У Дзень роднай мовы, 21 лютага, Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я.Купалы сумесна з Ляхавіцкім аграрным каледжам арганізавала вечар – прэзентацыю творчасці нашага земляка, пісьменніка-аматара Мікалая Паўлавіча Юруця.
У жыцця свае законы. Раней ці пазней яно згладжвае ў нашай памяці многія звесткі, пры гэтым вызваляючы месца другім, больш значным… Але ёсць сярод іх такія, якім час не падуласцен. Усё жыццё Мікалая Юруця звязана з роднай Ляхавіччынай, таму і першая яго кніга – “Хатка” – саткана з думак і назіранняў пражытых дзён. Менавіта з ёй і знаёміў аўтар сваіх слухачоў.
На працягу мерапрыемства гучалі цікавыя жыццёвыя гісторыі, што знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Мікалая Паўлавіча. Навучэнцы каледжа прапанавалі цудоўныя нумары з меладычнымі песнямі. Шчырасць і дабрыня панавала сёння ў зале.
Словы віншавання Мікалай Юруць атрымаў і ад былых калег па працы, і ад іншых удзячных чытачоў. Некалькі экзэмпляраў выдання папоўнілі фонд нашай купалаўкі, набыць кнігу з аўтографам мелі магчымасць і госці мерапрыемства.
А мы ў сваю чаргу жадаем Мікалаю Паўлавічу, каб гэта невялікая кніга стала пачаткам вялікай творчасці.
Таццяна Зелянко,
заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў ЦБ