Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Жытко Іван
Іван Андрэевіч Жытко нарадзіўся ў в. Гукова Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Івану Андрэевічу давялося пабачыць жахі вайны, пакінуць ў памяці і перажыць пасляваенныя неспакойныя гады, папрацаваць бухгалтарам, фінансістам. Завочна закончыў Вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) СССР у Маскве. З 1957 па 1983 гады служыў у Камянецкім РАУС на розных пасадах: участковым, оперупаўнаважаным, старэйшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. З 1972 года — начальнік аддзялення пазаведамаснай аховы Камянецкага РАУС. За час службы ўзнагароджаны знакам «Выдатнік міліцыі», медалямі «За бездакорную службу» III, II і I ступеняў. Жыў у розных мясцінах Брэстчыны: у Баранавічах, Брэсце, у Камянцы.
Іван Андрэевіч Жытко — майстар гумарэсак. У 1961 годзе ўпершыню напісаў у тагачасны “Ленінец” (раённую газету) пра злачынства, якое расследаваў. Першая гумарэска пісьменніка называлася “Футра”. Спроба пяра аказалася ўдалай, атрымалася цікава і з гумарам. Так і пачалося плённае супрацоўніцтва з газетай, якое працягнулася надоўга. Яго творы друкаваліся ў шматлікіх рэспубліканскіх, абласных і раённых выданнях, калектыўных зборніках. Шмат друкаваўся ў раённай газеце «Навіны Камянеччыны». І.А. Жытко выдаў чатыры кнігі гумарэсак пад назвамі “Смех на высадку” (1997),“Прыз” (2001), “І смех і бяда” (2005), “Смех смехам” (2010). У апошнюю ўвайшлі творы, выбраныя з трох папярэдніх выданняў, а таксама неапублікаваныя. Гумарэскі І.А. Жытко самабытныя, добразычлівыя, сяброўскія. Асаблівы каларыт у тым, што аўтар укладае ў вусны сваіх герояў – простых людзей, асаблівую гаворку, аздобленную рознымі прыказкамі і прымаўкамі, якія вельмі яскрава характарызуюць сваіх уладальнікаў. Ён не толькі высмейвае, колькі паказвае смешнае ў жыцці і чалавечым характары.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2008 года.
І.А. Жытко з’яўляўся старшынёй ветэранскай арганізацыі Камянецкага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ, выдаў дзве кніжкі, прысвечаныя міліцыі. Адна з іх, да 70-годдзя Камянецкага аддзела міліцыі расказвае пра былых супрацоўнікаў і сучаснікаў.
На пенсію выйшаў у чэрвені 1983 года. 29 верасня 2013 года жыццё пісьменніка абарвалася…
Іван Андрэевіч Жытко усе чытацкія надзеі ў высокай меры апраўдвае. Здольнасць да вясёлага слоўца, увасобленая па-свойму: цудоўна і вобразна, выявілася ў апавяданнях, якім наканавана жыць гады.
З гумарам па жыццi
Здаровае пачуццё гумару – гэта вызначальная рыса характару беларуса. Ён умее бачыць у сваім жыцці не толькі сумнае і сур’ёзнае, але і смешнае, ніколі не губляе аптымізму (памятаеце: “Аей-аей, суседзе, бяда якая! Хата твая згарэла…” – “Але ж затое і мышэй ляснула!”), ён можа, калі ўзнікне неабходнасць, пасмяяцца з самога сябе. У тым, што са смехам жыць сапраўды лягчэй, яшчэ раз упэўніліся 24 жніўня ўсе госці, якія завіталі ў Камянецкую раённую бібліятэку імя У.Ігнатоўскага на прэзентацыю новага зборніка гумарэсак “Смех смехам” члена Саюза пісьменнікаў Беларусі камянчаніна Івана Жытко.
Аўтар пачаў сустрэчу з кароткага аповяду пра сябе, пра сваю родную вёску Гукова Ляхавіцкага раёна (усе з задавальненнем паслухалі легенду, што тлумачыць паходжанне гэтай незвычайнай назвы), пра дзяцінства, школьныя гады, вайну, пра пошукі прафесіі. Івану Андрэевічу давялося папрацаваць бухгалтарам, фінансістам, участковым, старшым аператыным упаўнаважаным (пасля Вышэйшай школы МУС у Маскве), начальнікам пазаведамаснай аховы. Жыў у розных мясцінах Брэстчыны: у Баранавічах, Брэсце, у Камянцы, дзе жыве і цяпер. Сёння пісьменнік з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Камянецкага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ, выдаў дзве кніжкі, прысвечаныя міліцыі. Адна з іх, напрыклад, да 70-годдзя Камянецкага аддзела міліцыі расказвае пра ўсіх былых і сучасных супрацоўнікаў яго.
У 1961 годзе Іван Жытко ўпершыню напісаў у тагачасны “Ленінец” пра злачынства, якое расследаваў, атрымалася цікава і з гумарам. Рэдактар Уладзімір Яфімовіч пахваліў удалую спробу пяра, параіў пісаць больш. Так і пачалося плённае супрацоўніцтва з газетай, якое працягваецца і сёння. Першая ж гумарэска пісьменніка называлася “Футра” і выйшла яна таксама ў камянецкай раёнцы. Друкаваўся Іван Андрэевіч у газетах “Заря”, “Звязда”, выдаў 4 кнігі гумарэсак: “Смех на высадку”, “Прыз”, “І смех, і бяда”, “Смех смехам”. У апошнюю ўвайшлі творы, выбраныя з трох папярэдніх выданняў, а таксама неапублікаваныя.
Пасля пасыпаліся пытанні да пісьменніка, на якія ледзь паспяваў адказваць. Іван Андрэевіч гаварыў, што сюжэты для сваіх твораў бярэ толькі з жыцця; што да творчасці яго падштурхнула цікавая, непрадказальная праца ў міліцыі; што да любімых сваіх аўтараў прылічае Я.Коласа, Я.Купалу, В.Быкава, У.Караткевіча і М.Чаргінца (апошні таксама пісаў пра міліцыю); што не мае сярод гумарэсак асабліва любімых, бо ўсе яны яму дарагія; што ніколі не спрабаваў пісаць у іншым жанры…
Іван Жытко прыадчыніў крышку дзверы ў сваю пісьменніцкую майстэрню, расказаў, як запісвае спярша знойдзены, “злоўлены” сюжэцік, нейкі час абдумвае яго, перарабляе, а пасля ўжо пераносіць на паперу. Пісьменнік па просьбе слухачоў сам зачытваў свае гумарэскі ўслых – атрымлівалася вельмі дасціпна, жыва, арыгінальна, кожнаму герою падбіраўся нават асобны голас. У выніку ўсе прысутныя трапілі, нібыта ў сапраўдны тэатр. Слухачы таксама падхоплівалі эстафету, пераказвалі сваімі словамі ўлюбёныя творы аўтара.
Завяршылася сустрэча з чытачамі шчырымі словамі падзякі ад супрацоўнікаў бібліятэкі (яны, дарэчы, падрыхтавалі выставу кніг Івана Жытко) і ўсіх прысутных. Ларыса Хухлаева, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы, уручыла кветкі. Кожны жадаючы мог займець новы зборнік гумарэсак пісьменніка з аўтографам. “Вы ўсё прыкмячаеце, запамінаеце, каб пасля пра гэта расказаць, – сказала напрыканцы адна з прыхільніц творчасці Івана Жытко. – Гэта талент. Каб не было ў Вас яго – нічога б не выйшла.”
Настасся НАРЭЙКА
Нарэйка, Н. З гумарам па жыцці / Настасся Нарэйка // Навiны Камянеччыны. – 2010. – 28 жнівень.