Раз у месяц вескі нашага раёна сумесна з бібліёбусам наведваюць калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, і гэта стала ўжо традыцыяй.
9 лістапада ў вёску Куршынавічы зноў завіталі артысты. На гэты раз мясцовыя жыхары цёпла віталі вакальную группу “Забава” Падлесскага Дома культуры, якой кіруе Вольга Якуніна. Вось ужо які раз дом сацыяльных паслуг, дзе сацыяльным работнікам працуе Войцік Іван Аркадзьевіч, гасцінна адчыняе дзверы, сустракае жыхароў і артыстаў, работнікаў бібліёбуса і раённай бібліятэкі, мастацкія калектывы раёна.
Іван Войцік актыўны памочнік нашай перасоўнай бібліятэкі і вось ужо другі год супрацоўнічае з ёю. Ён так званы “грамадскі” бібліятэкар: выдае кнігі і часопісы жыхарам вескі Куршынавічы. А калі бывае ў Ляхавічах, заўсёды заходзіць за кнігамі ў раённую купалаўку і выконвае заяўкі жыхароў вёскі.
Светла, чыста, цёпла і ўтульна ў памяшканні. Пакуль атрысты ўсталёўваюць апаратуру і рыхтуюцца да выступлення, бібліятэкар бібліёбуса Светлана Іванаўна Станіславовіч ладзіць кніжную выставу “Милосердие — отклик души” да Міжнароднага дня талерантнасці, які штогод адзначаецца 16 лістапада. Шмат добрых і ветлівых слоў пачулі артысты “Забавы” ад жыхароў вёскі. Вясёлыя сцэнкі, гумарыстычныя замалёўкі і байкі дапаўнялі канцэрт і стваралі добры настрой у прысутных, якія шчыра апладзіравалі і падпявалі, запрашалі прыязжаць часцей.
Добрае слова, як і добры настрой, так неабходны, асабліва для сталых, якія ў большасці сваёй пражываюць вось у такіх вёсачках. А работнікі бібліятэкі і культуры сваёй працай нясуць гэтыя пачуцці жыхарам раёна, горада, заклікаючы людзей да талерантнасці.