Карповіч Янка. Повязь з родным краем, успаміны

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу  >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Карповіч Янка

 

Лаўрэнаў У. Жыццё нараджае верш

ЖЫЦЦЁ НАРАДЖАЕ ВЕРШ

У калектыўным зборніку паэтаў Слонімшчыны ёсць падборка паэтычных твораў нашага земляка Янкі Карповіча.

Нарадзіўся ён у 1934 г. у в. Зарытава. Закончыў Жарабковіцкую сямігодку, Падлескую сярэднюю школу, затым Баранавіцкі настаўніцкі і Гродзенскі педінстытут. Паступіў у аспірантуру.

Лёс прызямліў яго ў Слоніме, дзе ён спачатку працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў адной са школ горада, а потым амаль 25 гадоў — дырэктарам школы. Пэўны час быў намеснікам дырэктара Слонімскага медвучылішча, у апараце райкома партыі.

Піша вершы, якія друкаваліся і друкуюцца ў слонімскай раённай і гарадской газетах, абласной “Гродзенскай праўдзе”, у рэспубліканскім друку.

Па прызнанню Івана Іванавіча тэмы для вершаў дыктуе само жыццё.

“Зарытава — мой родны кут, які ёсць у мяне і з якім я ніколі не развітваюся, хоць там адбыліся значныя перамены, — піша ў сваім лісце да мяне паэт. — Часцяком прыязжаю да сваёй матулі, слава Богу — яна яшчэ жыве. Іду да яго, свайго куточка, каб сказаць яму добры дзень. I, закрыўшы вочы, успамінаю, я яго бачу такім, якім ён быў у дзяцінстве.

Тут я спасцігаў азы жыцця і навукі. I першым, хто мяне вучыў грамаце, была мая матуля. Зімою яна садзілася за прасніцу, а побач уладкоўвалі мяне з букваром. Сама кніжка была цікавая — шмат малюнкаў зразумелых мне, па якіх можна было скласці якісьці аповяд, і на кожнай старонцы — новыя літары. I я стараўся вучыцца чытаць, бо ўсе ў сям’і чыталі і пісалі. Хацеў і я ад іх не адставаць.

Мой дзядзька Мікалай Даўгапол тады вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Ён вельмі добра маляваў (яшчэ і зараз захаваліся яго малюнкі). Пісаў вершы, іграў на многіх музычных інструментах: мандаліне, цымбалах і іншых. А як ён цудоўна размаўляў на беларускай мове! Вясковую моладзь вучыў спяваць беларускія песні. Дарэчы, за што неаднойчы быў абвінавачаны польскай паліцыяй.

Адукаваным быў і дзед — Андрэй Андрэевіч. Ён умеў у вершах расказаць казку пра жар-птушку, іншыя цікавыя гісторыі. Вечарамі збіраліся ў яго хаце і дарослыя, і дзеці, каб паслухаць дзеда.

Бацька Іван Піліпавіч закончыў царкоўна-прыхадскую школу. Вельмі добра ён рашаў матэматычныя заданні. У яго было шмат матэматычных зборнікаў, розных кніг, часопісаў, газет. Дзед любіў чытаць. Лепшым падарункам для дзяцей у яго была кніга. У мяне ад яго і зараз застаўся на памяць зборнік твораў А. С. Пушкіна.

Я заўсёды быў побач з бацькам і маці. Услухваўся, да ўсяго прыглядаўся, усё мне было цікавым. Тое, што пазнаў у дзяцінстве, засталося назаўседы.

Кветкі на лузе пахлі мёдам, птушкі ў нашым наваколлі пелі самыя прыгожыя песні. А якое хараство несла невялікая рачулка!

 

Там, дзе бегаў басанож
Разам з хвалямі уздоўж
Рэчкі прыгажуні.
Забягаў у чараты,
Каб пазбегнуць маяты.
У жыццёвым тлуме.
Там лавіў я галасы
Замілованай красы.
На ўсім абшары.
Водар кветак удыхаў,
Наваколле успрымаў.
Марыў свае мары.

Любоў да роднага куточка перарасла ў больш шырокія і глыбокія пачуцці — любоў да Бацькаўшчыны.

 

Беларусь

Ты мая белая, белая, белая,
Сэрцам любімая, замілаваная,
Самая шчырая, самая верная,
Родная, мілая і закаханая.
Ты і крынічная, ты і азёрная,
Ты і лясная, і журавінная,
Хлебам пахучая, песнямі звонкая
I салаўіная, і жураўліная.
3 чым параўнаць цябе, родная, мілая,
Дзе яшчэ знойдзеш такія мясціны?
Ты мая белая, сіняя-сіняя,
Спадчына слаўная, край мой адзіны.

Запамінальным быў прыход Чырвонай Арміі ў 1939-ым, цёплыя сустрэчы яе з землякамі. Усе выйшлі тады на вуліцу. Гасцінна прымалі чырвонаармейцаў: на вуліцу вынеслі сталы, на якіх былі каўбасы, паляндвіцы і сала з далонь таўшчынёй. Відаць, многія з вызваліцеляў не бачылі такога сала раней і думалі, што яно склеена з некалькіх пластоў, бо пыталі: навошта сала клеілі?

А колькі было кветак! Танкі засыпалі букетамі.

А потым быў 1940-ы. Для некаторых, хто стараўся гаспадарыць, ён стаў трагічным — высылка ў Сібір, Казахстан.

У іх лік трапіў і мой дзед Даўгапол Андрэй. Было ў яго гаспадарцы 14 гектараў зямлі, у сям’і — трое сыноў і дачка.

У мяне і цяпер стаіць перад вачыма той дзень, як іх высялялі, “раскулачвалі”. Дый ніхто ад гэтага не пабагацеў. Мая маці тады купіла праз Саветы дзедаву карову, а калі яны вярнуліся з Казахстана, аддала ім яе назад.

Нешта падобнае апісаў М. Шолахаў у сваім рамане “Поднятая целина”. Нездарма ён раней называўся “С потом н кровью”. Асабліва гэта яскрава бачна на раскулачванні Гаева, у якога было адзінаццаць душ дзяцей, і іх, дрэнна апранутых і абутых, гналі на мароз.

Адтуль мае ссыльныя дзядзькі з першых дзён вайны пайшлі на фронт змагацца з фашыстамі поруч з тымі, хто іх грабіў.

Аб той змрочнай часіне — “Памяць сібірскага смутку”.

У смутку той трыццаць дзевяты,
Пранёсся страшны плач наўзрыд.
Да родных ніў прыпоўз праклятьі
“План вызвалення” — генацыд.
Сібір, Урал і край Паўночны
Магілай стаў для многіх з тых,
Хто быў пясняр, святар, рабочы…
Тых праўдалюбцаў і святых.
I мог бы род мой да краюшкі
Навекі ўтоплены ў снягах,
Калі б ён з войскамі Касцюшкі
Не прабіваў на захад шлях.

Нялёгка прыйшлося мне, сялянскаму хлопцу, прабівацца ў навуку. У 1952 г. я паспяхова здаў экзамены ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Але для таго, каб мяне залічылі ў студэнты, неабходна было прадставіць даведку ад старшыні калгаса, у якой указвалася, што ён не супраць, каб я вучыўся. Адразу такой даведкі я не атрымаў. Прыйшлося сваю мару і права адваёўваць другі раз.

Учас будаўніцтва новага жыцця — сацыялістычнага — многія мае суайчыннікі пад уплывам атэістычнай прапаганды і іншых забарончых мер з боку кампартыі вымушаны былі забыць дарогу да храма, згубіць веру ў Бога, на вялікі жаль. Але Ён ёсць і зможа дапамагчы нам, калі будзем верыць у Яго сілу.

 

Малітва

3 глыбінь Беларусі, ад самых вытокаў,
Наш голас малебны нясецца
Да самага неба, да нашага Бога —
Святой ён малітвай завецца.
3 мальбою кранаемся духу Ісуса:
Гасподзь, уратуй Беларусь
Ад злое навалы, пякельнага гнуса, —
Наш Божа, ўратуй Беларусь!
Народ наш спадзеўку вялікую мае
Спакон на цябе, наш Гасподзь.
Бо хто з найсвяцейшых пра нас так падбае,
Як Ты, наш Гасподзь.

Падрыхтаваў Уладзімір Лаўрэнаў

 

Лаўрэнаў, У. Жыццё нараджае верш / Падрыхтаваў Уладзімір Лаўрэнаў // У кн.: Ёсць край такі…: гісторыка – літаратурная хроніка / У.М. Лаўрэнаў і інш. Баранавічы. – 2003. – С. 324 – 328. – Пра Янку Карповіча.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed