Бохвіц Фларыян. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Бохвіц Фларыян

 

БОХВІЦ ФларыянЗагацкі, Дз. Забыты філосаф

БОХВІЦ Фларыян

(7.5.1799 — 9.8.1856)

Філосафмараліст, пісьменнік. Нарадзіўся ў мяст. Мір на Навагрудчыне. Бацька яго быў пратэстантам, але значнага ўплыву на сына не меў, затое маці, шчырая каталічка, выхавала яго ў духу сваёй веры, што ў далейшым адбілася на поглядах Б. Пачатковую адукацыю атрымаў у дамініканскай школе ў Нясвіжы. Пасля вучыўся на юрыдычным факультэце Кіеўскага універсітэта. Па заканчэнні універсітэта працаваў адвакатам у Навагрудку. Ажаніўшыся з П.Маеўскай, сястрой маці А.Міцкевіча, пасяліўся ў фальварку Вашкаўцы, дзе і гаспадарыў да канца свайго жыцця. Заняткі адвакатурай не вельмі яму імпанавалі, і ўвесь сврй вольны час ён аддаваў філасофскім і рэлігійнамаральным разважанням, спрабаваў сябе і на літаратурнай ніве. У 1838 ён выдаў сваю першую кнігу «Форма майго мыслення» (без пазначэння прозвішча аўтара). Твор быў прыхільна сустрэты крытыкай, і ў наступным годзе Б. перавыдаў яго пад той жа назвай, але з пазначэннем прозвішча. Пазней выйшлі яго працы «Сутнасць маёй думкі…» (ч. 1—2, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі аб выхаванні чалавека» (1847).

Са сваіх пазіцый Б. імкнуўся прымірыць філасофію і боскае адкрыццё, рэлігію з навукай. Процілегласць зыходных прынцыпаў абумовіла супярэчлівасць яго філасофскіх і эстэтычнапедагагічных поглядаў. Праграму навучання ён грунтаваў на прынцыпах асветніцтва і рэлігійнай маралі, а галоўнай мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў. Выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства. Б. быў вельмі таварыскі і гасцінны, у яго доме заўсёды збіралася навакольная інтэлігенцыя. Пахаваны ў в. Дарава Ляхавіцкага рна. На помніку надпіс: «Твой прыклад няхай паказвае нам шлях праўды».

Літ. Мохнач Н.Н. От Просвешення к революцнонному демократазму. Мн., 1976.

Забыты філосаф

Зімой 1841 года расійскай цэнзурай у Вільні быў дадзены дазвол на выданне твора “Асаблівасці маіх думак і пачуццяў” беларускага філосафа і педагога Фларыяна Бохвіца. Імя гэтага вядомага ў XIX стагоддзі мысліцеля сёння, на жаль, практычна забыта. Разам з гэтым філасофскія і педагагічныя ідэі Бохвіца актуальны па сённяшні дзень.

Жыццё Фларыяна Бохвіца было цесна звязана з Беларуссю. Будучы філосаф нарадзіўся ў 1799 г. ў мястэчку Мір у шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку. Бацька Рамуальд быў пратэстантам, а маці Анелія – перакананай каталічкай. Яна выхавала сына ў духу сваёй веры.

Школьныя гады Фларыяна прайшлі ў Нясвіжы, дзе ён вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў. Затым Бохвіц працягваў адукацыю на юрыдычных факультэтах Кіеўскага і Віленскага ўніверсітэтаў.

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ён некаторы час працаваў адвакатам у Навагрудку, уваходзіў у склад мясцовай асацыяцыі адвакатаў. Аднак адвакацкая практыка не захапляла Фларыяна Бохвіца.

Ён жадаў вясковай цішыні, дзе мог пасвяціць сябе філасофскім разважанням. Ажаніўшыся з Паўлінай Маеўскай, сваячкай Адама Міцкевіча, Фларыян купіў у 1838 г. невялічкі маёнтак Вашкоўцы на Ляхавіччыне, дзе заняўся сельскай гаспадаркай.

У Вашкоўцах сям’я жыла ў старой драўлянай хаце, значную частку якой займала сабраная Бохвіцам каштоўная бібліятэка з багатым зборам часопісаў. Дом Бохвіцаў стаў у тыя часы месцам сустрэч інтэлігенцыі.

У Вашкоўцах Бохвіц напісаў свае філасофскія працы. Першы яго твор –  “Сутнасць маёй думкі. На памяць жонцы і дзецям” – быў выдадзены ў Вільні ў 1838 г. Працягам гэтай працы стала кніга “Сутнасць маёй думкі аб мэтах існавання чалавека”. У 1842 г. ўбачыла свет кніга Бохвица пад назвай “Асновы маіх думак і пачуццяў”, а ў 1847 г. – кніга “Думкі ў выхаванні чалавека”.У цэнтры ўвагі мысліцеля знаходзіліся маральныя і педагагічныя праблемы.

Фларыян Бохвіц распрацаваў шэраг этычных праблем, падкрэсліваючы значэнне працы ў жыцці грамадства, заахвочваючы прыхільнае стаўленне да прыватнай уласнасці і павагу да дзяржаўнай законнасці. Ён выступаў за выхаванне найбольш карысных для грамадства людзей шляхам зліцця адукацыі з працоўнай дзейнасцю і гарманічнага развіцця разумовых і фізічных здольнасцяў.

У прадмове да “Думак аб выхванні чалавека” філосаф адзначаў, што чалавек, які з’яўляецца ў нашым свеце толькі адзін раз, павінен рэалізаваць усе свае здольнасці, каб не знікнуць з гэтага свету як цень.

Бохвіц сцвярджаў, што людзям дадзена здольнасць даведвацца аб ўсім у свеце, што здзіўляе, што з’яўляецца мудрым, дабрачынным, боскім. Яна развіваецца ў чалавека з дзяцінства, а яго бацькі павінны дапамагаць яму ў гэтым, схіляць да добрых учынкаў.  У гэтай здольнасці, пісаў Бохвіц, чытаецца воля Бога, каб людзі праз навуку і маральныя ўчынкі развівалі ў сабе веды, каханне і ўласную волю.

Як бачым, сваю педагагічную сістэму выхавання і навучання Фларыян Бохвіц пабудаваў на прынцыпах асветы і рэлігійнай маралі. І сапраўды, у супрацьлегласць ідэям вальнадумства і атэізму, панаваўшым у эпоху Асветніцтва, мысліцель адстойваў вяршэнства рэлігіі ва ўсіх чалавечых думках і справах. Таму Фларыяна Бохвіца лічаць прадстаўніком хрысціянскай філасофіі.

Акрамя гэтага, значнае месца у яго творах займаюць такія праблемы, як прыхільнае стаўленне да бацькоў, да інстытутаў шлюбу і сям’і. Згодна мысліцелю, Бог з самага пачатку натхніў людзей ідэяй шлюбу. Шлюб заўсёды лічыўся ўсімі народамі святым звычаем, без якого людзі апусціліся б ў сваім развіцці на адзін узровень з жывёламі.

Філосаф закранаў таксама пытанні грамадска-палітычнага характару. Ён не бачыў будучага індывіда па-за грамадствам. У “Думках аб выхаванні” можна прачытаць наступныя радкі: “Чалавек не можа таксама абысціся без грамадства. Маці патрабуе дапамогі бліжніх, каб нарадзіць і гадаваць дзіця. Адзін чалавек, без узаемадзеяння з іншымі, не зробіць для сябе адзення, ежы, жылля. Таму з-за патрэбы ў кантактах з грамадствам у нас узнікаюць узаемаадносіны, абавязкі, якія патрабуюць ад унутранага “Я” думаць, кахаць і кантраляваць сваю волю”.

Але не толькі грамадства было прызвана для таго, каб паляпшаць жыццё кожнага асобнага чалавека. Сам чалавек у працэсе сваяго жыцця павінен быў прыносіць карысць грамадству. Таму адзін з тэзісаў Бохвіца абвяшчае:  “Нам трэба вучыцца таму, што сапраўды развівае нашыя веды, што робіць нас карыснымі грамадству на розных пасадах і ў розных жыццёвых абставінах. Нам трэба вучыцца таму, што цікавіць чалавецтва і тлумачыць сэнс яго існавання”.

 Філосаф пісаў, што людзям дадзены даволі працяглы час маладосці і таму першыя двадцаць гадоў жыцця проста прызначаны для навукі. “Самы ўбогі і самы багаты чалавек”, – адзначаў ён, “у кожным без выключэння стане, павінен атрымаць у гэты час пэўную адукацыю”.

Менавіта у такім духу былі выхаваны сыны і ўнукі Фларыяна Бохвіца, якія сталі адукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі. Напрыклад, адзін з сыноў Фларыяна,  Ян Атон, актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года, пісаў вершы, быў вядомым грамадскім дзеячам, стаў спецыялістам у галіне сельскай гаспадаркі, асабліва садоўніцтва.

Ян Атон актыўна займаўся памалогіяй – навукай аб гатунках пладовых раслін і адборы найбольш перспектыўных з іх. Яго даследаванні апублікаваныя ў працах “Некаторыя агародніцкія назіранні”, “Як закладаць і даглядаць за садамі”.

Недалёка ад Вашкоўцаў ён заснаваў уласную сядзібу, названую ў гонар бацькі Фларыянава і зарэкамендаваў сябе добрым гаспадаром. Тадэвуш Бохвіц, старэйшы сын Яна, вядомы як блізкі сябар пісьменніцы Элізы Ажэшка. Іх перапіска склала больш трохсот старонак мастацкай прозы. Акрамя таго, Тадэвуш ведаў некалькі замежных моў, сур’ёзна захапляўся гісторыяй журналістыкі.

Пісьменнік, педагог і філосаф Фларыян Бохвіц пражыў у сваім маёнтку ў Вашкоўцах да канца жыцця. Ён памёр 9 жніўня 1856 года, і быў пахаваны на каталіцкіх могілках ў вёсцы Дарава (зараз у Ляхавіцкім раёне). Надпіс, зроблены на помніку мысліцелю, быў вельмі сімвалічным: “Няхай твой прыклад паказвае нам дарогі праўды”.

Пералічаныя творы Фларыяна Бохвіца былі выдадзены ў Вільні на польскай мове. Гэтыя кнігі з’яўляюцца сёння бібліяграфічнай каштоўнасцю. Знайсці іх даволі складана, аднак у аматараў айчыннай гісторыі ўсё ж ёсць шанс знайсці працы мысліцеля ў Нацыянальнай бібліятэке Беларусі.

Працы філосафа павінны быць перакладзены і выдадзены ў Беларусі. Гэта дало б магчымасць пазнаёміцца з творчасцю нашага выдатнага земляка шырокім колам чытачоў.

Дзмітрый Загацкі, спецыяльна для “Гістарычнай праўды”

(Апублікавана: 24.09.2014)

 

http://fly-uni.org/stati/zabyty-filosaf/

 

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed