21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Шмат моў, адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі.
У фармаце літаратурнага свята “Гучы, родная мова!” прайшло з навучэнцамі аграрнага каледжа мерапрыемства, на якім агранізатары Нікіціна Марына і Соф’я Марчык прапанавалі акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як гучыць яна не толькі ў вершах, гаворках, казках, але і ў беларускіх песнях. У выкананні народнага аматарскага клуба ветэранаў “Сівізна” пад кіраўніцтвам Соф’і Марчык і акампаніатара Аляксандра Гуліцкага гучалі песні “Зорка Венера”, ”Спявай, душа народная”, “Куточак Беларусі”, “Зямля Ляхавіцкая” і іншыя. Свой верш “Малітва аб Беларусі” прачытаў Леанід Швед, гучалі вершы Ю. Свіркі, М. Танка, З. Бядулі аб мілагучнай мове, прыгожых беларускіх словах. З задавальненнем і з добрым настроем адгадвалі загадкі-жарты, адказвалі на пытанні. Кніжная выстава-прагляд “Час чытаць на роднай мове” пазнаёміла прысутных з навінкамі беларускай літаратуры.
Нельга адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не ўжываеш родную мову. Некалі Францішак Багушэвіч казаў, што мова – гэта “адзежа душы”. Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!
Марына Нікіціна,
заг. аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦБ