Святы. Фестываль “Вясёлка дзяцінства”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Святы

 

“Вясёлка дзяцінства”
2019 г. Кузьміч, І. Свята колеру вясёлкі2016 г. Грынь, Ю. Усе колеры радасці. У Ляхавічах расквецілася “Вясёлка дзяцінства”2014 г. Канько, Г. Дзіцячыя ўсмешкі чэрвеня

Свята колеру вясёлкі

Летнія канікулы пачаліся ў Ляхавічах з дзіцячых усмешак і яскравых ўражанняў. У мінулую суботу прайшло раённае свята дзіцячай творчасці «Вясёлка дзяцінства».

Добраму настрою спрыяла цёплае і сонечнае надвор’е. Для нашых юных землякоў была падрыхтавана насычаная забаўляльная праграма. Выступленні самадзейных калектываў горада і раёна, выстава народных ўмельцаў зацікавілі і дзяцей, і дарослых.

Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях, сфатаграфавацца ў незвычайных фотазонах ці са спецыяльна запрошанымі гасцямі – жывымі скульптурамі ці раставымі лялькамі.

Завяршыла праграмму дзіцячая дыскатэка.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Кузьміч, І. Свята колеру вясёлкі / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 5 чэрвеня (№ 43). – С. 8.

Усе колеры радасці. У Ляхавічах расквецілася “Вясёлка дзяцінства”

Вось і пачалося доўгачаканае і малымі, і дарослымі лета. Пачалося ярка, звонка, радасна – святам “Вясёлка дзяцінства”.

Феерверк песень, танцаў і гульняў, выстава майстроў народнай творчасці ўстаноў культуры. Гліняныя цацкі, саламяныя вырабы, лаза, бісерапляценне… Тэматычная выстава літаратуры ад раённай дзіцячай бібліятэкі. Цікава было ўсім.

А як жа без салодкай ваты і папкорну, без атракцыёнаў?! Яскравымі і запамінальнымі былі выступленні дзіцячых самадзейных калектываў. Вакал, танцы, загадкі, гульні. Музыка лілася і гучала далёка за межамі гарадскога парка.

Да свята далучыліся бээрэсэмаўцы, чырвонакрыжаўцы, раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў. Усе стараліся зрабіць незабыўным гэты дзень для сваіх падапечных. Усмешкі, увага, падарункі – якая ж яна непаўторная – “Вясёлка дзяцінства”.

Юрый ГРЫНЬ, дырэктар РМЦ.

 

Грынь, Ю. Усе колеры радасці. У Ляхавічах расквецілася “Вясёлка дзяцінства” / Юрый Грынь //Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 11 чэрвеня (№ 43). – С. 9.

Дзіцячыя ўсмешкі чэрвеня

У першы дзень лета фестывалілі на «Вясёлцы дзяцінства» нашы юныя і таленавітыя землякі. Менавіта такія сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі.

Як і год назад, надвор’е падкарэкціравала сцэнарый правядзення традыцыйнага свята “Вясёлка дзяцінства”, прымеркаванага да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Дождж і вецер перашкодзілі, не далі размясціцца ў парку культуры і адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча (як было ўказана ў афішах). Дзейства адбывалася ў гарадскім Доме культуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, выступалі ў якасці дэкламатараў, вядучых і акцёраў. Побач з імі былі іх сябры-дарослыя — кіраўнікі гурткоў, акампаніятары, бацькі.

Пра што спяваюць нашы дзеці? Пра бацькоў, пра сяброўства, пра цацкі і сваіх любімых хатніх жывёл, і, канешне, – пра Радзіму. Побач з ужо вядомымі мясцовым аматарам музыкі Насцяй Свянтэцкай, Уладай Саракавік, Кірылам Праневічам, Янай Грынь, Наталляй Пішч, узорным ансамблем народнай песні і музыкі “Спадчына” не згубіліся і выступілі надзвычай паспяхова навічкі на гарадской сцэне Ульяна Якубовіч, Ксенія Вітко, Ангеліна Волчак, Ганна Ковган, Данііл Зелянеўскі, Крысціна Петухова і многія іншыя.

Апладысменты гучалі і пасля выступлення юных выхаванак цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ангеліны Галіцкай і Дашы Тарлюк. А фінальная песня “Запальваем зоркі” ў выкананні ўсіх удзельнікаў і ўвогуле прагучала на “біс”.

Не засталіся без падарункаў ад раённай арганізацыі таварыства інвалідаў дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. А сувеніры лепшым юным выканаўцам падрыхтавала раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа.

Была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці народных умельцаў Ляхавіччыны. Жадаючыя маглі пакатацца на дзіцячых аўтамабілях прама ў памяшканні, купіць цацкі ці кулінарныя вырабы.

Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. Дзіцячыя ўсмешкі чэрвеня / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 7 чэрвеня (№ 41). – С. 4.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed