Жытко Іван. Крытычныя матэрыялы.

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Жытко Іван

 

Кандрашук, Н. Смех Івана ЖыткоПаталкоў, Ю. Выратаванне смехам

Смех Івана Жытко

Цяжка ўявіць, што чалавек такой сур’ёзнай прафесіі, як міліцыянер, можа не толькі сам смяяцца, але і смяшыць іншых. Але, мабыць, гумару, як і каханню, усе ўзросты і спецыяльнасці падуладныя.

У гэтым пераконваешся, сустракаючыся з Іванам Жытко — членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, былым участковым упаўнаважаным, супрацоўнікам крымінальнага вышуку, начальнікам аддзялення аховы проста вясёлым і добрым чалавекам, які і на пенсіі не сядзіць склаўшы рукі. Жыве Іван Жытко ў Камянцы, а нарадзіўся ў вёсцы Гукова Ляхавіцкага раёна. Скончыў вышэйшую школу МУС у Маскве.

Ён выдаў 4 кнігі гумарэсак, апошняя з якіх пад назвай “Смех смехам” убачыла свет летам бягучага года ў брэсцкім выдавецтве “Альтернатива”. Чытаеш немудрагелістыя гісторыі і адразу разумееш: усё сапраўднае. Асаблівы каларыт гумарэскам надае тое, што аўтар укладае ў вусны сваіх герояў — простых людзей, якія жывуць побач з намі, — асаблівую гаворку, аздобленую рознымі прыказкамі і прымаўкамі, якія вельмі яскрава характарызуюць сваіх уладальнікаў. Напрыклад: “Здароваму жывату і рэдзька не вадзіць, а хвораму і масла шкодзіць”, “Не з’ясі зерне, пакуль арэх не раскусіш”, “Лепш малы рублік, чым вялікі дзякуй”, “Першы блін сабаку, другі — небараку, а трэці — сабе”, “Хоць з карыта, абы дасыта”, “Языком мянціць – не сена касіць”, “Ён як той баравік, што шапкаю хваліўся, а галавы пад ёю не меў”, “На языку ў цябе мядок, а на сэрцы лядок”, “На панскі розум ёсць мужыцкая хітрасць”, “Краса да вянца, а розум да канца”, “Што ні скажа, быццам маслам  мажа”, “Кума куме — і пайшло па сяле”, “Ад гарэлкі розум мелкі” ды іншыя. “Умелая прыказка, што пры мяшку прывязка”, — гэтыя словы можна аднесці да ўсёй кнігі Івана Жытко. Усе прымаўкі так арганічна ўпляліся ў яго расповеды, што не толькі не рэжуць слых, а наадварот, надаюць гумарэскам асаблівую прывабнасць.

“Гумарыст… бачыць вышэй і шырэй, чым тыя, хто побач, і імкнецца напоўніцу падзяліцца гэтым сваім дарам з іншымі”, — сказаў у прадмове да кнігі “Смех смехам” Анатоль Крэйдзіч. І гэта сапраўды так.

Наталля КАНДРАШУК

 

Кандрашук, Н. Смех Івана Жытко / Наталля Кандрашук // ЛІМ. – 2010. – 19 лістапада. – С. 6.

Выратаванне смехам

Вядома здаўна: камічнае – найцяжэйшая для мастацкага ўвасаблення катэгорыя. Асабліва калі размова  пра такі від камічнага, як гумар. Ён  ідзе па амаль што незаўважальнай мяжы паміж высокім і нізкім,  прыстойным і непрыстойным. Далёка не ўсім   творцам шчасціць утрымацца на  вышынях духоўнай  культуры. Узровень гумару на сучасным тэлевізійным экране – таму яскравы доказ.

Ёсць у смеху і яшчэ адна небяспека: банальнасць, скрытае (а часта і адкрытае)  паўтарэнне  таго, што ўжо недзе было, чулася, прамаўлялася. А жарт, паўтораны двойчы, – ужо не жарт. Так што  ў гумары паўтонаў няма: калі смешна – дык смешна, а калі не смешна – дык… прабачце.

Аб усім гэтым раздумваеш, калі знаёмішся з кнігай Івана Жытко “Смех смехам” (Брэст, “Альтэрнатыва”, 2010). Даў жа Бог чалавеку  красамоўнае  прозвішча – Жытко!   Тут і жыта, і жыллё, тут  жалоба  і  жыццё. Усяго было! Бо Іван Андрэевіч – чалавек бывалы: працаваў у крымінальным вышуку. Чаго-чаго пры такім занятку не пабачыш! Ды і  гады немалыя: аўтар кнігі нарадзіўся ў 1930 годзе. Гэта значыць, і жахі вайны ён  бачыў, і пасляваенныя   неспакойныя гады ў  памяці назаўсёды. Як пры такім  відавочна няпростым вопыце быцця захаваць у сабе здольнасць да   вясёлага  слоўца? Такое даецца не кожнаму… Таму  кнігу чытаеш з патаемным чаканнем адкрыцця. І скажам адразу: Іван Андрэевіч усе чытацкія надзеі   ў высокай меры апраўдвае.

Кніга “Смех смехам” складаецца  з  гумарыстычных мініяцюр. Жанр гэты  па-свойму  для  пісьменніка каварны: на кароткай сюжэтнай прасторы напал канфлікту  трэба  абвастрыць  да небяспечнасці. Аўтару найчасцей гэта  ўдаецца.  Вось назвы некаторых апавяданняў: ”Хто каму сябра?”, “Яшчэ спатрэблюся”, ”Апаскудзіўся”, “Дапіліся”, “І ў д’ябла ўкрадзе, і богу не аддасць”, ”Пазыкі вядуць у лыкі”, ”Збянтэжаны”. Лёгка заўважыць, што ўсе гэтыя назвы аб’яднаны  выразам  канчатковых станаў душы, пры   якіх жартам ці не жартам, а  трэба выказвацца  ўсур’ёз.

У апавяданні “Хто каму сябра?”, напрыклад, чалавек марыць паехаць з госцем-шваграм  да мора, але ў  апошні момант высвятляецца, што жонка   госця  набыла вялізнага сабаку і вязе яго дадому, на мора. Летуценніку ж месца  ў  швагравым “Масквічы”  не застаецца. Гумар?  Калі і гумар, дык з вельмі  маркотнымі вачыма.  Што, здавалася б, асаблівага здарылася? Ну не паехаў чалавек  да цёплых   чарнаморскіх хваль, будзе праводзіць адпачынак на прыветлівым возеры Нарач. Таксама няблага.

Але ці пра гэта пісьменнік распавядае? Моц кнігі  Івана Жытко ў тым, што гумарыстычныя слоўныя фарбы, ужытыя пісьменнікам, – адно толькі  таленавіта выкарыстаны сродак да глыбокага, праверанага  жыццём выказу пра складаны свет   душы. Колькі разоў  і мне “не даставалася месца”  ў “аўтамабілі” быцця!   І ці аднойчы  замест мяне – рамантычнага ды прастадушнага – на  прызначаным мне  месцы аказваўся “пародзісты сенбернар – калматы, камлюкаваты, вялізны”? А можа,  паважаны чытач, і пра вас гэтая байка складзена? Упэўнены, што  так. Іншая справа, што вельмі цяжка  самому не аказацца тым “сенбернарам” ці яго гаспадарамі, не ператварыцца  ў Гарлахвацкага  з камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”.
Чым далей чытаеш кнігу І. Жытко, тым больш разумееш, што назва яе – гэта пачатак народнай прымаўкі: “Смех смехам, але  каб плакаць не прыйшлося”.  І ўсё ж не пра плач кніга. Яна – пра тую самую няпростую  радасць жыцця.  Нездарма  апошнім у ёй стала апавяданне “Збянтэжаны”: аповяд пра бацьку трох сыноў, якому жонка  ўчора нарадзіла яшчэ двойню. Ён з гэтай нагоды  менавіта збянтэжаны – і шчаслівы, і сур’ёзны ад  новых жыццёвых абавязкаў. А  абмяркоўваецца  гэтая  святая  падзея ў  вясковым аўтобусе, сярод людзей, якія  самі – соль зямлі роднай, удзельнікі векавечнага лёсу чалавечага. Тыя самыя, пра якіх  усе нашыя беларускія класікі распавядалі…
Аўтар кнігі  нічога не выдумляе. Ён   запісвае  тое, што бачыў, што чуў, у чым удзельнічаў. Вядома, бачыў і чуў па-свойму: цудоўна і вобразна. Дык гэта Бог  Івану Андрэевічу  такія здольнасці даў.  І гэтыя здольнасці пісьменнік не  згубіў, увасобіў у апавяданні,  якім выратавальна   жыць гады і гады – на радасць нашу.

Юрый ПАТАЛКОЎ,

кандыдат філалагічных навук,

г. Брэст.

 

Паталкоў, Ю. Выратаванне смехам / Юрый Паталкоў // Народная трыбуна. – 2011. – 21 мая. – С. 11..

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed