Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына
Зыранава (Каспяровіч) Галіна Фёдараўна (нар. 1982), паэтка, настаўніца, спявачка
Галіна Зыранава нарадзілася 6 чэрвеня 1982 года ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна. Скончыла БДПУ імя Максіма Танка, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Крывошынскай сярэдняй школы, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.
Калі ёй было трынаццаць гадоў, трапіла ў аўтамабільную аварыю. Пералом пазваночніка. Шпіталь. Аперацыя. Імгненна жыццё змянілася на сто восемдзесят градусаў і пайшло ў другім напрамку – па шляху пераадолення перашкод. Галя закончыла школу. Атрымала залаты медаль. Паступіла ў Мінскі педагагічны універсітэт на факультэт беларускай філалогіі і культуры. Закончыўшы завочна ВНУ з чырвоным дыпломам, атрымала першае працоўнае месца ў Крывошынскай школе. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, кіравала літаратурна – этнаграфічным аддзелам школьнага музею, разам з дзецьмі вяла даследчую работу, пісала сцэнарыі на конкурсы, музычныя фестывалі. Краязнаўства – адно з захапленняў маладой настаўніцы. А яшчэ Галіна любіць музыку і выдатна спявае. Прымала ўдзел у песенным фестывалі “Зорка надзеі” ў Санкт – Пецярбургу (2009 г.), “Славянскім базары” ў Віцебску. Галіна Зыранава піша цудоўныя вершы і прозу. Друкавалася ў часопісах “Маладосць”, “Алеся” , у абласной газеце “Народная трыбуна” і раённай газеце “Ляхавіцкі веснік”.
У рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў у Калодзішчах на “танцавальных” зборах пазнаёмілася з будучым мужам Алегам Зыранавым. Ён – спартовец і майстар на ўсе рукі. А разам яны – рэдкая, непаўторная сям’я. Маладыя людзі падтрымліваюць адзін аднаго, разам пераадольваюць жыццёвыя перашкоды і разам падарожнічаюць.
Пра Галіну зняты фільм “Галінка”. Гэта дыпломны праект яе аднавяскоўца Аляксандра Жука, які вучыўся на рэжысёра, цяпер працуе на тэлебачанні (прагледзець можна па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=Z3mxnLu0y-Q ).
У 2018 годзе Галіна Зыранава стала суаўтарам літаратурнага зборніка прозы “Скажы, што кахаю…”, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў серыі “Вера. Надзея. Любоў”.