Паэтычная вясна прыйшла ў цэнтральную бібліятэку імя. Я.Купалы. Стала ўжо традыцыяй Сусветны Дзень паэзіі, які азначаецца 21 сакавіка, праводзіць сумесна з удзельнікамі аматарскага аб’яднання народнага клуба ветэранаў Сівізна”. Вось і сёлета сумесна падрыхтавана святочная літаратурна-музычная праграма “Жывуць у маім сэрцы вершы…”. З павагай і цеплынёй узгадалі нашага земляка паэта Вячаслава Пятровіча Вайшевіча. Соф’я Марчык, вядучая і кіраўнік народнага клуба ветэранаў “Сівізна”, распавяла аб жыцці і творчасці земляка.
Першая кніга Вячэслава Вайшевіча выйшла з друку летам 2013 года. Кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Назва кнігі “Заўсёды побач” была выбрана невыпадкова. Аўтар піша пра людзей, якія ішлі поруч з ім па жыцці. Многія вершы гучаць як прысвячэнне розным асобам. Вячаслаў Пятровіч шмат піша пра каханне пра жанчын, часта з-пад пяра з’яўляюцца прысвячэнні з нагоды юбілеяў, святаў, значных падзей у жыцці людзей. І гэтыя цёплыя словы знаходзяць шчыры водгук у іх сэрцах. Некалькі вершаў прысвечана і народнаму аматарскаму клубу “Сівізна”.
Другая кніга Вячаслава Пятровіча выйшла ў 2017 годдзе, ў яго юбілейны год – 75-годдзе. А прысвяціў ён яго сваёй жонцы, Вайшевіч Ганне Мікалаеўне, з якой у згодзе і ладзе пражыта паўвека. Зборнік так і называецца – “Помніце… не забывайце…”. Дарэчы сказаць, Ганна Мікалаеўна доўгі час таксама была актыўнай удзельніцай “Сівізны”. Яе цудоўны голас не раз гучаў і радаваў на сцэнічных пляцоўках раёна і за яго межамі.
Помніце…не забывайце…
Свой край,сваю Радзіму,
Мілых, родных, блізкіх,
Дарагіх, любімых – такі эпіграф, уступ у гэтай кнігі.
Трэці зборнік вершаў, які выйшаў у свет у 2019 годзе, называецца “Радзімы куток. Любімы край”. У новай кнізе аўтар працягвае свой аповед пра родныя, любімыя мясціны, дарагіх, знаёмых і мілых людзей, падзеі мінулых часоў і з’явы сённяшняга дня.
Ва ўсіх трох зборніках вершаў Вячаслава Пятровіча ёсць шмат твораў пра сяброў, пра бібліятэкараў, пра кожнага ўдзельніка “Сівізны”… Гучалі ўрыўкі з вершаў “Падлескаму народнаму хору – 75 гадоў”, “Завінская горка”, “Мама” і інш. Пад мілагучныя гукі баяніста Івана Пішча, акампаніятара хора, гучалі песні “Маміна вішня”, музыку да якой склаў сам Іван Пішч, “Зямля Ляхавіцкая” на словы Кастуся Турко і музыку Сяргея Сазановіча, таксама мясцовага кампазітара. Усе прысутныя мелі магчымасць прачытаць свае любімыя вершы. Не абышлося і без таленавітых удзельнікаў хору – Леаніда Шведа, Таццяны Хвайніцкай, якія чыталі свае вершы пра Беларусь, родны край, сваіх сяброў. Ля кніжнай выставы “Души прекрасные порывы» прагучалі вершы і песні нашых беларускіх паэтаў і кампазітараў, песні на вершы Булата Акуджавы, савецкага паэта, барда, празаіка і сцэнарыста. Радкі, напісаныя ад шчырага сэрца, ніколі не трацяць першароднай сваёй свежасці, бо яны пра самае дарагое і мілае. У іх гучыць трывога і радасць, адчай і вера, трапяткое прызнанне ў каханні і адданай любві да роднай старонкі. Шмат прыемных слоў было пачута ў час мерапрыемства. Хутка праляцеў час сустрэчы. У канцы мерапрыемства ад імя ўсіх удзельнікаў клуба “Сівізна” Сабіна Шклянік падарыла сувядучай мерапрыемства Марыне Нікіцінай у знак павагі і прызнання, супрацоўніцтва і актыўнай дзейнасці прыгожыя і цудоўныя “першацветы”. Дзень паэзіі атрымаўся душэўным і па-сямейнаму цёплым, такім, што нікому не хацелася разыходзіцца дадому.
Многа знамянальных і памятных падзей наперадзе. Яшчэ шмат цікавых і незабыўных сустрэч пройдзе ў нашым з вамі жыцці. А прыгожая і ўтульная гасцёуня “купалаўкі” будзе працягваць вабіць і дарыць цудоўны настрой сваім чытачам і сябрам бібліятэкі.
Нікіціна М.І.,
загадчыца аддзела
абслугоўвання і інфармацыі