На вечарыну памяці знакамітага рэжысёра, акцёра і сцэнарыста Міхаіла Пташука ў мінулую суботу 16 лістапада запрасілі ў Ляхавіцкую купалаўку. Мерапрыемства, арганізаванае ляхавіцкімі бібліятэкарамі сумесна з аддзелам па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама і літаратурна-музычнай гасцёўняй “Крыніца” пры Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме абяцала ўсім аматарам і прыхільнікам сучаснай беларускай культуры цікавыя сустрэчы і знаёмства з роднымі, блізкімі і сябрамі творцы.
Сёння пра Міхаіла Пташука на Ляхавіччыне ведаюць і ім ганарацца. Просты хлопец з невялікай вёскі Федзюкі, імя якога стала вядома ў кінаіндустрыі на міжнародным узроўні, у рэжысёрскіх працах якога з задавальненнем здымаліся знакамітыя савецкія, расійскія заслужаныя акцёры, фільмы якога знаходзяць водгук у душы кожнага беларуса – усё гэта наш зямляк Міхаіл Мікалаевіч Пташук.
У сваім дзённіку Міхаіл Мікалаевіч пісаў: “Все, что я снял, имеет отношение к истории белорусской литературы 20 века. И Владимир Короткевич, и Иван Шамякин, и Василь Быков – это уже история. В каждом фильме, снятом по произведениям, есть частица меня самого, моей матери, соседей – людей, среди которых я вырос. Если внимательно посмотреть мои фильмы, то можно убедиться, что в каждом из них одна и та же изба по планировке. Читая повесть «Знак беды» Быкова, я видел свой дом, в котором вырос и из которого так рано ушел в люди. Мне не надо было ничего придумывать. Все герои двигались по моему федюковскому дому, мне было легко с ними, я знал каждый их шаг…”. І сапраўды так. Міхаіл Пташук любіў сваю малую радзіму і даражыў ёю. Гэта адчувалася і па ўспамінам стрыечнай сястры Аліны, пляменніц Святланы і Тамары. Сюжэты для сваіх фільмаў ён бачыў амаль паўсюль, але асобнае месца сярод іх займаюць вобразы родных мясцін. Шмат цікавых сямейных гісторый пачулі ад родных: пра казусы на хрэсьбінах, працагалізм і ўцёкі з санаторыя, як частаваў амерыканца мачанкай, пра творчыя споры з жонкай Ліляй. Ад такіх свойскіх, утульных гісторый усе ўдзельнікі вечарыны, здаецца, адчулі сябе амаль блізкім сябрам Міхаіла Пташука.
Лірычна-паэтычны лад мерапрыемству задала член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” Раіса Раманчук. Падтрымалі яго прыхільнікі літаратурнай творчасці Брэстчыны: свае вершы чыталі Галіна Ліс (паэтычны клуб “Ліра”, г.Баранавічы), Віктар Пінігін (народная літаратурна-паэтычная студыя “Літаратурная правінцыя”, г.Лунінец), Ларыса Глеб (Падлеская сельская бібліятэка); гучалі аўтарскія музычныя кампазіцыі баранавіцкіх выканаўцаў – Аліны Галіцкай, Аляксандра Дразда, народнага аматарскага вакальнага ансамбля “Primavera”. Пазнаёміліся таксама з новым дакументальным фільмам пра творчасць Міхаіла Пташука “От края и до края” (рэжысёр – Анастасія Мароз), прэм’ера якога адбылася сёлета ў рамках XXX міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.
Шмат цёплых слоў удзячнасці прагучала ў адрас арганізатараў мерапрыемства ад самай шаноўнай госці – Лікі Пташук, дачкі сцэнарыста:
– Мае самыя першыя дзіцячыя ўспаміны аб бацьке адносяцца да 3-гадовага ўзроста. Мы жылі на той момант ў Адэсе, і тата зладзіў мне хатні тэатр: мае падраныя лялькі і звычайная міска пераўтварыліся ў іншапланецянінаў і лятаючую талерку. Так бацька прывіў мне любоў да культуры і мастацтва. І мы з вамі зараз гаворым аб вельмі важных і значных рэчах: любові да Радзімы, народа, захаванні і ўшанаванні памяці і традыцый, сапраўдным патрыятызме, супольнасці. За гэта я кажу вам “дзякуй”. Дзякуй вам за цудоўную беларускую мову, за цёплую сустрэчу. І асобнае “дзякуй”, канешне, майму бацьке, які навучыў мяне ўсё гэта разумець і шанаваць.
Дарэчы, Ліка Пташук з’яўляецца вядучай праграмы “Дыялогі пра культуру” на канале “Культура” Беларускага радыё, гасцямі якой сардэчна запрасіла стаць Раісу Раманчук, кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, і Вольгу Пляшэвіч, дырэктара Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. А мы таксама кажам “дзякуй” усім удзельнікам і прысутным за цудоўную сустрэчу і прыемную атмасферу, ганарымся талентамі роднай Ляхавіччыны і спадзяемся, што цікавасць да іх не згасне ніколі.
Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці
і метадычнай работы