1 верасня ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў. У пэўным сэнсе гэта свята датычыцца і бібліятэк — “сховішчаў” ведаў. Таму супрацоўнікі нашай бібліятэчнай сістэмы ніколі не абыходзяць бокам гэты дзень: штогод праводзяцца розныя па накірунку і форме мерапрыемствы з дзіцячым чытачом. Сёлета ў Дзень ведаў працаўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі правялі ўрокі-адкрыццё “Беларусь — мая Айчына” для вучняў 3-4 класаў СШ №2 і вучняў 5 класаў гімназіі г.Ляхавічы.
Шмат чаго паведалі бібліятэкары сваім слухачам з гісторыі нашай краіны — Беларусі. Пра нацыянальныя асаблівасці, пра выдатных людзей, а асабліва пра беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыну і пра дзень нараджэння беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога адзначаецца сёлета. З цікавасцю слухалі юныя ляхавічане і факты пра родны горад: калі ўзнік, які ён сёння, колькі налічвае жыхароў, колькі тут вуліц і завулкаў і шмат чаго яшчэ.
Дзень ведаў — свята не толькі педагогаў і навучэнцаў, ён таксама закліканы падкрэсліць важнасць адукацыі, і нашы бібліятэкары гэта разумеюць і ўсімі сіламі імкнуцца несці веды ў масы.