольны ў плане асноўны аб’ём пераходзіць пяцігранную апсіду, да якой па баках прыбудаваны невялікія рызніцы. Усе зрубы аб’яднаны агульным двухсхільным дахам, франтон якога завершаны фігурнай вежачкай над алтарнай часткай-макаўкай. Заходні фасад аформлены прыбудаваным у ХІХ стагоддзі шасцікалонным порцікам, трапецыяпадобны франтон якога, як і дах апсіды , завершаны макаўкай. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцежкамі. Уваход вырашаны арачным дзвярным праёмам. У залу, перакрытую плоскай столлю, выступаюць хоры з балюстраднай агароджай. Вельмі шанаваўся абраз “Маці Божая”. Перад храмам пастаўлена мураваная двухярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатром з макаўкай. Архітэктура вырашана ў стылі позняга класіцызму. Грані дэкарыраваны гарызантальнай расшыўкай тынкоўкі, вуглавымі руставанымі лапаткамі, круглымі разеткамі.
Вернікі вельмі добра клапоцяцца пра свой храм. Для ўпрыгожвання абразоў рушнікі клапатліва вышываюць самі. Даўжыня аднаго з іх (вянчае іканастас) больш за 30 метраў. Пра што не спытаць у мясцовых жыхароў: пра ўбранства храма, яго гісторыю, захаванне каштоўнасцей, – у адказ можна пачуць, што так вырашылі падляшане. Гэта іх зямля, іх прыход і іх благадатны храм.


Цікава!
Некалькі гадоў таму злачынцы выкралі з царквы тры даўнейшыя абразы, але расказваюць, што два з іх ужо знайшліся. А вось адзін даў аб сабе ведаць з Польшчы. Усе, хто меў дачыненне да прапажы ікон напрацягу некалькіх год памерлі.

У вёсцы Падлессе нарадзіўся і быў выхаваны ў веры праваслаўнай прападобны пакутнік архімандрыт Серафім Жыровіцкі.
28 кастрычніка 1999 года Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія архімандрыт Серафім быў залічаны да 23 мясцовашануемых святых навамучанікаў зямлі Беларускай, а ў жніўні 2000 года Архіерэйскім Саборам Праваслаўнай Царквы праслаўлены ў саборы навамучанікаў і прапаведнікаў расійскіх ХХ стагоддзя. Памяць пра яго адзначаецца штогод 6 верасня (дзень арышту). У гонар прападобнамучаніка дзейнічае прыхадская царква ў Слоніме, пабудавана царква ў Гродна. Іконы святога маюцца ў многіх храмах Беларусі.
Па благаславенню архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана 6 верасня, у дзень памяці прападобнага Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, у Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве горада Ляхавічы і ў Свята-Духаўскай царкве вёскі Падлессе збіраецца духавенства і вернікі для набажэнства.
Прападобнапакутнік Серафім з’яўляецца нябесным заступнікам Зямлі Беларускай і малітоўнікам за ўсю Ляхавіччыну.


Крыніца пошука:

1. Бутович, Н. Чудо-камень спас от слепоты //  Белорусская нива. -  2012. -  13 января. -  С. 6.
2. Грицкевич, Т. Следствие ведёт... провидение //  Советская Беларусь. -  2005. -  22 апреля. -  С. 23.
3. Дулеба, Г. Праваслаўная даўніна //  Ляхавіцкі веснік. -  2007. -  21 лістапада. -  С.4.
4. Зарэчная, Г. З малітвай пра здароўе [З 13 па 18 ліпеня ў храме Узвіжання Крыжа Гасподня - святыя мошчы Свяціцеля Лукі ] / Галіна Зарэчная // Ляхавіцкі веснік. - 2014. - № 70. – 11 верасня. - С. 4.
5. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. Давед. / А. М.  Кулагін. Маст. З. Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. — Мн.: БелЭн, 2007. — с. 310-311 : іл.
6. Канько, Г. Памяці заступніка зямлі беларускай / Галіна Канько ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. - 2022. — 10 верасня (№ 69). — С. 3. : фат.
7. Лапіч, А. Падлеская рапсодыя //  Ляхавіцкі веснік. -  2012. -  23 жніўня. -  С. 4.
8. Жытко, Г. Святыня //  Ляхавіцкі веснік. -  2005. -  26 сакавіка. -  С. 7.

Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder