Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся…

“Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся…” – колькі ў гэтым радку патаеннай любові да сваёй малой радзімы, да куточка, дзе прайшло дзяцінства і з якім так шмат у жыцці звязана. Менавіта пад такім дэвізам праходзяць у нашай бібліятэчнай сістэме краязнаўчыя чытанні, якія сёлета адбыліся 26 лістапада на базе Русінавіцкай сельскай бібліятэкі. Традыцыя праводзіць краязнаўчыя чытанні ў розных кутках нашага раёна ўзнікла ў 2017 годзе, і з той пары бібліятэкары з задавальненнем вандруюць па Ляхавіччыне і вывучаюць яе.

У Год гістарычнай памяці здаецца асабліва значным узгадаць падзеі і імёны, якія назаўсёды запісаныя на старонках нашай, беларускай, гісторыі, якія складаюць народную памяць і даюць нам права ганарыцца сваім паходжаннем. Падчас мерапрыемства бібліятэкары наведалі сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Грушаўка і ўзгадалі гісторыю рода Рэйтанаў, пабывалі на радзіме паэта і публіцыста Янкі Чабора ў вёсцы Рачканы, усклалі кветкі на брацкай магіле каля вёскі Жарскія і помніку растраляным яўрэям у вёсцы Русінавічы.

Цікавымі звесткамі з біяграфіі Янкі Чабора (сапр.: Іван Сцяпанавіч Патаповіч) падзяліліся з бібліятэкарамі пляменнікі пісьменніка – Болтуць Іван Канстанцінавіч з жонкай Алінай Яўгенаўнай і Філімон Кацярына Канстанцінаўна. Дарэчы, з літаратурнай спадчыны Янкі Чабора захавалася вельмі і вельмі нямногае, і дакладна не вядома, як закончыўся яго жыццёвы шлях. Аднак родныя і сёння вядуць пошукавую работу, па крупіцах збіраюць інфармацыю і з вялікім задавальненнем падзяліліся звесткамі з удзельнікамі чытанняў.

З гісторыяй вёскі Русінавічы пазнаёміў прысутных мясцовы жыхар, гісторык і краязнаўца Леанід Іосіфавіч Калбаса. Вывучэнне малой радзімы для яго справа сямейная – шмат матэрыялаў захавалася яшчэ ад бацькі: старыя фотаздымкі, запісы ўспамінаў і многае іншае. Экскурсія па мясцінам з мінулага (няхай і віртуальная) – што можа быць цікавей? Ну а добры настрой для гасцей мерапрыемства стваралі супрацоўнікі Русінавіцкага сельскага дома культуры з музычнымі нумарамі.

Любіць і шанаваць сваю Радзіму, цікавіцца яе гісторыяй павінен кожны. Спадзяемся, што ўдзел у такіх мерапрыемствах, як краязнаўчыя чытанні, дапаможа бібліятэкарам не толькі захаваць, але і, магчыма, прымножыць краязнаўчыя матэрыялы, прыцягнуць да вывучэння гісторыі роднага края і зацікавіць як мага больш людзей.

Іна Калядзіч,
біліятэкар Русінавіцкай СБ

Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынга і сацыякультурнай дзейнасці ЦБ

 

Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий