26 сакавіка 2018 года не стала Пінчук Марыі Пракопаўны. Яе імя заўсёды асацыіравалася з будаўніцтвам раённай бібліятэкі — Купалаўкі і з актыўнай грамадскай работай. Марыю Пракопаўну неаднаразова выбіралі дэпутатам гарсавета, з 1969 па 1977 год яна была яго старшынёй. Па ўспамінах многіх, працаваць з Пінчук было сапраўдным задавальненнем. У кабінеце яна не засіжвалася, спяшалася да людзей, у працоўныя калектывы. Займалася пытаннямі будаўніцтва, добраўпарадкавання, не абыходзіла ўвагай і сацыяльную сферу. Гэтаму пакаленню былі ўласцівы выканаўчая дысцыпліна і натхненне. Спраў рабілася шмат. Тады ў райцэнтры было пабудавана нямала сацыяльных аб’ектаў. Менавіта ў гэты час быў пракладзены водаправод у райцэнтры па вуліцы Першамайскай. Архітэктурная група распрацавала праекты для індывідуальных забудоўшчыкаў па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка, завулках Камсамольскім, Палявым. Значнай падзеяй для райцэнтра стала адкрыццё дзіцячага садка № 2.
Пасля работы ў гарсавеце Марыя Пракопаўна зноў вярнулася да бібліятэчнай працы. У 1977 годзе была арганізавана цэнтралізаваня бібліятэчная сістэма. Узначальвала яе Пінчук Марыя Пракопаўна з 1977 па 1982 гады. Бібліятэчная справа стала сэнсам усяго яе жыцця. За любую работу бралася з характэрным для яе энтузіязмам і энергіяй.
У Ляхавічы Марыя Пінчук прыехала разам з мужам ў 1948 годзе з Магілёўшчыны. Уладкавалася працаваць у бібліятэку, у кніжным фондзе якой на той час было ўсяго 80 выданняў. Як толькі было чарговае паступленне кніг, ехала ў Баранавічы ці Мінск і ашчадна адбірала кожны экзэмпляр. На рабоце прападала дапазна. Абышла амаль усе вёскі, з найбольш адукаваных вяскоўцаў падбірала работнікаў. Паспявала ўсё і ўсюды. Камсамолка, актывістка, народны засядацель. Такога запала нельга было не заўважыць. На працягу 8 гадоў Марыя Пінчук была першай і адзінай жанчынай на адказнай пасадзе старшыні Ляхавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў. Дзякуючы яе намаганням цэнтральная раённая бібліятэка сёння такая, як яна ёсць.— мара аб асобным будынку ўзнікла даўно. Каб атрымаць дазвол на будаўніцтва і праект, Марыя Пракопаўна сама ездзіла ў Маскву ў праектнае бюро. Адтуль вярнулася з цэлай кіпай альбомаў. Як толькі паведамілі, што ў адным з новых дамоў будзе размяшчацца бібліятэка, дырэктар ад душы радавалася разам з калегамі.
Марыя Пракопаўна Пінчук неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. У 1953 годзе была заахвочана паездкай на ВДНГ у Маскву. Міністр культуры СССР Кацярына Фурцава асабіста ўручыла ёй нагрудны знак “Лепшы работнік культуры”.
Імя Пінчук Марыі Пракопаўны занесена навечна ў гісторыю Ляхавіцкай раённай бібліятэкі і гісторыю Ляхавіцкага раёна.