Дом цікаўных казак

26 сакавіка ў дзіцячай бібліятэцы прайшло ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Выхаванцы дзіцячага лагера, які працуе пры СШ № 1, былі запрошаны на прэзентацыю кнігі беларускай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай “Дом цікаўных казак”. Мерапрыемства рыхтавалася да ўдзелу ў спецпраекце “Ліхтар” кніжнага фестывалю “Горад і кнігі”. Дарэчы, Надзея Ясмінска ў мінулым годзе прыязджала да нас у госці з прэзентацыяй кнігі “Восковой волшебник или Сказка стучится в дверь”. Сустрэча была вельмі цікавай і незвычайнай. А вось сваю новую кнігу “Дом цікаўных казак” Надзея даслала нашай бібліятэцы ў якасці падарунка юным чытачам.

Кніга складаецца з 10 асобных казак: “Дзіўны спадар з парасонам”, “Ася-Дзьмухавец у Краіне Вясны”, “Бясхвост і Аднавушка”, “Месяцовы зайчык”, “Ноч на даху”, “Міхась-пухнацік”, “Хмурынка”, “Касмічны візіт”, “Чорная каралева”, “Лазурковая зорка”.

“У чароўных казак няма каранёў – у іх ёсць крылы. Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранаецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае. Так здарылася з жыхарамі аднаго дома, які пабудавалі на скрыжаванні…”

Рабяты пазнаёміліся ў ходзе мерапрыемства з некаторымі жыхарамі казачнага доміка пры дапамозе пастаноў лялечнага тэатра “Дзіўны спадар з парасонам” і “Бясхвост і Аднавушка”. Прысутныя разважалі, адказвалі на пытанні віктарыны, удзельнічалі ў гучных чытаннях па казцы “Ася-Дзьмухавец у Краіне Вясны”. Напрыканцы мерапрыемства рабяты разам з бібліятэкарам Элінай Фёдаравай пабывалі ў творчай майстэрні, дзе паспрабавалі вылепіць герояў “Дома цікаўных казак” з салёнага цеста. Мерапрыемства прайшло ярка, запамінальна. І дзеці, і дарослыя выказалі жаданне абавязкова прачытаць кнігу Надзеі Ясмінскай “Дом цікаўных казак” самастойна і пазнаёміцца з астатнімі жыкарамі казачнага доміка.

 Н.В.Багдановіч,
намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі

Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий