Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна >>>
З лагера смерці на Радзіму
Нядаўна вярнулася на радзіму да сваёй сям’і ў Ліпскі сельсавет Дыдышка Елізавета Пятроўна і Гатоўчыц Анастасія Антонаўна, якіх вызваліла Чырвоная армія з фашысцкага канцлагера.
Іх добра ведаюць не толькі жыхары Ліпска, але і навакольных вёсак. Штодня іх наведваюць вяскоўцы, просяць расказаць, як ім удалося выжыць, другія рапытваюць пра сваіх родных і знаёмых, забраных на катаргу.
Страшныя, худыя і абарваныя выйшлі яны з лагера смерці. Гатоўчыц Анастасія мае 50 год, але такі ўзрост не выратаваў яе з фашысцкага канцлагера.
Вось што расказала Гатоўчыц Анастасія:
“Сын мой Іван быў у партызанскім атрадзе. Наляцела чорная зграя нямчуры ў вёску і арыштавалі мяне, як і іншых, хто не паспеў уцячы. Збілі да непрытомнасці, а пасля завязлі ў Баранавічы і кінулі ў халодны турэмны падвал. Есці давалі на дзень 100 грам хлеба і паўлітра баланды. Выклікалі некалькі разоў на допыт і страшэнна збівалі. З Баранавіч адправілі ў Калдычэва, дзе давялося перажыць найцяжэйшыя мукі: білі тут многа раз на дзень, нацкоўвалі сабакамі, але нават у сабак было больш літасці, чым у праклятых гестапаўцаў. Зноў страшна білі і ўсё дапытваліся пра месцазнаходжанне партызан. Тут толькі я ўжо маўчала. Мне вывярнулі руку, вырывалі кускамі мяса, але і гэтым нічога не дабіліся гітлераўцы. Мне тады не страшна было загінуць. Я вырашыла лепш загінуць, але не сказаць ім ні слова аб партызанах.
З Калдычэва нас загналі ў канцлагер Бушвіц, размешчаны ў шасці кіламетрах ад Кракава. Тут нас чакалі новыя страшэнныя мукі. Іх вымышлялі як маглі гестапаўцы, здзекваючыся над намі. Загналі аднойчы нас у лазню і разагрэлі парай, а пасля голых выгналі на тры гадзіны пад дождж і холад. Многія тады памерлі з прастуды.
Штодзённа выганялі нас на работу насіць каменні, будаваць акопы, капаць канавы. Цэлы дзень, не адгінаючыся, мы вымушаны былі працаваць. Над намі стаялі канваіры, якія забівалі на смерць чалавека. Помню, сабраліся мы каля агня, каб пагрэцца, як немец пусціў на нас сабаку. Людзі беглі ва ўсе бакі. У гэтай мітусні я зламала сабе нагу, якой і зараз не валодаю.
У Бушвіц-лагеры бало 5 адскіх пячэй, якія кожны дзень спальвалі да 2 тысяч чалавек. Хадзілі чуткі, што ў другім месцы былі яшчэ такія ж печы. Мы насілі чырвоныя крыжы, на руцэ ў кожнага катаржніка быў выкалаты нумар. Ён, як знак страшнага жыцця, застаўся на ўвесь час. Гэта лік 79578.
Родная Чырвоная Армія вызваліла нас ад немінучай смерці, не дала магчымасці гестапаўцам спаліць нас у печах. Яны да прыходу Чырвонай Арміі іх разбурылі, каб змесці сляды сваіх крывавых злачынстваў.
Цяжка, проста немагчыма перадаць тое пачуццё, з якім мы сустракалі сваіх воінаў-вызваліцеляў. Слёзы былі ўсе выплаканы, мы цалавалі сваіх сыноў, братоў і мужоў чырвонаармейцаў. Мы прасілі помсціць іх за ўсе здзекі, за спаленых жыўём людзей. Нам далі новую вопратку і сталі добра карміць. Мы адчулі клопат аб чалавеку, нас грэлі цёплыя праменні сталінскага сонца. А радасць штодня ўзрастала.
І вось зноў я на роднай зямлі. Хаджу па знаёмых мне з дзяцінства сцежках, дыхаю свежым паветрам. Ужо ніхто не стаіць над спіною з палкай і не чутно гары чалавечай крыві і мяса.
Сын мой Іван, былы партызан, служыць у радах Чырвонай Арміі. Ён старшы сяржант. Гэта гордасць мая, радасць і ўцеха. Я пішу яму: “Бі праклятую нямчуру, каб ніколі яна не паднялася супраць нас”.
Так закончыла нам свой расказ Гатоўчыц Анастасія.
Гатоўчыц, А. З лагера смерці на Радзіму : [расказвае жыхарка Ліпскага сельсавета, былы вязень канцлагера, Гатоўчыц Анастасія] / Анастасія Гатоўчыц // Савецкі патрыёт. – 1945.
З шыпамі ў сэрцы
Алену Антонаўну Кіеня ляхавічане добра ведаюць. Шмат гадоў яна працавала галоўным бухгалтарам райнарыхтканторы. Вельмі адказны чалавек і вельмі нераўнадушны. На яе долю выпала перажыць Вялікую Айчынную вайну, зведаць на сабе жах канцлагера ў час фашысцкай акупацыі. Муж яе, цяпер ужо памёршы, Фёдар Фёдаравіч, быў таксама ўдзельнікам Вялікай Айчыннай. Алена Антонаўна захоўвае яго баявыя ўзнагароды, выразкі з газет з артыкуламі, у якіх расказвалася праяе мужа. Шмат думае, шмат успамінае. Мы прапануем чытачам “ЛВ” яе расказ пра перажытае.
—Вялікая Айчынная вайна мяне застала ва Усвяцкім раёне Пскоўскай вобласці ў вёсцы Тарасава. Было мне 14 гадоў. Немцы акупіравалі нашу тэрыторыю, у тым ліку і вёску Тарасава, на самым пачатку вайны. Суровай зімой 1942 года наша армія прарвала абарону фашыстаў ва Усвяцкім раёне, і мы апынуліся на лініі фронта. Байцы жылі ў нашых дамах разам з намі. Бывала, што хадзіла з імі на заданні.У наш абавязак уваходзіла капаць траншэі, днём адпачывалі, а ноччу —зноў у дарогу, і так амаль усё лета 1942 года.
А ў верасні зноў вярнуліся фашысты. Забралі нашу маёмасць і жывёлу, дамы і пабудовы спалілі. А нас перагналі ў суседнюю вёску. Праз некаторы час пагрузілі ў грузавікі і павезлі невядома куды. Як потым высветлілася, нас закінулі ў Віцебскі канцэнтрацыйны лагер (мяне, маці, брата, якому было 4 гадкі). Тут мы прабылі нядоўга — нас зноў запхнулі ў таварныя вагоны і перавезлі ў Слуцкі канцэнтрацыйны лагер, які людзі называлі лагерам смерці. І нездарма. Таму што ўмовы, у якіх утрымлівалі тут насельніцтва, адпавядалі гэтаму вызначэнню. Сюды было звезена многа мірнага насельніцтва з розных абласцей былога Савецкага Саюза: Калінінскай, Смаленскай, Арлоўскай, Пскоўскай і іншых. Шмат было людзей з горада Ржэва.
Лагер быў абнесены калючым дротам, высокай сцяной з вышкамі па вуглах і сценах. Вартавалі яго ўзброеныя немцы і паліцаі з дапамогай сабак. Людзі ўтрымліваліся ў халодных бараках, на нарах, змайстраваных у тры паверхі. 3 іх, як пясок, сыпаліся вошы… Кармілі нас адзін раз у дзень баландой, якой іншы раз усім не хапала. Ад голаду, холаду, хвароб, здзекаў людзі падалі, як мухі, на хаду. Вельмі лютаваў тыф, кішэчныя захворванні, запаленчыя і іншыя. У гэтым жа лагеры немцы праводзілі выпрабаванне прэпаратаў на дзецях, падлетках.
Мы кожны дзень глядзелі смерці ў вочы. Засталася ў памяці страш-ная карціна, калі пасля ночы на драцяной агароджы віселі трупы вязняў, якія спрабавалі ўцячы з лагера. А раніцою, стоячы ў чарзе за вадой з крана, які быў уманціраваны ў сцяне будынка на вуліцы, людзі падалі таксама. Пасля кожнай ночы э баракаў выносілі тых, хто не дажыў да раніцы. А хавалі нявінных ахвяр фашысты ў вялізных ямах. Кідалі навалам, бы дровы. Ямы капалі самі вязні…
На тэрыторыі лагера знаходзіліся баракі, у якіх утрымліваліся яў-рэйскія сем’і сумесна з прадстаўнікамі іншых нацый. Яны былі знішчаны, у начны час фашысты палілі баракі, і ў полымі зажыва гінулі людзі. Я бачыла ўвесь гэты жах, бачылі яго ўсе. I мы чакалі сваёй чаргі. Мне пашанцавала, я засталася жывой.
Не магу не ўспомніць з удзячнасцю пра тую дапамогу, якую аказвалі вязням канцлагера мясцовыя людзі. Случчане ноччу прабіраліся да драцяной агароджы і перакідвалі праз яе кавалкі хлеба, вараную бульбу, яны вельмі рызыкавалі, і не заўсёды ўсё абыходзілася без ахвяр.
На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашыстамі было створана больш 200 канцлагераў рознага тыпу. У жудасных умовах утрымлівалі там мірнае насельніцтва, ваеннапалонных. Лагеры прызначаліся не для захавання жыцця, а для знішчэння. Хто не чуў такія назвы: Трасцянец, Калдычэва, Азарычы, дзе фашысты здзекваліся над людзьмі? Нават у сне не пажадаю камусьці ўбачыць тое, што давялося на сабе адчуць вязням. У маім сэрцы быццам засталіся шыпы калючай агаро-джы…
А пасля вайны многія з нас, хто прайшоў праз канцлагер, былі зломлены маральна, ушчымлены ў правах. I толькі ў 1988 годзе вязняў канцлагераў прызналі як пацярпеўшых у час Вялікай Айчыннай вайны, выдалі пасведчанні і былым малалетнім вязням і некаторыя льготы.
У мінулым годзе мы адсвяткавалі 60-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета — юбілей Вялікай Перамогі. Я шчаслівая, што дажыла да гэтага дня. Вельмі шкадую, што мой муж Фёдар Фёдаравіч, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай і інвалідам вайны II групы, не дачакаўся гэтых шчаслівых урачыстых юбілеяў.
Самая галоўная і самая неабходная ўмова для шчасця і цэлай дзяр-жавы, і асобнага чалавека — мір. Няхай над нашай краінай будзе чыстае неба!
Алена Кіеня,
пенсіянерка.
Кіеня, А. З шыпамі ў сэрцы / Алена Кіеня // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 26 лют.
«Мы так чакалі вызвалення…»
Дзеці вайны. Сёння яны людзі шаноўнага ўзросту. Але па-ранейшаму памяць вяртае ў вогненныя 40-я гады мінулага стагоддзя, калі паў-Еўропы было акупіравана фашысцкай Германіяй. Дзецям вайны давялося зведаць пакуты і боль, знявагу і голад. Скалечаныя лёсы і раз’яднаныя сем’і, спаленыя гарады і вёскі, канцэнтрацыйныя лагеры і эшалоны людзей, якіх адпраўлялі на прымусовыя работы, — гэта пра іх.
Асвенцым, Бухенвальд, Майданек… пералік фашысцкіх лагераў смерці вельмі вялікі. Размяшчаліся яны не толькі ў Германіі, але і на акупіраваных тэрыторыях, у тым ліку і на шматпакутнай зямлі Беларусі. Мільёны людзей прайшлі праз жорны канцэнтрацыйных лагераў. Колькі з іх загінула ад катаванняў, голаду, нечалавечых медыцынскіх эк-сперыментаў, згарэла ў печах, дакладна не ўстаноўлена і сёння. Каму ўдалося выжыць, не верылі ў сваё шчасце. А іх вызваліцелі – мужныя салдаты Перамогі, якія прайшлі полымя вайны, не маглі стрымаць слёз, калі глядзелі на знясіленых дарослых і дзяцей, падобных на шкілеты…
Калі 75-гадовая ляхавічанка Марыя Лентнер бярэ ў рукі пас-ведчанне вязня канцэнтрацыйнага лагера, яна нібы ў чарговы раз перагортвае старонку свайго лёсу, той страшнай яго часткі, якую называе “паўгода паміж жыццём і смерцю”.
Дзеці вайны рана станавіліся дарослымі
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Марыі было 6 гадоў. Разам з маці і трыма малодшымі сястрычкамі яна жыла ў вёсцы пад Віцебскам. Вясной 1944 года ўсю сям’ю разам з іншымі аднавяскоўцамі фашысты калонай пагналі на чыгунку.
– Нас пагрузілі, як жывёлу, у вагоны, у якіх не было вокнаў, і павезлі. Ніхто не ведаў, куды. У кожным адсеку было столькі людзей, што нават павярнуцца было нельга. Некаторыя паміралі ад недахопу паветра, – успамінае Марыя Цімафееўна.
– У “цялятніку” (так называлі поезд людзі) было не прадыхнуць, дзеці нават баяліся плакаць, было вельмі страшна, мы моцна прыціскаліся да мамы, – далучаецца да сястры Ніна Цімафееўна Піменава, якой у той час было 5 гадоў.
Спалоханых і знясіленых людзей прывезлі ў лагер “Лясное” недалёка ад Брэста. Дарослых і дзяцей прымусілі распрануцца і адправілі ўсіх пад ледзяны душ.
– Мы моцна ціснуліся адзін да аднаго, каб не замерзнуць, мама сваім целам імкнулася закрыць самую малодшую сястрычку, якой было крыху больш за годзік, ад халодных струмянёў, але гэта не дапамагло. Сястра Надзея страціла слых і так і не стала гаварыць. Яна не магла і на ножкі стаць, таму мама пастаянна садзіла яе ў пясок, каб адагрэць, – успамінае Марыя Цімафееўна. Старых, жанчын, дзяцей загналі ў баракі, а маладых адабралі, каб адправіць на работы ў Германію. Выходзіць з душных памяшканняў забаранялася. Многія паміралі ад голаду, хвароб. Мёртвых не паспявалі выносіць.
– Кармілі нас вельмі дрэнна, давалі бручку, звараную на вадзе. А есці так хацелася. Прасілі ў мамы дабаўкі, яна за ёй хадзіла да немцаў, якія крычалі: “Прэч, хопіць!”. Здзіўляюся, як мама выжыла, сама яна амаль нічога не ела, – успамінае Ніна Цімафееўна.
А яе сястра працягвае сумны расказ – як захварэла на тыф. Але выжыла, мабыць, дзякуючы Богу і маміным клопатам.
Больш чым паўгода праіснавалі ў страшных умовах і ўсё ж спадзяваліся на вызваленне, верылі ў доўгачаканую свабоду. I гэты шчаслівы дзень наступіў. Воіны Чырвонай Арміі вызвалілі вязняў. З розных раёнаў Брэстчыны прыехалі падводы, каб забраць знясіленых людзей па дамах, накарміць, абагрэць. Марыю Цімафееўну разам з мамай і сёстрамі прытуліла сям’я з вёскі Карані Ляхавіцкага раёна. Гаспадыня адразу нагатавала шмат ежы, але маці дзяўчынак папярэдзіла, што ім нельга адразу многа есці, бо могуць памерці. Паступова жыццё наладжвалася. Маці пайшла працаваць у Флер’янова ў падсобную гаспа-дарку, а сёстры пасвілі ў людзей кароў, потым пайшлі ў Ка-ранеўшчынскую школу. А потым лёс раскідаў дзяўчат па розных куточках Савецкага Саюза. Зараз Надзея жыве ў Адэсе, Яўгенія — у пасёлку Чысць Мінскай вобласці, з Прыбалтыкі пераехала ў Маладзечна Ніна. Сама Марыя Цімафееўна жыла з маці і сваёй сям’ёй у Ляхавічах. Зараз да яе прыехала сястра Ніна. Жанчыны падтрымліваюць, клапоцяцца, дапамагаюць адна адной.
У іх жыцці былі не толькі горкія старонкі – было месца радасці і шчасцю. Але тыя месяцы ў фашысцкай няволі былі самымі страшнымі, яны назаўжды пакінулі раны ў сэрцы і на душы, якія так і не загаіліся. Іх дзяцінства, як і дзяцінства тысяч землякоў, апаліла Вялікая Айчынная вайна.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. «Мы так чакалі вызвалення…»: [успаміны былых вязняў канцлагера, сясцёр Марыі Лентнер і Ніны Піменавай] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2009. – 11 крас. – С. 2.
Асколкі болю
Павел Адамавіч Мілюк прайшоў праз пекла пяці канцлагераў
— Нарэшце зазірнула сонейка і ў маё акно, – здаецца, аж памала-дзеў Павел Адамавіч, калі расказваў пра радасную падзею ў жыцці. – Я дачакаўся праўнукаў: патрымаў на руках маленькага чалавечка і зразумеў: вось яно, шчасце, і што нездарма перажыта столькі выпрабаванняў…
Паўлу Адамавічу сёлета споўнілася 92 гады. Ён па-ранейшаму ру-хавы, бадзёры і вельмі цікавы суразмоўца. Некалі атрымаў добрую адукацыю, працаваў настаўнікам нямецкай мовы, ведае польскую. Але самую большую навуку далі яму жыццё і вайна, якая прыпала якраз на маладосць і пакінула свой чорны знак на лёсе гэтага чалавека. Знак гэты – не толькі выпалены на руцэ гарачым жалезам нумар 165596, ён адбіўся і на сэрцы…
Павел Адамавіч памятае ўсё дакладна. Памятае і расказвае людзям, асабліва маладым, каб яны, заўтрашнія гаспадары жыцця, шанавалі і бераглі мір на зямлі.
А нядаўна завіталі ў госці да Паўла Адамавіча прадстаўнікі герман-скага дабрачыннага таварыства, якое дапамагае былым вязням: юрыст з жонкай, дзвюма дочкамі і рэдактар акруговай газеты. Мілюк расказваў ім гісторыю свайго жыцця.
…Юнак з вёскі Гашчын трапіў спачатку ў канцлагер Калдычэва, што быў пад Баранавічамі, пасля ў Трасцянец – пад Мінскам, а пасля быў Асвенцым-Бжэзінка. Гэтае месца на польскай зямлі і сёння пазначана як былая фашысцкая фабрыка смерці. Павел Адамавіч упэўнены, што за-стацца жывым яму дапамаглі яго прыродныя сіла і здароўе. Голад, холад, медыцынскія эксперыменты, непасільная праца… – а ён, асілак з беларускага Палесся, моцны, як дуб. Такіх хлопцаў фашысты паслалі на будаўніцтва новага канцлагера Гроз Рошэн, дзе яны пасля знясільваючай работы жылі ў зямлянках. I ўжо на верную смерць эшалон вязняў адправілі ў Бухенвальд, дзе пры ўездзе вялізарнымі літарамі сустракала выслоўе Бісмарка – “Кожнаму сваё”. Коміны печаў клубіліся чорным дымам і былі бачны здалёк: адтуль людзі не вярталіся…
Якраз у гэты час у вайну з гітлераўцамі уступілі саюзнікі, і на фран-тах адбыліся перамены. Фашысты адступалі, замяталі сляды сваіх зла-чынстваў, круглымі суткамі гарэлі крэматорыі. Эшалон, у якіх быў Павел Адамавіч, шэсць разоў ганялі па чыгунцы з захаду на ўсход. На вагон пры пагрузцы вязняў было выдадзена па буханцы хлеба і па літру вады. На шостыя суткі тых, хто мог яшчэ трымацца на нагах, засталося шасцёра, у тым ліку і Павел Мілюк. Ён прапанаваў збегчы і кіраваў гэтай аперацыяй: пры пагрузцы нейкі паляк непрыкметна сунуу яму ў рукаў нажніцы па металу, маўляў, яны павінны табе спатрэбіцца. Пасля гэтыя словы сталі зразумелымі: дах у вагоне быў зроблены з калючага дроту і абцягнуты брызентам. Калі цягнік ішоў пад гару і збавіў скорасць, вязні кінуліся пад адхон…
Доўгія блуканні па незнаёмай тэрыторыі, зноў палон, а пасля зноў пабег, нарэшце, сустрэча з дзяўчынай з Харкава. Яна прывяла Мілюка ў групу ўзброеных французскіх мсціўцаў, з якімі разам хадзіў на дыверсіі супраць фашыстаў. А пасля была сустрэча з саюзнікамі-амерыканцамі і доўгі шлях дадому. Спадарожна давялося папрацаваць перакладчыкам у лагеры ваеннапалонных немцаў. У адным з ваенных шпіталяў падлячыўся. А калі прыйшла Перамога і пачалася дэмабілізацыя, яго як настаўніка ад-правілі ў ліку першых на вызваленую родную зямлю – трэба было на-ладжваць вучобу ў школах…
На розных пасадах у сістэме адукацыі працаваў Павел Адамавіч. Для хлопчыкаў і дзяўчынак быў не толькі настаўнікам-прадметнікам, але і жыццёвым дарадчыкам. Сёння, праз дзесяцігоддзі, тэлефануюць і пішуць яго былыя вучні, і гэта яшчэ адна з нямногіх радасцяў для Паўла Адамавіча. Дзіўнай уласцівасцю валодае чалавечая памяць. Столькі гадоў прайшло пасля вайны, а душа і сёння баліць, вяртаюцца ў снах тыя жудасныя дні, калі побач з маладосцю хадзіла смерць. Насцігаюць хвалі ўспамінаў, і Павел Адамавіч бярэцца за напісанне мемуараў. Іх ужо 26 агульных сшыткаў. Некаторыя ўвайшлі ў невялікі зборнік, выдадзены абласной асацыяцыяй былых вязняў фашысцкіх канцлагераў пад рэдакцыяй Пятра Шалохі, які называецца “Асколкі болю”. Сціплы збор-нічак, выпушчаны невялікім тыражом, некалі падарылі і Паўлу Адамавічу як аднаму з аўтараў. Ім ён вельмі даражыў. Аднойчы падчас інтэрв’ю заезджая журналістка (на жаль, ён не памятае яе імя) папрасіла гэты зборнічак, паабяцала неўзабаве пераслаць. ЁНспадзяецца, што ўсё-такі гэтая дарагая для яго рэліквія вернецца…
Аліна ЛАПІЧ.
Лапіч, А. Асколкі болю / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2010. – С. 3.
I кожны год цвілі сады…
Былому ўдзельніку Баранавіцкага падполля і вязню шасці фашысцкіх канцлагераў Паўлу Адамавічу Мілюку споўнілася 90 гадоў
Ветлівы і прыгожы, на выгляд малайцаваты чалавек, яшчэ можна падзівіцца яго памяці, якая захавала ўсё да драбніц. Ён нібы гартае жыццёвыя старонкі адну за другой, называе даты, прозвішчы, населеныя пункты. Па-ранейшаму многа чытае, асабліва перыёдыку, пры гэтым узбройваецца вялікай лупай з тоўстым шклом-зрок крыху падводзіць. Павел Адамавіч мае свой пункт гледжання на падзеі. Яго як былога настаўніка надзвычай хвалююць навіны ў адукацыі. Ён гатовы адстойваць свае меркаванні, прыводзіць канкрэтныя факты і важкія аргументы, сярод якіх – уласны вопыт аднаўлення работы Куршынавіцкай сямігодкі ў пасляваенныя гады.
У 45-м, калі быў прызначаны дырэктарам і прыехаў у гэтую школу, вясковыя дзеці падчас урокаў сядзелі на падлозе, пісалі на шматках паперы, чарніла рабілі з соку чырвонага бурака, а некалькі пер’яў, што цудам захаваліся, прывязвалі да выструганых палачак — гэта былі ручкі. Памяшканне школы таксама было старым, з дзіравай страхой. Новы дырэктар сабраў бацькоўскі сход, пайшоў да кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, і літаральна за два тыдні саломай накрылі страху, а да канца першага паўгоддзя вучні сядзелі ўжо за партамі, якія змайстравалі ў Будаўскім леспрамгасе. Бацькі радаваліся, што іх дзеці вучацца ў нармальных умовах і дзякавалі дырэктару.
А яшчэ Павел Адамавіч вельмі любіць беларускую мову. Ён на памяць чытае ўрыўкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, і пры гэтым у яго вачах успыхваюць лагодныя агеньчыкі. Аказваецца, яго матуля – блізкая сваячка беларускага пісьменніка, некаторы час жыла ў яго сям’і, адтуль была накіравана на вучобу ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. 3 самага маленства хлопчык слухаў меладычную беларускую мову, а калі стаў асэнсоўваць яе, палюбіў усёй душой. Як вырас — паступіў у Вілен-скую гімназію вывучаць беларускую мову, а заадно і нямецкую, але ўжо ва ўніверсітэце.
Праз год студэнцтва пачалася вайна. 3 першых дзён акупацыі быў арыштаваны і расстраляны яго бацька. Забралі ў нямецкую камендатуру і Паўла. Цудам удалося ўратавацца ад выгнання ў Германію. Неўзабаве наладзіў сувязь з баранавіцкімі падпольшчыкамі. Паколькі ведаў нямец-кую мову, то і заданні атрымліваў адпаведныя. Напрыклад, зрабіць план размяшчэння ў горадзе фашысцкіх устаноў, якія спачатку патрэбна было выявіць. Аднак знайшліся правакатары, і Павел Адамавіч аказаўся ў СД у Баранавічах. 3 гэтага цёмнага засценка і пачалося блуканне па не-верагодных пакутах: Канцлагеры ў Калдычэва, Трасцянцы, Слуцку, а пасля – Асвенцым. Тут замест прозвішча і імя адразу “прысвоілі” нумар. На руцэ Паўла Адамавіча Мілюка калёным жалезам выпалена “165596”… Паўтысячы прыбыўшых вязняў адправілі ў лазню, пасля якой голымі выгналі на мароз. Дзве гадзіны фашысты “загартоўвалі” няшчасных. У выніку на сваіх нагах засталося 50 чалавек, у ліку якіх і Павел Мілюк. Іх пастроілі і накіравалі ў бок вадаёма, які пакрыўся ўжо тоненькім ільдом, загадалі лезці ў ваду. Сярод канваіраў Павел Адамавіч вылучыў аднаго ў штацкім адзенні, абвешанага нейкімі прыборамі. Гэта быў малады вучоны-медык, які даследаваў магчымасці чалавечага арганізма ў экстрэмальных умовах… У Асвенцыме ў той час фашысты арганізавалі медыцынскі даследчы інстытут і праводзілі эксперыменты над “істотамі пад нумарамі”.
Паўлу Адамавічу дапамагло выжыць прыроднае здароўе: ён з нараджэння дужы, моцны і вынослівы. Хоць былі моманты, калі думаў, што развітваецца з жыццём.
Але ўсё ж ён уцёк з канцлагера. Доўга бег па незнаёмых сцежках, лясах, палях і, магчыма, яму ўдаўся б гэты пабег. Калі б не той нумар на руцэ. На адной з дарог яго спынілі варожыя салдаты. На нямецкай мове ён расказаў старэйшаму па званні фашысту сваю версію. Здаецца, паверылі, паехалі. Але раптам машына стала здаваць назад, спынілася. Той самы немец выскачыў з кабіны, падышоў да Паўла Адамавіча і загадаў паказаць яму рукі…
Збіты, амаль пакалечаны, ён зноў апынуўся ў Асвенцыме. Цяпер немінуюча пагражала смерць у печы канцлагера. Выратавала тое, што літаральна на наступныя суткі стала набліжацца армія-вызваліцельніца. Вязняў тэрмінова загрузілі ў вагоны і накіравалі ўглыб Польшчы. Спыні-ліся ў незнаёмым, зусім неабжытым месцы, сталі рыць зямлянкі. Аднак вызваліцелі іх даганялі. Фашысты адправілі няшчасных у Бухенвальд…
Па дарозе Паўлу Мілюку зноў удалося ўцячы. Пазнаёміўся з дзяўчынай Наташай, якая прывяла яго да французскіх партызан. Прынялі як свайго, сталі браць на адказныя заданні. Не адзін цягнік пусцілі пад адхон, пашкодзілі шмат кіламетраў тэлефонных ліній. Разам з французскімі партызанамі выйшлі насустрач Савецкай арміі-вызваліцельніцы.
Вяртанне дамоў было лёгкім і радасным тым больш, што дома яго ўсе гэтыя гады чакала дзяўчына. Як пасля яму расказалі, шмат разоў да Соф’і прыязджалі сваты, сярод якіх былі багатыя і прыгожыя хлопцы. Усім адмовіла, хоць недзе ў глыбіні душы ўзнікала думка, што, магчыма, Паўла ўжо даўно няма ў жывых…
Пражылі разам з ёю шчаслівае жыццё. Ён настаўнічаў у Ляхавіцкім, Клецкім раёнах. Здаецца, усё складвалася няблага. Але лёсам наканаваны былі новыя выпрабаванні. Паўлу Адамавічу давялося пахаваць двух сыноў і жонку. Цяпер жыве адзін. Праўда, яго часта наведваюць суседзі, знаёмыя, прыязджаюць унукі, кантралююць здароўе медыкі, наведваюць работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ён часта ўспамінае перажытае, але не любіць расказваць пра свае пакуты і пра горыч страт, якія давялося перажыць. Усё ў думках, усё ў сэрцы. Асабліва абвастраецца памяць у майскія дні, напярэдадні Дня Перамогі, калі абуджаецца вясна і дорыць людзям столькі радасці…
Аліна Лапіч
Лапіч, А. I кожны год цвілі сады… Былому ўдзельніку Баранавіцкага падполля і вязню шасці фашысцкіх канцлагераў Паўлу Адамавічу Мілюку споўнілася 90 гадоў / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2008. – 8 мая. – С. 2.
За калючым дротам. Успаміны вязня Асвенціма Паўла Мілюка
Мілюк Павел Адамавіч нарадзіўся ў 1918 г. у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. 3 1922 г. па 1949 г. жыў у в. Гашчын Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, падпольшчык, вязень чатырох канцлагераў, настаўнік замежнай мовы, першы пасляваенны дырэктар Куршынавіцкай сямігадовай школы. Цяпер на пенсіі. Жыве ў г. Ляхавічы.
Мае ўніверсітэты
Мае бацькі родам з вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. Яны былі настаўнікі. Маці, Марыя Паўлаўна (1888—1987) — настаўніца малодшых класаў, а бацька, Адам Сцяпанавіч (1884 —1942) – настаўнік матэматыкі.
Граф Патоцкі за бездакорную службу лесніка даў майму дзядзьку Аляксандру Сцяпанавічу Мілюку ў падарунак 20 гектараў зямлі. Праўда, з гэтай колькасці зямлі толькі 1,5 га было ворыўнай. Дзяцей у дзядзькі не было, а жонка яго рана памерла. 3 усіх пляменнікаў я быў самы любімы, а таму ўсю сваю зямлю ён запісаў на мяне.
Пасля смерці Аляксандра Сцяпанавіча наша сям’я ў красавіку 1922 г. пераехала жыць у леснічоўку, якая знаходзілася ў в. Гашчын. Тут мы зазналі гора. Спачатку пабудавалі вялікае гумно, а потым пачалі выкарчоўваць дрэвы і ачышчаць зямлю пад поле. Даводзілася ўсё рабіць уручную.
Апрача гэтай цяжкай працы неабходна было бараніцца і ад ваўкоў, якіх развялося вельмі шмат. Не змаглі мы ўберагчы ад іх і сваіх коней. Здарылася гэта няшчасце ў канцы лета. Мне тады было сем гадоў. Вечарам выпусцілі коней за гумно, дзе была пасеена канюшына. Вырашылі, што пакуль павячэраем, коні на гэтай канюшыне папасуцца. Выйшлі мы ўжо прыцемкам з запаленым ліхтаром “лятучая мыш “. Глядзім — штосьці многа агеньчыкаў свеціцца ў цемры. Мы здагадаліся, што гэта воўчая зграя. У нас напагатове заўсёды былі паходні. Гэта такія доўгія палкі з прывязанымі смалякамі. Толькі гэтымі запаленымі паходнямі і маглі адагнаць ваўкоў. Мець жа селяніну для сваёй гаспадаркі паляўнічую стрэльбу польскія ўлады не дазвалялі.
Выбеглі мы за гумно (дзве мае старэйшыя сястры, брат, я, мама і тата) і адагналі ваўкоў. Аказалася, што гэта была ваўчыца з вывадкам маладых ваўчанят. Маладую кабылу яны амаль што з’елі, а вось другую толькі моцна паранілі. Назаўтра мы вырашалі на сямейным савеце, што далей рабіць, як пражыць.
Прадалі карову, свінню, дзвюх авечак, дваццаць курэй і за выручаныя грошы купілі каня. Конь быў добры, малады. Ды толькі нашай гаспадарцы патрэбны быў не адзін, а два. Надта шмат работы трэба было выконваць. Таму паўстала пытанне, дзе ж раздабыць другога каня.
Побач з намі жыў багаты ваенны фельчар. Ён у гады Першай сусветнай вайны быў ваенны, а потым польская ўлада дазволіла яму лячыць хворых. Дык вось, купіў ён сабе 60 га зямлі. 3 гэтай колькасці зямлі ў яго было ўжо шмат ворнай, меў ён трох дарослых коней і двух маладых. Прыйшоў да нас і кажа: “Я чуў пра ваша гора. Таму прыйшоў да вас з прапановай. У мяне трое коней рабочых. Ідзіце і выбірайце любога з іх. Працуйце колькі вам неабходна будзе”.
Мой старэйшы брат Лёня прапанаваў напісаць распіску. Ды толькі фельчар сказаў, што лепшая распіска — гэта чалавечае сумленне. Яно і будзе гарантыйным дакументам.
Мы пайшлі і выбралі кабылку. Потым яна прывяла нам вясной жарабя. Прабыла ў нас гэта кабылка тры гады, пакуль не вырасла наша жарабя і не стала цягавай сілай. Скажыце, ці сёння знойдуцца такія людзі, як той фельчар?..
Вось так пачыналася наша жыццё. На шчасце, быў у мяне яшчэ і другі дзядзька. (Усяго ў бацькі былі тры браты). Працаваў ён на чыгунцы майстрам і жыў недалёка ад Вільні на невялічкай станцыі Парубанак, у будцы чыгуначніка. Уся яго сям’я памерла ад тыфу. Таму ён быў вельмі рады, што зможа дапамагчы нам атрымаць адукацыю. Спачатку забраў да сябе дзве старэйшыя сястры, якія хадзілі ў Віленскую гімназію. Потым забраў брата і мяне, а затым і сястру Таццяну, якую аддаў вучыцца ў медыцынскае вучылішча. У 1935 г. я скончыў гімназію на выдатна. Мне ішоў 18-ы год. Хацеў паступіць у Віленскі універсітэт. Ды толькі не ўдалося з-за таго, што мой старэйшы брат заняўся палітыкай. Ён збіраў каштоўныя звесткі для Савец-кага Саюза, і за ім была наладжана паліцэйская слежка. 3-за пагрозы арышту ён быў вымушаны ўцячы ў СССР. Там, скончыўшы політэхнічны інстытут, атрымаў добрую пасаду, але ненадоўга. У 1929 г. быў названы ворагам народа і расстраляны.
Праз два гады пасля заканчэння гімназіі мне ўдалося паступіць у Віленскі ўніверсітэт, дзе змяніўся рэктар. Новы рэктар нічога не ведаў пра майго брата. Вясной 1939 г. я быў пераведзены ўжо на трэці курс. Але, на жаль, вайна перарвала маю вучобу ва ўніверсітэце. Я вярнуўся дамоў да бацькоў. А ўвосень Заходнюю Беларусь далучылі да Савецкага Саюза. Спатрэбіліся настаўнікі беларускай і рускай моў. Усіх, хто хацеў вывучаць беларускую і рускую мовы, пасылалі на курсы. Даведаўшыся, што я вывучаў 6 моў ва ўніверсітэце, мясцовыя ўлады не дазволілі мне ехаць на гэтыя курсы. Хацелі забраць інспектарам у Баранавіцкую вобласць, але я адмовіўся. У Гашчыне жылі мае бацькі, а ў Стараселлі жыла мая каханая дзяўчына. Хіба ж мог я з ёй разлучыцца? Спачатку ў 1939 г. працаваў у Стараселлі Ляхавіцкага раёна настаўнікам пачатковых класаў. У 1940 г. мяне адразу залічылі на трэці курс Беластоцкага універсітэта на завочную форму навучання. У мяне на руках быў дакумент, які сведчыў аб тым, што я вывучаў беларускую, рускую, польскую, чэшскую, лацінскую і нямецкую мовы.
У Беластоцкім універсітэце мяне лічылі хадзячай энцыклапедыяй. Напэўна, студэнты мелі рацыю, бо дзякуючы веданню моў мне не раз удавалася выратавацца ад смерці.
Гібель майго бацькі
Перад вайной мой бацька быў сакратаром выканкама Куршынавіцкага сельскага Савета. У вёсцы ўсе лічылі нашу сям’ю бальшавіцкай, а таму з прыходам немцаў уканцы чэрвеня 1941 г. мы жылі як на парахавой бочцы. У любы момант нямецкія прыслужнікі маглі здаць нас ворагу.
Вясной 1942 г. пачаліся масавыя арышты мясцовых жыхароў, а таму бацька вымушаны быў выехаць у Цыгань. Там яго знаёмы, былы старшыня сельсавета А.Сахон, узяў яго да сябе на кватэру. Жыў у гэтай вёсцы былы настаўнік Клінк Байль. Хоць і быў ён па нацыянальнасці немец, але фашысцкай палітыкі не адабраў. Пасябраваў мой бацька з гэтымі людзьмі. Яны склалі групу, якая дапамагала чырвонаармейцам, што трапілі ў акружэнне пад вёскамі Крывошын і Свяціца. Усім ім неабходны быў хоць які-небудзь дакумент. Ды толькі дзе ж яго ўзяць?
Доўга думала і шукала выйсце для ваеннапалонных падпольная група на чале з маім бацькам. Аднойчы ім пашанцавала. Праз некаторы час у вёсцы з’явіўся адзін з такіх жа акружэнцаў. Ён смялей адчуваў сябе пры сустрэчы з немцамі. Падпольшчыкі пацікавіліся: чаму? А ён паказаў даведку і расказаў цікавую гісторыю яе з’яўлення. Аднойчы, калі яго затрымалі немцы і патрабавалі паказаць “аўсвайс”, ён прыкінуўся былым асуджаным “пры саветах”, які адбываў пакаранне. Нямецкі афіцэр паверыў у гэтую байку і выдаў яму дакумент з пячаткай, у якім было напісана, што ён з’яўляецца былым асуджаным бальшавікамі і цяпер вяртаецца дамоў.
Падпольшчыкі былі вельмі задаволены, што дзякуючы вось такой паперцы змогуць дапамагчы многім чырвонаармейцам. Хутка знайшоўся і чалавек, які зрабіў такую ж пячатку. Гэта быў Іван Станіслававіч Ходар. Вось тут упершыню на практыцы і спатрэбіліся мае веды замежных моў. Закіпела работа па выпуску нямецкіх дакументаў. З арыгінала я перапісваў змест дакумента, а Іван Станіслававіч ставіў пячатку. Усяго намі было зроблена і перададзена ў вёску Цыгань 65 такіх даведак.
Аднак усё добрае хутка заканчваецца. У вёсцы Новыя Буды адзін чалавек з такім дакументам быў затрыманы нямецкім патрулём. Немцы штосьці западозрылі, пачалі распытваць, хто выдаў яму гэты дакумент. А чалавек спалохаўся, што яго могуць забіць, і расказаў.
Назаўтра, 13 мая 1942 г., з першымі праменямі сонца ў вёску Цыгань прыехалі дзве машыны. Па моцнаму груку ў дзверы зразумелі, што гэтак грукаць могуць толькі немцы. Зайшоўшы ў хату, нямецкі афіцэр паказаў тату той самы дакумент, што быў напярэдадні адабраны нямецкім патрулём. Бацька адразу зразумеў, што наступіў апошні дзень, а магчыма і гадзіна яго жыцця. На ўсе пытанні нямецкага афіцэра ён адказваў толькі адно: “Гэта я напісаў фальшывы дакумент. Мне ніхто не дапамагаў”.
Не дабіўшыся іншых прызнанняў ад бацькі, немцы адвялі яго пад мост і расстралялі. Мясцовым жыхарам было забаронена яго хаваць. Калі б яны не выканалі нямецкага загаду, вёску спалілі б разам з жыхарамі. Так і праляжаў ён прыкрыты галінкамі да 1944 г. Толькі ў пачатку ліпеня 1944 г. яго астанкі мясцовыя жыхары змаглі пахаваць на могілках у Цыгані.
Раніцай 14 мая 1942 г. у вёску Гашчын за мной прыехалі тры карнікі з афіцэрам і загадалі ехаць разам з імі. Прывезлі ў Ганцавічы і перадалі ў жандармерыю, а там ужо было 30 чалавек. У хуткім часе пачалі рабіць перапіс усіх затрыманых. Калі ж чарга дайшла да мяне, то я сказаў іншае імя прозвішча і месца жыхарства. Праз тры гадзіны да камендатуры пад’ехала машына і была паўторная пераклічка па зробленаму спісу. Разоў пяць зачытвалі тыя прозвішча і імя, якія я сказаў. Ды толькі ніхто на яго не адклікаўся. Маўчаў і я. Немцы вырашылі, што гэты чалавек уцёк.
Усіх, каго назвалі па спісу, пагрузілі ў машыну і павезлі. Мяне ж замкнулі ў тым самым памяшканні. Суткі я ціха прасядзеў. Вельмі хацелася піць і есці. Ніхто пра мяне нават і не ўспамінаў. Неўзабаве я пачуў чэшскую мову вартавых і пачаў стукаць у дзверы. Праз некалькі хвілін на парозе з’явіліся два вартавыя. Я не толькі разумеў, але і размаўляў на чэшскай мове, дык мне не цяжка было і растлумачыць ім, што мяне памылкова затрымалі. Я ім і пашпарт свой паказаў.
Вартавыя паклікалі афіцэра, таксама чэха. Я паўтарыў усё, што казаў вартавым. На маё здзіўленне, афіцэр мне паверыў і нават спытаў, куды выпісаць пропуск. Дамоў я ні ў якім разе не мог ўжо вяртацца. I, успомніўшы пра сваю старэйшую сястру Марыю, якая выйшла замуж і жыла ў Ляхавічах, я папрасіў выпісаць мне пропуск да Ляхавіч.
Да Ляхавіч дабраўся толькі вечарам. Да сустрэчы з сястрой я не ведаў, што бацькі ўжо няма. 3 расказу Марыі аб трагічных падзеях, якія адбыліся ў Цыгані, стала зразумелым, чаму я апынуўся ў Ганцавічах. I толькі па волі лёсу застаўся не проста жывы, але і на свабодзе.
3 Калдычэва ў Трасцянец
Я разумеў, што дамоў вяртацца нельга. Вырашыў дабірацца да Баранавіч. У Баранавічах уладкаваўся ў адну са школ, што знаходзілася недалёка ад Палескага чыгуначнага вакзала, і пачаў працаваць настаўцікам. Там я знайшоў новых сяброў. Пазнаёміўся з Вольгай Андрэеўнай Налівайка, якая выкладала нямецкую мову.
Да гэтага часу ў Баранавічах ўжо з’явіліся падпольныя групы. Членам адной з падпольных груп з’яўлялася і Вольга Андрэеўна. Праз некаторы час яна прапанавала мне дапамагчы ёй у распаўсюджванні лістовак. Я стаў актыўным удзельнікам пад-полля. Да нас прымкнула яшчэ і дырэктар школы — Яўгенія Іосіфаўна Герулёва.
Наша праца заключалася ў распаўсюджванні лістовак, правядзенні агітацыйных гутарак сярод насельніцтва, зборы звестак аб нямецкіх установах, што размяшчаліся ў горадзе, і перадачы іх у партызанскі атрад. Праз лістоўкі падпольшчыкі звярталіся да працоўных горада і раёна.
Прыход падпольшчыкаў з лістоўкай да людзей адразу змяняў іх настрой. Яны разумелі, што з адыходам Чырвонай Арміі барацьба з ненавісным ворагам не спынілася, а разгарнулася ў партызанскую і падпольную барацьбу. У той час кожнаму здавалася, што словы лістоўкі накіраваны асабіста да яго.
Сістэма нашай падпольнай арганізацыі была пабудавана па прынцыпу невялікіх груп, кіраўнікі якіх мелі сувязь з асобнымі членамі камітэта. Усе астатнія хоць і бачылі вынікі дзейнасці камітэта і іншых груп, але не ведалі, хто імі кіруе і з каго яны складаюцца. Праўда, амаль ніхто з нас не меў вопыту падпольнай работы. Толькі розныя абставіны падказвалі, як трэба паступаць, і разам з тым захоўваць неабходную канспірацыю.
Агенты службы СД шукалі розныя шчыліны, скрозь якія можна было б пранікнуць у нашу арганізацыю. Арыштаў па горадзе адбывалася шмат, але яны не давалі патрэбных вынікаў. I, нарэшце, дабраліся і да нашай групы.
У сярэдзіне лета 1943 г. Вольга Андрэеўна пазнаёміла мяне з маладым чалавекам, які прадставіўся як Валерый Баршчэўскі. Яна сказала, што ён будзе праз яе даваць мне заданні. У момант нашай першай сустрэчы нават і падумаць не мог, што перада мной стаіць здраднік.
У канцы жніўня 1943 г. на вул. Барысаўскую, 5, дзе я жыў, да мяне прыйшоў хлапчук ад Баршчэўскага і сказаў, каб я прыйшоў на вуліцу Шасэйную, дом 65-а. Калі я туды пайшоў, то сустрэўся з Баршчэўскім. Ён выйшаў з дому, і мы пачалі раз-маўляць аб нашых справах.
Я звярнуў увагу на пакойчык, з якога выйшаў Баршчэўскі. Праз прыадчыненыя дзверы ў вочы мне кінуліся два чамаданы, якія стаялі каля ложка. Адзін быў напоўнены ласкутамі скуры, а другі — скуранымі падэшвамі. У той час гэта быў сапраўдны скарб. Гледзячы на чамаданы, я вырашыў, што ён займаецца гандлем.
Нечакана для мяне адчынілася брама і зайшлі два ўзброеныя аўтаматамі немцы. Яны загадалі нам ісці ў СД. Калі мы зайшлі ў будынак, у якім размяшчалася СД, нас раздзялілі. Мне загадалі чакаць, а Баршчэўскага павялі. Колькі часу мне да-вялося чакаць. Нарэшце і мяне паклікалі ў кабінет следчага. Там сядзеў палкоўнік сярэдніх гадоў. Перад ім стаяў графін з вадой. Мяне пасадзілі насупраць гэтага палкоўніка. Баршчэўскі ж сядзеў злева ад мяне.
Запісаўшы маё імя, прозвішча і год нараджэння, спыталі аб месцы працы. А ў мяне на той час быў дакумент, што я з’яўляюся школьным інспектарам Івянецкага раёна, што каля Налібоцкай пушчы.
Баршчэўскі, трохі пачакаўшы, сказаў: “Гавары ўсю праўду. Яны ўжо ўсё ведаюць. Я ім усё расказаў.” А мяне пасля гэтых слоў аж усяго скаланула. Бачу, што перада мной сядзіць здраднік. Доўга не чакаючы, схапіў графін і стукнуў Баршчэўскаму пад вісок. Здраднік упаў, і ў яго з носа пацякла кроў.
Следчы пытае ў мяне:
— Навошта вы яго стукнулі?
— Гэта не чалавек, а злы сабака. Ён выдумвае ўсякае глупства. Сам займаецца спекуляцыяй і хоча выехаць за кошт іншых, — адказаў я.
Нямецкі палкоўнік і рот раскрыў. На твары ў яго было здзіўленне. Я кажу яму: “А вы паедзьце да яго на кватэру і самі ўбачыце, што ў яго пакоі каля ложка стаяць два вялікія чамаданы з матэрыялам для ботаў. Я прыехаў да Баршчэўскага заказаць боты. Хутка ж новы навучальны год, я займаю высокую пасаду, значыць павінен і выглядаць згодна свайму становішчу. Мы ўжо абмяркоўвалі і аплату, ды толькі вашы салдаты перашкодзілі нам. Напэўна, ім хтосьці падказаў, што ён займаецца спекуляцыяй.”
Вось так мая зрокавая памяць і знаходлівасць дапамаглі мне ў той час. Бачу, у гэтага следчага і тон змяніўся ды і глядзець на мяне стаў зусім па-іншаму.
Ён яшчэ раз перапытаў у мяне: “I праўда там ёсць гэтыя чамаданы?”. Я адказаў: “Мне баяцца няма чаго. Хлусіць вам я не збіраюся. Пашліце салдат на кватэру, і вы самі ўпэўніцеся ў праўдзівасці маіх слоў.”
Націснуўшы кнопку на стале, следчы выклікаў да сябе вартавых і загадаў забраць Баршчэўскага. Затым такім жа спосабам выклікаў старшага лейтэнанта. Ён аддаў загад яму ехаць на кватэру па ўказанаму адрасу і прывезці два чамаданы. Такім чынам, ён вырашыў праверыць праўдзівасць маіх слоў.
Праз дзесяць хвілін чамаданы стаялі ў кабінеце. Следчы доўга глядзеў на мяне, быццам штосьці абдумваў, а потым сказаў:
— Вы сказалі праўду. Я прапаную вам ісці да нас на працу.
— Не, дзякуй! Ваенная справа ніколі мяне не вабіла. Я ўсяго толькі настаўнік, ды і ў ваеннай справе нічога не разумею. Нават і зброю ніколі ў руках не трымаў, — адказаў я.
— Шкада. Доказаў у нас, што вы падпольшчык, няма, але падазрэнне ёсць. Угадаць цяжка. Ведаеце, быў бы гэта не сорак трэці, а сорак першы год, дык з вамі ніхто б нават і не цырымоніўся. Зараз жа іншы час. Таму даводзіцца з кожным чалавекам лічыцца. Магчыма, вы нам спатрэбіцеся для абмену на нашых палонных пасля заканчэння вайны. Хутчэй за ўсё вы трапіце ў канцэнтрацыйны лагер, але перад гэтым будзе суд. Ды толькі я ўпэўнены, што пасля яго вы апыняцеся ў канцлагеры, а там, як вы здагадваецеся, вельмі цяжкія ўмовы. Таму я раю перайсці да нас на работу ў СД. Будзеце ў нас следчым. Пашлём вас на курсы і будзеце жыць прыпяваючы.
— Не, — адказаў я. Хоць спачатку ў маёй галаве праскочыла думка аб тым, каб рызыкнуць і згадзіцца. Гэта дапаможа мне вырвацца на волю, а там, пакінуўшы горад, падамся ў лес да партызан. Ды толькі ці павераць мне там? I як я змагу даказаць, што не я здраднік, а Баршчэўскі? Не! Навошта такі сорам не толькі мне, але і маім родным. Няхай я і загіну, але застануся верным сваёй справе, як мой бацька.
Арыштавалі ў той дзень не толькі мяне, але і Вольгу Андрэеўну Налівайка, яе стрыечную сястру: Наталлю Налівайка і Аляксандра Бобрыка. Усіх нас выдаў Баршчэўскі.
Прабылі мы ў падвале СД два месяцы. Потым, як і казаў следчы, адбыўся суд, які прыгаварыў усіх нас да вышэйшай меры пакарання. Пасля суда мы зноў апынуліся ў тым самым падвале. Кожны шорах каля дзвярэй падвала ўспрымаўся намі, як апошнія хвіліны жыцця. Праз пяць дзён нямецкія вартавыя прыйшлі за намі. Да кожнага з нас былі прыстаўлены два вартавыя з сабакам.
Праз некалькі хвілін прыйшоў нямецкі палкоўнік і зачытаў новы прыгавор. Па гэтаму прыгавору вышэйшая мера пакарання, па міласці Адольфа Гітлера, замянялася на пажыццёвае заключэнне ў Калдычэўскім канцэнтрацыйным лагеры.
У момант зачытвання прыгавора канваір, што стаяў у мяне за спіной, ціха на вуха мне сказаў “Не хвалюйся, хутка Сталіну капут і Гітлеру капут! Ты толькі як-небудзь пратрымайся. Хутка ўсяму канец”.
“Э, думаю, калі вашы салдаты ўжо не вераць вам, то хутка фашызму будзе канец”.
Пасля вынясення прыгавора пагрузілі нас усіх у машыну і адправілі ў Калдычэва. На дварэ быў канец кастрычніка. Прабылі мы там два тыдні. У пачатку лістапада 1943 г. усіх зняволеных вывелі з баракаў на вуліцу і пастроілі ў адну шарэнгу. Затым нямецкі афіцэр ішоў і кожнаму трэцяму загадваў рабіць тры крокі наперад. Я таксама павінен быў зрабіць. За нашымі спінамі пачуўся шэпт: “Ну вось і ўсё. Іх павязуць на расстрэл”.
“Ну што ж, расстрэл дык расстрэл. Відаць прыйшоў час паміраць”, — падумаў я. Пагрузілі нас у машыну і павезлі. Ды толькі не на расстрэл, як мы думалі, а ў іншы канцэнтрацыйны лагер “Малы Трасцянец”, што ў 10 км ад Мінска. А ўсіх тых астатніх з тае шарэнгі расстралялі, звязаўшы ім рукі калючым дротам.
У лагеры быў усталяваны рэжым, разлічаны на знішчэнне людзей і галодную смерць. Мы там увогуле былі галодныя і халодныя. Яшчэ ў дадатак заядалі вошы. Так заядалі, што нават вытрэсванне на марозе не дапамагала. Проста ўжо не ведалі, як бараніцца ад гэтай напасці. Выйдзеш з барака на вуліцу на мароз, скінеш адзенне і стаіш голы вытрэсваючы гэту нечысць, а як толькі адзенешся і ляжаш, дык усё пачыналася зноў. Вошы працягвалі заядаць. I гэтак некалькі разоў на ноч выходзілі рабіць. Ды толькі вынік быў адзін і той жа. Адкуль толькі яны браліся?
У Трасцянцы сярод зняволеных існавала падпольная група, у склад якой увайшоў і я. Хутка ў нас была ўжо наладжана сувязь з партызанамі, рыхтаваліся ўцёкі. У апошні час кожную раніцу немцы выводзілі нас церабіць кусты, што каля лагера раслі. Быў вызначаны дзень, калі прыйдуць партызаны і знімуць ахову ў час работы за межамі лагера. Вельмі марудна цягнуўся час. Ноч напярэдадні нашых уцёкаў была самай доўгай.
Ды толькі нашым надзеям на хуткае вызваленне не суджана было збыцца. Раніцай нас нават не выпусцілі на вуліцу. У другой палове дня ўсіх вязняў выгналі з баракаў, пагрузілі на машыны і адвезлі на чыгуначную станцыю. Тут ужо чакаў цягнік з вагонамі. Акрамя вязняў з Малога Трасцянца на чыгуначную станцыю былі прывезены вязні з Калдычэўскага канцэнтрацыйнага лагера і Баранавіцкай турмы.
Адным словам, набралася 500 чалавек. Са слоў нямецкіх вартавых мы зразумелі, што вагоны цягніка, які быў разлічаны на 500 чалавек, цалкам укамплектаваны. Усіх пагрузілі ў вагоны і павезлі. Куды вязуць, мы не ведалі. Тыя, каму да вайны даводзілася ездзіць гэтай дарогай, заўважылі, што наш цягнік едзе ў бок Кракава. Калі ж мінулі Кракаў, дык здагадаліся, што нас вязуць у Асвенцім.
Мы ведалі, што паміж Кракавам і Катовіцамі ў Польшчы знаходзіўся гэты канцэнтрацыйны лагер.
Перад запланаванымі ўцёкамі партызаны змаглі перадаць нашай групе добрае адзенне, вопратку і абутак. У нас нават быў добры вузел з бялізнай. Ніхто ж нават і не думаў, што так могуць змяніцца абставіны і замест волі мы зноў апынёмся за калючым дротам.
Мы разлічвалі, што прывязуць нас у лагер, размесцяць па бараках і будзем хадзіць на работу. А тут было зусім не тое. Цягнік быў спынены не даязджаючы 50 км да Асвенціма. У наш вагон зайшлі вартавыя, уласаўцы адзетыя ў нямецкую форму СД. Яны забралі ў нас вопратку, абутак і пакінулі толькі ў нацельнай бялізне. Яны сказалі: “Там вам адзенне і абутак не спатрэбяцца. Калі не мы забяром, дык гэта зробяць іншыя”.
Асвенцім. Вязень “165 596”
Нас, босых і амаль што голых, разгрузілі ў Асвенціме і адразу пагналі ў лазню мыцца. Памяшканне лазні было вялікае. А ваду чамусьці падалі даволі гарачую. Толькі пару хвілін чалавек мог вытрымаць такую тэмпературу вады. Мыліся ж не менш за гадзіну. Раней нікога не выпускалі. Нават зміласцівіліся і выдалі па кавалачку мыла на 10 чалавек.
Памыцца ніколі не шкодзіць. Лазняй усе засталіся задаволеныя. Мы думалі, што пасля гэтай воднай працэдуры выдадуць вопратку з абуткам і пойдзем у баракі. Ды толькі здарылася непрадбачанае. Усіх нас пасля гарачай лазні выгналі на вуліцу ў нацельнай бялізне для зарадкі на дзве гадзіны. Мароз хоць і невялікі быў на вуліцы, ды толькі на нагах засталіся стаяць толькі 50 чалавек. Сярод іх быў і я. Астатнія ляжалі зняможаныя. Хоць і былі яны жывыя, але на іх ужо ніхто не звяртаў увагі. Хутчэй за ўсё іх адвезлі ў крэматорый і спалілі.
У Асвенціме былі тры такія спецыяльныя фабрыкі смерці, дзе спальвалі жывых і мёртвых людзей. Але перад тым як адправіць ахвяру ў печ, яе спачатку абавязкова абстрыгалі, а валасы збіралі ў цюкі. Усё ўладкаванне крэматорыяў складалася з доўгага калідора, рэек з аднаго боку, а з другога боку — вузкага праходу, і па баках былі шчыльныя дзверы. Туды завозілі ваганеткамі ахвяр і кідалі ў печы. Унізе былі зроблены жалезныя краты. Немцы пускалі электрычны ток вялікага напружання, ад якога чалавек ператвараўся ў кучу попелу. Там жа, пад печчу, былі два рэзервуары. У адзін сцякала вадкая маса, а ў другі — попел, які потым ссыпаўся ў мяшкі і выкарыстоўваўся для ўгнаення на полі. 3 вадкасці вырабляўся вазелін, мыла і роз-ныя змазачныя матэрыялы для машын. Вось якую безадходную вытворчасць прыдумалі нацысты.
Усіх, хто пасля “зарадкі” застаўся на нагах, загналі ў барак, які не ацяпляўся. Барак складаўся з аднаго памяшкання. Каля сцен стаялі трохярусныя нары, збітыя з дошак, а пасярэдзіне быў праход. Кожны такі барак называўся “блёк” і ўмяшчаў 300 чалавек.
Калі мы прыйшлі ў барак, то пазалазілі на нары па 5 чалавек на кожны паверх; прытуліліся адзін да аднаго, каб хоць трошкі сагрэцца. Ляжалі на голых дошках, засланых толькі старой цыратай. І так праляжалі да раніцы. Раніцай нас апранулі і абулі. Далі штаны з фрэнчыкам у палоску з тонкага палатна і круглую шапку, а на ногі выдзеўбаныя з дрэва туфлі.
Прынеслі і паснедаць. Выдалі ўсім па кубачку гарачай вады, якая была настоена на нейкіх травах. Потым зняволеных пастроілі і пагналі. 3 боку ішлі два афіцэры, чатыры вартавыя з двума сабакамі-аўчаркамі. Сярод ахоўнікаў ішоў малады чалавек (яму было каля 25 гадоў) з секундамерам і танометрам. Я тады ніяк не мог зразумець, хто ён такі і для чаго з намі ідзе. I толькі пасля вайны, калі я быў перакладчыкам у ваеннапалонных, адзін нямецкі палкоўнік сказаў мне: “3 вамі ішоў аспірант, які пісаў навуковую працу і, напэўна, была ў яго тэма: “Якую тэмпературу можа вытрымаць чалавек”.
Прывялі нас да вадаёма, на паверхні якога быў тонкі лядок, і прымусілі ісці ў ваду. Мы толькі збянтэжана паглядзелі адзін на аднаго, але з месца ніхто не зрушыўся. Ізноў прагучала каманда ісці ў ваду. Што рабіць? Заходзім у ваду і стаім. Праўда, доўга ў вадзе не былі. Праз некалькі хвілін раздалася каманда: “Выйсці з вады і выкруціць адзенне!”
Выйшлі, выкруцілі адзенне, апрануліся і стаім. Гучыць новая каманда ісці ў ваду. I так тры разы запар павінны былі заходзіць і выходзіць з вады. 3 50 чалавек на нагах засталіся стаяць толькі пяць, а 45 пасля такога “купання” засталіся на беразе ляжаць.
Сталі строіць нас. А мне, пятаму, пары не хапае. Пастроілі і павялі ў лагер. Я быў замыкаючым у гэтым “вялікім” строі. Для нас быў нават і “панскі” абед прыгатаваны. Пасля гарачай баланды нам дазволілі аж да самага вечара адпачываць, а вечарам было пастраенне вязняў лагера на праверку.
Такі быў пачатак майго лагернага жыцця ў Асвенціме, якое працягвалася з 3 снежня 1943 г. да жніўня 1944 г.
Кармілі вельмі дрэнна. Раніцай усім зняволеным выдавалі па кубку гарачай вады, а ў палудзень — паўлітра такой стравы, што яе і свінні не сталі б есці. А на вячэру — кавалачак хлеба, які выпякаўся з мукі каштанавай, аржаной і драўлянай. I толькі 40% мукі было аржаной. З’ясі той кавалачак хлеба вечарам, а потым усю ноч пакутваеш ад болю ў жываце. Ад такой ежы вельмі шмат памірала людзей. Толькі гэтага немцам было мала. Яны нават прыдумалі спосаб, як дадаткова знішчаць людзей. У лагер былі завезены аўстрыйскія яўрэі. Паабяцалі адпусціць іх на волю, калі яны жалезнымі палкамі будуць біць вязняў.
Пастрояць немцы нас у бараку і выпускаюць пару яўрэяў з жалезнымі палкамі. Атыя дурні рады старацца. Да канца тыдня яны ўжо набылі вялікі вопыт у збіванні зняволеных. Шмат загіну-ла людзей ад іх удараў. Ды толькі не доўга жылі і яны самі. Праз месяц яўрэяў адправілі разам з пакалечанымі вязнямі ў крэмацыйную печ. І для ахвяр, і для катаў — адзін вынік, адзін лёс.
Над вязнямі ставіліся розныя доследы. У адным з іх па вымярэнні моцы касцей рук быў і я. На стале стаяў такі прыбор з танометрам. У яго я павінен быў устаўляць пальцы, якія паступова заціскалі. 3 хрустам касцей вопыт заканчваўся. Так мне пакалечылі правую руку, на якой 4 пальцы амаль не рухаюцца.
Выганялі нас на работу капаць канаву. Зранку да абеду капалі, а пасля абеду засыпалі. На другі дзень такой работы я паспытаўся ў нямецкага афіцэра: “…Навошта такая безвыніковая работа? Яна ж не прыносіць вам ніякай карысці?”.
— Нам не патрэбна ваша работа. Нам патрэбны вашы пакуты, — выкрыкнуў афіцэр.
Першыя ўцёкі
3 кожным днём я ўсё болей задумваўся пра ўцёкі з лагера. I такая магчымасць з’явілася ў першыя дні жніўня 1944 г. Гэты дзень нічым не адрозніваўся ад папярэдніх. Трэці дзень зняволеныя высякалі кусты, што раслі недалёка ад лагера. Нечакана над лагерам з’явіліся савецкія самалёты, якія пачалі бамбіць памяшканні вартавых.
Вартавыя нам загадалі легчы на зямлю і не варушыцца, а інакш усіх пастраляюць, а самі пабеглі ў бомбасховішча. Бомбы ж з воем адна за адной ляцелі на зямлю. I тут я заўважыў, што адна бомба ўпалаў 100 м ад нас. Пасля яе ўтварылася вялікая чорная варонка. Я агледзеўся і паціху непрыкметна папоўз да той ямы. Скаціўся ў яе і колькі мог закапаўся ў пясок.
Хутка бамбёжка закончылася. Вярнуліся вартавыя і пагналі не лічачы ўсіх вязняў у лагер. Я ж застаўся ляжаць у яме. Дачакаўшыся цемнаты, хуценька выпаўз са свайго сховішча і пабег прэч ад страшнага месца.
За ноч прайшоў не менш за 20 км. Мне тады хацелася бегчы да лініі фронту. У той момант пасля доўгага заключэння я не мог усвядоміць, што не так ужо проста перайсці лінію фронту.
Раніцай на ўскрайку лесу я спаткаў трох пастушкоў. Яны гналі невялікі статак кароў і размаўлялі паміж сабой на польскай мове. Пачуўшы польскую мову, я зразумеў, што знаходжуся на польскай тэрыторыі.
Аклікнуў я аднаго пастушка. Ён падышоў да мяне і адразу ж спытаў:
— Пан, напэўна, з канцэнтрацыйнага лагера?
— Так, я ўцёк з лагера, — адказаў я.
— Схавайцеся тут у лесе, а як сцямнее, я разам з татам і сястрычкай прыеду на кані і забяром вас.
Пастушок даў мне бутэлечку малака, ад якой я трохі адпіў, і кавалачак хлеба. На вуліцы пачало шарэць, і толькі дзесьці ўперадзе было чуваць бразгатанне колаў. Я пачаў больш пільна ўглядацца. У хуткім часе на дарозе сапраўды паказалася павозка, якая рухалася ў мой бок.
“Напэўна, едзе мой пастушок”, — падумаў я. Не падмануў мяне пастушок. Ён разам з бацькам і сястрычкай прыехаў забраць мяне. Калі зусім сцямнела, мяне прывезлі да хаты, якая стаяла на ўскрайку вёскі. Там ужо чакалі нас іх давераныя людзі.
Найперш мяне падстрыглі. Стрыжка была вельмі неабходнай, таму што ўсім вязням прастрыгалі па цэнтру галавы палоску шырынёй у 2 см. Рабілася гэта дзеля таго, каб лягчэй выяўляць уцекачоў. У мяне на той момант валасы на гэтай палосе на 2 см ад кораня адраслі, і таму не склала цяжкасці выраўняць іх. Падстрыглі мяне пад “вожыка” і адвялі памыцца ў лазню. Далі добрае адзенне, абутак і ўсё ўгаворвалі застацца ў іх.
— Хутка прыйдзе савецкі фронт і пан пойдзе да сваіх. Навошта рызыкаваць. Мы вас надзейна схаваем, — казаў бацька пастушка.
Прабыў я там толькі два дні, бо болей не здолеў чакаць. I магчыма зрабіў вялікую памылку. Падвезлі мяне ноччу на кані кіламетраў з дваццаць, а далей я пайшоў сам. Ішоў тры ночы запар. У вёскі заходзіць баяўся. Надвор’е стаяла спякотнае, вель-мі хацелася піць. Хутка мне пашанцавала. Ноч была даволі светлая. Я ішоў па лясной дарозе, і раптам уперадзе паказалася палянка, а на ёй некалькі будынкаў, абнесеных мураваным плотам. Падышоўшы бліжэй, заўважыў невысокую браму з шыльдачкай. Выявілася, што гэта быў лясгас.
“Вось тут абавязкова павінна быць вада”, — падумаў я. Знайшоўшы камень, я перакінуў яго праз плот. Потым кінуў другі. Была цішыня. Ускарабкаўся на плот, скокнуў. Прыслухаўся. Ізноў цішыня. І тут я заўважыў калонку. Падышоў бліжэй і нажаў на рычажок. Раздаўся скрып. 3 гэтым скрыпам з’явіліся дзве вялікія аўчаркі. Хоць і паводзілі яны сябе даволі мірна, але не дазвалялі адысціся ўбок.
Гледзячы на іх, я ацэньваў свае магчымасці і вырашаў, што мне рабіць далей. Уцячы ці паспрабаваць з імі справіцца. На першае і другое ў мяне не было сіл. Праз некалькі хвілін з’явіўся вартаўнік. Ён прагнаў сабак і падаў мне вады, а потым спытаў:
— Хто такі і адкуль?
— Я — грамадзянскі рабочы. Прыехаў у Германію падзарабіць. Працаваў паблізу заходняй граніцы, але там ужо адкрыўся другі фронт, і нас эвакуіравалі. На адным з вакзалаў была бамбёжка. Усе разбегліся. Я зблудзіў і адстаў ад эшалона. Зараз вось так і блытаюся па Германіі ў пошуках работы.
— Пакажыце вашы дакументы, — запатрабаваў вартаўнік.
— Усе дакументы засталіся ў нашага шэфа, — адказаў я.
Паківаў вартаўнік галавой і прапанаваў мне ўладкавацца на работу на дрэваапрацоўчы камбінат, які знаходзіцца за паўкіламетра ад лясгаса:
| — Пачакайце да раніцы. Раніцай прыйдзе дырэктар лясгаса. Ён таксама, як і я, калека. У мінулым палкоўнік нямецкай арміі. Напіша вам запіску. 3 ёй вы пойдзеце на дрэваапрацоўчы камбінат, які знаходзіцца пад ведамствам лясгаса. Там не хапае рабочых. Аформіцеся на работу і атрымаеце харчовую картку. Сама работа няцяжкая. Вам не-абходна будзе гатовую прадукцыю ўкладваць для адпраўкі на другую фабрыку.
“Якое для мяне будзе шчасце”, — падумаў я. Прыйшоў дырэктар таго лясгаса і пачаў праклінаць вайну, Гітлера, Сталіна. Трошкі распытаўшы мяне, напісаў запіску дырэктару камбіната, каб мяне прынялі на работу і сказаў:
— Гэта запіска не іграе асобай ролі. Вы можаце адразу зайсці да сакратаркі. Яна вам адразу выпіша харчовую картку. Станеце ў іх на працу. Там і жыллё ёсць.
Прыходжу на камбінат да сакратаркі, а яна нават і галавы не падняла на мяне. Дырэктар лясгаса ўжо патэлефанаваў ёй і ўсё расказаў пра мяне. Запісала мае даныя і выпісала харчовую картку. I толькі закончыла пісаць, як зайшлі тры карнікі. Пагаварылі трохі з ёй, а потым спыталі пра мяне. Яна адказала, што я грамадзянскі рабочы. Адстаў ад цягніка і зараз уладкоўваецца да іх на работу. Яны і пайшлі.
“Ну вось, здаецца, пранясло”, — падумаў я. Пастаяўшы трохі каля машыны, адзін з іх вярнуўся назад і патрабаваў паказаць левую руку. Мяне як хто кіпнем абліў. Куды мне дзявацца? Паказаў я немцу руку, а ён, глянуўшы на мой нумар 165596, ударыў мяне кулаком у твар. Я і заліўся крывёй. Мяне кінулі ў машыну і адвезлі назад у Асвенцім.
Зноў у пекле Асвенціма
Уцекачоў з лагера пераводзілі ў штрафную каманду. Забівалі штрафнікоў паступова. Спачатку нацкоўвалі сабак аўчарак, якія кускамі вырывалі чалавечае цела, а потым канваіры дабівалі палкамі. Прабыў я ў штрафніках толькі адзін дзень. Пасінелы, з разбітай галавой прыйшоў у барак. Мне яшчэ пашанцавала, што сабакамі ў той дзень не цкавалі, а раніцай, на маё шчасце, трывога. Ужо зусім блізка была чутна кананада нашых “кацюш”. Артылерыйскія снарады ўсё бліжэй і бліжэй узрываліся каля Асвенціма.
Увесь лагер немцы рыхтавалі да эвакуацыі. Жанчын пагналі пешшу, а мужчын пагрузілі ў эшалоны і павезлі далей. Прывезлі ў нейкую пушчу і сказалі, што мы будзем будаваць новы канцэнтрацыйны лагер, які будзе называцца “Грос-Розен”. Размясцілі нас у зямлянках, а праз два тыдні (23 лютага 1945 г.) пастроілі нас і павялі на чыгуначную станцыю, якая была непадалёк. Станцыю абслугоўвалі палякі.
Вагоны падалі без дахаў. Уверсе толькі дрот крыж-накрыж густа нацягнуты, каб ніхто не здолеў выбрацца. Пры падыходзе да вагонаў нас усіх правяралі, каб ніхто нічога не змог пранесці. Аднаму з палякаў, непрыкметна для вартаўнікоў, удалося перадаць мне закручаныя ў паперу нажніцы.
Узяў я гэты невялікі скрутак і палажыў у рукаў свайго пінжака, а як праходзіў каля вартавых, выцягнуў рукі ўперад. Праверылі мяне і, нічога не западозрыўшы, скамандавалі ісці ў вагон. На маё шчасце, да рукава не дакрануліся. Так мне пашан-цавала пранесці ў вагон гэтыя нажніцы. Як яны нам потым спатрэбіліся!
Прага да жыцця
Праз некалькі дзён з 50 чалавек нашага вагона здолела ўцячы 43. Я камандаваў, каб вагон пакідалі толькі па ходу цягніка, што яны і рабілі, а сам скокнуў наадварот. Падаючы моцна параніў галаву і руку. Ды толькі на гэта ў той момант не было часу звяртаць увагі. Неабходна было як мага хутчэй адысці ад чыгункі.
Колькі бег, не помню. Дабег да поля і лёг на ўскрайку лесу перадыхнуць. Пачало світаць. Адпачыў трошкі і, агледзеўшыся навокал, убачыў на полі тры вялікія бурты.
“Ах, як жа мне пашанцавала! Зараз хоць сырой бульбы ўволю паем”, — падумаў я. Аглядаючыся па баках, падбег да першага бурта і стаў рукамі раскопваць яго. Якое ж было расчараванне, калі замест бульбы ў мяне ў руках быў кармавы бурак. Не звяртаючы ўвагі на тое, што бурак быў у пяску, я амаль усяго яго з’еў. На працягу двух тыдняў кармавыя буракі былі маёй ежай. Ішоў у асноўным ноччу, і толькі пад раніцу адпачываў у стажках саломы.
На многіх нямецкіх палях былі пабудаваны вялікія гумны для саломы, якія не замыкаліся. Адпачываць у іх я баяўся. У канцы другога тыдня была даволі халодная ноч. Імгліў невялікі дождж. Ад холаду і голаду я ледзь цягнуў нацёртыя да крыві ногі. Упершыню за ўвесь час майго шляху цяжкай дарогі і жорсткага жыцця адчуў страшную слабасць. У той момант мне хацелася толькі сагрэцца і адпачыць. Усё цела было быццам налітае свінцом. Лясная сцяжынка вывела мяне на вялікае поле. Над ім уставала сонца. 3 поля дуў свежы ветрык. Стоячы на ўскрайку лесу, я ўбачыў вялікае гумно. Ногі самі вялі да гэтага будынка. Розныя думкі мроіліся ў галаве. Пра дрэннае не хацелася думаць.
Праз дзесяць хвілін я ўжо стаяў каля дзвярэй гумна.
“Вось тут змагу адпачыць”, — падумаў я. Адчыніў дзверы, зайшоў, агледзеўся. Пры сцяне акуратна стаяла лесвіца. Прыставіўшы яе да стоўпа, праз некалькі хвілін апынуўся наверсе, на саломе. Цяпер неабходна было паклапаціцца аб надзейным сховішчы. Вырашыў раскапаць салому каля сцяны і легчы там спаць.
Зрабіўшы сабе надзейнае, як мне ў той момант здавалася, сховішча, адразу ж заснуў. Праз некаторы час скрозь сон пачуў гул машын. Халодны пот выступіў на твары.
“Няўжо немцы?” — пранеслася ў думках. Адчыніліся дзверы, і да гумна пад’ехала машына. Чую — два хлопцы гавораць на польскай мове, а два — на чэшскай.Старэчы голас на нямецкай мове аддаў загад грузіць салому на машыну. Гэта, відаць, гаспадар прыехаў са сваімі работнікамі па салому.
Пачалі пагрузку. Праз нейкі час адзін з работнікаў ужо зусім блізка ад майго сховішча пачаў браць салому.
“Яшчэ разоў два возьме віламі, а на трэці раз праткне мяне наскрозь. Што ж рабіць?” — падуімаў я. У гэты момант раздаецца загад гаспадара:
— Хопіць! Паехалі дамоў. Дачакаўшыся цемнаты, я вылез са свайго сховішча і пайшоў далей. Напрамак трымаў да граніцы Чэхаславакіі, але каб не збіцца з выбранага шляху, мне патрэбен быў компас. Компас можна было здабыць толькі ў школе. Таму неабходна было абавязкова зайсці ў вёску.
Новая хваля думак ахапіла мяне і несла па сваёй плыні. Усё адолее чалавек, калі хоча жыць.
Так, у роздуме аб жыцці, непрыкметна падышоў да вёскі, якая называлася Магдалія. Пачало світаць. У такую рань нікога не было на вуліцы. Ішоў больш агародамі. Затым убачыў даволі прыгожы будынак, які стаяў на ўзгорку. Я вырашыў, што гэта школа. Каля будынка раслі пышныя кусты бэзу. Падышоўшы бліжэй, убачыў шыльду над дзвярыма. Гэта сапраўды была школа. I як толькі я ўзышоў на ганак, раздалася паветраная трывога.
Кінуўся да густых кустоў бэзу, што раслі каля школы. І тут я ўбачыў дзяўчыну, якая таксама хавалася ад бамбёжкі. Падышоўшы бліжэй да яе, я загаварыў з ёй на нямецкай мове. Калі яна назвала сваё імя, Наташа, я зразумеў, што яна са славян.
— Ты ж не немка, — амаль што не ўсклікнуў я. Дзяўчына засмяялася і сказала:
— А ты кемлівы. Адразу ж здагадаўся. Я ўкраінка.
Уважліва паглядзеўшы на мяне, яна спытала:
— Ты, напэўна, аднекуль уцёк?
— Так, — адказаў я.
— Ты схавайся ў гэтых кустах бэзу і пачакай заканчэння паветранай трывогі. Праз некаторы час я прыйду за табой і завяду цябе да майго гаспадара. У яго былі акрамя мяне яшчэ два работнікі, але яны падаліся ў групу партызан, якія знаходзяцца ў гарах. Вось да іх я цябе заўтра і завяду.
Так яна і зрабіла. Назаўтра з першымі праменямі сонца падаліся мы ў горы. Там я і сустрэў доўгачаканую перамогу.
Сёння, успамінаючы мінулае, не раз лаўлю сябе на думцы, як жа мне пашанцавала ў жыцці – прайсці праз чатыры канцэнтрацыйныя лагеры і застацца жывым!
Падрыхтавала да друку Марына Станіславовіч
За калючым дротам. Успаміны вязня Асвенціма Паўла Мілюка / падрыхтавала да друку Марына Станіславовіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 2010. – № 6. – С. 48-57.
Мілюк Павел Адамавіч
Да вайны жыў на хутары Гашчына Ляхавіцкага р-на. Былы вязень Баранавіцкай турмы СД, канцлагераў у Качдычэве, Трасцянцы, Аўшвіц (у Асвенціме) і Грос-Розэн (Польшча). Пражывае ў г. Ляхавічы.
Эх, каб я паслухаў палякаў…
Пасля двух месяцаў утрымання ў падвале Баранавіцкага СД мяне прывезлі ў канцлагер Калдычэва — кіламетраў за трыццаць ад Баранавіч у накірунку Навагрудка. Абвінавачвалі фашысты маю грэшную душу за сувязь з партызанамі, аднак даказаць канкрэтна віну не змаглі. Мяне, відавочна, палічылі «каштоўным таварам» для абмену на палонных немцаў, бо іх тады хапала, акурат урэзалі немчузе па карку пад Сталінградам.
Не буду адмаўляцца, што перад акупантамі быў я невінаваты.
Да арышту 17 жніўня 1943 года зрабіў нямала, каб адпомсціць за расстралянага майго бацьку — Адама Сцяпанавіча Мілюка, які да акупацыі працаваў старшынёй Куршынавіцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна, а таксама і за іншых ахвяр…
У Калдычэве нас трымалі тыдні два. Мала таго, што тут было голадна і холадна, дык яшчэ заядалі вошы. Нягледзячы на познюю восень і замаразкі, ноччу выходзілі з барака, скідалі вопратку, старанна яе вытрасалі, апраналіся, зноў ціснуліся на нары, каб крыху адпачыць.
У пачатку лістапада 1943 года, раніцай нас выгналі з баракаў, пастроілі і пачалі адлічваць: айн, цвай, драй… Трэці – два крокі наперад. У такую тройку трапіў і я. Цераз гадзіну загналі ў машыну-душагубку і павезлі ў канцлагер Трасцянец. Тут было не лепш, чым у Калдычаве, нават горш, таму што ў бараках панавала страшэнная цесната, а людзей усё заганялі і заганялі з розных куткоў Беларусі. Хоць гэта былі не людзі, а «прывіды», худыя, знявечаныя на допытах у гестапа, з выкручанымі пальцамі, з перабітымі рукамі, з ранамі на твары і целе. Сам я ў той час быў не лепшы за іх, ды ўсё роўна сціскалася сэрца і балела душа і за адабраную іхнюю маладосць, і за страчанае здароўе.
У Трасцянцы прабылі некалькі тыдняў, наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, падрыхтаваліся невялікімі групамі ўцякаць з лагера. Наладзілі ўцёкі 29 лістапада, але не суджана было іх ажыццявіць: раніцай карнікі акружылі густым ланцугом увесь лагер, падагналі фургоны, з якіх і вош не ўцячэ, напхалі туды, як селядцоў у бочку, і павезлі на Мінскую чыгуначную станцыю. Тут пазаганялі ў вагоны так, што і стаць было недзе, а каб сесці, то і «кот не спяваў».
Цягнік ішоў вельмі марудна, доўга прастойваў на станцыях. Страшэнна даймаў холад у неабагрэтым цялятніку. Хацелася есці. Успамінаўся той любы момант жыцця на хутары Гашчына Ляхавіцкага раёна, калі мама раніцай выцягвала вілкамі некалькі вялікіх чыгуноў з печы з духмянаю, сыпкаю бульбаю, высыпала яе ў ёмісты цэбар і гаварыла: «Вазьмі, сынок, у свіронку пасітак ільняной мякінкі, дасып у бульбачку і стаўчы свінкам»… Я з задавальненнем выконваў матчына даручэнне, але перш з’ядаў некалькі параных бульбін нават з шалупіннем…
4 снежня 1943 года нас прывезлі ў Асвенцім. Не даязджаючы да канлагера некалькі кіламетраў, эшалон прыпыніўся. У вагон зайшлі паліцэйскія, усе яны размаўлялі па-ўкраінску, закамандвалі нам скінуць верхнюю вопратку і абутак, усё склалі ў вялікія мяхі і панеслі з сабою, развітаўшыся: «У вас усё роўна ў лагеры вашыя транты адбяруць».
Распранутых і босых на марозе нас дапнулі ў канцлагер.
Паліцаі не памыліліся. Той астатак апраткі, які яшчэ ліпеў на нашым знявечаным целе, загадалі зняць «на захоўванне». Потым усіх пагналі ў лазню, вымылі гарачай вадою і выгналі на пляц на дзве гадзіны голых і босых, дзеля «загартоўкі». 3 апошніх сіл змагаліся з холадам: падскоквалі на месцы, рабілі ўзмахі рукамі і нагамі, але не хапала сіл. Прапоўз час, а на плошчы з некалькіх соцен чалавек засталося жывых некалькі дзясяткаў. Першая проба на загартоўку скончылася. Хто застаўся жывы і мог рухацца, таго ўціснулі ў барак, выдалі паласатыя штаны, такі ж «мундур», паласатую шапку-бесказырку і на ногі — драўляныя бахілы без ануч і шкарпэтак.
У бараку былі трохпавярховыя нары, без ніякага насцілу. На дошках паслана пацёртая цырата, цвёрдая як жалеза. Сціснуўшыся па шэсць чалавек на вузкіх нарах, мы правялі першую ноч. Раніцай лагерны звон (гонг) узняў усіх на апель (праверку). Хто марудзіў, атрымліваў моцны ўдар металічнай палкай па галаве.
Гэта рабілі вязні Асвенціма аўстрыякі, яўрэйскага паходжання, якім гітлераўцы паабяцапі захаваць жыццё і вызваліць з лагера за іх адданую службу. Карнікі задаволена ўсміхаліся, хвалілі сваіх памагатых, а між сабою разважалі: «Хто можа ўпікнуць нас за здзекі з вязняў, мы — народ гуманны, зняволенныя б’юць адзін аднаго…» Нічога не скажаш, хітра прыдумалі душагубы… Толькі найміты памыліліся, вызвалення з канцлагера яны не атрымалі.
Пасля года стараннай службы іх кінулі ў крэматорый.
Апель цягнуўся доўга. Карнікі некалькі разоў пералічвалі, выклікалі па спісе вязняў, злаваліся на тых, хто не адзываўся, і расшалопаўшы, што гэта прозвішчы памёрлых пасля лазні і загартоўкі, швергаталі між сабою: ах, дык яны ж — алес капут…
Урэшце апель скончыўся. Адзін з карнікаў загадаў: «У барак на сняданак!» Снеданне — паўлітра гарачай вады, хочаш — пі, хочаш — вылі. Пасля сняданку ізноў нас выстраілі на плацу. Доўга разглядалі кожнага паасобку, дужэйшых ставілі ў асобны рад, у які трапіў і я. Далі каманду нам ісці наперад, да вадасховішча, не надта вялікага, пакрытага тоненькім ільдом. Сярод карнікаў быў медык з нейкімі прычындаламі, сярод якіх мы заўважылі гадзіннік-секундамер і нейкія манометры. Зразумелі, што дабра чакаць не прыходзіцца, і не памыліліся. Адзін з карнікаў даў каманду: «У ваду!» Гэтая каманда неяк не адразу дайшла да нашага розуму. Пры тэмпературы ніжэй нуля — ды ў ваду! Аднак выбару не было: жалезная палка па галаве — таксама не мёд. Праз некалькі хвілін камандуюць: «3 вады! Выкруціць адзежу».
Выкруцілі. А яны зноў: «У ваду!» Увесь час гэтага купання кат- медык глядзеў на гадзіннік і нешта запісваў у блакнот. Пасля трохразовага «хрышчэння» дазволілі апрануць нашу паласатку, але апрануліся толькі пяць зняволеных, а сорак пяць засталіся на «Чудскім возеры». Ніхто з карнікаў не звяртаў увагі на знясіленых, паўжывых істот, што ляжалі на зямлі і ціха стагналі. Потым нас з горам напапам паставілі ў рад, і адзін з карнікаў вымавіў: «Вы будзеце жыць па дзвесце гадоў». Але нам было не да жартаў.
У снежні 1943 года на левай руцэ накалолі лагерны нумар. Пасля гэтага імя і прозвішча вязня не існавала, быў толькі нумар. Яшчэ і сёння, праз пяцьдзясят чатыры гады, на маёй руцэ «красуе» нумар 165596.
Пасля «водных працэдураў» я захварэў на плеўрыт. Мяне адправілі ў «бальніцу». Гэта быў такі самы барак, толькі трохі чысцейшы. «Лячылі» нас медыкі-вязні: кожны дзень мералі тэмпературу і ржавым шпрыцам выцягвалі з левага боку гной. Сёння дзівую сам з сябе, як я змог перамагчы такую хваробу ў голадзе, холадзе, без аніякіх медыкаментаў? Мусіць, маладосць і Божая літасць узялі сваё…
Значна пазней, калі я працаваў перакладчыкам у савецкай ваеннай часці, якая займалася нямецкімі ваеннапалоннымі, адзін афіцэр мне растлумачыў, чаму нас тады купалі: маладому ўрачу трэба было напісаць навуковую працу адносна ўстойлівасці чалавечага арганізма.
Нянавісць да людаедаў узрастала з кожным днём. Я цвёрда вырашыў: што б ні стала, з лагера ўцяку, але як? Летам 1944 года гітлераўская авіяцыя несла вялікія страты. Тысячы разбітых самалётаў фашысты звозілі на вялізны пляц недалёка ад лагера. Адна каманда разбірала самалёты, другая, у якой быў і я, складала гэтыя абломкі ў вышэзныя ярусы.
У другой палове верасня 1944 года, пад вечар нашы лётчыкі бамбілі ваенны гарадок непадалёк ад лагера, дзе жылі карнікі. У час паветранай трывогі канвой уцякаў у бамбасховішчы, строга наказваючы вязням не разбягацца, іначай усіх расстраляюць. Нехта з лётчыкаў бухнуў бомбу акурат у гару абломкаў варожых самалётаў. Як маланка мільганула ў маёй галаве думка ўцякаць, і я схаваўся ў абломках побач з катлаванам ад бомбы. Перапалоханыя карнікі пагналі вязняў у лагер, не пералічваючы, як гэта было раней, што спрыяла маім уцёкам. Вязні, сябры мае па няшчасці, палічылі, што я загінуў.
За ноч пашчасціла адысці ад лагера і схавацца ў лесе. Лес гэты, мусіць, быў не вельмі вялікі, але на ягоным ускрайку быў даволі вялікі груд ля рачулкі. На гэтым грудзе тры хлопчыкі пасвілі каровы. Пастушкі адразу змікіцілі, хто такі я.
Гутарылі мы па-польску, яны палічылі, што я паляк. Трэба адзначыць, што польскі народ вельмі з’яднаны, палякі моцна стаяць адзін за аднаго. Я і сёння да глыбіні душы ўдзячны простым польскім грамадзянам. Менавіта бацькі гэтых пастушкоў накармілі мяне, далі магчымасць памыцца, пагаліцца, падстрыгчыся, адпачыць у надзейным месцы, далі вопратку і абутак. Я стаў непадобным да лагерніка, а выглядаў як сапраўдны вольнананяты работнік. Гэтыя добрыя людзі цераз некалькі дзён ноччу на коннай фурманцы завезлі мяне на дваццаць кіламетраў у накірунку Варшавы, дзе тады ўспыхнула паўстанне польскіх патрыётаў супраць гітлераўцаў. Мне хацелася быць бліжэй да лініі фронту, а палякі раілі пачакаць, прапанавалі надзейнае падполле. Калі б я іх тады паслухаў, то, магчыма, пазбегнуў бы тых пакут, якія былі наперадзе.
На выпадак сустрэчы з немцамі я прыдумаў наступную версію: прозвішча Альберт Новік, нацыянальнасць — украінец, год нараджэння — 1922, жыхар горада Роўна, дабраахвотна выехаў вясной 1942 года на работу ў Германію, працаваў каля горада Брэмена. Там ужо дзейнічаў Заходні фронт, нас адвозілі ў цэнтр Германіі, па дарозе пачаўся налёт варожых самалётаў, усе ўцякалі з эшалона і хаваліся, дзе хто мог. Калі мінула паветраная трывога, эшалон адышоў, а я адстаў, цяпер шукаю працу.
Ішоў я ноччу. Восень тады была сухая, ежы ў мяне трохі было, а вось вады па дарозе не знаходзіў. Мучыла смага. Заходзіць у паселішчы не адважваўся (сярод добрых людзей часам і дрэнныя сустракаюцца). Аднак нешта трэба было рабіць. Трапляліся часам невялікія, перасохлыя вадаёмы, яны яшчэ больш распальвалі смагу. Адчуваў, што трачу апошнія сілы. Неяк ноччу ішоў лясной дарогай. На паляне ўбачыў вялікі двухпавярховы дом і шмат гаспадарчых пабудоў. Гарадок гэты быў абнесены мураваным плотам. Пасярэдзіне ад дарогі ў плоце была брама і брамка з металу. Над брамай вісела шыльда з надпісам. Я зразумеў, што гэта лясгас, падумаў: тут ёсць студня, і не памыліўся. Пералез цераз плот і подбегам да вадакалонкі. Толькі дакрануўся да рычага, як з двух бакоў каля мяне бы з-пад зямлі выраслі-сталі два вялікія сабакі-аўчаркі, не брахалі і не кусалі, але калі я хацеў адысці ад калонкі, пераступілі дарогу, загырчэлі. Уцякаць не было сэнсу. Выручыў моцна кульгаючы на левую нагу вартаўнік. Паверыў у маю версію, паспачуваў, праклінаў вайну і сваё калецтва, гаварыў, што немцы народ працалюбівы, што ім не патрэбна вайна, а трэба праца, свабода і хлеб.
Амаль падобнае сказаў мне дырэктар лясгаса, які таксама выслухаў маю прыпавесць, параіў звярнуцца на дрэваапрацоўчы камбінат, які знаходзіўся недалёка ад лясгаса. Па дарозе туды сустрэўся легкавы аўтамабіль. Спыніўся побач са мною. 3 яго выйшлі тры карнікі, папыталі дакументы. Я выклаў ім сваю версію, дадаўшы што ўсе нашы дакументы засталіся ў начальніка эшалона. Яны спачатку паверылі, аднак адзін з іх вярнуўся і загадаў паказаць левую руку. Угледзеў мой нумар, ударыў па твары металічнай трасцінай, але другі ў званні палкоўніка спыніў яго: «Не чапай, даб’юць у штрафной камандзе без нас…»
Палкоўнік-гестапавец не памыліўся. У штрафную каманду траплялі за ўцёкі і іншыя грахі. Адтуль не вярталіся жывымі. Цяжкая праца, палова пайкі, бясконцыя ўдары па спіне, цкаванне аўчарак, штогадзінны пад’ём ноччу і праверкі… Мне давялося там пабыць два дні. На трэці дзень у Асвенціме пачалася вялікая заваруха, змяшаліся штрафныя і нештрафныя, грэшныя і бязгрэшныя. Нас загналі ў вагоны і павезлі на Захад. Гэта было ў другой палове кастрычніка 1944 года. Некалькі дзён прайшло ў дарозе, і апынуліся мы ў канцлагеры Грос-Розэн. Голад, холад, праца на земляных работах адбіралі апошнія сілы, але не адпускала думка: уцякаць, уцякаць, уцякаць. У лютым 1945 года ўсіх, хто быў прывезены з Асвенціма, павезлі на Захад, далей ад Усходняга фронту, потым завярнулі назад, таму што амерыканцы адкрылі другі фронт. Вагоны былі старыя, без столі, верх заплецены дротам і пакрыты цыратаю. Яшчэ ў час пасадкі нейкі польскі чыгуначнік усунуў мне ў рукі нажніцы для рэзкі дроту. Я іх схаваў у рукаве ваёй халатайкі і прынёс у вагон. За шэсць дзён падарожжа мы атрымалі па паўкілаграма хлеба з каштанавай мукі і па аднаму літру вады. У нашым і суседнім вагонах канваіраў не было. Шмат вязняў памерлі. Амаль усе абяссілелі. Прасілі тых, хто дужэйшы: уцякайце, хлопчыкі, а то ўсе загінем, і родныя не даведаюцца, дзе апошні прытулак знайшлі. А мо каму і пашчасціць вестку данесці…
Сем чалавек і я, восьмы, наважыліся ўцякаць. Сцямнела. Эшалон ледзьве поўз пад узвышша, церусіў дробны дожджык. Мы як бач прарэзалі акно ў драцяной столі і вылезлі на буфер. Адтуль па адным скакалі па ходу цягніка. Я скочыў апошнім, і не вельмі ўдала, моцна выцяўся галавой і рукамі. Бег, ішоў, падаў, поўз, зноў бег, абы толькі далей ад чыгункі. Ускочыў у малады лясок, уздыхнуў з палёгкаю. У цемры не заўважыў вузенькай рачулкі і ўваліўся ў яе па самыя плечукі. Успомніў сваё «хрышчэнне» ў Асвенціме, нават азірнуўся і вачам не паверыў, што побач не было ўзброеннага карніка з аўчаркаю. Пачаў дапінаць холад. Выйшаў на поле, убачыў доўгі бурт. Хоць зямля была мерзлаю, раскапаў, разгроб салому, выцягнуў некалькі кармавых бручак, зжаваў не абіраючы. У хуткім часе наткнуўся на сцірту саломы, сабраў апошнія сілы, залез у сярэдзіну, пачаў у думках асэнсоўваць абставіны і заснуў. Прачнуўся, калі сонца хілілася на захад. Усё маё худое цела, галава нібы наліліся нейкім млосным цяжарам. Згрыз бручку, зноў закапаўся ў салому і заснуў. Пабудзіў дождж, і, калі ён сціх, пакінуў сваю «кватэру», пайшоў шукаць гасцінец. На перакрыжаванні шасейных дарог прачытаў на ўказальніку: «Ваймар— 17 км». Я ведаў, што побач з гэтым горадам быў канцлагер Бухенвальд. Дык вось куды кіраваў наш эшалон… Знайшоў яшчэ адзін надпіс — Бодэнбах. Чэхаславакія! Буду прабірацца туды. Цалюткую ноч ішоў палявымі дарогамі, раніцай у полі заўважыў вялікую адрыну, дзверы не замкнёны, поўная саломы. Апусціўся на падмостак, прыкрыўся, пачаў драмаць. Раптам чую конскі тупат і скрып колаў. Уваходзяць людзі, размаўляюць на трох мовах, здагадаўся, што гэта былі нямецкі баўэр і ягоныя батракі. Грузяць салому. Усё бліжэй і бліжэй падыходзяць да майго бярглога. Становішча горш за губернатарскае, але тут камандуе гаспадар: «Хопіць. Едзем дамоў». Падумалася: нарадзіўся ў сарочцы.
Вечарам таго ж дня ў час паветранай трывогі каля вёскі Магдаля спаткаў дзяўчыну Наташу, якую вывезлі ў Германію з Харкава, яна звяла мяне з даволі добра ўзброенай групай французаў. Яны сустрэлі мяне са скрытым недаверам. Адзін з іх добра ведаў польскую мову. Разгаварыліся. Цераз некалькі дзён сталі сябррамі.
3 часам гэтую гарыстую мясцовасць зямлі Цюрынгія без асаблівых баёў захапілі войскі саюзнікаў. Я накіраваўся ў Бухенвальд. Сустрэў тут чатырох сяброў, з якімі ўцякаў з эшалона: Сцяпана Жука са Слоніма, Паўла Дабракова з Ленінграда, Кастуся Салдатава з Рыбінска і Івана Алхімава з Масквы. Парадаваліся сустрэчы, пасмуткавалі па тых, хто не дажыў да дня вызвалення.
Падумалася, што ўсе выпрабаванні ўжо ў мінулым, аднак шмат бяды было яшчэ наперадзе, на сваёй зямлі. Бацька Сталін і дзеці-сталінцы на людзей з нумарамі на левай руцэ глядзелі, як на ворагаў народа. Гэта была «падзяка» за тое, што я і мае равеснікі, дваццацігадовыя, якім ніхто не загадваў, не ўгаворваў, па прызыву ўласнага сумлення ішлі на змаганне з лютым ворагам. Той пашпарт без права выезда за межы раёна я ніколі, нават па смерці, не забуду…
Эх, каб я паслухаў палякаў… [успаміны Мілюка Паўла Адамавіча] // На абпаленых крылах: кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму / ГА “Беларуская асацыяцыя непаўналетніх вязняў фашызму” Брэсцкая абласная арганізацыя. – Мінск: Кнігазбор, 2012. – С. 85-92.
Восеньскія яблыкі
Яўгенія Пятроўна лічыць сябе шчаслівай, бо ў яе ёсць усё, чаго можа жадаць чалавек пад старасць. Дагледжаны ўтульны домік з садам, павага аднавяскоўцаў, сын і дачка, якіх разам з мужам выгадавалі на радасць сабе і людзям, цудоўныя ўнукі, што сталі паважанымі людзьмі, дасць Бог і праўнукаў дачакаецца. Чаго ж яшчэ трэба?
Іншы раз, калі агорнуць успаміны, яна аж спалохаецца: усяго гэтага магло б не быць. Магло б. Яна прэч адганяе ад сябе гэтыя думкі і змахвае слязу.
…10 гадоў ёй было, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Учэпістая дзіцячая памяць сфатаграфавала навек жудасныя моманты, якія давялося пабачыць і перажыць. Як толькі вытрымала дзіцячае сэрцайка ўсё, што падрыхтаваў ёй лёс на самым пачатку жыцця. I сёння, здаецца, бачыць радыёпрыёмнік-талерку, які вісіць на сцяне іх хаты: з яго даведаліся, што пачалася вайна. Спачатку Жэня не ўсведамляла, што гэта за страшнае слова, што ўсе навокал плачуць і гаруюць. Але праз тры дні пачала разумець яго сутнасць. 3 Захаду ў Бранскія лясы, у тым ліку ў горад Почап, сталі прыбываць эшалоны з параненымі байцамі Чырвонай Арміі, знясіленыя ваенныя ішлі пехатой. За імі — самалёты з чорнымі крыжамі на крылах, з-пад якіх сыпаліся на зямлю бомбы. Усё ў адно імгненне пера-тваралася ў руіны. А хутка паказаліся і няпрошаныя госці — фашысты. Яны гукалі ў рупары, каб параненыя савецкія салдаты выходзілі з лясоў, абяцалі іх палячыць. Многія, відаць, не сцярпеўшы болю ад зажыва гніючых ран, прыйшлі. Іх падлячылі, але для таго, каб яны змаглі выкапаць роў — магілу для сябе…
Частку параненых ваеннапалонных без вады, ежы і ўсялякай меддапамогі зачынілі ў царкве. Стогны і крыкі людзей разносіліся далёка, асабліва ноччу. Але аднойчы ўсё сціхла. Як пасля стала вядома, няшчас-ных пагрузілі ў спецыяльныя машыны-душагубкі — газавыя камеры…
I сёння сніцца, іншы раз, як варушыцца зямля над расстралянымі і скінутымі ў роў людзьмі, як на дрэвах, абапал дарогі, вісяць людзі, а сярод іх — яе настаўнік…
Аднойчы і да іх прыйшлі фашысты — з каністрай, факелам. Пяцёра дзяцей выгналі на двор, арыштавалі маці, спалілі хату. На вуліцы галоднымі і раздзетымі аказаліся ўсе суседзі, якім загадалі дабірацца да го-рада. Жэні, яе сястрычкам і брацікам пашчасціла: у горадзе знайшлі маці. Хворая яна была, але ўсё ж было цяплей і лягчэй перажываць гора з род-ным чалавекам. Мама ўмела пячы з мёрзлай бульбы і вотруб’я ляпёшкі, якімі і жылі.
Неўзабаве ўся сям’я трапіла ў фашысцкі канцлагер у горад Слуцк. Пачалося сапраўднае выпрабаванне: без вады, ежы, у халодных бараках, дзе нары ў тры ярусы, жыло многа людзей. Тры велізарныя баракі — за-поўненыя да адказу, а ў чацвёртым ляжалі людзі хворыя на тыф, якія тут жа і даходзілі. На вышцы — фашыст з аўтаматам…
Холадна было, асабліва ноччу. I вырашыла Жэня пайсці ў барак, дзе паміралі хворыя, назбіраць там трэсак для кастра. Калі вярнулася, то ўбачыла, што ўся аблеплена нейкімі белымі вялікімі насякомымі. Гэта былі тыфозныя вошы. Над кастром трэслі адзенне дзяўчынкі, палілі заразу. Хоць такой цаной, але ж сагрэла Жэня сваіх малодшых і хворую матулю.
Зоркія дзіцячыя вочы заўважылі, што за калючым дротам, зусім непадалёку — агарод. Ноччу дзядок разрэзаў дрот і Жэня папаўзла… Удача! Прынесла на ўсю сям’ю морквы, капусты — што трапіла пад руку. Аднойчы пашчасціла знайсці яблык. Які ж ён быў смачны!
Восенню фашысты пагналі вязняў у напрамку Лясной, дзе таксама размяшчаўся канцлагер, з якога ўжо мала хто вяртаўся. Сям’ю Кудзін везлі на старым худым кані. Пад’язджаючь пад вёску Падсаколле, конь упаў прама на дарогу. Паліцаі, якія суправаджалі зняволеных, пакінулі сям’ю мясцоваму солтысу Юрасю Волку, наказаўшы знайсці новага каня і дагнаць абоз. Але гэты чалавек дзейнічаў па-свойму: схаваў вязняў на шчэрбаўскім хутары, у дзядзькі Грыцка…
Не стала сям’я Кудзін больш мяняць свайго месца жыхарства, бо значыць лёсам наканавана прайсці пешшу шлях з-пад Бранскіх лясоў да Малога Гарадзішча, каб выжыць. Тут, пасля вайны, знайшоў іх бацька, пакрысе стала наладжвацца жыццё…
Сёння ўсё ёсць у Яўгеніі Пятроўны Кудзін — і шчасце, і радасць. Яна толькі рукамі развядзе, калі запытаеш, чаго не хапае ў жыцці. А восенню, калі ўбачыць у садзе апошнія яблыкі, што захаваліся ў траве, абмытыя дажджамі, парэпаныя і крыху падгніўшыя, абавязкова падыме іх і пачастуе ўсіх. Смачнейшага ласунку для яе няма…
Аліна ЛАПІЧ
Лапіч, А. Восеньскія яблыкі: [сям’я Кудзін] / Аліна лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 8 крас. – С. 2.