“Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!..” Гэтыя радкі, такія знаёмыя кожнаму беларусу, напісаў вядомы наш народны паэт Якуб Колас, з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 135 год. Імя пісьменніка блізкае і дарагое кожнаму з нас. З яго творамі мы ўступаем у жыццё, пазнаём свет, па іх вучымся дабрыні і прыгажосці. Ён пісаў і для дарослых, і для дзяцей.
На юбілей пісьменніка “Песняй вітаю я вас!” 10 лістапада запрасілі вучняў 1 “Б” класа СШ №2, удзельнікаў бібліятэчнага клуба па інтарэсах “Хочу все знать”. Дзяцей пазнаёмілі з біяграфічнымі звесткамі пра паэта, рассказалі ім пра тое, як хлопчык Кастусь Міцкевіч ператварыўся ў Якуба Коласа і з чаго пачаўся яго творчы шлях. Больш падрабязна спыніліся на творах для дзяцей, бо творы любімых пісьменнікаў часта робяцца добрымі сябрамі чалавека, і, пасябраваўшы з імі ў дзяцінстве, мы будзем звяртацца да іх усё жыццё.
135 гадоў доўжыцца слаўны шлях! Якуб Колас і сёння з намі. Народная любоў — той абярэг, які ўзвышае і ахоўвае яго ў вечнасці, як жывога. Сябруйце з творамі Якуба Коласа!