Беларусь — наша Радзіма, але гэта Радзіма вялікая. Кожны з нас мае сваю “маленькую” Радзіму, той куточак краіны, дзе ён з’явіўся на свет ці вырас, тое месца, з якім звязаны многія ўспаміны. Жыццё непрадбачнае, хтосьці застанецца там, дзе нардзіўся, а кагосьці лёс закіне далёка на чужыну. А ці многа мы ведаем пра нашы родныя мясціны, пра людзей, што адтуль паходзяць?
Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма вялікую ўвагу надае краязнаўчай дзейнасці, і вось 20 кастрычніка ў аг.Падлессе адбыліся першыя краязнаўчыя чытанні “Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся”. Менавіта адсюль, з Падлесся, паходзіць усім вядомы хор Цітовіча. Аднак не толькі гэтым могуць ганарыцца падляшане — іх зямля багатая на таленты.
У асобе беларускіх святых мы маем нябесных заступнікаў і заступцаў перад Богам за нашу Бацькаўшчыну, Царкву і народ. Памятаючы пра іх жыццё і дзейнасць, мы зможам захаваць памяць аб іх для нашых нашчадкаў. Пра святога Серафіма Жыровіцкага, уражэнца Падлесся, паведаміў прысутным настаяцель Падлескай Свята-Духаўскай царквы іерэй Канстанцін Шалудзько.
Сёння ў літаратуру вяртаюцца славутыя, але чамусьці забытыя імёны. Адзін з іх — наш зямляк Анатоль Бярозка (Мітрафан Смаршчок), доктар мэдыцыны, беларускі паэт, культурны і грамадскі дзеяч. Удалечыні ад роднага краю ён пісаў пра вечныя каштоўнасці, пра сваю родную зямлю, пра прыроду, пра людзей, пра роднае Падлессе. Пра лёс Анатоля Бярозкі, пра яго жыццё ў Мантысэле, што ў Амерыцы, расказала слухачам яго стрыечная сястра Таццяна Іванаўна Каралёва.
Жывапісец і графік, член Беларускага саюза мастакоў Мікалай Іванавіч Таранда таксама выхадзец з Падлесся. Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада, Мастацкай галерэі Полацка, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў горада Пернік (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), у прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША. Электронную прэзентацыю работ мастака прадставілі гледачам на мерапрыемстве.
Мікалай Аляксеевіч Салагуб з’яўляецца візітнай карткай сучаснага Падлесся, у працах якога развіццё вёскі адлюстроўваецца ў розныя гады. Вяскоўцы не ўяўляюць ніводнага мерапрыемства без удзелу Мікалая Аляксеевіча. Яго прафесійныя відэа, фота напамінаюць землякам, якімі яны былі, якімі сталі. Краязнаўца па прызванню, Мікалай Салагуб не толькі даносіць нам прыгажосць прыроды і быта людзей, але і праз сацыяльныя сеткі робіць гэта ўсё даступным. На краязнаўчых чытаннях ён прадставіў землякам свае відэафільмы пра родную вёску.
З музычнымі нумарамі на мерапрыемства завіталі таленавітыя асобы, лёс якіх таксама звязаны з Падлессем: кіраўнік Народнага Падлескага хора Вольга Якуніна, Ларыса Ясевіч з гуртам “Жытніца”, кіраўнік ансамбля цыганскай песні “Сердцем поющие” Сяргей Масцілоўскі, кіраўнік народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Таццяна Пішч. Аб тым, як можна самому весці краязнаўчую дзейнасць, ўсталёўваць звесткі па знаходкам паведаміў навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэя Юр’евіча Каркотка.
Любіць і шанаваць сваю Радзіму павінен кожны. Спадзяёмся, што мы добра папрацавалі і кожны адчуў штосьці прыемнае, светлае, адчуў гонар за сваіх землякоў, а можа так стацца, што адкрыў для сябе новыя крыніцы натхнення.