Зарынава Галіна. Гутаркі з пісьменнікам, інтэрв’ю

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Зарынава Галіна

 

Гнілазуб, В. Галіна вера Канько, Г. Я люблю цябе, жыццё! Спадзяюся, што гэта ўзаемна

Галіна вера

«Гэта – незвычайная сям’я, – так адрэкамендавалі мне гэтых людзей на месцы, перад паездкай да Зыранавых. – Галіна і вершы піша, і спявае, і танцуе. Выдат-ны педагог. А Алег які малайчына! Мае шмат узнагарод, якія прывозіць з роз-ных спаборніцтваў!» І сапраўды, у доме гэтай сям’і вочы разбягаюцца ад колькасці розных дыпломаў і медалёў Алега Зыранава. А вось і Галініны ўзнагароды. «Жанчына года» – прачытала на адным з дыпломаў… А перамяшчаюцца гэтыя людзі толькі на калясках. Не скардзяцца на лёс і жыццё.

«Гэта людзі з неабмежаванымі магчымасцямі…» — прачытала аднойчы такую фразу. І яна мне спадабалася: якая дакладная! І такімі людзьмі з неабмежаванымі магчымасцямі можна назваць Галіну і Алега Зыранавых з вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёна

«Гэта – незвычайная сям’я, – так адрэкамендавалі мне гэтых людзей на месцы, перад паездкай да Зыранавых. – Галіна і вершы піша, і спявае, і танцуе. Выдат-ны педагог. А Алег які малайчына! Мае шмат узнагарод, якія прывозіць з роз-ных спаборніцтваў!» І сапраўды, у доме гэтай сям’і вочы разбягаюцца ад колькасці розных дыпломаў і медалёў Алега Зыранава. А вось і Галініны ўзнагароды. «Жанчына года» – прачытала на адным з дыпломаў… А перамяшчаюцца гэтыя людзі толькі на калясках. Не скардзяцца на лёс і жыццё.

«Маё галоўнае званне — самая лепшая жонка на свеце…»

— Маё званне — жонка, самая лепшая на свеце. І ў мяне самы лепшы на свеце муж. Мабыць, гэта самыя нашы правільныя і самыя вялікія званні. Таму што ва ўсіх астатніх ёсць адноснасць, — усміхаецца Галіна. — Я нарадзілася тут, у Крывошыне. І, напэўна, да скону буду тут жыць. А мой муж — з Верхняга Чэрніхава Баранавіцкага раё- на. У гэтым годзе адзначылі дзесяцігоддзе з моманту знаё- мства. Ажаніліся мы ў 2006 годзе. А на калясцы я ўжо 17 гадоў.

— Кажуць, што вы на ўсе рукі майстрыха!

— Так сказаць не магу. У пэўны час вучу дзяцей, у пэўны час спяваю, танцую. Я б сказала, што танцы — гэта ўжо мінулае. Хоць кажуць, што ніколі не кажы “ніколі”. Але думаю, што гэта тое мінулае, у якое звароту ніколі не будзе. Песні, падобна, таксама — былы этап… Спявала фальклор і акапэльна. Вучылася ў педуніверсітэце імя Максіма Танка. Скончыла факультэт беларускай філалогіі.

— Цяпер зразумела, адкуль вы так добра ведаеце беларускую мову!

— Гэта не адгэтуль, гэта проста жыццё душы. А дзяцей вучыць, думаю, гэта надоўга. Хоць з перапынкамі, бо не заўсёды здароўе дазваляе займацца на поўную сілу.

Ці кожная жонка скажа, што ў яе муж класны? А Галіна кажа, і з замілаваннем:

— Алег ездзіць па свеце. І ў Польшчы, і ў Галандыі быў. Танцаваў. Пасля, калі сышоў з танцаў, стаў займацца спортам. Можна сказаць, на аматарскім узроўні. Дзе толькі можа ўдзельнічае ў розных спартыўных мерапрыемствах. У мінулым годзе ў верасні быў ва Украіне. І ў Маскве быў на Вараб’ёвых гарах. І па Беларусі ездзіў. Колькі будуць клікаць, будзе ездзіць!

Мае дасягненні ў спевах і танцах і мужавы ў танцах — розныя рэчы. Мае поспехі не сягаюць вышэй рэспубліканскага ўзроўню. А вось яго! Там ужо выхад на міжнародную арэну… Але гэта ізноў жа — усе дасягненні на свеце адносныя. І жыццё паказвае, што месцамі не вымяраюцца.

«Зорка надзеі»

Галіна лічыць, што іх агульны з мужам поспех — сумесная паездка ў Піцер.

— Гэта было самае вялікае ўражанне за ўсю маю спявацкую кар’еру!.. 2009 год. Фестываль «Зорка надзеі». Нас запрасілі прадстаўляць Беларусь. І ў якасці суправа- джальніка мне дазволілі ўзяць мужа. І мы так чароўна паспявалі на вялікай прыгожай сцэне, з прафесіяналамі! І гэта непаўторнае адчуванне вялі- кай сцэны, прыхільнасць публікі, якая так цёпла прымала! Так цёпла вітала! Шчыра. А пасля ты стаіш за кулісамі, а тут Ваенга прабегла, ды Бутусаў прайшоў. Можа быць так у жыцці, што тыя, каго ты слухаў, яны вось, побач!

А пасля ўжо стомлены, змучаны сядзіш. А тут прыходзяць арганізатары: «А не хацелі б пакатацца па начной Няве?» А як жа не пакатацца, хоць такі стан, што хоць запалкі ў вочы ўстаўляй?

— Галіна, як патрапілі ў спявачкі?

— З маленства вучылася ў музычнай школе па класе баяна і спявала ў мастацкай самадзейнасці ў школе. Звычайную папсу. А спяваць народныя песні пачала недзе з 2001 года. Да гэтага быў у мяне такі перыяд, калі я пяць гадоў ляжала пасля траўмы, з 1996 года…

А пачалося ўсё з «Сівага каня» — пацягнула ў народныя песні. І пачала дома ўключаць магнітафон і спяваць. Суседзі падыходзілі пад вокны: што тут такое дзеецца, што за крык, што за лямант? А гэта я так трэніруюся: ляжу і спяваю. Добра, што бацькі на гародзе, у хаце нікога няма, нікога не нервую.

Пасля мяне запрасілі ў Ляхавічы на раённы этап конкурсу, прайшла імпрэза, прысвечаная чарговай гадавіне беларускага таварыства інвалідаў. Трапіла на абласны, а потым на рэспубліканскі тур. Адтуль — на «Славянскі базар». Там мае выступленні таксама адзначалі, атрымлівала дыпломы. Асабліва не шукала нагодаў выступленняў. Не прасіла, каб мяне ўзялі. Мяне клікалі, і я, як чалавек, які не ўмее адмаўляць, казала: «Так».

Гульня са словамі

— Якая цяпер справа вас захапляе?

— Дзеці і яшчэ раз дзеці. А ячшэ мне б вельмі хацелася вярнуцца да творчасці. Мне падабаецца само слова, гульня са словам, калі ты выбіраеш, калі ўзважваеш, калі са слоў спрабуеш зляпіць нешта такое!

— Кажуць, да вас вучні прыходзяць з мясцовай школы? Вы іх вучыце?

— Я не ведаю, як можна назваць нашыя адносіны. Ці я іх вучу, ці яны мяне мучаюць, ці мы мучаемся разам (смяецца. — Заўвага аўт.) Нейкая сумесная дзейнасць у нас дакладна ёсць. Яна дае нейкія вынікі.

…Я патрапіла ў аварыю ў падлеткавым узросце, мне было трынаццаць гадоў. І той перыяд, мне здаецца, са мною ўвесь час, ад яго не пазбавіцца. Таму я стаўлюся да дзяцей як да дарослых, патрабую нейкага раўнапраўя… Складаная праца з дзецьмі, але падабаецца тым, што яна ўзбагачае ў плане нейкага, можа быць, эмацыйнага і псіхалагічнага досведу.

Да мяне на заняткі ходзяць у асноўным выпускнікі мясцовай школы. Мабыць, у дзяцей і бацькоў логіка такая: вучыся да 11-га класа, а пасля да Галіны Фёдараўны пойдзеш, яна цябе хуценька паднацягае (смяецца).

Навошта нам тыя яблыкі, падавай бананы?

— Галіна, кажуць вы з вучнямі напісалі нейкую вельмі цікавую навукова-даследчыцкую працу?

— З адной цудоўнай дзяўчынкай Ганнай Гатоўчыц вырашылі вывучыць мясцовыя жаночыя імёны. Яна была ў дзявятым класе, і на такім энтузіязме ўзялася за працу! У мясцовым сельскім Савеце заглянулі ў гаспадарчыя кнігі, завялі сшытак. І сталі пісаць спачатку для сябе, пасля гэта вылілася ў добрую працу. Мы паглядзелі, што жаночыя імёны можна класіфікаваць, разглядаць іх этымалогію, што гэта, у прынцыпе, цікава. Бо прозвішча разглядалі многія, такія працы на слыху, а вось імёны? І ў нас атрымалася навукова-даследчыцкая праца «Імёны жанчын вёскі Крывошын». Занялі на раённым узроўні першае месца. Ганна ездзіла і на абласную канферэнцыю. Вывучалі менавіта «сённяшнія» жаночыя імёны. Параўноўвалі: у такім узросце столькі і столькі Марый і Ганнаў і г. д.

— Ці былі цікавыя імёны, якіх адно ці два?

— Так. Напрыклад, Эла, Неаніла. Рэдкія імёны. Факт: папулярныя імёны тыпу Марыя, Вольга, Ганна саступаюць месца Карынам, Крысцінам, Алісам. Сутнасць працы і гэты аналіз звёўся да таго, што не хочам мы карыстацца тымі імёнамі, якія ў нас ёсць. Па тыпу: нашто нам тыя яблыкі, падавай нам бананы!

«Чалавек жа мора пабачыў!»

Муж Галіны і настольным тэнісам займаецца, і армрэслінгам, а яшчэ валейболам, плаваннем, кідае ядро, кап’ё, дыск і інш. Разглядаем яго шматлікія граматы і дыпломы. Вось ён у Маскве быў на фестывалі «Вараб’ёвыя горы». Заняў трэцяе месца. А тут — ва Украіне…

— Адна з апошніх паездак — у Еўпаторыю на 8-ю Усеўкраінскую спартакіяду інвалідаў. Заняў першае асабістае месца па фігурнаму кіраванню і другое — па настольнаму тэнісу, — распавядае Алег. А Галіна смяецца: «Якія мы розныя людзі. Для Алега першае месца на спаборніцтвах — галоўнае. А я сяджу і думаю: «Чалавек жа мора пабачыў, у моры купаўся! Разумееце?!»

— А мне спаборніцтвы падабаюцца, падабаецца перамагаць. Здаровая канкурэнцыя — вельмі добра, — падтрымлівае гутарку Алег.

— А я за сяброўства паміж народамі. Фізкультуру не вельмі любіла ў школе. Мне б вось стаць, рот раскрыць, на воблакі паглядзець, птушачак паслухаць. Такая прыгажосць. Пачытаць што-небудзь. Стараюся чытаць тую літаратуру, пасля якой вось тут во добра (прыклала далонь да грудзей), і ты можаш падарыць іншым людзям у дотыку, у поглядзе сваё «сонца», крышачку выпусціць яго на волю, вясёлку падарыць.

Хата, у якой усё па індывідуальным праекце

Дома Алег шмат чаго зрабіў сваімі рукамі. У тым жа спальным пакоі — усё па індывідуальным праекце. Самаробнае.

— Алег усё сам намаляваў, прыдумаў, раскрэсліў. Паехаў на завод, там яму ўсё павыразалі. Прывёз дошкі дамоў, сабраў, сам паставіў мэблю. Падлога, дыванкі — гэта ўсё яго праца, — праводзіць экскурсію Галіна. — Шафы таксама ён праектаваў, сам рабіў, ставіў без старонняй дапамогі. На кухні — таксама ўсё сам… Калі Алег кажа, што ён нідзе не працуе, то чуе: «А што ты дома робіш?» Такое адчуванне, што калі чалавек не ходзіць на працу, то лайдак. І, увогуле, ад яго ніякай карысці. Ну, як растлумачыць, што гэта ночы без сну, цяжкія дні, сарваныя спіна і рукі?

Вёска, якую люблю

Дарэчы, пра Галіну зняты фільм «Галінка». Гэта дыпломны праект яе аднавяскоўца Аляксандра Жука, які вучыўся на рэжысёра, працуе на тэлебачанні.

— Я люблю вёску, простых людзей. Мяне вельмі цікавяць людзі сталага ўзросту. У мяне ўсё звязана з вёскай, з зямлёй, траўкай, дрэўцамі. Разумею, што для другіх гэтыя словы нічога не значаць, а для мяне гэта настолькі важна! Я амаль год не выходзіла з хаты, хварэла, і вясной, калі пацяплела, стала выбірацца ў людзі. У мяне бацькі жывуць на гэтай жа вуліцы, у самым яе канцы. І я ў той бок еду, яшчэ нічога не распусцілася, і пах зямлі вясновай, і гэта курлыканне! Едзеш і глядзіш па баках: а я там была, а я туды хадзіла. Гэта такая настальгія! Гэты душэўны пад’ём не перадаць ніякімі словамі, — прызнаецца Галіна. — На дадзены момант я пішу тэксты экскурсій для школьнага літаратурна-этнаграфічнага музея. Быў час, калі я з музеем супрацоўнічала вельмі шчыльна. Увесь час жыла то ў школе, то ў музеі, калі актыўна працавала. Рыхтавала экскурсаводаў. Цяпер для школы пішу сцэнарыі на конкурсы, музычныя фестывалі. Мяне цікавіць слова, дыялог.

Святая Матрона і абразы

Вера займае значнае месца ў жыцці Галіны.

— Цяпер сяджу і думаю: насупраць гатэля ў Пецярбургу, дзе мы жылі падчас паездкі, знаходзіцца Аляксанра-Неўская лаўра. І гэтая назва мне ў той час нічога не казала. А цяпер тое месца сагрэта для мяне імем цудатворца Серафіма Вырыцкага, — кажа Галіна. — У мяне мама хрышчоная была, але яна ніколі не была моцна веруючай. Мяне ў дзевяць гадоў хрысцілі. І калі я патрапіла ў аварыю, у бальніцы людзі мне сказалі, што мне трэба ў царкву. Сталі даваць праваслаўныя малітвасловы. Мне гэта ў той час было незразумелым. Здавалася, што гэта зусім не маё. І я была адкрытая для розных думак эзатэрычнага кшталту. Быў нейкі кантакт з баптыстамі. Цікавілася і ўсходнімі вучэннямі. Але ўсе сістэмы не спрацоўвалі…

У рэшце рэшт адбылося маё свядомае вяртанне да праваслаўя. Я ж казала, што люблю старых людзей. У нашай вёсцы жыла бабуля Насця, і я памятаю яе вобраз. Яна хадзіла ў такім зялёным швэдрыку, з вышытым рамонкам на кішэньцы, у белай хусцінцы. Тварык стары, зморшчаны… І вось я ездзіла ў Баранавічы, там праходзіла праваслаўная выстава. Я заехала, глядзела кніжкі, не ведала, што мне купляць. І раптам гляджу — абразок. Там жанчына ў белай хусцінцы і ў зялёным такім хітончыку. І я пытаюся: «Скажыце, а хто гэта?» — «Святая матушка Матрона». І мне далі яе абразок. А калі абразок ёсць, то я павінна і пра саму святую пачытаць. І тут пачала працаваць мая цікаўнасць, імкненне дакапацца да ісціны. І я так уразілася, калі прачытала пра жыццё святой Матроны! Ізноў жа спрацавала: «Я ныю, мне так цяжка, а чалавек жа быў сляпы, хадзіць не мог, спаць яму не было дзе. Матрона мерзла на вуліцы, але столькі добрага зрабіла людзям, што яны да гэтага часу ідуць да яе, нясуць свае просьбы». Пасля святой Матроны ў мяне пачалі з’яўляцца нейкія новыя абразкі…

А хто такі Серафім Сароўскі? І я стала чытаць. А Серафім Сароўскі — гэта ж любоў, гэта ж полымя, гэта ж пяшчота… Потым стала чытаць сайт «Православие.ру». Там вельмі многа цудоўных артыкулаў. На дадзены момант — гэта маё. Цяпер гэта свядомы выбар… Я чытаю «Псалтыр», і мне здаецца, што найлепшай асалоды не трэба. Я купаюся ў гэтых словах, я іх адкрываю, я імі дыхаю…

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Гнілазуб, В. Галіна вера / Вера Гнілазуб // Белорусская Нива. – 2013. – № 134. – 27 июля. – С. 1, 6.

“Я люблю цябе, жыццё! Спадзяюся, што гэта ўзаемна”

Жыццё часам выпрабоўвае нас жорстка, нібы праводзіць нейкія незразумелыя іспыты над людской трываласцю і ўнутранымі сіламі чалавека. Многія не змагаюцца з лёсам, у чым іх цяжка абвінавачваць, бо кожны мае сваю мяжу цярпення і мужнасці. Але ёсць і такія, каго няшчасце робіць мацнейшым і ўмеючым сказаць іншым, а, галоўнае, сабе: я буду жыць паўнацэнна, а не проста існаваць, нягледзячы ні на якія перашкоды. Менавіта такая моцная духам і Галіна Каспяровіч. Гэта мілая, таленавітая і вельмі прыгожая 22-гадовая дзяўчына з чароўным позіркам ужо пры першых хвілінах знаёмства заварожвае субяседніка, нібы берўчы яго ў палон мілагучным голасам уменнем не толькі гаварыць, але і слухаць. Ад яе зыходзіць столькі цяпла і дабрыні, што зусім не заўважаеш: дзяўчына вымушана рухацца толькі на інваліднай калясцы. На жаль, так вырашыў лёс: шмат гадоў назад, калі Галіна трапіпа ў аўтамабільную аварыю. Што давялося перажыць за гэты час, ведае толькі яна сама. Але, нягледзячы на ўсё, што здарылася, дзяўчына жыве, піша вершы і прозу, малюе, рыхтуецца да настаўніцкай працы ў Крывошынскай сярэдняй школе… I кахае. Напярэдадні Дня моладзі Галіна Каспяровіч — наш “суботні госць”.

—Складаць вершы — гэта дзіцячая мара ці юнацкае захапленне?

—Так, мая мара, і яна спраўдзілася. Я пішу вершы, і гэта тое, ад чаго нікуды не дзенешся. У мяне ёсць такое правіла: пішы пра тое, што лепш за ўсё ведаеш. Таму я і складаю вершы пра сваё жыццё — а яно сонеч- нае, нягледзячы на многія адмоўныя моманты. Я пішу толькі на роднай бе- ларускай мове. Акрамя паэзіі мяне цікавіць і проза. Але пакуль абмяжоў- ваюся руска-беларускім перакладам. і ўвогуле, слова — мая стыхія. Яно да- памагае адчуць прыгажосць душы кожнага чалавека.

—Што для вас каханне?

—Хітрыць не буду! Я закахана! Гэта такі цудоўны стан душы! Ведаеце, перад дзяржаўным экзаменам (Галіна з чырвоным дыпломам закончыла ў гэтым годзе БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры) я шмат вучыла, хвалявалася, вельмі хацела адказаць на “выдатна”. У аўдыторыі ўбачыла змучаныя твары выкладчыкаў і падумала: “Ну атрымаю я “4” а не “5”, і ад гэтага нічога не зменіцца ў маім жыцці, але затое ў мяне ёсць каханне!” Упершыню закахалася ў 13 гадоў. Дзякуючы гэтаму пачуццю была напісана мая першая навела. Пры з’яўленні юнака, якога кахала, пунцавела, нібы ружа, уздрыгвала ад кожнага гуку праязджаючай машыны. А цяпер я адчуваю пакой і ўпэўненасць. Свет зрабіўся намнога прыгажэйшым. Каханы чала- век ведае пра мае пачуцці і адказвае ўзаемнасцю, ён дапамагае мне ўдас- каналіцца. Але ўсё ж я рэальна гляджу на свет. Так, грошы не асноўнае ў жыцці, але без іх нельга існаваць. Жыць каханнем можна дзень, два. Не, мне не патрэбна, каб у майго абранніка была машына, вялікі дом — але жыццёвы мінімум неабходны. I не хочацца, каб каханне разбілася аб рэ- альнасць і быт.

—Ці верыце вы ў сапраўднае сяброўства?

—Мне пашанцавала, бо на маім жыццёвым шляху сустракаліся муд- рыя, спагадлівыя, добразычлівыя людзі, без якіх я не адбылася б як асоба, за што ўсім вялікі дзякуй. Так, ёсць добрыя знаёмыя, людзі старэйшага ўзросту, з размоў з якімі я шмат чаго адкрываю новага. Сябар той, хто можа падштурхнуць на шчырасць і адкрытасць. Людзі павінны быць рознымі, але ў той жа час аднолькавымі. Такая сяброўка ў мяне ёсць. Яна былая ад- накурсніца, якая шмат зрабіла і робіць для мяне. Хаця асабіста я дала ёй значна менш. Паміж сапраўднымі сябрамі заўсёды павінна быць узаемапад- трымка і ў радасці, і ў горы.

—У якую эпоху, калі б была такая магчымасць, хацелася б жыць?

—Я задаволена сучаснай эпохай. Яна супярэчлівая. 3 аднаго боку, у такі час мабілізуюцца ўсе магчымасці і здольнасці, а з другога — ёсць пагроза, што чалавецтва загіне ад сваёй геніяльнасці, стане рабом у царстве машын. Сваімі негатыўнымі эмоцыямі мы пракладваем шлях да жорсткасці. Нам патрэбны цёплыя адносіны, пачуццё любві, ад якой, як сказана ў Бібліі, пайшоў чалавек. Трэба быць уважлівымі да людзей, сваіх думак, навакольнага асяроддзя, умець бачыць прыгажосць. Калі я ляжала ў ложку і не магла рухацца, у мяне быў час назіраць за аблокамі, сачыць, як яны ператвараюцца ў казачныя фігуры. I паверце, гэта так цудоўна! Вакол нас жывы свет, які складаецца з колераў і гукаў. Негатыўнага ў жыцці шмат, але да яго трэба падыходзіць аналітычна: што я магу зрабіць, каб гэтага не было?

—Дзе вы сябе найбольш камфортна адчуваеце?

—Мне ўтульна ўсюды, калі побач людзі, якія здольны выпраменьваць любоў. Бываюць часы, калі трэба пабыць адной. I лепшага месца, чым глухі закутак прыроды, няма. Мне, напэўна, было б дрэнна ў іншай краіне. А тут побач жывуць сапраўдныя беларусы, якія любяць сваю мову, культуру, цікавяцца жыццём іншых народаў, бо кожная нацыя — частка ўсяго чалавецтва.

—Чаго не хапае сённяшняй моладзі і што больш за ўсё захапляе ў ёй?

—Не хапае многім юнакам і дзяўчатам радасці жыцця без наркотыкаў, алкаголю, плётак. Часам мала імкнення да светлага. Павінна быць больш дзейснай актыўнасці, накіраванай на стваральнае. А падабаецца многае, асабліва разняволенасць, у добрым сэнсе гэтага слова. Цяперашняе па- каленне мае доступ да розных культур, і важна зрабіць правільны выбар у жыцці, зыходзячы з уласнага выхавання. А ўвогуле, нелыа мераць усіх адной меркай, бо кожны чалавек — асоба.

—Галіна, што азначае для вас са- марэалізацыя ў жыцці?

— Пасля таго, што здарылася са мной, я жыла па прынцыпу: было ўча- рашняе мінулае, а сёння — чорны дзень, заўтра будзе бескаляровым. Але, на шчасце, я змагла ўсё пераасэнсаваць. Бывае вельмі балюча фізічна і маральна. I ведаю, што і ў далейшым будзе цяжка. Нас успрымаюць ні як людзей, а як інвалідаў, што вельмі крыўдна. Мы таксама людзі, з такімі ж праблемамі і радасцямі. Кажуць, не бойся прасіць дапамогі, і яна прыйдзе. А я хачу сказаць: не бойся прапанаваць дапамогу. Не трэба гучных слоў, а неабходна дзейсная падтрымка. Я маю на ўвазе не толькі інвалідаў, але і здаровых людзей.

Што датычыцца творчасці, то я знаходжуся ў пошуку. Спрабую нюансы і спецыфіку кожнага віду мастацтваў. I Спевы, пластыка, рухі — мабыць у мінулым (Галіна Каспяровіч была пераможцай кубка Рэспублікі Беларусь па танцах на калясках Г. К.) Зараз я занялася маляваннем. Не дзеля таго, каб дэманстраваць свае работы — я бяру аловак у рукі для сябе, і малюю тое, што адчувае душа. Спрабую свае сілы ў якасці паэта (вершы Галіны Каспяровіч друкаваліся ў часопісах “Маладосць” і “Літаратура і мастацтва” Г. К.), вывучаю драматургію. Мне падабаецца працаваць са словам, нашай беларускай мовай. Тут можна перадаць і пластыку, і рытміку. Іграю на баяне, мне неабходна выліць свой настрой у гуках мелодый. Слухаю музыку розных накірункаў і атрымліваю ; ад гэтага сапраўдную асалоду. Стараюся па магчымасці набываць веды з розных галін дзейнасці. Трэба, каб была душэўная гармонія, а ўнутраны I свет патрабуе пастаяннага ўдасканалення. А яшчэ ў мяне вялікая радасць. 3 новага навучальнага года пачну выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Крывошынскай СШ, дзе я вучылася сама. Тут працуюць мае настаўнікі — і я ў адказе перад імі і сваімі вучнямі. Так што задумак шмат.

—Што вы пажадаеце сваім сучаснікам напярэдадні Дня моладзі?

—Любві да іншых, да сябе, да таго, што навокал. I яшчэ. Кожны чалавек павінен ісці сваім шляхам, каб зразумець ісціну, якая стане сэнсам усяго жыцця. I ўвогуле, не трэба баяцца быць не такімі як усе — гэта датычыцца людзей любога ўзросту.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. “Я люблю цябе, жыццё! Спадзяюся, што гэта ўзаемна” / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2004. – 26 чэрвеня. – С. 4.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed