Вярхоўі Шчары, прытоку Нёмана, як можна меркаваць паводле выяўленых стаянак першабытных людзей, былі заселеныя здаўна. Гэтыя мясціны прывабілі i перасяленцаў з-над Лабы i Одры - з старажытнай гістарычнай вобласці Мекленбургія. Як вядома, пачынаючы з VIII стагоддзя, германцы выцяснялі адтуль славянскія плямёны, значная частка якіх перабралася ў Панямонне. Разам з перасяленцамі прыйшла i літва - так заходнія славяне называлі пэўнае ваярскае саслоўе, якое складалася пераважна з вольнаадпушчаных, г. зн. адпушчаных на волю палонных ваяроў іншых славянскіх плямёнаў. А сяленне ў гэтым кутку старажытнай Навагарадскай зямлі бежанцаў з Мекленбургіі пацвярджаецца, прыкладам, назвамі вёсак Калдычэва, Карчова, Каўпеніца, Крашын, Сталавічы, Ясянец (Баранавіцкага раёна), Востраў, Вошкаўцы, Дрэкі, Карані, Літва, Лотва, Туркі ды іншыя (Ляхавіцкага раёна), якія маюць адпаведнікаў - амаль ідэнтычныя тапонімы - у міжрэччы Лабы i Одры, што занатаваны ў старажытных дакументах, a таксама i на сучасных картах Нямеччыны.
Верагоднасць перасялення літвы з Мекленбургіі ў наш край пацвярджаецца, прыкладам, прозвішчам Трысцень, якое маюць жыхары вёсак Літва, Дарава ды некаторых суседніх паселішчаў Ляхавіцкага раёна. Слова Трысцень спатыкаем i ў зборніку старажытных дакументаў X - XIII стагодцзяў Мекленбургіі - "Meklenburgische Urkundebuch": Trizcen (1264 г., каля г. Шверын). A ў дакуменце з 1232 г. слова Трысцень, мабыць, азначала імя. мянушку ці прозвішча селяніна з-пад г. Варнаў, які меў луг: Trezstini lug - "Трысценеў луг".
Варта заўважыць, што бежанцы з Мекленбургіі былі паганцамі, a ix нежаданне ахрысціцца было адной з прычынаў перасялення ў Панямонне, дзе яны доўгі час заставаліся пры старой веры - ідалапаклонстве. Новых жыхароў Навагарадскай зямлі спрабаваў ахрысціць толькі ў XIII стагоддзі навагарадскі князь Міндоўг. Але ў той час паганства мела моцныя пазіцыі, таму Міндоўгаў намер нездзейсніўся. І толькі праз паўтараста гадоў вялікі князь ВКЛ Вітаўт разаслаў па "ўсёй сваёй дзяржаве" мандат, якім запавядаў прыезд "ксяндза-біскупа" ды абавязваў сваіх падначаленых спрыяць хрышчэнню літвы: "...вы, мае цівунове, збярыце перад ім літву, каторая не хрысцілася, a тых ахрысціць біскуп, як яго воля..."
Можна меркаваць, што ў той 1393 год, або неўзабаве пасля таго, былі ахрышчаныя жыхары тагачаснага паселішча, якое вядомае цяпер як вёска Літва. Безумоўна, яны не былі пакінутыя без пастырскай апекі. Новай парафіі патрэбна была святыня. Яе будаўніцтва звязваюць з дзейнасцю Навагарадскага намесніка Пятраша Манцігірдавіча, які займаў гэтую пасаду з 1430 па 1434год. Менавіта ён даў фундуш на першы драўляны касцёл у Дараве. Гэтая святыня была пабудавана ў 1440 годзе на высокім беразе па-над Шчарай, відаць, там, дзе i цяпер узвышаецца прыгожы гмах касцёла.
Той будынак прастаяў, мабыць, да XVII стагоддзя. Паводле запісу курыі Віленскага біскупства, у склад якога i ўваходзіла Дараўская парафія, 9 сакавіка 1618 года рашэннем біскупскага капітула "... дадзена капу хвоек з маёнтка Лук на касцёл, што будуецца ў Дараве".
Падчас вайны 1654 - 1667 гадоў быў знішчаны не толькі той новы касцёл. У тых жа запісах віленскай курыі пад 1676 годам пазначана, што Дараўская парафія засталася без святара. Туды быў накіраваны "камендар".
Паводле звестак знакамітага беларускага краязнаўцы Аляксандра Ельскага, у 1841 годзе ў Дараве была пабудавана новая святыня. Захавалася i апісанне яе. Касцёл зрубілі з захаваннем традыцыйнай для нашага краю аб'ёмна-прасторавай канструкцыі. Яго прамавугольны аб'ём пад двухскатным дахам фланкаваўся на галоўным фасадзе трохяруснымі шатровымі вежамі. Сцены былі ашаляваныя гарызантальна дошкамі. Толькі вокны Дараўскага касцёла не адпавядалі гэтаму стылю: яны былі арачнымі. Касцёл быў высвенчаны ў імя Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго будаваў пробашч Бярнард Місіевіч.
Запісы ў метрычных кнігах Дараўскай парафіі сведчаць, што напрыканцы XIX стагоддзя пробашчамі тут былі ксяндзы Адам Піянтроўскі (1871 - 1872 гг.) i Стэфан Вайноўскі. Апошні, калі меркаваць паводле запісаў, служыў у Дараве да 1904 года. Пазнейшы запіс - у красавіку 1912 года - паведамляе пра смерць гэтага святара, які тады быў пробашчам Любешаўскага касцёла, што на украінскім Палессі. Мабыць, ксёндз Вайноўскі прасіў пахаваць яго ў Дараве, бо паводле хадайніцтва i за дазволам губернатара цела ксяндза С.Вайноўскага было прывезена ў колішнюю ягоную парафію, a пробашч Дараўскага касцёла ксёндз Ганіч пахаваў яго на дараўскіх могілках.
Пачынаючы з снежня 1906 года, у запісах метрычных кніг Дараўскага касцёла згадваецца імя новага ксяндза - Казіміра Ваньковіча. Гэты адданы пастыр заваяваў вялікую любоў i пашану мясцовых парафіянаў, наладзіўшы тут розныя курсы. За такую дзейнасць ксёндз Ваньковіч быў абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці ды арыштаваны. Жыхары Дарава i Літвы цэлай працэсіяй праводзілі яго далёка за вёску, прасілі Бога заступіцца за любімага пастыра i вярнуць яго парафіянам. Распавядаюць, што ён быў сасланы ў Сібір.
A ў 1908 годзе ксёндз Ваньковіч ужо вярнуўся з выгнання. Паводле запісу, 22 чэрвеня таго года ён хрысціў дзіця ў Дараўскім касцёле, але служыць тут яму, відаць, не дазволілі: з восені ксёндз К.Ваньковіч стаў пробашчам у мястэчку Ліпск Ляхавіцкага дэканату.
Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Дараўскай парафіі, верагодна, не было сталага святара. У метрычных кнігах чарадуюцца імёны ксяндзоў Леанарда Кавэцкага, Б.Ягеловіча, Лабка, Стэфановіча, Малахоўскага, Вітальда Івіцкага. Пэўны час тут служыў i вядомы беларускі каталіцкі ды грамадскі дзеяч Фабіян Абрантовіч (1884 - 1940 гт.). Паводле запісу ад 15 жніўня 1907 года, дыякан Фабіян Абрантовіч ахрысціў дзіця.
У 1911 годзе пробашчам Дараўскай парафіі быў прызначаны ксёндз Казімір Ёдка. I хоць наступнага лета парафіянамі апекаваўся ды выконваў розныя абрады ксёндз Ганіч, пробашч Казімір Ёдка застаўся душпастырам да самага пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Дараўскай парафіі (захаваўся датаваны 1912 годам фатаздымак ксяндза Ёдкі з парафіяльнымі актывістамі каля будынка плябаніі). Пад ягоным кіраўніцтвам парафіяне рыхтавалі на пачатку траўня 1915 года сваю святыню да немінучых падзей. З вежаў касцёла былі знятыя званы, ix утапілі ў Шчары. Паводле некаторых звестак, апошні дараўскі драўляны касцёл быў разбураны або згарэў восенню 1915 года, бо паўз яго праходзіла лінія фронту. Сведкаў таго знішчэння няма, таму што жыхары ўсіх навакольных вёсак былі выселены.
У 1916 годзе нямецкія ўлады дазволілі вярнуцца з бежанцаў жыхарам Дарава i Літвы. Яны не ўбачылі ні касцёла, ні сваіх хатаў. Нельга было адшукаць i родныя папялішчы: берагі Шчары, уся зямля навокал была перарытая акопамі, ямамі ды апутаная калючым дротам. Не засталося i прыкметаў, паводле якіх змаглі б адшукаць месца, дзе ўтапілі званы.
Дарава i Літва паступова пачалі адбудоўвацца. У родную парафію вярнуўся ксёндз Казімір Ваньковіч. Сродкаў на касцёл не было, a таму вырашылі перш зрубіць невялікую капліцу, якую асвяцілі ў 1926 годзе. Пробашч пачаў старацца здабыць сродкі на будаўніцтва ў Дараве вялікага касцёла, бо такая каплічка не магла змясціць i дзесятай часткі амаль трохтысячнай грамады парафіянаў. Быў закладзены падмурак, a для вырабу цэглы пабудавалі цагельню. Але аналізы мясцовай гліны былі праведзены неякасна, у ёй аказаліся прымесі вапны, таму з такой цэглы не можна было будаваць.
Улетку 1931 годаў Дарава прыехаў малады ксёндз Станіслаў Шаплевіч, які не толькі заваяваў любоў парафіянаў як душпастыр, але i з усёй маладой энергіяй узяўся працягваць будаўніцтва святыні. Каб не траціць сродкі на закуп дарагіх матэрыялаў, новы пробашч вырашыў выкарыстаць старыя нямецкія бліндажы. З ix высякалі блокі, з якіх i пачалі мураваць сцены касцёла паводле праекту інжынера Браніслава Іваньчыка.
Нібы ластаўкі гняздо, парафіяне дружна ляпілі сваю святыню, разам з імі працаваў i ксёндз Шаплевіч. Божа, заплаці ім за ix самаахвярнасць!
Сумесная праца яднала людзей, спрыяла i развіццю касцёльнага i культурнага жыцця ў парафіі. Праз два гады пасля прыезду ксяндза Шаплевіча тут дзейнічала некалькі канфесійных i грамадскіх арганізацыяў.
У 1936 годзе ад пакінутага без нагляду кадзіла ўзнік пажар i згарэла Дараўская каплічка. Але гэты прыкры выпадак толькі прыспешыў старанні парафіянаў. Праз год пасля гэтага здарэння будаўніцтва Дараўскага касцёла было закончана i 15 жніўня 1938 года біскуп Пінскі Казімір Букраба асвяціў яго.
Але нядоўга служыў ксёндз Станіслаў Шаплевіч у новай святыні. Восенню 1939 года ён мусеў пайсді ў падполле. Парафіяне надзейна схавалі свайго пастыра. Тады ксяндзу Шаплевічу ўдалося пазбегнуць высылкі. У 1942 годзе імя дараўскага пробашча на кароткі час з'явілася на старонках метрычнай кнігі парафіі, але запіс 31 траўня 1942 года быў апошнім. Ксяндзу Шаплевічу давялося таіцца ўжо ад немцаў.
У 1944 годзе падчас паветранага бою савецкага і нямецкага самалётаў была падпаленая i згарэла Дараўская плябанія. Быў значна пашкоджаны i будынак касцёла. (Пазней, у 90-я гады, калі яго рэстаўравалі, у адной сцяне над хорамі выявілі артылерыйскі снарад, які там застраў: вось якія моцныя сцены вымуравалі дараўскія парафіяне!)
Ксёндз Шаплевіч зноў быў вымушаны хавацда. Толькі ў траўні 1947 года яго арыштавалі i пасля працяглага следства саслалі ў сталінскія лагеры. Бог захаваў яго для любімых парафіянаў: з Інты ксёндз Шаплевіч вярнуўся ў родную парафію. Але служыць не было дзе, бо Дараўскі касцёл яшчэ ў 1949 годзе забралі ў вернікаў i зрабілі з яго склад. Ды вернікі ніколі не змірыліся з такім станам i працягвалі патрабаваць вярнуць святыню нават i пасля смерці свайго любімага пастыра ў 1975 годзе. Урэшце, каб перашкодзіць аднаўленню парафіі, улады вырашылі знішчыць будынак касцёла. Але разбурыць сцены, якія вытрымалі артылерыйскі абстрэл, было немагчыма. Удалося падпаліць толькі драўлянае перакрыцце столі. Дах рухнуў, i касцёльны гмах стаў выглядаць горш, чым пасля вайны. Гэтае варварства было ўчыненае 3 жніўня 1986 года.
Адрамантавалі яго ў пачатку 1990-х, хоць барацьбу за адраджэнне сваёй святыні вернікі пачалі яшчэ падчас брэжнеўскага застою. Шырокая лесвіца, якая вядзе да касцёла і ўпіраецца ў трохпралётную браму, — гэта ўклад жыхароў Дарава ў адраджэнне храма. Каля ўваходу ў касцёл стаіць бюст Станіслава Шаплевіча. А з 2007 года службы тут праводзяцца на беларускай мове.
Крыніца пошука:
1. Анцэлевіч, А. Узняты з попелу / Аляксандра Анцэлевіч ; фота аўтара і з архіва // Звязда. - 2020. — 3 верасня (№171). — С.1, 13 : фат.
2. Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Т. 1, кн. 1. Брестская область / редкол. : Т.В. Белова (гл. ред.) [и др.].- Минск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. - 2009.- С. 317. : іл.
3. Сіцька З. Касцел – над Шчарай / Здзіслаў Сіцька // Дыялог. - 2001. – (№ 1). - С. 20 - 22.
4. Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М.Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі.- Мінск : Беларус. Эннцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008.- С. 118-119. : іл.