За 0,5 км на захад ад вёскі (урочышча Дубы). Пабудавана ў пачатку 20 ст. з цэглы Г.Грабоўскім ў баку ад яго сядзіб, на каталіцкіх могілках, якія акружае мураваная агароджа з гатычнай брамай.
У 1939 г. перад капліцай быў пастаўлены помнік Т.Рэйтану (знік у 1945 г.) — «пану з Чорнай Русі», паслу навагрудскай зямлі на варшаўскі сейм, які выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане аб'ём з 3-граннай апсідай і высокім 2-гранным шчытом на галоўным фасадзе, 2 стральчатымі аконнымі праёмамі на бакавых фасадах, аформленымі падаконнай аркатурай. Галоўны ўваход вырашаны перспектыўным уваходным парталам з зубчастым атыкам. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі з гатычнымі крабавымі фіяламі ў завяршэнні. Унутры — ажурнае нервюрнае скляпенне. Пры ўваходзе ў капліцу размешчана лесвіца ў склеп.
Крыніца пошука:
1. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі.- Мінск : Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008.- С. 113. :іл.