Ляхавіцкая зямля багатая на таленты, шмат вядомых імёнаў паходзяць з гэтага краю. І вось 2 чэрвеня працаўнікі цэнтральнай бібліяткі запрасілі жыхароў горада пазнаёміцца няхай і не з самім мастаком, але з яго работамі, жыццёвым і творчым шляхам — адбылося адкрыццё выставы карцін Уладзіміра Рамейкі.
Уладзімір Паўлавіч Рамейка (1937—2012) нарадзіўся ў в.Канюхі Ляхавіцкага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Жыў і працаваў у г.Баранавічы, там жа і адкрыў сваю мастацкую майстэрню (якая дзейнічае і па сённяшні дзень). За яго плячамі больш за 60 персанальных выстаў не толькі на радзіме, але і за мяжой: Польшча, Германія, Партугалія, Італія, Францыя.
Выстава пад назвай «Свая каляя» бібліятэка арганізавала сумесна з мастацкай майстэрней Рамейка. На ўрачыстае адкрыццё выставы да нас прыехала жонка мастака Вольга Іванаўна Рамейка, таксама мастачка, прадаўжальніца сямейнай справы. Наогул, Вольга Іванаўна не адна займаецца справамі майстэрні Рамейка — дапамагаюць дзеці, унукі, падрастаюць праўнукі. Шмат цікавых гісторый з жыцця мастака было расказана, шмат чаго распавяла Вольга Іванаўна пра карціны з экспазіцыі, адказала на ўсе пытанні. Калі сам чалавек прыемны, душэўны, то і слухаць яго прыемна, лёгка — так неўзабаве за размовай і праляцелі амаль дзве гадзіны мерапрыемства, прысвечанага адкрыццю выставы. Мы спадзяёмся, што ўсе атрымалі толькі станоўчыя ўражанні і ад экспазіцыі, і ад сустрэчы, а таксама нагадваем, што выстава будзе дзейнічаць на працягу чэрвеня ў зале абанемента цэнтральнай бібліятэкі.