Лапанік Фёдар

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына 

 

Лапанік Фёдар Максімавіч (1937 г.  )

Фёдар Максімавіч  нарадзіўся ў вёсцы  Новыя Фалічы, што на Старадарожчыне. Жыхарам раёна больш вядомы па публікацыях у газеце “Ляхавіцкі веснік”. У 1977 годзе на старонках раённай газеты “Будаўнік камунізму” з`явіліся яго першыя творы. Заметкі, артыкулы, замалёўкі, нарысы расказвалі пра сельскія будні мясцовых жыхароў. На працягу многіх гадоў узначальваў у рэдакцыі раённай газеты сельскагаспадарчы аддзел.

Карпыза, І. Покліч роднай зямліЛапанік Фёдар. Біяграфічныя звесткіЛапаник, Ф. М. Грани: сборник стиховЛапанік, Ф. Маё ваеннае дзяцінства

Покліч роднай зямлі

Славуты беларускі першадрукар Францыск Скарына параўноўваў кнігу з люстэркам людскога жыцця. Згадалася гэтае трапнае выслоўе, калі знаёміўся з апошнім выданнем нашага земляка Фёдара Лапаніка. Другая па ліку кніжка ляхавічаніна, якую склалі выбраныя апавяданні, выйшла сёлета ў Маскве на рускай мове.

Проза Ф. Лапаніка, як і ягоная лірыка, прываблівае жыццёвай праўдай, актуальнасцю закранутых праблем, непадробнасцю персанажаў, індывідуальнасць якіх праяўляецца ў непрадбачаных сітуацыях. Перасяленец Сямён Прышчэпа з апавядання “Замах на клён”, малады журналіст Алесь Шчурскі (“Не кожнаму дадзена”), Грышка Заяц – галоўны герой апавядання “Вешкі”, якое, дарэчы, дало назву ўсяму зборніку, вясковец Сямён Выспа (“Хата на ўскрайку”)…

У кожнага – свой лёс, свая жыццёвая пазіцыя. Акрэсліваючы дакладным лаканічным штрыхом характэрныя рысы чалавека, пісьменнік акцэнтуе ўвагу на яго ўнутраным стане, маральна-этычных якасцях. Прычым у цэнтры мастацкага асэнсавання нярэдка аказваецца звычайная, на першы погляд нязначная падзея. Але гэтым і адметны літаратурны дар Ф. Лапаніка – за малапрыкметным бачыць істотнае, тое, што складае сутнасць з’явы, вытлумачвае матывы чалавечых паводзін. Для прыкладу можна назваць апавяданні “Трое ў дарозе”, “Два суботнікі”.

Адну з галоўных пазіцый у лапанікаўскай прозе займае тэма Бацькаўшчыны, адданасці роднай зямлі. Вось апавяданне “Покліч Малінаўкі”. Галоўны герой – паляшук Павел Праташчык, якога лёс у маладосці закінуў на далёкую Поўнач, ажно ў Нарыльск. Праз дзясяткі гадоў, наведаўшы родныя мясціны, раптам зразумеў – бацькоўскае котлішча ўжо нікуды яго не адпусціць. Балазе, састарэлая вёска Малінаўка пачынае адраджацца, замахнуўшыся на статус аграгарадка.

Як і ў паэзіі, не абыходзіць Ф. Лапанік увагай і экалагічныя праблемы. Выразнікі ягонай бескампраміснай пазіцыі – станоўчыя героі, вобразы якіх аўтар малюе з яўнай сімпатыяй, цеплынёй. Такі дзевяцігадовы Віцька ў апавяданні “Хірургічнае “ўмяшанне”. Чулы, спагадлівы, клапатлівы да ўсяго жывога ў прыродзе ў адрозненне ад свайго дзеда Тараса Кандратавіча, сквапнага паляўнічага. Віцька адкрыта асуджае яго за браканьерскую схільнасць і нават адважваецца на ўчынак – абясшкоджвае потайкам зарады стрэльбы.

Антыподы і персанажы навелы “Агрэх”. Калгасны трактарыст Косця Марчык – шчыры прыхільнік прыроды. Іншае стаўленне ў брыгадзіра, былога лесніка Рахманца, палымяныя заклікі якога аб беражлівых адносінах да птушак, звяроў аказаліся пустымі словамі.

У зборніку “Вешкі” амаль два дзясяткі апавяданняў. Розных па тэматыцы, па мастацкай выразнасці. Але ўсе аднолькава шчырыя жыццёвай праўдай, непарыўнай сувяззю з родным краем. Таму і не пакідаюць чытача раўнадушным.

Іосіф КАРПЫЗА.

Карпыза, І. Покліч роднай зямлі / Іосіф Капрыза // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 5 верасня. – С. 9.

             Лапанік Фёдар Максімавіч (1937 г.  )

Фёдар Максімавіч  нарадзіўся ў вёсцы  Новыя Фалічы, што на Старадарожчыне. Жыхарам раёна больш вядомы па публікацыях у газеце “Ляхавіцкі веснік”. У 1977 годзе на старонках раённай газеты “Будаўнік камунізму” з`явіліся яго першыя творы. Заметкі, артыкулы, замалёўкі, нарысы расказвалі пра сельскія будні мясцовых жыхароў. На працягу многіх гадоў узначальваў у рэдакцыі раённай газеты сельскагаспадарчы аддзел. Значнае месца ў творчасці журналіста займала тэма прыроды. Лірычныя мініяцюры, замалёўкі, расказы друкаваліся ў раённай газеце, у абласной “Заре”, іншых выданнях. А з паэзіяй Фёдара  Лапаніка змаглі пазнаёміцца і чытачы рэспубліканскіх газет “Літаратура і мастацтва”, “Беларуская нива”, “Нёман”.

      У 2011 годзе выйшаў зборнік вершаў “Грани”.  У 2015 годзе пабачыў свет новы зборнік “Вешки”. Адметны літаратурны дар Ф. Лапаніка – за малапрыкметным бачыць істотнае, тое, што складае сутнасць з’явы, вытлумачвае матывы чалавечых паводзін.

Творы Ф Лапаніка

  1. Грани: сборник стихов / Фёдор Лапаник. Москва. 2011. 88 с.
  2. Вешки: сборник / Фёдор Лапаник. Москва. 2014. 88 с.
  3. А ў лузе каліна… : вершы / Фёдар Лапанік // Белорусская нива. 2009. 7 февраля. С. 5.
  4. Апошняя ноч : навэла / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. 1994. 28 снежня. С. 3
  5. Вершы / Фёдар Лапанік // Заря. 2004. 14 августа. С. 5.
  6. Вешкі : апавяданне / Фёдар Лапанік // Заря. 2012. 25 октября. С. 18, 19.
  7. Візіт нявесты : замалёўкі з натуры / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. 2014. № 27. 12 красавіка. С. 12.
  8. Всё, чем душа жива. Лесная дорога: стихи / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. 2014. № 29. 19 красавіка. С. 12.
  9. Дарагая страта : гумарэска / Фёдар Лапанік / Вожык. 2008. № 2. С. 14.
  10. Заветный уголок : стихи / Фёдор Лапаник // Заря. 2005. 25 октября. С. 3.
  11. Зимнее утро. На лыжне. Заяц : стихи / Фёдар Лапанік //. Ляхавіцкі веснік. 2014. 15 лютага.
  12. Искренность высокой пробы : стихи / Фёдор Лапаник // Нёман. 2008. С. 4. С. 95 – 96.
  13. Крылаты дачнік. Спакусіў бярозавы лісток. Неадольная сіла : мініяцюры / Фёдор Лапаник // Заря. 2013. № 109. С. 17.
  14. Маё ваеннае дзяцінства : успаміны / Фёдар Лапанік //. Ляхавіцкі веснік. 2015. 11 лютага. С. 4.
  15. На второй родине : [Черейко А.А.] / Фёдор Лапаник // Заря. 2007. 9 августа. С. 8.
  16. Надпісы на снезе : апавяданне / Фёдор Лапаник // Заря. 2013. № 41. 11 апреля. С. 18.
  17. Незвычайная зіма : верш / Фёдар Лапанік //. Ляхавіцкі веснік. 2014. 18 студзеня.
  18. Некранутая мясціна : апавяданне / Фёдар Лапанік // Будаўнік камунізму. 1979. 16 чэрвеня.
  19. Отцовская медаль: Стихи / Фёдор Лапаник // Ляхавіцкі веснік. 2014. № 33. 8 мая.
  20. Потеря: быль – небыль / Фёдор Лапаник // Заря. 2004. 4 сентября. С. 4.
  21. Прыпеўкі / Фёдар Лапанік // Вожык. 2010. № 2. С. 93.
  22. Сашкаў клён : апавяданне / Фёдар Лапанік //. Ляхавіцкі веснік. 2014. № 5. 22 студзеня.
  23. Святло памяці : апавяданне / Фёдар Лапанік // Будаўнік камунізму. 1982. 13 лютага.
  24. Страта : апавяданне / Фёдар Лапанік // Будаўнік камунізму. 1986. 25  кастрычніка.
  25. Тропинки детства. Не шуми. Летят скворцы : стихи / Фёдор Лапаник // Ляхавіцкі веснік. 2014. № 52. 19 ліпеня.
  26. Чысціні на паўвеніка : гумарэска / Фёдар Лапанік // Вожык. 2007. № 7. С. 3.
  27. Аднойчы ў навальнічным лесе : апавяданне / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. 2018. № 52. 25 ліпеня.

Лапаник, Ф. М. Грани: сборник  стихов

Фёдор Максимович Лапаник больше известен как журналист, пишущий  о тружениках села, охране природы и природных ресурсов.  В 1977 году на страницах  раённой газеты «Будаўнік камунізму» появились первые его публикации. Заметки,  статьи, зарисовки  рассказывали про сельские будни, проблемы производства и экономики.  На протяжении многих лет Фёдор Максимович  возглавлял в редакции раённой газеты сельскохозяйственный отдел.

Значительное место в творчестве журналиста занимала тема природы. Лирические миниатюры, зарисовки, рассказы печатались в раённой газете, в областной “Заре”, других изданиях. А с  поэзией Фёдора Лапаника смогли познакомиться   читатели  республиканских  газет “Літаратура і мастацтва”, “Белорусская нива”, журналов “Нёман” и “Вожык”.

В конце 2011 года в московском издательстве вышла  первая книга Ф.М. Лапаника. В сборник «Грани» вошли 57 стихотворений. Они разные по тематической направленности, внутреннему настроению, но дают целостное представление о поэтическом кредо автора.

Многие из стихотворений автора навеяны образами далёкого детства, юношества, ностальгией по малой родине («Места родные», «Видимо на свете нет целебней средства…», «Заветный уголок»).

Тема малой родины в поэзии  Ф. Лапаника неотделима от искренних, глубоких чувств к Отечеству  («Родине», «Есть у меня и родина, и кров…», «О Беларусь! Поля в тумане…»).

Одна из главных тем сборника – любовь к природе.  Воспевая окружающую красоту, поэт  призывает  к добру, бережливому  к ней отношению («В лесу подружись с тишиной…», «В лес иду не за поживой…», «Грибник»).

В искренних  строках иногда звучат нотки грусти и тревоги («Покинутая хата», «Новые Фаличи», «Загрустили белые берёзы…»).

Лирическое настроение книги временами меняется деловым тоном («Всё, чем душа  жива », «Высотники»).

Наблюдательность, точность  и образность языка, умение находить нужную выразительную деталь, сравнение – характерная особенность  произведений Фёдора Лапаника.

Лапаник, Ф. М. Грани: сборник  стихов / Ф. М. Лапаник. – Москва: Издательство «Красная звезда». – 2011. – 88 с.

Маё ваеннае дзяцінства.

Успамінамі пра Вялікую Айчынную вайну дзеліцца ляхавічанін

Чытачы “ЛВ” сталага ўзросту добра памятаюць публікацыі журналіста Фёдара Лапаніка ў раёнцы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён узначальваў сельгасаддзел рэдакцыі і пісаў пераважна пра аграрыяў. Але не толькі – “грашыў” вершамі і мастацкай прозай. Пазней нават паэтычны зборнік выпусціў.

А ў сённяшнім нумары Фёдар Максімавіч дзеліцца ўспамінамі пра Вялікую Айчынную, якой яе бачыў хлапчуком.

У першыя дні вайны

Як толькі стала вядома пра пачатак вайны, жыхары нашай вёскі Новыя Фалічы, што на Старадарожчыне, не выйшлі ў поле і на сенажаць. Трывожная вестка прымусіла іх заняцца зусім іншымі справамі. Яны закопвалі ў зямлю свае кубельцы з салам, ваенныя фотаздымкі, паляўнічыя стрэльбы, плакаты. Шмат людзей сабралася на пагорку ля Глінішча. Хтосьці паведаміў, што там хаваюць харкаўчаніна.

—Збегай, сынок, туды, паглядзі, — сказала мне мама. — У нашым сяле ніхто не пражываў з Харкава, усе ў нас мясцовыя. Тутака штось не тое…

Я стрымгалоў паімчаў на пясчаны пагорак. Вакол глыбокай ямы стаялі мужчыны, некалькі жанчын і дзяцей. У яме, пабліскваючы жалезнымі шыпамі колаў, на малых абаротах тарахцеў трактар, на радыятары якога значыліся буйныя літары ХТЗ. Ён паступіў у калгас зусім нядаўна. Мабыць, і сотні гектараў глебы не паспеў узараць.

Неўзабаве сюды, на пагорак, прыехаў на кані старшыня гаспадаркі Васіль Пятровіч Жукавец. Павітаўшыся, сказаў:

—Дарагія калгаснікі, вы ведаеце ўжо, якая бяда прыйшла да нас. Але не адчайвайцеся. Фашысцкія акупанты доўга не пратрымаюцца на нашай зямлі. Выкурым іх з ганьбай. Усё харчовае зерне раздадзім вам. Пакінем толькі насеннае жыта, ячмень. А трактарок, я цвёрда ўпэўнены, нам яшчэ спатрэбіцца. Дачакаецца свайго гаспадара. Праўду кажу.

Старшыня пахлопаў далонню па плячы стаяўшага побач каржакаватага ў замасленым камбінезоне мужчыну Барыса Цюрына. Пасля гэтых слоў кабеты ахінулі трактар квяцістымі посцілкамі і ўсе гуртам пачалі засыпаць зямлёю.

На наступны дзень загадчык магазіна Павел Сідаравіч Шчэрба па спісе выдаваў фалічанам бясплатна соль, мыла, запалкі, газу і некаторыя іншыя прамысловыя тавары. Нас, хлапчукоў, частаваў пернікамі і цукеркамі.

Нечаканая знаходка

Час ад часу ў ваколіцах вёскі чуліся стрэлы, ірваліся снарады. Нашы чырвонаармейскія часці, адступаючы на ўсход, аказвалі нямецкім акупантам сур’ёзнае супраціўленне. То тут, то там узбоч шашы чадзелі падбітыя варожыя танкі, машыны, бронетранспарцёры і іншая тэхніка. Бацькі катэгарычна забаранілі мне хадзіць у лес. Але хіба можна ўседзець дома, калі на лясных палянках даспелі суніцы. Аднойчы, калі дарослыя пайшлі абганяць бульбу, я пакіраваў ва ўрочышча Дзянісаў бераг. Праз хвілін колькі мая конаўка напоўнілася духмянымі ягадамі. Сабраўся ўжо ісці дамоў, як раптам пачуў хрып каня. Ён намагаўся падняцца з зямлі, але заднія акрываўленыя ногі падкошваліся, і конь падаў. Паблізу пад кустом ядлоўцу ляжаў чалавек у вайсковай форме. Пачуўшы мае крокі, ляснуў затворам вінтоўкі. Аднак, убачыў, што перад ім чалавечак “ад гаршка паўвяршка”, і паклікаў да сябе. Гэта быў паранены ў плячо кавалерыст.

У вячэрніх прыцемках бацька, пераапрануўшы яго ў цывільнае, адвёў на свой хутар у пуню. Больш за два тыдні ён знаходзіўся тут. У чарговы раз, калі я прынёс яму хлеб і сёе-тое да хлеба, вайскоўца на месцы не застаў. Між бярвёнаў у шчыліне вецер хістаў паперку. Дома сястра Алёна чытала: “Спасибо вам, Максим Иванович, за заботу, сопряжённую с большим для вас риском. Рана моя зажила. Буду пробираться к своим. Надеюсь, что мы ещё с вами обязательно встретимся. Лейтенант П. Киреев”.

Хата, ахопленая  полымем

Мабыць з паўгода ў Новых Фалічах панавалі спакой і цішыня. Ні стрэлаў, ні выбухаў, ні ўскрыкаў, ні плачу. Толькі з ляснога ўрочышча Бярэзнікі часам даносіўся прыглушаны гул рухавікоў. І па шашы ў бок Бабруйска несліся днём і ноччу “тыгры” і “пантэры”. І вось сонечным летнім днём з пясчанага пагорка спаўзлі ў вёску два плямістыя фургоны і спыніліся ля крайніх хат. Раптам у вышыні пранізліва заскуголіла сігнальная ракета і ўпала на саламяны дах хаты дзядзькі Антона. Полымя ў адзін момант зашугала ва ўсю моц, пагражаючы перакінуцца на суседнія дамы і прыбудовы. Людзі з вёдрамі кінуліся тушыць пажар. На гэта і разлічвалі акупанты. Яны хапалі юнакоў, дзяўчат і маладых мужчын і запіхвалі іх у фургоны. У гэту “пастку” трапілі мой старэйшы брат Міхась і два ягоныя аднагодкі Вася Лаўрук і Анатоль Філіпеня. Усіх тушыльшчыкаў пажару адвезлі ў Слуцк, дзе фарміраваўся састаў для адпраўкі людзей у Германію на прымусовыя работы. З чыгуначнай станцыі і далі дзёру хлопцы, усе трое. Разумеючы, што іх могуць шукаць у родных і блізкіх, яны знайшлі часовы прытулак на дальнім балоце ў стагах сена. Я ведаў, у якім стозе “пасяліўся” брат. Прыносіў яму яду, чыстую бялізну, тытунь, запалкі.

Неяк раз мы з братам сядзелі ў стозе, хрумсталі яблыкі. Раптам пачулі чыесьці крокі. Праз хвіліну між лазовых пруткоў, якімі мацаваліся ўнутраныя сцены стога, ледзь не ўтыркнуўшыся ў мой бок, прасунуліся зубы жалезных вілаў. Пачуўся мужчынскі голас:

– Ну што там у цябе, Ціт? Можна пад’язджаць?

– Не трэба. Не сена тут, а адно гніллё ды пацяруха.

Сказаў і папрасіў у напарніка запалак, каб падпаліць стог. Я сцяўся ў клубок. Твар Мішы пабялеў, як папера. Крычаць, выскокваць на волю не адважыліся: нешта стрымлівала нас. На шчасце, стог не загарэўся. Мабыць, быў вільготны. Фурманка хутка загрукатала коламі па хісткім насціле грэблі, пачуўся вінтовачны стрэл. Мы выпаўзлі з логава. Ля стога ляжалі абрыўкі нямецкай газеты, пачак ад цыгарэт. Пазней стала вядома, што гэта былі паліцэйскія.

Шлях да партызан

Параіўшыся, хлопцы-аднавяскоўцы пачалі шукаць дарогу да партызан. Ужо тады, на першым годзе вайны, на Старадарожчыне дзейнічаў партызанскі атрад, камандзірам якога быў галоўны ўрач раёна Пётр Нічыпаравіч Шуба. Праз сувязнога Івана Данілавіча Пратасевіча ім удалося трапіць у гэты атрад, на рахунку якога было ўжо некалькі падарваных шашэйных і чыгуначных мастоў, складаў са зброяй. Пасля адпаведных праверак усе трое – Міхась, Васіль і Анатоль – уліліся ў атрад народных мсціўцаў.

Глыбокай восеньскай ноччу 42-га года ў аконную шыбу нямоцна пастукалі.

– Адчыні, мама, гэта я, Міша.

На прыпечку загарэлася газоўка. У хату ўвайшоў Міхась і з ім яшчэ трое партызан. У цёплых куртках і кубанках з чырвонымі стужкамі. Усе з аўтаматамі – пасылка з Вялікай Зямлі. Завесіўшы посцілкамі вокны, маці насыпала ў міску вараную бульбу, нарэзала маленькімі кавалачкамі сала, агуркі. Сказала, быццам апраўдваючыся, што няма больш ніякіх прысмакаў. З далейшай гутаркі мы ўпершыню за ўвесь час вайны даведаліся пра тое, што нашы войскі не толькі не пусцілі ворага ў Маскву, а і адкінулі ад яе супастатаў на многія дзясяткі кіламетраў, і што партызаны таксама паспяхова дзейнічаюць у тыле ворага. Было радасна ад гэтай добрай весткі.
А я пахваліўся, што ля вёскі Кавалічы, куды мы хадзілі аднойчы з сябрам да збітага самалёта, знайшлі цэлую кучу патронаў, дзве гранаты і дзесяцізарадную вінтоўку з перабітым прыкладам.

Прыхавай, — папрасіў брат. — Пры першай магчымасці забяру. Зброя нам спатрэбіцца – атрад увесь час папаўняецца новымі людзьмі.
У тую ноч мне не спалася. Думаў пра заўтрашні паход да збітага самалёта і новыя трафеі. Аднак, ажыццявіць задуманае не давялося. Назаўтра з самай раніцы ў вёску зноў нячыстая сіла прыгнала карнікаў. Няпрошаныя госці разам са старастам уварваліся ў хату. Злосныя, азвярэлыя. Стараста ўвёў ім у вушы, што Міхась дзесьці хаваецца ад нямецкіх улад. Цыбаты белабрысы афіцэр нервова тупае ад парога да стала, пастуквае нагайкай па халявах ботаў, гаворыць на ламанай рускай мове, што калі сын заўтра не з’явіцца ў камендатуру, то ўся сям’я будзе расстраляна. Маці роспачна і разгублена корпаецца ў куфры і шуфлядзе стала, ператрэсае розныя квітанцыі і не можа знайсці патрэбную паперку. Нарэшце знаходзіць і дрыжачымі рукамі падае яе немцу. Той доўга трымае даведку перад акулярамі, па складах чытае: Лапанік Міхаіл Максімавіч добраахвотна адпраўлены ў Германію на ваенны завод. Унізе даведкі стаяў выразны подпіс бургамістра з пячаццю. Афіцэр рэзка павярнуўся да старасты і наводмаш уляпіў яму аплявуху за зман. Калі за імі зачыніліся дзверы, уся наша сям’я з палёгкай уздыхнула. Дарослыя і малыя сталі перад іконай і перахрысціліся. На гэты раз мама акуратна абгарнула даведку хусцінкай і паклала яе на дно куфра асобна ад іншых папер. Калі знойдзецца яшчэ адзін здраднік, то будзе чым адвесці бяду.

Смяротная “рама”

Неяк раз ліпеньскім ранкам да мяне завіталі сябры Коля Дубовік, Лёня Балоцька і Толік Загорскі, спыталі, ці пайду я з імі і братамі Валодзем і Сашам Лапанікамі ў лес па грыбы. Мама строга сказала, што не пайду, паколькі я яшчэ добра не ачомаўся ад тыфу. Сябрукі накіраваліся ў лес без мяне.

Пачало ўжо хіліцца да вячэрніх прыцемак, а грыбнікоў не было. Устрывожаныя бацькі, узброіўшыся факеламі, адправіліся ў пошукі. Першым убачылі Колю Дубовіка. Ён ляжаў каля пня з заціснутым у руцэ грыбам. Нежывы. У некалькіх кроках ад яго ляжалі астатнія чацвёра хлопчыкаў. Таксама мёртвыя. То тут, то там валяліся, як адсечаныя сякерай, зялёныя галінкі і вершаліны дрэў. Высветлілася, што над гэтым лясным масівам днём каршуном кружылася нямецкая “рама” — самалёт-разведчык. Ён і прыняў рабят за партызан…

Іх з сабой не ўзялі

У апошнія дні чэрвеня 44-га года з боку Бабруйска даносіўся гром кананады. У начным небе ні на хвіліну не знікаў водбліск пажару. Перадавыя часці нашай арміі выбівалі акупантаў з горада і яго ваколіц. Доўгачаканае вызваленне набліжалася. Гэта адчувалася і ў паводзінах паліцаяў, якіх нагнала ў вёску аднекуль. Цяпер яны швэндаліся па вуліцах з нізка апушчанымі галовамі. Дзе толькі падзеліся іх ваяўнічасць, пагардлівыя адносіны да мясцовага насельніцтва. Яшчэ праз колькі часу паліцаі заварушыліся, забегалі па вёсцы. Гаспадары, якім яны служылі, паабяцалі ўзяць іх пад сваё крыло. Цяпер трэба было дабрацца як-небудзь да Слуцка. Знайшлі для гэтага некалькі фурманак. На другі дзень, вярнуўшыся з абозу, мужчыны расказвалі, што немцы не ўзялі з сабой сваіх памагатых…
Восенню таго ж 44-га года брат Міхась, змяніўшы партызанскую куртку на вайсковы шынель, пайшоў на фронт, а я з такімі ж, як сам, пераросткамі, упершыню пераступіў парог школы.

Фёдар ЛАПАНІК,

ветэран журналістыкі.

 

Лапанік, Ф. Маё ваеннае дзяцінства / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 11 лютага. – С. 4.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed