Цёплая і незабыўная сустрэча з казачнай кніжнай феяй адбылася 16 лістапада ў ляхавічан. Кацярына Хадасевіч-Лісавая – беларуская пісьменніца, аўтар кніг для дзяцей (у яе скарбонцы ўжо больш за 20 самастойных выданняў), член Саюза пісьменнікаў Беларусі і член рэдкалегій часопісаў “Вясёлка” і “Маладосць”. Кацярына Станіславаўна – чалавек, блізкі да дзяцей. Яна працуе настаўніцай малодшых класаў у Ждановіцкай сярэдняй школе. Мабыць, таму і яе казачныя прыгоды такія папулярныя сярод маленькіх чытачоў, бо аўтар адназначна ў курсе трэндаў. Пісьменніца падзялілася, што, здараецца, звяртаецца да сваіх вучняў за дапамогай: напрыклад, дызайн вокладкі да адной з кніг пра лісачку Красуню выбіралі дзіцячым галасаваннем.
У Ляхавічы Кацярына прыехала са сваімі сябрамі – лісачкай Красуняй і Вухуцікам. Не толькі дзецям, але і дарослым было цікава пазнаёміцца з казачнымі героямі і даведацца пра іх прыгоды, паслухаць пра сакрэты аднаго каралеўства і пачуць іншыя захапляльныя гісторыі. Шчырыя эмоцыі і сапраўдны інтарэс – самая вялікая ўзнагарода для аўтара! Прыемным момантам для маленькіх (і не толькі) чытачоў стала магчымасць атрымаць кнігу з аўтографам і падарункі.
Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦБ
Посмотреть эту публикацию в Instagram