Чалавек чулага сэрца і выскароднай душы, шчодра адораны дабрынёй і шматгранным талентам, Міхаіл Мікалаевіч Пташук пакінуў глыбокі свет у беларускім кінамастацтве. Яго багатая рэжысёрская спадчына — неад’емная частка нашай культуры. Створаныя ім велічныя мастацкія фільмы заўсёды будуць жывіць і натхняць творчыя здяйсненні тых, хто ідзе і пойдзе далей. У рэжысёрскай скарбонцы Міхаіла Пташука шмат узнагарод і званняў, аднак “зорная” хвароба не закранула яго. Ён заўсёды быў і застанецца ў памяці вялікім, моцным і бязмежна добрым, спагадлівым і мудрым чалавекам, які аддана любіў сваю Радзіму і ствараў сапраўдныя кінематаграфічныя шэдэўры.
Сёлета спаўняецца 75 год з дня нараджэння зоркі беларускага кінематографа Міхаіла Пташука, і вось да гэтай даты 18 студзеня на ўрок выдатнай асобы ў дзіцячую бібліятэку запрасілі вучняў 5 класаў гарадской гімназіі. Праз успаміны рабят пазнаёмілі з біяграфіяй нашага велічнага земляка (нарадзіўся ён у вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна), расказалі ім пра творчы шлях: як рыжы хлопец Міша Пташук з глухой беларускай вёскі прайшоў дарогай ад культасветвучылішча да “Беларусьфільма” і пераўтварыўся ў вядомага Міхаіла Пташука, імя якога ўвайшло ў дзесятку лепшых рэжысёраў Еўропы. Прадаманстравалі таксама дзецям і ўрыўкі з лепшых яго работ, сярод якіх “Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту”, “Лясныя арэлі”, “Чорны замак Альшанскі”, “Знак бяды”, “У жніўні 44-га…” і іншыя.
Ідуць гады, з’яўляюцца новыя куміры, здымаюцца новыя кінастужкі, але творчая спадчына Міхаіла Пташука даўно і трывала заняла пачэснае месца ў залатым фондзе сусветнага кінематографа. Мы — яго землякі, гледачы яго фільмаў, паклоннікі яго таленту і ў пэўным сэнсе яго вучні. А галоўны ўрок, выкладзены Міхаілам Пташуком, фармулюецца проста: “Любіць Радзіму, любіць чалавека, любіць жыццё!”