Давайце не цурацца роднай мовы,
Успамінаць яе жывыя словы,
Якія мы яшчэ ў маленстве чулі
У песнях-калыханках ад бабулі.
В. Пабягайла
Зямля ляхавіцкая… Шчырая на душэўныя песні і галасы, багатая на традыцыі і таленты, шчодрая на гістарычную спадчыну і яе захавальнікаў, невычарпаная на дасціпнае і трапнае слова… І няхай не на Ляхавіччыне нарадзіліся Колас і Купала, не мясцовыя краявіды натхнялі на творчасць Багдановіча, тутэйшым жыхарам ёсць кім ганарыцца.
Ляхавіцкая зямля таксама славіцца літаратурнымі талентамі. Усім вядомы імёны і творчыя спадчына Леаніда Пранчака, Алеся Бадака, Анатоля Станкевіча. А ў 2011 годзе ўбачылі свет кнігі і Валянціны Пабягайла.
Паэта, празаіка, аўтара кнігі «Паміж вясной і восенню» Валянціну Іванаўну Пабягайла і запрасілі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі на рэспект-сутрэчу, якая адбылася 16 лістапада на базе раённай цэнтральнай бальніцы з наведнікамі дзённага аддзялення прабывання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Расказала Валянціна Іванаўна сваім слухачам пра сябе, пра тое, як яна стала пісьменніцай і што адчувала, калі упершыню ўзяла ў рукі ўласную кнігу, і кожны прысутны меў магчымасць задаць сваё пытанне. А напрыканцы сустрэчы пісьменніца ўручыла падарункі — экземпляры свайго выдання «Паміж вясной і восенню».