Царква Раства Іаана Прадцечы
в. Навасёлкі
  • Царква Раства Іаана Прадцечы
У пачатку XVII стагоддзя назіралася актыўнае будаўніцтва уніяцкіх цэркваў і манастыроў. Нягледзячы на гэта была пабудавана драўляная праваслаўная царква на Ведзьме (зараз – аграгарадок Навасёлкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці), аб чым сведчыць запіс у “Візітаце уніяцкім” за 1793 год.
Праваслаўны храм ў Навасёлках быў пабудаваны ў выглядзе капліцы, якая не захавалася. На мяжы XIX–ХХ стагоддзяў быў пабудаваны храм, але ён быў перароблены прыхаджанамі ў могілкавую капліцу. Гэта быў аднапавярховы драўляны будынак, які нагадваў звычайную хату. З успамінаў мясцовай жыхаркі Аляксандры Гарбатай: “Сцены былі высокімі, у даўжыню капліца была каля 15 метраў. Звонку абшалявана дошкамі і выкрашана ў рыжанькі колер. Дах двухскатны, наверсе дзве невялікія вежачкі: адна – званніца – размяшчалася каля ўвахода, другая – у процілеглым боку, на якім быў і купал з крыжом. Званілі ў “біла” – металічны полы балон, па якім грукалі палкай. Да ўвахода ў царкву вялі тры невысокія ступені. Увайшоўшы ў капліцу праз драўляныя дзверы, злева можна было ўбачыць вінтавую лесвіцу ў званніцу. Спачатку калідорчыка не было, але людзі сабралі грошы і пабудавалі перагародку, якая аддзяляла галоўную залу ад увахода. Унутранае ўбранства было вельмі простае, была невялікая колькасць ікон”.
У 1921 годзе ўся тэрыторыя Ляхавіччыны ўвайшла ў склад Польшчы. Вёска Ведзьма (Навасёлкі) адносілася да Дараўскай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. Пачаўся працэс паланізацыі. У сувязі з гэтым праяўлялася нецярплівасць у адносінах да праваслаўнага насельніцтва. З успамінаў Аляксандры Гарбатай: “Свяшчэннікам у царкве на Ведзьме да 1925 года служыў святар Панько. Пад уздзеяннем польскіх уладаў ён хацеў пераўтварыць праваслаўную царкву ва ўніяцкую. Пачуўшы такую навіну, людзі былі моцна абураны. Якім чынам захаваць праваслаўную веру? Падказку мясцовым жыхарам даў свяшчэннік Хільтоў, які нёс службу ў суседнім прыходзе. Ён быў чалавек высокай годнасці, выхаваў у праваслаўным духу траіх сваіх сыноў, якія пайшлі па бацькавых слядах – сталі святарамі. Дваіх з іх спалілі фашысты ў Калдычэўскім лагеры смерці разам з некаторымі жыхарамі прыходаў, у якіх яны служылі. Калі Панько скончыў службу і разаблачыўся, мужчыны сілай вывелі яго з царквы і прымусілі пакінуць прыход. Так царква засталася без святара, але праваслаўнай. У 1934 годзе з Украіны прыбыў стары манах, які і стаў новым святаром. Родных і блізкіх не было, ды і маёмасці ніякай таксама. Людзі сабралі па бервяну і пабудавалі побач з царквою невялічкую хатку. Абсталявалі яе лежаком, сталом і лавамі, прыняслі посуд. Бедненька выглядала ўбранне, але “Манашак” (так ласкава называлі новага бацюшку вяскоўцы) быў удзячны ўсім. Праслужыў ён каля двух гадоў, а пасля памёр. Пахавалі яго на царкоўных могілках. У 1936, а можа ў 1937 годзе ў нашай мясцовасці з’явіўся праваслаўны святар Пётр Чуркін, які служыў да 1942 года”.
У 1930-х гадах у савецкай краіне пачалася антырэлігійная палітыка – масавае закрыццё цэркваў, рэпрэсіі царкоўных дзеячаў. Многія святары пакідалі свае прыходы і накіроўваліся ў заходнюю частку Беларусі. Так у вёсцы Навасёлкі з’явіўся праваслаўны святар Пётр Чуркін. Трапіў ён сюды са Смаленшчыны, дзе засталіся жонка і дачка. Менавіта яму ўдалося пакінуць найбольшы след у сэрцах вернікаў мясцовага праваслаўнага прыходу. Дзейнасць Пятра Чуркіна нясла людзям надзею і спакой. З павагай адносіліся да айца Пятра і польскія ўлады. Здаецца, нічога выдатнага ён не зрабіў, а вось помняць людзі і шануюць яго ў сваёй памяці. З расказа мясцовай жыхаркі Надзеі Камінскай: “Цікава праходзілі святы – Пасха, Нараджэнне Хрыстова, Радуніца, асвяшчэнне могілкаў. На свята Іаана Хрысціцеля будынак звонку ўпрыгожваўся маладымі бярозкамі і каляровымі стужкамі. Нават у полі маліліся з іконамі аб дажджы падчас засухі. Каля кожнай хаты прыбіралі стол, ставілі на яго ікону і, ідучы па вёсцы, спыняліся і маліліся ўсім мірам аб дабрабыце ў доме”.
Айцу Пятру прыслужвалі Драчан Рыгор Васільевіч, Піваш Іван, Пражога Іосіф. А ў гаспадарчай дзейнасці дапамагалі старасты Бяльмач Андрэй і Несцяровіч Барыс Юльянавіч.
У суседняй вёсцы Пранчакі размяшчалася польская 4-класная школа для сялянскіх дзяцей. Кіраўніком у ёй быў польскі былы ўнтэр-афіцэр Юзэф Скубіда – асаднік, якога разам з жонкай Ірэнай Бадахоўнай і сынам Юркай прыслалі з Варшавы. І хоць школа была польская, але такому прадмету, як рэлігія, навучаў праваслаўны святар Пётр Чуркін. Гэта сведчыла аб тым, што большасць жыхароў вёсак Навасёлкі, Пранчакі, Станчыкі, Краглі былі праваслаўнымі.
З успамінаў Аляксандры Гарбатай, жыхаркі вёскі Навасёлкі: “Я была невялікай дзяўчынкай, але памятаю, як мама амаль кожны дзень гатавала невялікі клуначак з пачастункамі для айца Пятра. Я з задавальненнем бегла на Кулік да Пражогаў, дзе жыў бацюшка, таму што ведала, абавязкова што-небудзь цікавае прыпас для мяне”.
У 1939 годзе адбылося аб’яднанне тэрыторыі Беларусі. Пачалі ўсталёўвацца савецкія парадкі, якія не мінулі і Ляхавіччыну. Былі зачынены амаль усе храмы, службы не праводзіліся, святары фізічна знішчаліся ўладамі.
Рызыкуючы сваім жыццём, Пётр Чуркін працягваў сваю святарскую дзейнасць, але не ў будынку царквы, а ў хаце Іосіфа Пражогі. Там тайна вянчаў маладых, хрысціў дзяцей. Мясцовыя жыхары папярэджвалі айца Пятра загаддзя аб небяспецы, таму ўдавалася схавацца. Нават дачка Пятра Чуркіна ўгаворвала бацьку пакінуць прыход і паехаць з ёй на Смаленшчыну. Але святар адмовіўся, прыкіпеў душою да сваіх вернікаў.
У 1941 годзе тэрыторыя Ляхавіччыны апынулася ў фашысцкай акупацыі. Праваслаўны айцец Пётр абараняў як мог інтарэсы праваслаўнага насельніцтва перад новымі ўладамі. Людзі ўспамінаюць: “Жылося вельмі цяжка, каб зарабіць крыху марак, вазілі на продаж у Баранавічы прадукты з падворка. Дык немцы маглі адабраць і тавар, і грошы. Запыніць патруль і пытаецца: “Што вязеш? Куды едзеш?” Каб уратавацца, людзі прыкрываліся іменем айца Пятра – яму вязём, у царкву. І немцы, на дзіва, адпускалі”.
У 1942 годзе Пётр Чуркін цяжка захварэў, праляжаў сем тыдняў і памёр. Яго смерць ускалыхнула ўсё наваколле. На пахаванне прыехалі чатыры святара з навакольных прыходаў. Жанчыны сабралі ільняныя тканіны, аблачылі бацюшку і паклалі ў труну. Пахаваны на царкоўных могілках, аднак памятнага знака знайсці не ўдалося.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны царква была зачынена, а службы тайком праводзіліся ў хаце мясцовага жыхара.
У 1944 годзе Ведзьманская Іаана-Прадцечанская царква, прыпісаная да Дараўскага прыходу пад кіраўніцтвам протаіерэя Міхаіла Вішнеўскага, была спалена адступаючымі немцамі, якія хацелі выкурыць засеўшых на званніцы партызан.
Пасля вайны ўсе службы праводзіліся ў Дараўскай царкве, туды ж былі і перададзены ад Ведзьманскай Іаана-Прадцечанскай царквы петрахіль, сурвэткі з крыжамі, анцімінс, чаша, царкоўныя кнігі.
У 1998 годзе была створана і зарэгістрыравана Брэсцкім аблвыканкамам праваслаўная абшчына ў вёсцы Навасёлкі. У кастрычніку 2000 года па благаславенні архіепіскапа Стэфана благачынным Ляхавіцкай акругі Георгіем было асвечана месца і закладзены камень пад будаўніцтва храма Раства Іаана Прадцечы, толькі не ў былой вёсцы Ведзьма, як раней, а ў аграгарадку Навасёлкі. Рэальнае будаўніцтва пачалося пазней: не адзін год на гэту тэму ішлі размовы – вельмі дорага каштаваў праект. Адказнасць за расходы на будаўніцтва царквы ўзяў на сябе СВК “Шлях новы” і яго старшыня Клішэўскі Іван Іванавіч, таксама матэрыяльную дапамогу аказалі самі вернікі. Яшчэ задоўга да завяршэння будаўніцтва каля царквы праводзіліся службы ляхавіцкім благачынным Георгіем. 21 верасня 2004 года на свята Нараджэння Божай Маці была прведзена першая служба ў новым будынку святаром, які прыехаў разам з сям’ёй з Сібірскага горада Томска – іерэем Сергіем Кузняцовым.
30 кастрычніка 2004 года царква была асвечана ў імя Раства Іаана Прадцечы. Храм быў асвечан епіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам.
З 2004 года настаяцелем храма Раства Іаана Прадцечы прызначан іерэй С
ергій Кузняцоў.


Крыніца пошука:

1.
Дыдышка, В. Сцяжынка да храма //  Ляхавіцкі веснік. -  2011. -  16 лютага. -  С. 3.
2. Святлова, Вольга. Сцяжынка да храма / Вольга Святлова; фота Cяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. - 2004. - 3 лістапада. (109). - С. 1-2.


Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2023
WYSIWYG Web Builder