Мядзёлка Паўліна. Повязь з родным краем, успаміны пра дзяцінства

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Мядзёлка Паўліна

 

В.Я. Ляшук, Г.М. Снітко Літаратура БерасцейшчыныМядзёлка Паўліна // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна.

У іншых адраджэнцаў край пакінуў больш глыбокі след. Цікавая старонка ў жыцці вядомай пісьменніцы, грамадскага і культурнага дзеяча Паўліны Мядзёлкі таксама звязана з нашым краем. Гэтая жанчына зведала багатае на падзеі і нялёгкае жыццё. Нарадзілася яна ў 1893 годзе ў мястэчку

Будслаў у вялікай сялянскай сям’і (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Неўзабаве сям’я пераехала ў Глыбокае. Прырода надарыла яе знешнім хараством, талентам і палкім сэрцам, якое гарэла моцным жаданнем служыць свайму народу, усё рабіць дзеля таго, каб беларусы занялі пачэсны пасад між народамі. Яе маладосць прыпала на час, калі адбывалася актыўнае ўсведамленне беларусамі сваёй этнічнай самастойнасці.

Паўліна Мядзёлка ведала і сябравала з такімі выдатнымі дзеячамі беларускага адраджэння пачатку XX стагоддзя, якімі былі Янка Купала, Карусь Каганец, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Цётка, Эпімах-Шыпіла, Максім Багдановіч і інш. Настаўніца, артыстка, грамадскі, культурны і асветны дзеяч, пісьменніца, яна пакінула значны след у культурным жыцці беларусаў. Многія выдатныя дзеячы таго часу былі закаханыя ў Паўлінку Мядзёлку, у тым ліку і Янка Купала. Невыпадкова ён і назваў сваю камедыю, напісаную для драматычных гурткоў беларускай моладзі, – “Паўлінка”. Многае ў характарах гераіні і Паўліны Мядзёлка агульнага. Паўліна Мядзёлка была адной з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў гэтай п’есе. Яе ігра падабалася Янку Купалу. Іх шляхам аднак, не суджана было сыйсціся. Мядзёлка аддала перавагу віднаму палітычнаму дзеячу таго часу Тамашу Грыбу, хоць шлюб не аказаўся ўдалым. Яны разышліся.

Паўліна Мядзёлка стаяла ля вытокаў беларускіх школ на Беларусі. У 1918 годзе сяляне в. Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна запрасілі яе на працу ў беларускую школу. Паўліна Мядзёлка, аднак, не абмежавалася толькі працай настаўніцы ў школе, а вяла вялікую растлумачальную і культурна-асветніцкую дзейнасць сярод сялянаў. Немцы, якія на той час акупавалі Ляхаўшчыну, у яе справы не ўмешваліся. Паўліна Вікенцьеўна знаёміла сялянаў з тым, што дзеецца на свеце, чытала газеты, адказвала на пытанні па вядзенні гаспадаркі, пра сацыяльныя і рэвалюцыйныя праблемы. Абавязковай на такіх сустрэчах была мастацкая частка: чыталіся вершы, урыўкі з прозы, спяваліся беларускія народныя песні” (Паўліна Мядзёлка. Сцежкамі жыцця. Мн., 1974. С.123-124). Асветніца прыгадвае, як радаваліся вяскоўцы абвяшчэнню дзяржаўнасці Беларусі.

На жаль, радасць была кароткай. У хуткім часе Ляхаўшчына была акупавана палякамі. Польскія ўлады ўсё рабілі для таго, каб беларуская школа ў Мядзведзічах перастала існаваць. Калі атрад палякаў пад камандай Дамброўскага ўварваўся ў Мядзведзічы, пачаліся рабункі сялянаў, вяскоў- цаў рясцягвалі на лаўках і секлі. Такая доля ледзьве не спасцігла і Паўліну Вікенцьеўну. Ад гэтага яе выратаваў брат сяброўкі па гімназіі, які аказаўся сярод польскіх афіцэраў у Мядзведзічах.

Хоць школу ўтрымлівалі сяляне на свае сродкі, польскія ўлады пачалі браць яе пад пільны кантроль менавіта з-за яе беларускасці, рабілі ўсё, каб настаўніца там працаваць нармальна не магла. П.В. Мядзёлка, колькі здолела, рабіла ўсё, каб школа функцыянавала, аднак вясной 1919 г. вымушана была пакінуць Мядзведзічы.

Літаратурная спадчына Паўліны Мядзёлкі сціплая. Яе пяру належыць паэма “Сялянская доля”, вершы, апавяданні. Галоўнае месца належыць яе мемуарам, кнізе “Сцежкамі жыцця”, якія апублікаваны пасля яе смерці, асобныя артыкулы пра ролю п’есы “Паўлінка” ў яе жыцці. Спадчына П.В.Мядзёлка не сабраная і не вывучаная. У кнізе “Сцежкамі жыцця” ёсць невялічкі раздзельчык, прысвечаны працы асветніцы ў в. Мядзведзічы на Ляхаўшчыне.

 

В.Я. Ляшук, Г.М. Снітко Літаратура Берасцейшчыны. – Брэст : Выдавецтва С.Лаўрова, 1999. – С. 166 – 168.

Мядзведзічы

3 успамінау Пауліны Мядзслкі

Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка (1893—1974) — заслужаны дзеяч культуры БССР, зрабіла значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва, вяла вялікую грамадскую і культурна-асветную работу. У 1918—1919 гг. працавала настаўніцай у Мядзведзічах. Успаміны друкуюцца з яе кнігі «Сцежкамі жыцця» (Мн.. 1974. С. 121—127).

Краю мой родны, як выкляты богам,

Столькі ты зносіш нядолі!

Хмары, балоты, над збожжам убогім

Вецер гуляе па волі.

М. Багдановіч.

Летам 1918 года з галоднага Паволжа вярнулася ўся наша сям’я. Трэба было шукаць для іх і страхі над галавой і працы для бацькі і брата, а ў Мінску, акупаваным немцамі, знайсці гэтага было немагчыма. Акурат у гэ- ты час у вёсцы Мядзведзічы Слуцкага павета надумалі адкрыць беларускую школу і прыслалі ў Мінск чалавека, каб пашукаў настаўніка. Там, як ён сказаў, знойдзецца па вёсках праца і для бацькі з братам. Я паехала туды ў агледзіны.

Мядзведзічы — даволі вялікая вёска, хаты якой расцягнуліся ў адну доўгую вуліцу. Пасярэдзіне вуліцы, на ўзгорку. касцёл, як відаць, нядаўна пабудаваны. У лепшых хатах размяшчаўся нямецкі гарнізон. Асобнага бу- дынка для школы не было. Пад школу мясцовы ксёндз аддаў больш чым палавіну касцельнага дому, накінуўшы ў ім для сябе два пакойчыкі.

— Я ў вашы школьныя справы ўмешвацца не буду, — сказаў мне пры спатканні ксёндз дэ Вольда-Хрулевіч, сярэдніх гадоў мужчына, са срэбрам у валасах.— Школа павінна быць незалежнай ад касцёла, але ў матэ- рыяльных клопатах, калі не адмовіцеся, я вам дапамагу.

Мяне нямала здзівіла такая заява ксяндза, а таксама і тое, што ён у гутарцы з усімі карыстаўся не польскай мовай, як бадай усе ксяндзы, а рускай, часамі бсларускай.

У хуткім часе, забраўшы сваю сям’ю, я пераехала ў Мядзведзічы. Шмат цікавага я там даведалася пра гэтага незпычайнага ксяндза.

У маладосці ён быў капеланам у Оршы і выкладаў ралігію ў гімназіі. Кожнае лета, апрануўшыся ў цывільны касцюм, выязджаў падарожнічаць за граніцу. Аб’ездзіў усю Еўропу з канца ў канец, пабываў і ў Афрыцы. Да вышэйшай каталіцкай улады дайшлі чуткі аб яго некаторых поглядах, несумяшчальных з духоўным санам. Выклікавы на суд перад капітулай, ён не адмовіўся ад сваіх перакананняў, не раскаяўся. За гэта ён панёс пакарнне: перш забаранілі яму на працягу года адпраўляць усякія службы ў касцёле і выкладаць у школах закон божы, а пасля саслалі на пяць гадоў у глухую вёску Мядзведзічы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, як толькі ўстанавілася ў Мядзведзічах Савецкая ўлада, Хрулевіч адзін з першых, зняўшы сутану і апрануўшы ватнія нагавіцы, узяў у рукі вінтоўку і стаў у рады сялянскіх хлопцаў, якія на вуліцы вучыліся вайсковай справе. А калі яго выбралі ў рэўком, ён адразу пачаў дзяліць панскія маёнткі і раздаваць сялянам землі. Аднак нядоўга патрывала Савецкая ўлада: прыйшлі немцы, і Хрулевіч зноўнапяліў на сябе сутану. Цяпер ён энергічна ўзяўся за арганізацыю сялянскага кааператыва, на сродкі якога рашылі адкрыць беларускую школу.

Адносіны яго да касцельнай службы былі іранічныя: спяваную імшу з працэсіяй ён называў операй, чытаную імшу — п’есай, нешпар (вячэрнюю службу) — аперэткай, а жалоблую — драмай, калі з нябожчыкам, або трагедыяй. Часта, стукаючы ў акно, клікаў арганіста: «Бацька, ідзём абедню г…ць!»

Раз у час гутаркі я спыталася ў яго, ці верыць ён у бога.

— Ты ў мяне не пытайся пра гэта, не цягні за язык, бо калі я загавару, дык ведаю, да чаго дагаваруся.

— Дык чаму вы не скінеце сваёй сутаны і не станеце вольным, роўным з усімі грамадзянінам?

— Бо ў мяне дурлая натура. Раз я даў клятву, я мушу яе стрымаць. Я ні разу яшчэ ў жыцці сваім це зламаў свайго слова. А прытым, што я магу зрабіць пры сучасных умовах, пры немцах? Куды падацца? Вось каб даўжэй патрывалі бальшавікі,— дабавіў, хітра ўхмыльнуўшыся,— дык можа б і рашыўся.

Заняткі ў школе адбываліся ў дзве змены. Не паспееш пасля заняткаў як след паабедаць, а пад акном стаіць ужо запрэжаны Жоржык, і Хрулевіч пугаўём стукае ў акпо:

— Хутчэй, а то Жоржык не хоча стаяць!

Кожны дзень па графіку мы выязджалі ў навакольныя вёскі. Пад’язджаючы да першай хаты ў вёсцы, Хрулевіч сыходзіў з калёс ці то саней і, стукаючы ў вокны, склікаў народ: «На сход, на сход пара!» Канём не трэ было мне кіраваць: Жоржык ведаў, у вароты якога гаспадара трэба завярпуць. А народ сыходзіўся ці то ў адну з большых хат, ці ў зямлянку, і пры асвятленні смаляка па пяколку або лучын, заткнутых у шчыліны сцен, я пачынала гутарку.

Як і ў Жорнаўцы, я пачынала з падзей на свеце, калі што ведала з газет, якія зрэдку хто прывозіў з горада, а пасля пераходзіла да іншых тэм. Найболыш цікавіліся людзі прыродазнаўствам, сацыяльнымі пытаннямі, рэвалюцыйным рухам. У часе гутаркі Хрулевіч сядзеў дзесьці ў закутку і адтуль кідаў рэплікі, падахвочваючы публіку да актыўнага ўдзелу ў гутарцы. Пасля гэтага ішла мастацкая частка: чыталі мастацкую літарату- ру, вершы, спявалі беларускія народныя песні. Мала народпых песень ведала вясковая моладзь, бо ксяндзы вякамі забаранялі спяваць, адмаўляліся хрысціць дзяцей, даваць шлюб тым, у чыёй хаце адважваліся спяваць свецкія песні. Але цяпер ахвотна вывучалі новыя песні, а часам і старыя бабулькі ўспаміналі калісь забароненыя свае песні.

 У адной вёсцы не было больш адпаведнага месца для нашых сходак, як у новым будынку школы. Але школа, як і ўсе ў той акрузе, апрача Мядзведзіцкай, была польская, і настаўніца, ведаючы ўжо аб характары нашых вячорак, катэгарычна адмовілася даць ключы ад школы. Хрулевіч звярнуўся да бацькоўскага камітэта. 3 вялікім скандалам адабралі ад яе ключы, і з таго часу бацькі заўсёды адкрывалі нам гэту школу.

Сяляне ахвотна прыходзілі на такія сходы – і старыя і малыя,— уважна слухалі, задавалі шмат пытанняў, самі выступалі, дзяліліся сваімі думкамі, спрачаліся. Гэта давала мне велізарнае задавальненне. Позна ўвечары вяртаешся дамоў. Скрыпяць на марозе палазы. Мільёны зорак усміхаюцца табе. Вось маё любімае сузор’е Арыён, а там мільгае рознымі колерамі Сірыус. Душа ноўніцца пачуццём шчасця ад свядомасці, што ты недарэмна копціш неба, шго не засохпе зерне, засеянае ва ўзараную глебу.

У канцы лістапада занепакоіліся немцы, пачалі звязваць свае клункі. «Нах хаўзе!»(Дадому!) — радасна шапнуў стары салдат. Хутка мы пачулі, што ў Нямеччыне рэвалюцыя. А ў пачатку студзеня 1919 года прыйшла радасная вестка: абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у Мінску ўтварыўся Беларускі ўрад на чале са Зм. Жылунові- чам. Ніхто не мог уседзець у хаце. На вуліцу Мядзведзіч высыпаў народ. Прыйшлі сюды жыхары і з навакольных вёсак. Залунаў над народам чырвоны сцяг. У радасным узбуджэнні пастроіліся ў шарэнгі і з песняй: «Смело, товарищи, в ногу» прайшлі з канца ў канец праз усю доўгую вуліцу. У часе мітынгу выбралі рэўком, у які ўвайшлі былыя матросы, рабочыя піцерскіх заводаў, сяляне.

Але не прайшло, бадай, і месяца, як раптам уварваўся ў Мядзведзічы атрад белапалякаў пад камандай Дамброўскага. Афіцэры сабраліся каля касцёла і рушылі на кватэру ксяндза. Пабачыўшы праз акно няпрошапых гасцей, Хрулевіч згроб пад паху кніжкі і, замкнуўшы на ключ дзверы, выскачыў праз кухню і падаўся ў лес.

— Дзе ксёндз? — пытаюць.

— Выклікалі да хворага ў якуюсь вёску,— адказваем.

Сунуліся ў маю кватэру.

— А то цо такего? — азваўся адзін вусаты, паказваючы хлыстом на школьныя табліцы і лозунгі на сцяне.— По якему то? Цо то ешчэ за Бе-ла-русь?

— То, пані есть бялорусінка? — здзіўлена пытае другі.

— Так, беларуска. І школа, у якой я працую, беларуская, таму і надпісы на гэтай мове.

— Усіх гэтых беларусаў трэба расцягнуць ды ўсыпаць ім па сотні гарачых,— сціснуўшы зубы, працадзіў вусаты.

— Но-но-но! Замоўкні, пан. Я гэту панну ведаю, яна дружыла з маёй сястрой, як вучыліся ў гімпазіі,— падаў голас высокі малады афіцэрык. ІІрыгледзелася я і пазнала малодшага брата Марысі Федаровіч. Я калісь бывала ў іх доме. Матка іх цікавілася беларускім нацыянальным рухам і ахвотна гаварыла са мной па-беларуску, прасіла прынесці ёй што-небудзь з беларускай літаратуры Федаровічы мелі свой маёнтак пад Шаркаўшчы- най. I цяпер, каб не заступніцтва Федаровіча, магчыма, прыйшлося б мне назаўтра легчы пад панскія бізуны.

А Хрулевіч так і пе прыйшоў нанач дамоў. Хтосьці ўжо данёс, што бачылі, як ён пехатой адзін падаўся ў лес, калі польскае войска было ўжо ў Мядзведзічах. Афіцэры зламалі замок у дзвярах і ўсю ноч пілі і гарланілі ў ксяндзоўскім пакоі. Назаўтра пачалася экзекуцыя. 60 чалавек расцягнулі плашмя па вуліцы і пачалі біць. Старэйшаму з катаваных было 70 гадоў, а малодшаму— 12. Адзін жаўнер стаў ботамі на выцягнутыя рукі хлопца і, гакаючы, біў яго з усёй моцы, а хлопец вужакай віўся ад болю. Стары ў той жа дзень памёр, не вытрываўшы катавання. Узарваўшы ў некалькіх месцах чыгунку, масты, атрад Дамброўскага ўзяў напрамак на Сіняўку. У ваколіцы паявіліся незнаёмыя людзі ў цывільнай вопратцы, пакінутыя Дамброўскім. Узняла галаву польская шляхта, арганізавала сваю ўладу.

У час заняткаў у школе з’явіўся якісь панок і адрэкамендаваўся інспектарам польскіх школ.

— Школа беларуская і не падлягае польскай інспекцыі,— кажу,— а таму прашу не перашкаджаць мне весці ўрок.

Аднак ён нахабна ўсеўся на заднюю лаўку і прапанаваў мне працягваць заняткі.

— Дзеці,— звярнулася я да класа,— сягоння заняткаў болып не будзе, можаце ісці дамоў.

Аж затросся і пачырванеў ад злосці пан іпспектар. Груба загадаў зняць са сцен усе табліцы на беларускай і рускай мовах, даць яму школьны журнал і мае планы ўрокаў. Я адмовілася і сказала: калі ён зараз жа не пакіне школы, дык я замкну яго тут на ключ і паклічу людзей, каб яго вывелі адсюль. 3 лаянкай пабег ён да ксяндза і патрабаваў безадкладна зняць мяне з работы.

— Школа ўтрымліваецца на сродкі кааператыва,— адказваў Хрулевіч,— і толькі праўленне кааператыва мае права назначаць і знімаць настаўніка. А цяпер пан інспектар прабачыць, але я мушу адлучыцца з дому па сваіх службовых справах.

— Як гэта? Ксёндз пробашч і абедам мяне не пачастуе?

— На жаль, я ўжо паабедаў і больш не маю часу з панам гаварыць. Калі хочаце, можаце сабе тут пасядзець, а я ўжо пайду. Да пабочэння, пане інспектар! — і пайшоў.

Пацягнуліся тыдні і месяцы ў невыразнай сітуацыі. Улада мянялася праз кожныя 3— 5 дзён, а найчасцей жылі без усякай улады. То праходзілі часці Чырвонай Арміі, то наляталі польскія паны, якія пагражалі, што ксёндз будзе вісець на адным суку, а настаўніца — на другім. Аднойчы нейкая часць Чырвонай Арміі затрымалася ў нас блізка каля тыдня. Мы спадзяваліся, што ўжо можна спакойна далей жыць і працаваць, што не будзе больш змен. Аж чуем, чырвонаармейцы спешна рыхтуюцца да адыходу.

Я параілася, у які бок мне падацца, каб дабрацца да Мінска, бо далей тут заставацца небяспечна, калі зноў вернуцца паны.

— На Мінск дарога адрэзана, – адказаў камандзір,— туды вам цяжка будзе дабрацца, і я не ведаю, што ў тым напрамку адбываецца.

Параіўшыся дома і распытаўшыся ў людзей, дзе спакайнейшая дарога, рашылі ніводнага дня ўжо тут не заставацца і, калі не ўдасца прабіцца на Мінск, накіравацца ў Вільню: там усё ж такі засталіся, пэўна, свае людзі, якія могуць даць часовы прытулак. Назаўтра раніцай з невялічкімі клункамі ў руках рушылі з братам пехатой у дарогу.

Мядзёлка Паўліна // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск: БелЭН, 1989. – С. 143146.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed